«У жодзінскім ІЧУ ставілі на расцяжку і білі па шчыкалатках». Як сядзеў на «сутках» арыштаваны за БЧБ-скрыню ад тэлевізара LG
27-гадовы Андрэй Пархоменка цяпер адпачывае пасля 15-сутачнага арышту. Падчас адбыцця пакарання ён захварэў на COVID-19, таму цяпер аднаўляе здароўе і сілы. Гаворка ідзе пра таго самага хлопца, якога затрымалі 26 красавіка за БЧБ-скрыню ад тэлевізара LG на балконе першага певерху. Супраць яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. Адразу яго справу адправілі на «дапрацоўку», але ў хуткім часе яго ўсё ж такі асудзілі на 15 сутак. Арышт Пархоменка адбываў у ІЧУ на Акрэсціна і ў Жодзіне. «Вясна назірае» паразмаўляла з Андрэем пра холад у жодзінскіх камерах, цікавых суседзяў і таемны агляд кватэры міліцыянтамі.
«Выпытвалі, за каго галасаваў на выбарах». Як затрымлівалі Андрэя
Як распавёў Андрэй Пархоменка, за два тыдні да затрымання дадому да Андрэя прыходзілі міліцыянты, але дома хлопца не было. Каб пазбегчы праблемаў, Андрэй вырашыў зняць скрыню з акна на балконе і паставіць яе на падлозе. 26 красавіка ў дзверы ўсё ж такі пагрукалі людзі ў цывільным. Яны паказалі пасведчане, але прадставіўся толькі адзін з іх – участковы Ленінскага РУУСа. Супрацоўнікі патлумачылі, што на Андрэя складзены пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. Супрацоўнікі міліцыі адразу пайшлі да балкона, дзе, на іх думку, і праводзіўся пікет. У пратаколе, з якім яны прыйшлі, было пазначана, што Андрэй пікетаваў, размясціўшы папяровае палатно бел-чырвона-белага колеру на шкле балкона. Але замест папяровага палатна міліцыянты знайшлі скрыню. Гэта іх здзівіла, але і не спыніла перад затрыманнем, таму яны прапанавалі Андрэю сабраць рэчы і праехаць разам з імі.
Са словаў хлопца, у Ленінскім РУУСе вопіс рэчаў праходзіў у гаражы. Андрэй адзначыў, што ў той дзень, 26 красавіка, з ім было каля сямі чалаваек, затрыманых у цэнтры Мінску. У кабінеце, куда яго прывялі для гутаркі, у яго выпытвалі, за каго ён галасаваў на выбарах, ці не хацеў бы ён з’ехаць з краіны, якія ў яго адносіны да павышэння падаткаў і ці ведае хлопец пра тэлеграм-канал «Каратели». Пасля «прафілактычнай гутаркі» Андрэя адправілі ў актавую залу разам з астатнімі затрыманымі і пратрымалі там амаль да часу ночы. Затым да суда яго перавялі ў камеру ў РУУСе, а яшчэ праз суткі – ў ІЧУ на Акрэсціна. У пятніцу Пархоменка этапавалі ў Жодзіна, дзе ён правёў астатнія 10 сутак.
Суд прайшоў у закрытым рэжыме
Першы суд над мінчуком адбыўся 27 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Яго абвінавацілі ў «пікетаванні шляхам размяшчэння папяровага палатна бел-чырвона-белага колеру на шкле балкона». Справу Пархоменкі разглядала суддзя Ленінскага раёна Юлія Інчына.
Сваю віну Пархоменка не прызнаў, бо, па яго словах, скрыню пакінулі мінулыя жыхары. У матэрыялах справы маецца чорна-белае фота скрыні, але суддзя Юлія Інчына вырашыла запрасіць у супрацоўнікаў РУУСа каляровае відэа. На відэа суддзя заўважыла, што на акне ў хлопца яшчэ вісіць нейкі малюнак, які мае белы і чырвоны колеры. Андрэй жа патлумачыў, што гэта герб Лепеля, на якім прысутнічаюць яшчэ сіні і жоўты колеры. Больш да гербу суддзя не вярталася. У выніку, суддзя Інчына адправіла справу Андрэя "на дапрацоўку". Больш яго справа ў раскладзе Ленінскага суда не з'яўлялася, таму нашыя валанцёры не патрапілі на паседжанне па справе Пархоменкі.
Пазней высветлілася, што справу ўсё ж такі разглядзелі амаль перад закрыццём суда. Суд фактычна прайшоў у закрытым рэжыме. На другім судзе прысутнічаў сведка-міліцыянт, які сцвярджаў, што замест скрыні, асабіста бачыў на акне ў хлопца папяровае БЧБ-палатно. У выніку, суддзя Інчына паверыла сведке і арыштавала Пархоменку на 15 сутак.
Міліцыянты скарысталіся ключамі Андрэя і прыйшлі ў кватэру без гаспадара?
Таксама Андрэй паведаміў, што праз суткі пасля затрамання ўчастковы РУУСа абурыўся адстунасці БЧБ-скрыні на балконе. Ён прадэманстраваў Андрэю, які на той момант ужо знаходзіўся ў РУУСе, фотаздымак пустога балкона, зроблены пасля затрымання. Як мяркуе Андрэй, участковыя патрапілі ў кватэру ўжо пасля першага суда. Праблема ў тым, што ў кватэру міліцыянтаў ніхто не пускаў. Таму Пархоменка зрабіў вынік, что супрацоўнікі міліцыі патрапілі ў яго хату, дзякуючы ключам, якія былі сярод апісаных рэчаў.
Асуджаны за Пагоню на пашпарце, былы следчы, затрыманы за трусіка з БЧБ-аброжкам. З кім хлопец сядзеў на «сутках»
Андрэй пацвердзіў, што зараз у ізалятарах уся карэспандэнцыя забароненая, таму ўсё, чым ім было дазволена займацца – размаўляць. Ён згадаў, што з ім сядзеў хлопец, які быў асуджаны на 15 сутак арышту за герб з Пагоняй на вокладке пашпарту. Але даведаліся аб гэтым супрацоўнікі міліцыі толькі пасля таго, як яго квадракоптэр заляцеў на тэрыторыю адміністрацыйнай установы, якая пацягнула адпаведную праверку.
Яшчэ нейкі час яму давялося сядзець побач з былым следчым – Мікітам Старажэнкам, які звольніўся пасля жнівеньскіх падзей. Яго затрымалі напапярэдні “Чарнобыльскага шляху” 23 красавіка і пакаралі 15-сутачным арыштам па арт. 24.3 КаАП нібыта за непарадпадкаванне супрацоўнікам міліцыі. На жаль, гэта распаўсюджаная практыка, калі беларусаў і беларусак затрымліваюць для «прафілактычнай гутаркі», а потым судзяць за непарадпадкаванне. Мікіта распавёў у камеры, што пасля звальнення ніякага ціску на яго не аказвалі, таму амаль восем месяцеў ён спакойна працаваў на іншым месцы, пакуль да яго не прыйшлі ў красавіку.
Але самая прыемныя ўспаміны для Андрэя пакінуў 58-гадовы Аляксандр. Гэтага мужчыну ўжо некалькі разоў затрымлівалі па «палітычным» артыкуле за пікетаванне. Апошні раз яго затрымалі каля метро «Магілёўская» за тое, што ў труса, якога ён прадаваў, быў БЧБ-аброжак. Аляксандр не мае дому, але мае заробак і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Па словах Андрэя, менавіта праз добрыя адносіны супрацоўнікаў ізалятару да Аляксандру аблегчылі ўмовы і для ўсіх астатніх.
Скінуў 7 кілаграм за 15 сутак. Якія ўмовы ў ІЧУ
Андрэй распавёў, што першыя два дні з моманту затрымання яго ўвогуле не кармілі, а воду можна было піць толькі з-пад крана. Ізалятары па-ранейшаму перапоўненыя: у ЦІПе на два спальныя месцы сядзелі 11 чалавек. У пятніцу ў Жодзіна этапавалі 70 чалавек і там стала трохі больш месца — 15 чалавек на 10 месцаў.
На вуліцу асуджаных выводзілі некалькі разоў, а вось у душ — толькі адзін раз за два тыдні. Андрэй распавёў пра харчаванне ў Жодзіне:
"Калі на Акрэсціна маглі даць нават катлету, то ў Жодзіне часам давалі толькі тушонку або безгустоўную адварную курыцу. Суп наогул выглядаў як вада».
7 кілаграм — менавіта столькі страціў у вазе Андрэй за 15 сутак.
«Білі па нырках, але гэта было па лайце, каб сінякоў не заставалася». Як ставяцца да «палітычных» у ізалятары
Андрэй Пархоменка распавёў пра катаванні, якія працягваюцца ў ізалятарах да гэтага часу:
«У жодзінскім ІЧУ нас ставілі на расцяжку і білі па шчыкалатках, ад чаго заставаліся гематомы. Таксама білі па нырках, але гэта было па лайце, каб сінякоў не заставалася. Рабілі яны гэта ў «прафілактычных мэтах». Хлопцы там працуюць, у асноўным, маладыя і агрэсіўныя, таму дыялогу ў нас з імі не было. Яны спрабавалі нас палохаць сваімі крыкамі».
Андрэй Пархоменка адзначыў, што ў жодзінскіх камерах холадна, таму ён там захварэў. На волі хлопец здаў тэст на COVID-19, які пацвердзіўся. Таблеткі ў турме – раскоша, якую атрымаць могуць не ўсе. Яго суседзі неаднаразова прасілі таблеткі, на што супрацоўнікі спачатку пагадзіліся, але ў выніку так і не далі. Супрацоўнікі жодзінскага ІЧУ нават жартавалі, что можна піць тыя таблеткі, якія ў арыштаваных ёсць з сабою. Матрацаў камерах, у якіх за 15 сутак паспеў пабываць Андрэй, таксама не было.