Мінчука асудзілі на 2 гады "хатняй хіміі" за абразу Балабы. Суд таксама вынес прыватнае вызначэнне кіраўніцтву абвінавачанага

2021 2021-05-04T16:39:32+0300 2021-05-04T16:53:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/balaba_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 4 траўня асудзілі на 2 гады "хатняй хіміі" тэхніка Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Андрэя Цемяноўскага па арт. 369 Крымінальнага кодэксу за абразу ў телеграм-канале "Карнікі Беларусі" камандзіра АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы. Пацярпелы Балаба ацаніў маральную шкоду ў 1 000 рублёў. Таксама суд вынес прыватнае вызначэнне кіраўніцтву Інстытуту мяса-малочнай прамысловасці Мінска, дзе працуе абвінавачаны, у якім, па меркаванні суда, "недастатковая прафілактычная і тлумачальная праца ў калектыве аб недапушчальнасці здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў". Справу разглядаў суддзя Сяргей Кацар, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў пракурор Яўген Сілякоў. 

Камандзір АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба. Скрыншот СТВ
Камандзір АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба. Скрыншот СТВ

Андрэя Цемяноўскага прызналі вінаватым у тым, што ён 11 і 12 кастрычніка 2020 года ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" пакідаў каментары абразлівага зместу ў адрас камандзіра АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы. Сам каментар у судзе агучаны не быў.

"Каментар пакінуты абвінавачаным у нецэнзурнай форме, у якім маецца негатыўная ацэнка шэрагу прадстаўнікоў улады. Пакінуты каментар непасрэдна звязаны з выкананнем пацярпелым [Дзмітрыем Балабай] службовых абавязкаў быў пакінуты ў адкрытым доступе. Дадзенае злачынства падрывае прэстыж кіраўніцкай дзейнасці ў дзяржаве, якая ажыццяўляецца міліцыяй", — сказаў у судовых спрэчках дзяржабвінаваўца Сілякоў.

На судзе абвінавачаны Цемяноўскі віну цалкам прызнаў.

Віна Цемяноўскага па арт. 369 КК пацвярджаецца скрыншотамі, паказаннямі абвінавачанага, пратаколам агляду тэлефона Sony, які, дарэчы, канфіскавалі паводле прысуду суда як сродак здзяйснення злачынства на карысць дзяржавы.

Абцяжваючай акалічнасцю быў прызнаны матыў здзяйснення злачынства "з палітычнай і ідэалагічнай варожасці".

У выніку, суддзя Сяргей Кацэр прысудзіў Андрэя Цемянеўскага на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову — "хатняй хіміі". Таксама ў поўнай меры задаволілі заяўлены пазоў Балабы аб кампенсацыі маральнай шкоды памерам у 1000 рублёў. Камандзір АМАПу папрасіў пералічыць названыя грашовыя сродкі на рахунак Дома дзіцяці №1 для дзяцей з арганічнай паразай цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі.

Акрамя таго, суд вынес прыватнае азначэнне кіраўніцтву Інстытута мяса-малочнай прамысловасці.

"Суд лічыць неабходным пазначыць кіраўніцтву Інстытута на недастатковую прафілактычную і тлумачальную працу ў калектыве з боку кіраўніка аб недапушчальнасці здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў. Прапануем азнаёміць іх з гэтай пастановай суда на агульным сходзе работнікаў з мэтай іх прававога і маральнага выхавання", — гаворыцца ў прыватным вызначэнні.

Кіраўніцтву Інстытута мяса-малочнай прамысловасці далі месяц, каб тыя прадпрынялі меры па ліквідацыі адзначаных недахопаў у працы і паведамілі гэта Маскоўскаму суду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства