У Гомелі вынеслі прысуд давераным асобам Ціханоўскай, якія нібыта рыхтавалі пратэсты з "захопам выканкама"
4 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну вынесеныя прысуды па крымінальнай справе ў дачыненні давераных асоб Святланы Ціханоўскай — Таццяны Канеўскай, Юрыя Ўласава, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна. Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і планах па «захопе будынкаў».
Справу разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Дзяржаўныя абвінаваўцы на працэсе - Мікушаў і Астапенка.
У дачыненні да палітвязняў Таццяны Канеўскай, Юрыя Уласава, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна ўзбуджаныя крымінальныя справы па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках) і па артыкуле 292 Крымінальнага кодэксу - «захоп будынкаў», а Юрый Уласаў дадаткова абвінавачваецца ў «публічнай абразе прадстаўніка ўлады» (частка 1 артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу).
Пракурор Дзяніс Мікушаў выказаўся, што віна чатырох жыхароў Гомля даказана цалкам. Ён запатрабаваў пакараць Юрыя Ўласава — 6 з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна — 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Таццяну Канеўскую — 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Падрабязнасці паведамляе Радыё Свабода.
Сёння быў абвешчаны прысуд.
Юрыя Уласава асудзілі на 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Таццяну Канеўскую - на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна - на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менавіта такія тэрміны падчас судовых спрэчак запытваў пракурор,паведамляюць "Моцныя навіны".
Як раней распавялі сваякі, Юрый Уласаў, Дзмітрый Івашкоў, Таццяна Канеўская і Аляксандр Шабалін паведамлялі суду аб прымяненні да іх метадаў фізічнага і псіхалагічнага ўздзеяння з боку следства. Віны сваёй яны не прызналі і ў апошнім слове адзначалі, што лічаць абвінавачванне супраць іх палітычна матываваным.
Падчас спрэчак бакоў адвакаты ўсіх чацвярых абвінавачаных заявілі, што віна іх падабаронных не даказаная, і запатрабавалі іх апраўдання.
З нагоды рашэння, вынесенага судом, выказаліся сваякі асуджаных і праваабаронцы.
"Цуду чакаць ад сённяшняга рашэння суда было б наіўным. Мы спадзяемся на адно: прыйдзе час, калі справядлівасць пераможа ў грамадстве ў цэлым», — сказалі Мікалай і Аляксей Канеўскім, муж і сын Таццяны Канеўскі.
Праваабаронца Віктар Адзіночанка адзначыў: "Гэты адкрыты працэс быў фактычна закрытым. Спасылка на "антиковидную рассадку" выглядае цынічна. Прысуд, вынесены сёння, абумоўлены не заканадаўствам, а бягучай палітычнай сітуацыяй».
Нагадаем, раней Следчы камітэт апублікаваў відэа сустрэчы Святланы Ціханоўскай з яе «бліжэйшым асяроддзем» для абмеркавання «плана арганізацыі масавых беспарадкаў у Гомелі», а таксама "захопу будынкаў" дзяржаўнай улады. Троххвілінны ролік складаецца з абрэзаных рэплік удзельнікаў "пратэстнага абмеркавання". СК дае іх расшыфроўку, дзе гаворыцца аб «захопе выканкама» і гатоўнасці людзей да «кардынальных мер».