viasna on patreon

У лютым па палітычных крымінальных справах асуджана не менш за 102 чалавекі (інфаграфіка)

2021 2021-03-01T09:10:33+0300 2021-03-01T15:23:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kryminalka_02.21_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" падвялі прамежкавыя вынікі маніторынгу крымінальных спраў, па якіх у лютым былі вынесеныя прысуды. Якія тэндэнцыі адзначаюць аналітыкі і да якіх высноў прыйшлі - ў нашым матэрыяле.

Вядома, што за люты па крымінальных артыкулах было пакарана не менш за 102 чалавекі, з іх 88 - мужчын і 14 - жанчын. 

Таксама да пазбаўленне волі ў выхаваўчай калоніі асуджаныя тры непаўнагадовыя хлопцы: Мікіта Залатароў - на 6 год, Віталь Прохараў і Дзмітрый Стрыжак - на 2 гады кожны.

Больш за ўсё палітызаваных прысудаў было вынесена ў Мінску і Мінскай вобласці. 

 

Парушаецца прынцып галоснасці судовых разглядаў

Эксперты "Вясны" адзначаюць, што маніторынг крымінальных спраў паказвае, што ўлады часта звяртаюцца да ўтойвання грамадска значнай інфармацыі аб крымінальных справах, выкарыстоўваючы сумнеўныя прычыны для абмежавання права на атрыманне дадзеных аб ходзе працэсу. У закрытым рэжыме разглядаліся крымінальныя справы Руслана Парфёнава, Аляксея Мельнікава. COVID-19 выкарыстоўваўся як прычына для абмежавання публічнасці крымінальнага працэсу па справах Івана Красоўскага і Дзмітрыя Дубкова.

Агулам, найчасцей ў лютым людзей каралі пазбаўленнем волі - 49 прысудаў, амаль пароўну - абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову і без такога накіравання. Тройчы суды выносілі штрафы і арышты. 

Катаванні фігурантаў крымінальных спраў

У ходзе разгляду крымінальных спраў у лютым абвінавачаныя распавядалі пра недазволеныя метады вядзення следства: супрацоўнікі праваахоўных органаў прымянялі катаванні да Мікіты Харловіча, Івана Красоўскага, Аляксея Лапы, Андрэя Пазняка, Вадзіма Гурмана. Маніторынг крымінальных справаў, дзе фігуранты заяўляюць пра катаванні, паказвае, што суды пакідаюць такія факты без рэакцыі.

Важна адзначыць, што паказанні, дадзеныя пад катаваннямі на этапе папярэдняга расследавання, не могуць з'яўляцца адноснымі і дапушчальнымі, і, адпаведна, не могуць быць пакладзеныя ў аснову прысуду. На недапушчальнасць такіх метадаў вядзення папярэдняга расследавання ўказваў Камітэт супраць катаванняў ААН у 2018 годзе. Падрабязна з ацэнкамі праваабаронцаў па "катавальных" справах можна азнаёміцца ў Заключэнні па справе Дзмітрыя Галко.

Масавыя беспарадкі

Занепакоенасць юрыстаў "Вясны" выклікаюць суровыя прысуды па артыкуле за ўдзел у "масавых беспарадках" (ч. 2 арт. 293 КК): толькі за люты вядома мінімум аб 12 прысудах, дзе фігуранты атрымалі ад 3,5 да 8 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Праваабаронцы адзначаюць, што ва ўмовах прававога дэфолту і дэманстратыўнай адмовы дзяржавы выконваць міжнародна-прававыя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, важна звярнуцца да таго, як айчынная юрыспрудэнцыя тлумачыць паняцце “масавыя беспарадкі” ў Навукова-практычным каментары да Крымінальнага кодэксу пад рэдакцыяй А. В. Баркова, В. М. Хоміча. Дадзеная кніга з'яўляецца настольнай у кожнага следчага, пракурора і суддзі.

“Масавыя беспарадкі ў сэнсе арт. 293 абавязкова павінны суправаджацца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Іншыя дзеянні ўдзельнікаў натоўпу, якія выявіліся ў парушэнні грамадскага парадку, цягнуць адміністрацыйную адказнасць, а пры грубым парушэнні грамадскага парадку могуць цягнуць адказнасць паводле арт. 339 або 342(аўтарам каментара да гэтага артыкула з'яўляецца заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, кандыдат юрыдычных навук, прафесар А. У. Баркоў).

Вывучэнне відэазапісаў, якія ёсць у адкрытым доступе, дазваляе зрабіць выснову аб тым, што злачынства, якое можна кваліфікаваць як “масавыя беспарадкі” ўдзельнікі акцый пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў не здзяйснялі. Светлашумавыя гранаты і стрэлы гумовымі кулямі выкарыстоўвалі спецыяльныя падраздзяленні МУС падчас разгону мірных акцый пратэсту. Асобныя выпадкі прымянення гвалту дэманстрантамі ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі патрабуюць ацэнкі на прадмет правамернасці дзеянняў органаў правапарадку па спыненні мірнага сходу.

Юрысты "Вясны" адзначаюць, што выхад на праезную частку падчас сходу, кінутая ў супрацоўнікаў міліцыі кветка, выкатванне калясак гандлёвага цэнтра на праезную частку, няўдалыя спробы перамяшчэння металічных агароджаў не могуць ацэньвацца ў якасці дзеянняў, якія складаюць аб'ектыўны бок складу злачынства, што прадугледжвае адказнасць за ўдзел у масавых беспарадках. Суды па такіх справах выносяць прысуд толькі на здагадках, што не сумяшчальна з нормай ч. 4 арт. 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса:

"Прысуд не можа быць заснаваны на здагадках".

Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак

За люты вынесена не менш за 39 прысудаў, дзе фігурантаў абвінавачвалі ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Гэты артыкул па праўдзе стаў "народным палітычным" - менавіта яе ўлады выкарыстоўваюць часцей за ўсё для рэпрэсій у дачыненні да беларусаў. Праваабаронцы адзначаюць, што мірнае ажыццяўленне права на сход і выказванне меркаванняў (выхад удзельнікаў акцый пратэсту на праезную частку, знаходжанне ў счэпцы, выкрыкванне лозунгаў, воплескі рукамі) не можа быць падставай для крымінальнага пераследу.

Калапс прававой сістэмы, грубая фальсіфікацыя ўладамі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, жорсткія і беспакараныя катаванні ўдзельнікаў акцый пратэсту, адмова дзяржавы выконваць свае міжнародна-прававыя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека выклікалі ў беларускім грамадстве хвалю непрымання дзеянняў аўтарытарнай улады, легітымнасць якой пастаўлена пад сумнеў.

Дзяржава абавязана ў сілу міжнародна-прававых абавязацельстваў у галіне правоў чалавека садзейнічаць грамадзянам у рэалізацыі іх правоў на выказванне меркавання і на мірныя сходы. Правядзенне сходаў можа быць спалучана з пэўнымі часовымі перашкодамі для іншых грамадзянаў, аўтамабільнага і грамадскага транспарту. Выхад пратэстоўцаў на праезную частку не можа ўтвараць складу крымінальнага злачынства, паколькі вялікая колькасць маніфестантаў фізічна не магла змясціцца на пешаходных ходніках, а самі вуліцы, праспекты, плошчы і бульвары, з'яўляючыся грамадскімі месцамі агульнага карыстання, у роўнай ступені могуць выкарыстоўвацца як у мэтах гандлю, перамяшчэння грамадскага транспарту, так і для правядзення публічных мірных сходаў грамадзянаў па грамадска-важных пытаннях і праблемах, у тым ліку для пратэстаў супраць дзеянняў і палітыкі кіраўніцтва краіны.

Гвалт над супрацоўнікам органаў унутраных спраў

Юрысты "Вясны" прааналізавалі крымінальныя справы аб гвалце або пагрозе ўжывання гвалту (арт. 364 КК) і супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў (ч. 2 арт. 363 КК): прысуды па гэтай катэгорыі спраў выносіліся ў лютым не менш за 15 разоў і не менш за 2 разы адпаведна. Эксперты адзначаюць, што крымінальная адказнасць па артыкуле аб гвалце і супраціве міліцыянту можа наступаць толькі ў выпадку, калі яго дзейнасць носіць законны і правамерны характар.

Згодна з Навукова-практычным каментаром да КК, артыкулам 364 ахоўваецца толькі законная службовая дзейнасць супрацоўніка АУС. У выпадках, калі супрацоўнік АУС здзяйсняе дзеянні відавочна незаконныя, напрыклад, перавышэнне ўлады, грамадзяне маюць права ўжыць нават сілавое процідзеянне незаконным праявам (аўтарам каментара да дадзенага артыкула з'яўляецца начальнік упраўлення прававой інфарматызацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфарматызацыі А. М. Браўсаў).

Аналіз крымінальных спраў аб гвалце і супраціве супрацоўнікам міліцыі дазваляе зрабіць выснову аб тым, што суды яшчэ ні ў адной са спраў не правялі ацэнкі таго, наколькі дзеянні супрацоўнікаў міліцыі па затрыманні грамадзянаў падчас выключна мірных сходаў, а таксама пасля іх заканчэння, з'яўляліся законнымі і правамернымі. Дзяржаўныя органы і службовыя асобы ў сілу міжнародна-прававых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека абавязаны забяспечваць ахову ўдзельнікаў сходу, кіруючыся прынцыпам прапарцыйнасці мераў, якія прадугледжваюць найменшы ўзровень ўмяшання ў яго правядзенне.

Важна адзначыць, што шкода ад дзеянняў, за якія грамадзяне абвінавачваліся па крымінальных справах аб гвалце і супраціве, носіць сімвалічны характар: цялесныя пашкоджанні супрацоўнікаў у большасці выпадкаў не адносяцца да катэгорыі тых, што прывялі да страты працаздольнасці. Падрабязна з аналізам такіх спраў можна азнаёміцца ў заключэннях па справе Наталлі Хершэ і Дзмітрыя Караткевіча.

Абраза прадстаўніка ўлады

Паводле вынікаў маніторынгу за люты "Вясна" зафіксавала не менш за 17 прысудаў, якія суды выносілі за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК - чыноўнікі, супрацоўнікі міліцыі) і 5 прысудаў, дзе грамадзянаў абвінавачвалі ў паклёпе (арт. 188 КК - чальцы выбарчай камісіі, супрацоўнікі міліцыі).

Аналіз пераважнай часткі крымінальных спраў дадзенай катэгорыі дазваляе зрабіць выснову аб тым, што грамадзянаў пераследуюць за крытыку дзяржаўных органаў і службовых асобаў. Міжнародны стандарт свабоды выказвання меркавання прадугледжвае, што пад яго абарону падпадае нават такая яго форма, якая можа разглядацца як глыбока абразлівая.

Важны момант, які ацэньваецца праваабаронцамі пры аналізе такіх крымінальных спраў, – ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы або яго сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, а таксама замежнай нацыі, дзяржавы або яго сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абраза не накіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў ці могуць пацягнуць такія дзеянні. Падрабязна аб падыходах праваабарончай супольнасці пры ацэнцы дадзенай катэгорыі спраў можна азнаёміцца ў Заключэнні па справе Яна Рымарава.

Здзек над дзяржаўным сцягам

Юрыстам "Вясны" вядома не менш чым пра 5 прысудаў, вынесеных судамі за мінулы месяц, за здзек над дзяржаўным сцягам (арт. 370 КК). Праваабаронцы адзначаюць, што крымінальны пераслед і прысуд да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за дзеянні, крыміналізацыя якіх крытыкуецца аўтарытэтнымі міжнародна-прававымі інстытутамі, з'яўляецца недапушчальнай мерай.

Па міжнародным праве, абарона рэпутацыі дзяржаўных сімвалаў як такая не можа апраўдаць абмежаванне выказвання меркавання. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала да адмены ўсіх законаў, якія прадугледжваюць крымінальную каральнасць дыфамацыі публічных асобаў дзяржавы або яго органаў. У аўтарытарных краінах забарона абразы традыцый і сімвалаў часта выкарыстоўваецца ў якасці сродку палітычнай цэнзуры. Больш падрабязна аб падыходах праваабаронцаў па дадзенай катэгорыі спраў – у Заключэнні па справе Іллі Смольскага.

Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці

Праваабаронцам вядома, як мінімум, пра 5 прысудаў у лютым за графіці і надпісы на фасадах будынкаў (арт. 341 КК). Заканадаўцам крыміналізаваны толькі адзін від надпісаў – цынічныя. Іншыя віды надпісаў не крыміналізаваныя, а распаўсюджванне на працэс нанясення надпісу прыкметы псавання маёмасці пазбаўляе сэнсу наяўнасць у дыспазіцыі артыкула двух відаў дзей.

Любы спосаб нанясення надпісаў патрабуе тых ці іншых намаганняў па іх ліквідацыі - ад сімвалічных да дарагіх, і можа кваліфікавацца як псаванне маёмасці. Разам з тым само па сабе псаванне і знішчэнне маёмасці крыміналізавана па арт. 218 КК толькі пры наяўнасці кваліфікуючых прыкметаў – значны памер шкоды (ад 40 базавых велічынь), здзяйсненне агульнанебяспечным спосабам, арганізаванай групай і т. п. Падрабязна аб ацэнках праваабаронцаў дадзенай катэгорыі спраў можна азнаёміцца ў Заключэннях па справе Марыі Сафонавай і Германа Кузняцова.

Праваабаронцы падлічылі агульную колькасць год, вынесенных па прысудах у лютым. Атрымалася даволі вялікая лічба - 264 гады і 3 месяцы (без уліку арыштаў).

 Самае суровае пакаранне было прызначанае Аляксандру Кардзюкову з Брэста - 10 год пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыма.


*ПЦ "Вясна" нагадвае, што маніторынг крымінальных палітычна матываваных спраў мае важнае значэння для ацэнкі сітуацыі з парушэннямі правоў чалавека падчас масавых рэпрэсій, а агалоска такога пераследу можа дапамагчы стрымаць магчымыя фальсіфікацыі і выяўляць працэсуальныя парушэнні падчас следства альбо суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства