viasna on patreon

Заключэнне юрыстаў і экспертаў ПЦ «Вясна» па крымінальнай справе Германа Кузняцова па арт. 341 КК

2021 2021-02-08T13:00:14+0300 2021-02-08T13:00:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zapis_amapap.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Надпісы, зробленыя мінчуком 6 кастрычніка. Фота: прэс-служба МУС

Надпісы, зробленыя мінчуком 6 кастрычніка. Фота: прэс-служба МУС

3 снежня суд Першамайскага раёна Мінска аштрафаваў 25-гадовага менчука Германа Кузняцова на 200 базавых велічынь (5400 рублёў) паводле артыкула 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) за нанясенне "цынічных надпісаў" на сцяне дома на вуліцы Герояў 120-й дывізіі, дзе жывуць супрацоўнікі АМАПу і на трансфарматарнай падстанцыі недалёка ад базы АМАПу. Эксперты і юрысты ПЦ «Вясна» прааналізавалі справу Германа Кузняцова і прыйшлі да наступных высноў.

Суд аштрафаў мінчука, які спісаў сцены дома супрацоўнікаў АМАПу

Суд Першамайскага раёна Мінска 3 снежня аштрафаваў 25-гадовага мінчука Германа Кузняцова на 200 базавых велічыняў (5400 рублей) па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) за нанясенне "цынічных надпісаў" на сцяне дома па вуліцы Герояў 120-й дывізіі, дзе жывуць супрацоўнікі АМАПа і на трансфарматарнай будцы недалёка ад базы АМАПа. "Вясна" распавядае пра крымінальную справу мінчука.

Кантэкст

У жніўні 2020 года ўдзельнікі мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і выпадковыя прахожыя былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі. У дачыненні да некалькіх тысяч затрыманых былі паўсюдна, мэтанакіравана і арганізавана ўжытыя катаванні і іншыя віды забароненага абыходжання. Непасрэдна ў сувязі з дзеяннямі супрацоўнікаў МУС загінула не менш за трох чалавек і памерла не менш за аднаго. Такія акты і асобы, якія іх здзяйснялі (у асноўным – супрацоўнікі спецыяльных падраздзяленняў МУС – АМАП і СПБТ «Алмаз») былі дэманстратыўна згодненыя і падтрыманыя вышэйшымі службовымі асобамі дзяржавы, у тым ліку – Аляксандрам Лукашэнкам. Расследавання катаванняў не вядзецца; кіраўнікі падраздзяленняў МУС, якія дапусцілі ўчыненне масавых злачынстваў падначаленымі, не адхіленыя ад пасады, а вінаватыя асобы па-ранейшаму выходзяць у форме без знакаў адрознення і ў масках на падаўленне пратэстаў і затрыманні дэманстрантаў. Такім чынам, катаванні і гвалт засталіся беспакаранымі, гібель людзей – нерасследаванай, а грамадзяне, затрыманыя за ўдзел у мірных пратэстах, зноў падвяргаюцца небяспецы стаць чарговымі ахвярамі катаванняў у аўтатранспарце спецслужбаў або ў памяшканнях раённых аддзелаў і ізалятараў МУС.

Грамадзяне, якія не знаходзяць і не назіраюць эфектыўнай абароны сваіх правоў і правоў ахвяр катаванняў з боку дзяржаўных інстытутаў – пракуратуры, Следчага камітэта і судоў, вырашаюцца на самастойныя дзеянні, якія, на іх думку, набліжаюць або аднаўляюць справядлівасць.

Абставіны справы і ацэнка

Г. Кузняцоў 6 кастрычніка 2020 года нанёс на фасады жылога дома, дзе кампактна пражываюць супрацоўнікі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, і размешчанага побач нежылога будынка надпісы "АМАП, як вам пачуваецца, гледзячы ў вочы сваім дзецям, забойцы!?" і "АМАПаўцы, на працы гвалтаваць, дома забіваць цалаваць!?» 

У прысудзе судом устаноўлена, што абвінавачваны такім чынам «прывёў у непрыдатнасць фасады названых вышэй будынкаў, якія нельга выкарыстоўваць без адпаведнага рамонту», гэта значыць пашкодзіў маёмасць РУП «Мінскэнерга» і ГУУС Мінгарвыканкама, прычыніўшы маёмасную шкоду на суму 88 і 128 рублёў адпаведна. Кваліфікуючая прыкмета "апаганьванне будынкаў цынічнымі надпісамі" судом выключаная з аб'ёму прад'яўленага абвінавачвання ў сувязі з пазіцыяй пракурора.

Пакаранне – штраф у памеры 200 базавых велічынь (5400 беларускіх рублёў).

Мы, юрысты і эксперты ПЦ "Вясна", адзначаем, што судовы прысуд у дачыненні да Г. Кузняцова супярэчлівы, юрыдычна не вывераны і мае патрэбу ў адмене ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам са спыненнем крымінальнай справы. Таксама гэты прысуд парушае права абвінавачванага на гарантаваную Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах свабоду меркаванняў і іх выказвання. 

Парушэнне права на свабоднае выказванне свайго меркавання

У адпаведнасці з Пактам,

  1. Кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў.
  2. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або шляхам друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі па свайму выбару.
  3. Карыстанне прадугледжанымі ў пункце 2 гэтага артыкула правамі накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, такім чынам, спалучана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўлены Законам і з'яўляцца неабходнымі:
  • a) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб;
  • b) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва».

Ёханесбургскія прынцыпы ў галіне нацыянальнай бяспекі, свабоды выказвання меркавання і доступу да інфармацыі прадугледжваюць, што мірнае ажыццяўленне права на свабоду выказвання меркавання не павінна разглядацца як пагроза нацыянальнай бяспекі або падвяргацца абмежаванням ці пакаранню. Ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы або яе сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, а таксама замежнай нацыі, дзяржавы або яе сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абраза не накіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў або могуць пацягнуць такія дзеянні.

Мы мяркуем, што ў адсутнасць у сучаснай Беларусі спрыяльнага асяроддзя для выказвання меркаванняў на аснове роўнасці, выказванне меркаванняў часам набывае фармальна супрацьпраўны характар. Аднак пераслед за здзяйсненне злачынстваў мае ярка выражаны селектыўны характар; закон па-рознаму абараняе прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, сілавых ведамстваў і грамадзян. Любая крытыка ў дачыненні да двух першых катэгорый неадкладна пераследуюцца, часта – у крымінальным парадку; характар санкцый (крымінальнае пакаранне) відавочна не адпавядае мэтам дапушчальнага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў.

Надпісы «АМАП, як вам пачуваецца, гледзячы ў вочы сваім дзецям, забойцы!?» і «АМАПаўцы, на працы гвалтаваць, дома забіваць цалаваць!?»  не парушаюць грамадскай маралі, не замахваюцца на правы і рэпутацыю асобных людзей і з'яўляюцца класічным узорам дапушчальных па форме і зместу свабодна выказаных меркаванняў. Некаторая дапушчальная рэзкасць і правакацыйнасць меркаванняў абумоўлена акалічнасцямі, выкладзенымі ў раздзеле «Кантэкст», а таксама цяжкасцю і цынічнасцю парушэнняў правоў чалавека адрасатамі. Надпісы знаходзяцца ў месцы, якое дазваляе данесці змест думкі непасрэдна адрасату – супрацоўнікам АМАП. Надпісы не заклікаюць да актаў гвалту і не могуць справакаваць ці пацягнуць яго.

Пакаранне, хай і ў выглядзе штрафу, у дадзеным выпадку з'яўляецца празмерным: яно з'яўляецца крымінальным і мае таму істотныя негатыўныя наступствы, не абумоўленыя характарам дзеянняў і асобай вінаватага.

Прапарцыйнай мерай у дачыненні да ўчыненага Г. Кузняцовым мог бы стаць прымус за свой рахунак аднавіць афарбаваную паверхню ў першапачатковым выглядзе праз некаторы адрэзак часу, які прадугледжвае магчымасць для адрасата азнаёміцца са зробленымі для яго надпісамі.

Парушэнне нацыянальнага закону

У адпаведнасці з арт. 341 КК караецца «апаганенне будынкаў ці іншых пабудоў цынічнымі надпісамі ці выявамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце ці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства».

Судовым прысудам кваліфікуючая прыкмета «апаганенне будынкаў цынічнымі надпісамі» судом выключана з аб'ёму прад’яўленага абвінавачання ў сувязі з адмовай пракурора ад абвінавачання ў гэтай частцы.

Выснова суда аб тым, што абвінавачаны надпісам «прывёў у непрыдатнасць фасады названых вышэй будынкаў, якія нельга выкарыстоўваць без адпаведнага рамонту» не адпавядае фактычным акалічнасцям справы: наяўнасць надпісу нецынічнага характару не перашкаджае далейшаму выкарыстанню па прызначэнні фасадаў будынкаў.

Заканадаўцам па сэнсе арт. 341 крыміналізаваны толькі адзін від надпісаў: цынічныя. Іншыя віды надпісаў не крыміналізаваныя, а пашырэнне на працэс нанясення надпісу прыкметы псавання маёмасці пазбывае сэнсу наяўнасць у дыспазіцыі артыкула двух відаў дзеяў. Любы спосаб нанясення надпісаў патрабуе тых ці іншых высілкаў па іх выдаленні – ад сімвалічных да дарагіх, і можа кваліфікавацца як псаванне маёмасці. Разам з тым само па сабе псаванне і знішчэнне маёмасці крыміналізавана па арт. 218 КК толькі пры наяўнасці кваліфікуючых прыкмет – значны памер шкоды (ад 40 базавых велічынь), здзяйсненне агульнанебяспечным спосабам, арганізаванай групай і да т. п.

Вызначаны судом памер шкоды аспрэчваецца дадзенымі пра кошт рамонту, праведзенага эксплуатацыйнай арганізацыяй.

На перыяд папярэдняга следства і суда абвінавачанаму была абрана мера спынення ў выглядзе хатняга арышту. У адпаведнасці з ч.3 арт.125 КПК, падставы і парадак ужывання ў якасці меры спынення хатняга арышту, устанаўлення і падаўжэння яго тэрміну, скасавання хатняга арышту рэгулююцца адпаведнымі нормамі КПК, што адносяцца да меры спынення ў выглядзе зняволення пад варту. У адпаведнасці з ч.1 арт.126 КПК, зняволенне пад варту ў якасці меры спынення ў дачыненні да асобы, якая падазраецца ці абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 341 КК, можа быць ужыта ў выключных выпадках у дачыненні да падазраванага ці абвінавачанага, калі яны не маюць сталага месца жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці не вызначана іх асоба, або тыя схаваліся ад органаў крымінальнага пераследу ці суда. У адпаведнасці з прысудам, такія акалічнасці ў дадзенай справе адсутнічалі.

Такім чынам, Г. Кузняцоў быў незаконна змешчаны пад хатні арышт з 7 кастрычніка па 3 снежня. Гэта парушэнне не было адхілена судом пры прызначэнні судовага разбіральніцтва.

Высновы

Такім чынам, крымінальны пераслед Г. Кузняцова быў здзейснены ў парушэнне асноўных правоў і свабод, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, па палітычных матывах, паколькі пераслед ажыццяўляўся ў сувязі з непрымальнымі ў дэмакратычным грамадстве дзеяннямі праваахоўных і судовых органаў, іншых суб'ектаў уладных паўнамоцтваў, скіраваных на дасягненне наступных мэт:

  • a) умацаванне або ўтрыманне ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў;
  • b) нядобраахвотнае спыненне ці змена характару чыёй-небудзь публічнай дзейнасці.

У сувязі з выкладзеным, мы, юрысты і эксперты ПЦ «Вясна», заклікаем да скасавання палітычна матываванага прысуду ў дачыненні да Германа Кузняцова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства