Заключэнне экспертаў і юрыстаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе Дзмітрыя Караткевіча па арт. 364 КК
1. 13 лістапада 2020 г. суд Савецкага раёна г. Мінска вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні да Дзмітрыя Караткевіча за здзяйсненне злачынства, прадугледжанага арт.364 КК: «гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай перашкаджэння яго законнай дзейнасці». Дзмітрыю Караткевічу прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Эксперты і юрысты ПЦ «Вясна» прааналізавалі справу Зміцера Караткевіча і прыйшлі да наступных высноў.
Мінскага ўдзельніка пратэстаў адправілі ў калонію на тры гады
Кантэкст, звязаны з поствыбарчымі пратэстамі і масавымі рэпрэсіямі; выкананне і заахвочанне правоў і свабод чалавека
2. 9 жніўня 2020 г. у Беларусі прайшлі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вынікі прэзідэнцкіх выбараў былі прызнаны не вартымі даверу ў нацыянальных назіральнікаў і міжнароднай супольнасці, выбарчы працэс не адпавядаў стандартам свабодных, дэмакратычных і канкурэнтных выбараў. Вынікаў выбараў прэзідэнта не прызналі ЗША, Вялікабрытанія, Канада і краіны Еўрапейскага Звязу. Нацыянальная сетка назірання за выбарамі «Праваабаронцы за вольныя выбары» у выніковай аналітычнай справаздачы падкрэсліла, што выбарчая кампанія з самога яе пачатку праходзіла ў атмасферы страху і запалохвання ўдзельнікаў выбарчага працэсу.
3. Падзеі, што адбыліся па ўсёй краіне з 9 па 14 жніўня 2020 г., паслужылі падставай для прызнання праваабарончай супольнасцю дзеянняў улад злачынствамі супраць бяспекі чалавецтва. У гэтай сувязі легітымнасць дзейнасці органаў унутраных спраў была пастаўлена грамадствам пад сумнеў у сувязі з жорсткасцю і беспакаранасцю катаванняў, што мелі месца не толькі ў дадзены перыяд, але і ў наступным.
4. У перыяд з 14 жніўня па ўсёй краіне адбываліся мірныя акцыі пратэсту супраць катаванняў і жорсткасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а таксама сходы, мэтай якіх было выражэнне салідарнасці з палітычнымі зняволенымі і ахвярамі катаванняў. Дадзеныя акцыі праходзілі на фоне страты легітымнасці дзейнай улады, а таксама заканадаўства, якія істотным чынам абмяжоўваюць фундаментальныя правы на свабоду выражэння погляду і на мірныя сходы.
5. Варта падкрэсліць, што заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Беларусі мае істотныя недахопы, якія істотным чынам перашкаджаюць рэалізацыі права на мірны сход і свабоды выражэння погляду: Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) сумесна з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ пасля абмеркавання закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» на прадмет яго адпаведнасці міжнародным нормам у 2012 годзе прызнала закон не адпаведным міжнародным стандартам у вобласці праў чалавека. У прыватнасці, падвергнуты крытыцы вызначэнні масавых мерапрыемстваў у Законе, абмежаванне даступнасці грамадскіх месцаў для правядзення сходаў, дазваленчы парадак правядзення. За кожныя, нават фармальныя, парушэнні Закону прадугледжана адказнасць у выглядзе буйных штрафаў (да 50 базавых велічынь – 1350 беларускіх рублёў) і адміністрацыйнага арышту тэрмінам да 15 сутак за кожны факт парушэння. Характар абмежаванняў, якія накладае Закон, і якія ўжываюцца на практыцы ў сукупнасці такі, што практычна выключае магчымасць рэалізацыі права на мірны сход і свабоды выражэння поглядаў.
6. Грамадскасць і ўлады рэзка разыходзяцца ў ацэнцы правамернасці такіх абмежаванняў; улады патрабуюць няўхільнага выканання абмежавальных патрабаванняў, тлумачачы кожны з актаў непадпарадкавання як супрацьпраўную дзею. Такое тлумачэнне дазваляе ўладам расцэньваць акты непадпарадкавання сваім завышаным патрабаванням, якія самі па сабе скіраваны толькі на рэалізацыю міжнародна прызнаных правоў і асноўных свабод (зазвычай, у адсутнасць дапушчальных прычын для абмежаванняў гэтых правоў і свабод) як парушэнні закону, і ўжываць гвалт для спынення гэтага «парушэння».
7. Праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі неаднаразова крытыкавалі ўлады за такога роду практыку. У прыватнасці, Камітэт па правах чалавека ААН у Заключных заўвагах па пятым перыядычным дакладзе Беларусі ў 2018 годзе рэкамендаваў «перагледзець свае законы, падзаконныя акты і практыку, у тым ліку Закон «Аб масавых мерапрыемствах», каб гарантаваць магчымасць карыстання ў поўнай меры правам на свабоду сходаў як у заканадаўстве, так і на практыцы, і забяспечыць, каб любыя абмежаванні на свабоду сходаў, у тым ліку шляхам ужывання адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў да асоб, што рэалізуюць гэта права, адпавядалі строгім патрабаванням артыкула 21 Пакта. Дзяржаве-ўдзельніцы варта неадкладным і дзейсным чынам расследаваць усе выпадкі празмернага ўжывання сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў, адвольных арыштаў і затрыманняў удзельнікаў мірных пратэстаў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых».
8. Мы, юрысты і эксперты ПЦ «Вясна», падзяляем і падтрымліваем такія падыходы і падкрэсліваем, што затрыманне ўдзельнікаў мірных сходаў з'яўляецца адвольным, а з пункту гледжання і ў адносінах да тэрмінаў нацыянальнага права – не з'яўляецца «законнай дзейнасцю» супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, іншых асоб, «выкананнем імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку».
Умовы назірання
9. Судовае паседжанне праведзена адкрыта і галосна. Перашкод для разумення сутнасці дзеянняў суда і ўдзельнікаў працэсу не ўзнікла, чутнасць была здавальняльнай, судовыя паседжанні пачыналіся своечасова, час аднаўлення паседжання называўся выразна і гучна. Парадак у будынку суда і ў судовым паседжанні вызначала суддзя. Судом не чынілася перашкод для аўдыязапісу працэсу, было забаронена весці відэатрансляцыю і рабіць фота. Рэзалютыўная частка прысуду абвешчана публічна.
Захаванне прэзумпцыі невінаватасці
10. У дачыненні да Дзмітрыя Караткевіча быў парушаны стандарт прэзумпцыі невінаватасці па п. 30 Заўваг агульнага парадку №32 (2007): «У адпаведнасці з п.2 арт.14 кожны абвінавачаны ў крымінальным злачынстве мае права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць яго не будзе даказана згодна закону. Прэзумпцыя невінаватасці, што мае асноватворнае значэнне для абароны правоў чалавека, ускладае абавязак даказвання на абвінавачанне, гарантуе, што ніякая віна не можа быць прэзюмавана датуль, пакуль вінаватасць не была даказана па-за кожнымі разумнымі сумневамі, забяспечвае, каб сумневы тлумачыліся на карысць абвінавачанаму і патрабуе, каб з асобамі, якім ставіцца ў віну здзяйсненне крымінальнай дзеі, абыходзіліся ў адпаведнасці з гэтым прынцыпам. Усе дзяржаўныя органы ўлады абавязаны ўстрымлівацца ад прадвызначэння выніку судовага разбіральніцтва, напрыклад, устрымліваючыся ад публічных заяў, у якіх сцвярджаецца пра вінаватасць абвінавачанага. Падчас судовага разбіральніцтва падсудныя па агульным правіле не павінны закоўвацца ў кайданкі ці ўтрымлівацца ў клетках ці якім-небудзь іншым чынам паўставаць на судзе ў абліччы, якое паказвае на тое, што яны могуць быць небяспечнымі злачынцамі».
Захаванне працэдуры судовага паседжання:
11.
- Суддзя: Шаціла Сяргей Віктаравіч
- Пракурор: Маліка Настасся Ігараўна
- Абвінавачаны: Караткевіч Дзмітрый Уладзіміравіч
- Пацярпелы: Прыходзька Андрэй Леанідавіч
Заявы аб ужыванні катаванняў і/або жорсткага, нялюдскага, зневажальнага звароту: не паступала.
Забеспячэнне эфектыўнай абаронай
12. Рудэнка Алег Анатольевіч, адвакат Мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі №2. Якой-небудзь ацэнкі судом пазіцыі абароны ў тэксце прысуду не прыведзена.
Роўнасць правоў бакоў у працэсе
13. У судовым паседжанні абаронца прасіў далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы шэраг дакументаў: медычную даведку пра цяжарнасць жонкі трэцім дзіцём, характарыстыку, пасведчанні аб нараджэнні дваіх дзяцей – суд далучыў.
Суду было пададзена хадайніцтва з месца працы пра змену меры стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі – суд адмовіў.
Абаронай заяўлялася хадайніцтва аб допыце сведкі Аляксандрава, аб далучэнні скрыншотаў, што пацвярджаюць куплю ў краме OZ, а таксама аб перапынку для перадачы пацярпеламу кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў пад распіску – суд далучыў матэрыялы, адмовіў у перапынку.
Даследаванне доказаў
14. У судовым паседжанні даследаваны наступныя доказы:
- допыт абвінавачанага Караткевіча, які віны не прызнаў;
- допыт пацярпелага Прыходзькі;
- допыт сведкаў Шыманскага; Шчур; Ясінеўскай; Найдовіча; Маліноўскага; Караткевіча (бацька абвінавачанага); Аляксандрава.
Абранне меры стрымання ў якасці інструмента ціску на абвінавачанага
15. У дачыненні да Дз. Караткевіча была абрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. У адпаведнасці з арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, утрыманне пад вартай асоб, што чакаюць судовага разбору, не павінна быць агульным правілам, але вызваленне можа ставіцца ў залежнасць ад падавання гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і, у выпадку неабходнасці, яўкі для выканання прысуду.
16. Больш дэталёва пытанні абгрунтаванасці заключэння пад варту адлюстраваны ў адпаведных Заўвагах агульнага парадку (№8 1992 года і №35 2014 года) - дакументах, дзе выкладзены ў абстрактным выглядзе тлумачэнні Камітэта аб нарматыўным змесце адпаведных артыкулаў і палажэнняў Пакта: «Заключэнне пад варту павінна быць заснавана на прыманым у кожным пэўным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтавана і неабходна з улікам усіх акалічнасцяў для такіх мэт, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства. Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека". Утрыманне пад вартай да суда не павінна быць абавязковым для ўсіх абвінавачаных у пэўным злачынстве без уліку індывідуальных акалічнасцяў. Акрамя таго, дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ужывацца не на грунце магчымага прысуду за злачынную дзею, якая ставіцца ў віну, а на грунце вызначэння патрэбы ў гэтай меры стрымання. Суды павінны разглядаць пытанне пра тое, ці дазволяць альтэрнатывы дасудоваму ўтрыманню пад вартай, такія як заклад, электронныя бранзалеты ці іншых умовы, ліквідаваць неабходнасць ў утрыманні пад вартай у дадзеным канкрэтным выпадку». Усяго гэтага комплексу гарантый быў пазбаўлены абвінавачаны.
Вызначаныя прысудам акалічнасці
17. Абвінавачанаму пастаўлена ў віну тое, што «абвінавачаны Караткевіч Дз.У. 03.09.2020 каля 20:30 гадз. (больш дакладны час не ўсталяваны), знаходзячыся паблізу дома №37 па Лагойскім тракце ў г. Мінску, наўмысна ўжыў гвалт у дачыненні да ўчастковага інспектара міліцыі УУС адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска капітана міліцыі Прыходзькі А.О., які знаходзіўся згодна расстаноўцы ад 03.09.2020 асабовага склада УУС адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска па ахове грамадскага парадку пры правядзенні ў г. Мінску несанкцыянаваных мерапрыемстваў пры выкананні службовых абавязкаў і выконваў заданне ў адпаведнасці са сваёй службовай інструкцыяй па ахове грамадскага парадку, а менавіта пры затрыманні Маліноўскага Б.І., які ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах і здзейсніў адміністрацыйнае парушэнне права, прадугледжанае ч.1 арт.23.34 КААП Рэспублікі Беларусь, з мэтай перашкаджэння законнай дзейнасці супрацоўніка органаў унутраных спраў па ахове грамадскага парадку падчас несанкцыянаваных мерапрыемстваў, дзеля вызвалення Маліноўскага Б.І. ужыў фізічны гвалт у дачыненні да ўчастковага інспектара міліцыі УУС адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска капітана міліцыі Прыходзькі А.О., выказаны ў наўмысным распыленні струменя пярцовым аэразолем з газавага балончыка ў вобласць твару пацярпелага Прыходзькі А.О., чым прычыніў апошняму фізічны боль, пакуты і збіццё ў выглядзе хімічнага апёку твару, шыі і вачэй (хімічны апёк кан'юнктывы і рагавіцы абодвух вачэй I ступені)».
ЗАКЛЮЧНЫЯ ВЫСНОВЫ
18. Аналіз судовага прысуду ў выніку дае магчымасці зрабіць высновы, што маюць значэнне для далейшых ацэнак справы і становішча абвінавачанага.
Эксперты і юрысты ПЦ «Вясна» угледжваюць палітычныя матывы ў дзеяннях уладаў у дачыненні да абвінавачанага:
Пад палітычнымі матывамі разумеюцца рэальныя падставы. Важна прааналізаваць не толькі публічна пазначаныя падставы рашэнняў органаў улады, але і выявіць іх праўдзівыя матывы непрымальных у дэмакратычным грамадстве дзеянняў або бяздзеяння праваахоўных і судовых органаў, іншых суб'ектаў уладных паўнамоцтваў, скіраваных на дасягненне хаця б адной з наступных мэтаў:
- умацаванне або ўтрыманне ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў;
- нядобраахвотнае спыненне або змена характару чыёй-небудзь публічнай дзейнасці).
19. Абедзве мэты ўгледжваюцца ў дзеяннях уладаў, прадстаўленых у дадзенай справе МУС, Следчым камітэтам, пракуратурай і судом: крымінальны пераслед абвінавачанага пачаты ў перыяд узмацнення рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці перад тварам будучай небяспекі страты аўтарытарнай улады прэзідэнтам дзяржавы і страты ўплыву выбудаванай ім сістэмы «выканаўчай вертыкалі ўлады». Судовы разгляд справы прайшоў у сярэдзіне лістапада 2020 г. – пасля шэрагу палітычных падзей, якія ў корані змянілі адносіны ўлад і грамадства, якое не ўспрымае больш паўнамоцтваў дзейнай улады, што захавала сваё становішча ў выніку паўсюдных грубых фальсіфікацый і злоўжыванняў падчас прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, і якая абрала адзінай прыладай уплыву на сітуацыю ўжыванне брутальнага фізічнага гвалту, што выходзіць за рамкі ўсіх, у тым ліку нацыянальных, прававых нормаў, нароўні з адкрыта сегрэгацыйнай практыкай рэагавання органамі правапарадку і судамі на парушэнне нацыянальнага закону рознымі суб'ектамі. У гэтым становішчы перад дзяржаўнымі інстытутамі, што захавалі лаяльнасць уладам, стаіць задача татальнага падаўлення мірных пратэстаў, запалохвання дэманстрацыйна жорсткімі санкцыямі рознага характару, у тым ліку – крымінальнымі, усіх удзельнікаў і назіральнікаў гэтых працэсаў, і прымусу да адмовы ад ажыццяўлення сваіх правоў і свабод.
Перад назіраннем стаяла задача вызначыць, ці быў абвінавачаны пазбаўлены волі ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Да пазначаных парушэнняў варта аднесці наступныя:
- мера стрымання ў дачыненні абвінавачванага Караткевіча была неабгрунтавана абрана ў выглядзе заключэння пад варту. У адпаведнасці з арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць судовага разборальніцтва, не павінна быць агульным правілам, але вызваленне можа ставіцца ў залежнасць ад падавання гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разборальніцтва ў кожнай іншай яго стадыі і, у выпадку патрэбы, яўкі для выканання прысуду (больш падрабязна гл. п.17 гэтага Заключэння). Абвінавачваны быў пазбаўлены ўсяго гэтага комплекса гарантый.
- парушана права абвінавачванага Караткевіча ў тэрміновым парадку быць дастаўленым да суддзі і права на разбіральніцтва яго справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесці пастанову адносна законнасці яго затрымання і распарадзіцца аб яго вызваленні, калі затрыманне незаконна: да суддзі абвінавачваны Караткевіч быў упершыню дастаўлена на 69-ы дзень утрымання пад вартай.
- абвінавачваны Караткевіч утрымваўся ў клетцы, што парушае стандарт прэзумпцыі невінаватасці (больш падрабязна гл. п.10 гэтага Заключэння)
- Апроч гэтага, перад назіраннем стаяла задача вызначыць, ці пазбаўлены абвінавачваны свабоды выбіральна ў параўнанні з іншымі асобамі.
Раней юрыстамі і аналітыкамі ПЦ «Вясна» вывучалася судовая практыка па арт. арт. 363 і 364 КК. Усталявана, што найбольш часта па такога роду справах судамі прызначаюцца пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Пры гэтым часта гэтыя злачынствы здзяйсняюцца ў сукупнасці з іншымі злачынствамі ці парушэннямі права, у стане алкагольнага ап'янення, раней асуджанымі асобамі.
Пад канец 2016 г. пяцярым нецвярозым грамадзянам, якія пагражалі супрацоўніку ДАІ, пастаноўлены прысуд: траім мужчынам і дзвюм жанчынам прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды без накірунку ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады кожнаму з мужчынаў, а жанчынам – на два гады кожнай", – сказала Барсукова (прэс-сакратар Гомельскага аблсуда). Яна таксама ўдакладніла, што ўсе яны былі прызнаны вінаватымі па арт.364 Крымінальнага кодэкса Беларусі – гвалт ці пагроза прымянення гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
У снежні 2018 года грамадзянін з а.г. Мухавец перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі ў затрыманні і дастаўленні ў РАУС і прычыніў пры гэтым міліцыянерам цялесныя пакалечанні. Рашэннем суда Брэсцкага раёна ў маі 2019 года пазначаны грамадзянін прызнаны вінаватым у гвалце ў дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з мэтай перашкоджання іх законнай дзейнасці і ў адпаведнасці з артыкулам 364 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, прысуджаны да абмежавання волі на два гады.
У 2014 г. бацька чацвярых дзяцей быў асуджаны да шасці (з 2015 г. максімальны памер арышту па арт.54 КК складае тры месяцы) месяцам арышту за гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Жыхар Бялыніцкага раёна ў 2017 асуджаны за гвалт у адносінах да супрацоўніка АУС да аднаго года пазбаўлення волі і прымусоваму лячэнню ад алкагалізму (паводле прысуду, у апорным пункце нанёс стулам удар па галаве, потым, выкінуўшы стул, абхапіў супрацоўніка за шыю і, утрымваючы ў такім становішчы, стаў наносіць удары рукой па галаве. Падчас бойкі міліцыянеру атрымалася пакласці абвінавачванага на падлогу і надзець наручнікі. Участковаму, якія атрымаў цялесныя пакалечанні, выклікалі хуткую дапамогу. Таксама абвінавачваны пашкодзіў форменны кіцель супрацоўніка).
У лістападзе 2019 г. участковаму інспектару міліцыі вёскі Забалоцце пры выкананні службовых абавязкаў было прычынена цялеснае пакалечанне. Дадзеныя пакалечанні былі аднесены да катэгорыі меньш цяжкіх цялесных пакалечанняў. У сакавіку 2020 г. судом Брэсцкага раёна пазначаны грамадзянін быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па арт. 364 КК Рэспублікі Беларусь, да пакарання ў выглядзе 4 гадоў абмежавання свабоды.
24 чэрвеня 2020 года судом Пінскага раёна і горада Пінска разгледжана крымінальная справа ў адносінах да Л., які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК. Паводле прысуду суда абвінавачваны ў мэтах высвятлення абставінаў звароту ў праваахоўныя органы яго гаспадара, пасля зробленай супрацоўнікам органаў унутраных спраў на адрас абвінавачванага Л. заўвагі аб недапушчальнасці антыграмадскіх паводзінаў, прымяніў насілле у дачыненні да прадстаўніка ўлады, якое выявілася ў нанясенні пацярпеламу не менш за два ўдары рукамі ў вобласць галавы, чым прычыніў яму фізічны боль і пабоі, на падставе якой яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады. У адпаведнасці з арт.7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2020 г. №17-З " Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў» абвінавачваны вызвалены ад пакарання на 1 год.
У канцы красавіка 2018 г., увечары, каля кавярні "Шафран" у г. Наваполацку 24-гадовая мясцовая жыхарка ў стане алкагольнага ап'янення наўмысна нанесла супрацоўніку органаў унутраных спраў удар нагой у твар, прычыніўшы ранку носа. З улікам пазіцыі дзяржаўнага абвінавачвання, наяўнасці ў грамадзянкі на ўтрыманні малалетняга дзіцяці, прызнання віны, суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў, і пастанавіў не прыводзіць яго ў выкананне на працягу выпрабавальнага тэрміну 1 год 6 месяцаў.
Два месяцы арышту атрымаў жыхар Бярозы, які з помсты ударыў участковага ў камеры для адміністратыўна затрыманых, а па сукупнасці прысудаў – тры, так як раней быў асуджаны і не адбыў у поўнай меры пакаранне за крадзеж. Участковы даставіў яго з вуліцы Чырвонаармейскай, дзе мужчына знаходзіўся ў нецвярозым стане. Суд таксама прысудзіў яго да прымусовага лячэння ад алкагалізму.
Яшчэ адзін жыхар Бярозы ўдарыў супрацоўніка праваахоўных органаў у будынку міліцыі пры разглядзе па справе аб адміністратыўным правапарушэнні, якое здзейсніў: адбываючы пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Неаднаразова парушаў абмежаванні і раней: выпіваў, адсутнічаў дома ў належны час, выязджаў у іншы населены пункт без дазволу крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Такім чынам, здзейсніў два злачынствы: ухіленне ад адбыцця пакарання і гвалт у адносінах да супрацоўніка АУС. Па першым прысуджаны да года пазбаўлення волі, па другім - арышту тэрмінам на тры месяцы. Па сукупнасці прысудаў атрымаў адзін год і восем месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, а таксама будзе прымусова лячыцца ад хранічнага алкагалізму.
Жыхар Бярозы нанёс міліцыянеру ўдар галавой, калі той адчыняў дзверы ў памяшканні РАУС. Таксама з помсты - за тое, што яго затрымалі п'яным у грамадскім месцы. Пазней у яго было выяўлена 2 праміле алкаголю. Момант канфлікту захаваны на відэакамеры, дзе добра відаць, што асуджаны беспадстаўна і нечакана "быкануў". Ён пазбаўлены волі на паўгадавы тэрмін, да яго прыменена лячэнне ад алкагалізму.
26 сакавіка 2020 г. у выязным судовым паседжанні разгледжана крымінальная справа па абвінавачванні грамадзяніна П., 1996 года нараджэння. Малады чалавек у стане алкагольнага ап'янення здзейсніў адміністратыўнае правапарушэнне не ў першы раз з'явіўшыся ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Пры гэтым ён не толькі выказваў у адрас супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пагрозы, але і ўжыў насілле і абражаў у зневажальнай і нецэнзурнай форме. Прысудам суда Брагінскага раёна грамадзянін П. асуджаны па арт. 364 КК Рэспублікі Беларусь да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год умоўна. Яму прызначаная крымінальна-прававая кампенсацыя ў памеры 40 базавых велічынь. Акрамя таго, на карысць пацярпелых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў спагнана грашовая кампенсацыя маральнай шкоды.
Траіх жыхароў Бабруйска 13 снежня 2020 г. асудзілі да трох месяцаў арышту за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (скачок на спіну і сарваны шлем у стане алкагольнага ап'янення), паведаміла старшы памочнік пракурора г. Бабруйска Наталля Лосева.
У чэрвені 2020 г. 27-гадовы жыхар Баранавіч асуджаны за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Як распавяла Intex-press Юлія Акуліч, памочнік Баранавіцкага міжраённага пракурора, гараджанін парушаў грамадскі парадак, што прыцягнула ўвагу супрацоўнікаў міліцыі. Праваахоўнікі вырашылі затрымаць парушальніка, але той пачаў супраціўляцца, а затым укусіў аднаго з міліцыянераў за нагу. За гэта суд прысудзіў мужчыне да аднаго года пазбаўлення волі ўмоўна і прызначыў 120 гадзін грамадска карысных работ. Да гэтага гараджанін да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.
21. Калі звярнуцца да практыкі прымянення пакарання па артыкуле 364 КК, можна зрабіць выснову аб тым, што да абвінавачванага Дзмітрыя Караткевіча ўжытыя непрапарцыянальна суровы від і высокі і несуразмерны зробленаму тэрмін пазбаўлення волі. Так, на прыкладзе шэрагу публікацый у СМІ можна заключыць, што пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тры гады было прыменена несуразменна зробленаму і агульнай практыцы.
22. Такім чынам, пазбаўленне волі да абвінавачванага прыменена ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах:
- роўнасць перад судом;
- права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць не будзе даказаная згодна з законам;
- права на тое, каб быць у тэрміновым парадку дастаўленым на судовае разбіральніцтва на працягу разумнага тэрміну або на вызваленне;
- права на разгляд яго справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесці пастанову адносна законнасці затрымання і распарадзіцца аб вызваленні, калі затрыманне незаконнае.
23. Адначасова мы ацанілі характар дзеянняў абвінавачванага як выпадак прымянення "зваротнага" гвалту, справакаванага зыходным непрапарцыянальным выкарыстаннем фізічнай сілы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі, пры тым, што ў дзеяннях абвінавачванага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды каму-небудзь.
Пры гэтым улічвалася не толькі фармальная наяўнасць закона, які ўстанаўлівае адказнасць за такое правапарушэнне, а вылучаліся пэўныя патрабаванні да яго якасці. Напрыклад, закон павінен адпавядаць міжнародным стандартам, павінен быць ясным, даступным, прапарцыянальным і прадказальным. Гэта абавязацельства не патрабуе ад дзяржавы абсалютнай прававой дакладнасці, што часта проста немагчыма, але накладвае пэўныя абавязацельствы, каб правапрымяненне не было адвольным, і кожны мог прадбачыць незаконнасць тых ці іншых дзеянняў.
У адпаведнасці са сведчаннямі ўсіх бакоў працэсу, як гэта ўстаноўлена прысудам, усе ўдзельнікі канфлікту, які быў скончаны прымяненнем абвінавачваным газавага балончыка ў якасці сродку самаабароны, знаходзіліся ў грамадзянскай форме адзення, а наяўнасць на супрацоўніках АУС бронекамізэлек і тактычных паясоў са спецсродкамі не сведчыць прама аб іх прыналежнасці да органаў унутраных спраў.
У п. 123 "Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў" АБСЕ пазначана: "неабходна, каб супрацоўнікаў паліцыі было лёгка адрозніць (у тым ліку па асабістых апазнавальных знаках). Калі супрацоўнікі праваахоўных органаў знаходзяцца ў форме, на іх форменнай вопратцы і / або галаўных уборах павінны быць асабістыя апазнавальныя знакі (напрыклад, імя або нумар). Яны не маюць права здымаць або хаваць такія апазнавальныя знакі, або перашкаджаць іншым асобам чытаць гэту інфармацыю падчас сходу". Такім чынам, падчас аховы масавага мерапрыемства супрацоўнікі органаў правапарадку павінны быць у форменным абмундзіраванні і добра ідэнтыфікаванымі пры неабходнасці звароту да іх па дапамогу. Дадзенай акалічнасці не было дадзена дбайнай ацэнкі, як і таму, што праваахоўныя органы менш чым за месяц да гэтага здзейснілі зверскія злачынствы супраць бяспекі чалавецтва, да гэтага беспакараныя (больш падрабязна гл.пункт 3 гэтага Заключэння).
Судом без наяўнасці дастатковых падстаў па сутнасці было адхілена заключэнне эксперта, які выказаўся аб адсутнасці ў прадстаўленых медыцынскіх дакументах дастатковых і пэўных дадзеных аб прычыненні пацярпеламу цялесных пашкоджанняў: «пэўна выказацца аб наяўнасці хімічнага апёку твара, шыі, вачэй па наяўных у медыцынскіх дакументах дадзеных не ўяўляецца магчымым». Тым самым суд прыняў бок абвінавачвання, парушыўшы прынцып аб'ектыўнасці. У адсутнасць доказаў прычынення шкоды пацярпеламу асуджэнне Д. Караткевіча па арт. 364 КК незаконна.
24. Таксама ўстаноўлена, што працягласць і ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыянальна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім Караткевіч быў прызнаны вінаватым: ён пазбаўлены волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі. У адсутнасць абцяжваючых віну абставінаў і наяўнасці змякчальных, у адносінах да абвінавачанага абраны самы строгі від пакарання.
Такая непрапарцыянальнасць або неадэкватнасць выяўлялася шляхам параўнальнага аналізу дадзенага выпадку з іншымі падобнымі правапарушэннямі.
Варта заўважыць, што да гэтага часу не распачата ніводнай крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, вінаватых у актах катаванняў і забароненага абыходжання. Мы бачым у гэтым відавочную сегрэгацыю і дыскрымінацыю грамадзян, пры якой прадстаўнікі ўлады маюць імунітэт, які падтрымліваецца на ўсіх узроўнях улады, ад крымінальнага пераследавання за акты катаванняў і жорсткага зневажальнага абыходжання, а дзеянні шэраговых грамадзян, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, дэманстратыўна жорстка караюцца.
Усе выкладзеныя акалічнасці сведчаць аб неабходнасці патрабаваць ад уладаў перагляду вынесенай ў дачыненні да Дзмітрыя Караткевіча прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд, вызваліць яго з-пад варты; рэкамендаваць праваабарончай супольнасці прызнаць Дзмітрыя Караткевіча палітзняволеным з патрабаваннем перагляда вынесеных судовых рашэнняў (з улікам апеляцыйнай інстанцыі - заўв.) і вызвалення з-пад варты з прымяненнем іншых мер, якія забяспечваюць яго яўку ў суд.