Актывіста анархісцкага руху Івана Красоўскага асудзілі да трох гадоў "хіміі" Фота
Суд Савецкага раёна 19 лютага асудзіў 18-гадовага актывіста анархісцкага руху Івана Красоўскага на тры гады абмежавання волі з накірованнем ва ўстанову папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — "хіміі". Хлопца вызвалілі ў залі суда. Івана прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і абвінавацілі ў перакрыцці дарог у ноч з 10 на 11 жніўня на «Рызе», што пацягнула шкоду «Мінсктрансу» на суму больш за 5,6 тыс. рублёў. На судзе стала вядома, што тэлефон хлопца праслухоўваўся яшчэ з 3 сакавіка 2020 года, менавіта тэлефонныя размовы з акцыі пратэсту і ляглі ў аснову абвінавачвання Івана. Справу палітвязня разглядала суддзя Марына Фёдарава.
Івана Красоўскага абвінавацілі ў тым, што ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года каля ГЦ "Рыга" “падчас незаконнага масавага мерапрыемства публічна выкрыкваў лозунгі, блакаваў рух транспарту шляхам перакрыцця праезнай часткі. Пасля чаго нягледзячы на патрабаванні праваахоўнікаў адмовіўся пакінуць яе, заклікаў да аналагічных дзеянняў іншых грамадзян”. Па версіі абвінавачвання, гэта пацягнула доўгае парушэнне грамадскага спакою, стварыла перашкоды для нармальнай працы транспарту на працягу 5 гадзін на вуліцы Сурганава, чым было абмежавана права іншых грамадзян на спакойную працу, адпачынак і свабоднае перамяшчэнне. У выніку дзеянняў абвінавачанага маёмасці КТУП "Мінсктранс" нанесеная шкода на суму больш за 5,6 тыс.
Хлопца затрымалі першы раз 12 жніўня, тады сілавікі моцна збілі яго до стана інваліднага вазка. Другі раз Івана затрымалі напрыканцы верасня — ужо ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Потым справу Івана перакваліфікавалі на больш мяккі артыкул — на ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Віну Іван прызнаў часткова. Ён растлумачыў, што яму ставяць у віну парушэнне транспартнай камунікацыі, непадпарадкаванне супрацоўнікам, заклікі іншых грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, выказванне лозунгаў і плясканне ў далоні. З усяго гэтага ён прызнае толькі тое, што выкрыкваў лозунгі і пляскаў у далоні, астатняе — не прызнае. Таксама Красоўскі не прызнаў грамадзянскі пазоў.
На судзе Красоўскі сказаў:
"Я малады чалавек 18 гадоў, нядаўна скончыў школу, тое, што я ўбачыў на Рызе, — я ўбачыў упершыню ў жыцці, я быў на эмоцыях. Гэта ненармальна, калі супрацоўнікі міліцыі збіваюць людзей, супрацоўнікаў хуткіх".
Дзяржаўная абвінаваўца памочніца пракурора Савецкага раёна Анастасія Маліко папрасіла суд пакараць Івана Красоўскага трыма гадамі "хіміі". Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Марына Фёдарава.
Падрабязна пра суд над Іванам мы пісалі тут:
Праслухоўвалі тэлефон з сакавіка. У Мінску судзяць 18-гадовага палітвязня Красоўскага за пратэсты 10 жніўня
А пра яго гісторыю пераследу тут:
Пасля Акрэсціна прабыў у вазку каля двух тыдняў. Гісторыя пераследу палітвязня Івана Красоўскага