viasna on patreon

Заключэнне юрыстаў і экспертаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе Дзмітрыя Галко па арт. 364 КК

2021 2021-01-20T13:38:35+0300 2021-02-08T12:03:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzmitryi_halko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дмітрый Галко. Фота прадастаўленае жонкай

Дмітрый Галко. Фота прадастаўленае жонкай

Шостага студзеня суд Савецкага раёна Менска вынес прысуд у дачыненні да Дзмітрыя Галко. Яго абвінавацілі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Прысуд - тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Эксперты і юрысты ПЦ «Вясна» прааналізавалі справу Дзмітрыя Галко і прыйшлі да наступных высноў.

"Астатняе хай будзе на сумленні тых, хто прыдумаў гэтую крымінальную справу": у Мінску вынеслі прысуд Дзмітрыю Галко

Суд Савецкага раёна Менска вынес прысуд у дачыненні да 44-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Дзмітрыя Галко. Яго абвінавацілі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Прысуд — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама ён абавязаны выплаціць тысячу рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу, пакрыць шкоду за камеру ГУУС і кампенсаваць страты за экспертызу бутэлькі, якая праходзіла ў справе рэчыўным доказам.

Агульны кантэкст дадзенай справы можна ахарактарызаваць як глыбокі крызіс правоў чалавека, выкліканы стратай легітымнасці прэзідэнта і выбудаванай ім вертыкалі ўлады ў сувязі з палітычна матываванымі масавымі катаваннямі, што пачаліся ў дачыненні да мірных маніфестантаў са жніўня па цяперашні час, а таксама татальнай фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Больш дэталёва з кантэкстам можна азнаёміцца ў пададзеным аналітыкамі ПЦ «Вясна» гадавым аглядзе за 2020 год, а таксама выніковай справаздачы па выбарах Прэзідэнта кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». На дэталі крызісу правоў чалавека і яго наступствы ПЦ «Вясна» неаднаразова звяртаў увагу ў Заключэннях па крымінальнай справе Наталлі Хершэ і Дзмітрыя Караткевіча. Рэзюмуючы, варта адзначыць, што дзяржава ў цяперашніх умовах дэманстрацыйна пагарджае сваімі абавязаннямі расследаваць факты катаванняў, што ўскалыхнулі ўвесь свет сваёй масавасцю, жорсткасцю і беспакаранасцю, а таксама неабходнасцю прыслухоўвацца да голасу пераважнай большасці беларусаў.

Умовы назірання ў судовым паседжанні былі нездавальняючымі, бо парадак у зале суда вызначалі супрацоўнікі канвою, які дастаўляў абвінавачанага са спецтранспарту ў клетку. Больш за тое, супрацоўнікі канвою патрабавалі ад слухачоў у зале прыбраць з рук мабільныя тэлефоны, трымаць іх схаванымі ў кішэні і торбы. Патрэбна адзначыць, што і рассаджванне ў зале вызначалі супрацоўнікі канвою, забараняючы займаць цэлую лаву за пацярпелым з мэтай бяспекі. Супрацоўнікі канвою абмяжоўвалі правы слухачоў і перад паседжаннем, патрабуючы ад усіх прысутных на паверсе літаральна забіцца ў кут, пакуль па калідоры вялі абвінавачанага Дзмітрыя Галко. Якога-небудзь абгрунтавання пагрозы, якая магла б зыходзіць ад яго, не прыводзілася. Падобны падыход у чарговы раз дэманструе «гнуткасць» улад у змаганні з каранавіруснай інфекцыяй: у зале суда з-за пандэміі COVID-19 была абмежаваная колькасць месцаў для слухачоў, якіх рассаджвалі ў пэўным парадку, але зала не праветрывалася, пры перамяшчэнні абвінавачанага па калідоры суда ўсіх прысутных на паверсе прымушалі знаходзіцца ў скучанай прасторы ў чаканні перамяшчэння абвінавачанага.

У дачыненні да абвінавачанага Дзмітрыя Галко быў парушаны стандарт прэзумпцыі невінаватасці. Так, у афіцыйным telegram-канале прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай была апублікавана інфармацыя аб «затрыманні 43-гадовага мінчука, які выбіў камеру з рук міліцыянера». Падчас судовага паседжання было вызначана, што камеру абвінавачаны не выбіваў, а толькі зачыніў накрыўку ў ёй, сам пацярпелы супрацоўнік міліцыі Павел Мацкевіч паведаміў суду, што відэакамера апусцілася да ўзроўню яго грудзей і заставалася ў руках, працягваючы здымку. Больш за тое, з размешчанага відэа інцыдэнту, а таксама ходу судовага паседжання, у прынцыпе нельга зрабіць высновы пра тое, што відэаздымку вёў супрацоўнік міліцыі. Так, на пытанне аб тым, хто праводзіць відэаздымку, пацярпелы Павел Мацкевіч сказаў: «аматарская здымка», гэта ж ён пацвердзіў у судовым паседжанні. Прызнанне абвінавачанага на відэазапісе пра тое, што ён усведамляў, што перад ім супрацоўнік міліцыі, было зроблена пад катаваннямі, якія не расследаваліся, разгляд справы не прыпыняўся ў сувязі з заявай пра недапушчальныя формы вядзення следства. Стандарт прэзумпцыі невінаватасці быў парушаны ў дачыненні да Дзмітрыя Галко і ў сувязі з транспартаваннем і перамяшчэннем яго ў будынку суда ў кайданках за спінай у адсутнасць абвінавачанняў аб наўмысным здзяйсненні злачынства супраць жыцця і здароўя асобы. Апісаныя факты сведчаць пра парушэнне ў дачыненні да абвінавачанага стандарта прэзумпцыі невінаватасці згодна з п.30 Заўвагі агульнага парадку №32 (2007).

Захаванне працэдуры судовага разбіральніцтва: суддзя: Сяргей Віктаравіч Шаціла; дзяржаўны абвінаваўца: Уладзімір Рабаў; пацярпелы: Павел Мацкевіч; абвінавачаны: Дзмітрый Галко. Старанны маніторынг судовага паседжання паказаў, што прызнанне пацярпелым супрацоўніка міліцыі выклікае абгрунтаваныя сумневы толькі ў сувязі з тым, што ў яго руках знаходзілася відэакамера «Panasonic», якая належыць ГУУС Мінгарвыканкама (пра скіраванасць намеру ў дзеяннях абвінавачанага больш дэталёва ідзе гаворка ў раздзеле «Заключныя высновы» - Заўв.). Якой-небудзь шкоды Паўлу Мацкевічу прычынена не было, больш за тое, заяўляючы іскавыя патрабаванні, так званы пацярпелы растлумачыў, што перажываў пакуты выключна ў сувязі з агалоскай інцыдэнту ў сетцы інтэрнэт. Сцвярджэнне аб тым, што абвінавачаны, зачыняючы накрыўку камеры, мог нанесці ўдар па фаланзе пальцаў, выклікае абгрунтаваныя сумневы і аспрэчваецца тым, што накрыўка камеры знаходзілася з процілеглага боку ад рукі, што трымала відэакамеру. Пры спробе адваката высветліць, на якія пальцы або частку кісці прыйшоўся ўдар, суддзя без абгрунтавання матываў зняў пытанне абаронцы, чым аказаў заступніцтва боку абвінавачання, што недазвольнае і ідзе ў супярэчнасць з неабходнасцю поўнасці судовага разбіральніцтва.

Падчас судовага следства ад абвінавачанага паступіла заява аб катаваннях падчас першага допыту 21 кастрычніка 2020 г. Суддзя і пракурор не распачалі якіх-небудзь актыўных дзеянняў для расследавання заявы аб недапушчальных формах вядзення крымінальнага працэсу, не ўдакладнялі дэталяў акалічнасцяў, пры якіх абвінавачаны падпадаў катаванням, маючы перад вачыма медычныя дакументы пра пакалечанні, атрыманыя падчас затрымання спецпадраздзяленнем МУС. Інфармацыя пра тое, супрацоўнікі якога спецпадраздзялення затрымлівалі Дзмітрыя Галко, аднесена да інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання, што ў цяперашніх умовах дазваляе зрабіць адназначную выснову пра ўтойванне доказаў і датычных асоб да здзяйснення значна больш цяжкага злачынства, чым дзеі, у якой абвінавачваўся падсудны, фактычным заступніцтве і спрыянні супрацоўнікам МУС, якія ўчынілі над Дзмітрыем Галко катаванні. Падчас абвяшчэння дадзеных папярэдняга расследавання дзяржаўны абвінаваўца абвяшчаў сведчанні Дзмітрыя Галко, дадзеныя на папярэднім следстве следчаму, не называючы прозвішча службовай асобы, якая пасля ўжывання недазволеных формаў і метадаў вядзення крымінальнага працэсу патрабавала ад Дзмітрыя Галко сазнальных сведчанняў як у дачыненні да сябе, так і ў дачыненні да нявызначанай асобы, якая распыліла пярцовы газ 16 верасня 2020 г. па вул. Усходняй, 32-34, падчас інцыдэнту з відэакамерай. Адсутнасць якой-небудзь рэакцыі суддзі і дзяржаўнага абвінаваўцы на дэталёвыя сведчанні аб катаваннях, пацверджаных медычнымі дакументамі, сведчыць пра іх суўдзел у вядзенні недазволеных метадаў следства і заступніцтве падобных адносінаў праваахоўных органаў да ахвяр катаванняў. Такія метады «расследавання» заяў аб катаваннях у Беларусі крытыкаваў Камітэт супраць катаванняў ААН у 2018 годзе.

Забеспячэнне эфектыўнай абаронай: Дзмітрый Галко быў прадстаўлены адвакатам Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Пятровіч Кацярынай Валер'еўнай. Па ацэнцы назіральніка, адвакат Кацярына Пятровіч прадэманстравала высакакласны ўзровень працы абаронцы па дадзенай справе, што заслугоўвае вялікага даверу і павагі. Гэта выявілася і ў тым, што адвакат настойліва задавала пытанні пацярпеламу і сведкам-міліцыянерам кожны раз, як толькі яны супярэчылі сведчанням, дадзеным падчас папярэдняга следства. Больш за тое, адвакат досыць даступна звяртала ўвагу суда на схематычнасць сведчанняў сведкаў-міліцыянераў, іх супярэчлівасць на стадыі папярэдняга расследавання на розных допытах і ў рамках крымінальнай справы, што расследуецца па факце распылення балончыка. Падчас вывучэння відэазапісу інцыдэнту адвакат Кацярына Пятровіч пры дапамозе пытанняў пацярпеламу не пакінула сумневаў у тым, што Павел Мацкевіч не пазіцыянаваў сябе як супрацоўнік органаў унутраных спраў падчас інцыдэнту 16 верасня 2020 г., што фактычна прызнаў і сам пацярпелы. Падчас спрэчак адвакат Кацярына Пятровіч прадэманстравала глыбокае разуменне прававой прыроды паводзінаў абвінавачанага (суб'ектыўнае і аб'ектыўнае ўспрыманне абвінавачаным пацярпелага без формавай абмундзіроўкі і знакаў адрознення), ведах матэрыяльных нормаў права і няўхільным выкананні ёю пратабаванняў крымінальна-працэсуальнага закона і правілаў адвакацкай этыкі.  

Роўнасць бакоў у працэсе: абвінавачаны Дзмітрый Галко быў асуджаны судом Савецкага раёна Мінска ў парушэнне прынцыпу бесстароннасці правасуддзя. Так, у парушэнне этычных стандартаў дзейнасці суддзяў, падчас вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы суддзя Сяргей Шаціла карыстаўся мабільным тэлефонам, што ставіць пад аб'ектыўны сумнеў яго бесстароннасць, а таксама поўнасць судовага разбіральніцтва, поўную ўцягненасць суддзі ў працэс разгляду крымінальнай справы, якая безумоўна абумоўлівае яго ўнутранае перакананне. Другі раз суддзя набіраў тэкст на сваім мабільным тэлефоне падчас допыту адвакатам абвінавачанага. У п.21 Заўвагі агульнага парадку №32 (2007) адзначаецца, што суд абавязаны паўставаць як бесстаронні ў вачах разумнага назіральніка.

Даследаванне доказаў: неабходна адзначыць, што ў дадзенай справе, у адрозненне ад дзясятка іншых палітычна матываваных крымінальных спраў, на агляд бакам у працэсе і публіцы, былі пададзены відэазапіс інцыдэнту, а таксама запіс са сведчаннямі абвінавачанага, у якіх пад катаваннямі ён прызнаецца ў тым, што першапачаткова нібыта ведаў, што Павел Мацкевіч з'яўляецца супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

Заключныя высновы: старанны маніторынг разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да Дзмітрыя Галко дазваляе зрабіць адназначную выснову аб тым, што ён з'яўляецца ахвярай палітычна матываваных рэпрэсій з боку нелегітымных улад і праваахоўных органаў, якія актыўна выкарыстоўваюць у сваёй працы катаванні для атрымання сазнальных сведчанняў. Як стала вядома падчас судовага паседжання, крымінальная справа ў дачыненні да абвінавачанага ўзнікла пасля спробы праваахоўных органаў ідэнтыфікаваць нявызначаную асобу, якая распыліла газ пасля ўмяшання супрацоўнікаў міліцыі ў правядзенне дваровага канцэрту па адрасе: вул. Усходняя, 32-34, у Мінску. Менавіта ў сувязі з гэтым інцыдэнтам 21 кастрычніка 2020 г. затрымліваўся Дзмітрый Галко, пасля чаго з боку супрацоўнікаў спецпадраздзялення МУС і следчага ён падпаў пад жорсткія і бяскарныя катаванні, пасля якіх даў сазнальныя сведчанні супраць сябе самога.

Асобным аспектам, годным пільнай увагі ў прадстаўнікоў ПЦ «Вясна», з'яўляецца фальсіфікацыя доказаў з боку праваахоўных органаў, а менавіта: надуманае і нічым не абгрунтаванае завышэнне шкоды, прычыненай ГУУС Мінгарвыканкама, у сувязі з паломкай відэакамеры. Згодна агучанаму суддзём акту дэфектацыі, складзенаму толькі ў лістападзе 2020 г., шкода ад дзеянняў абвінавачанага склала 546 рублёў. Аднак пасля вывучэння відэазапісу ў судзе стала відавочным, што камера пасля дзеянняў абвінавачанага нават не звалілася на зямлю, працягвала здымаць, што азначае захаванне яе спажывецкіх характарыстык пасля інцыдэнту як па запісе гуку, так і па фіксацыі відэа. Больш за тое, выклікае недавер факт складання акта дэфектацыі праз больш чым два месяцы пасля інцыдэнту. Дадзеныя сумневы паглыбляюцца і тым фактам, што прызнаны па справе пацярпелым не звяртаўся з заявай пра пашкоджанне камеры, не складаў якога-небудзь рапарта на імя свайго кіраўніка, і сам не памятае, у якім стане камера была, калі ён заступіў на службу па ахове грамадскага парадку 16 верасня мінулага года. ПЦ «Вясна» у назіранні за крымінальнымі справамі звяртаў увагу на падобныя недазвольныя калькуляцыі шкоды ў Заключэнні па справе Марыі Сафонавай.

Пастанова Пленума Вярхоўнага суда ад 22 снежня 2016 г. №9 (п.6) «Аб забеспячэнні права на судовую абарону і культуры судовай дзейнасці» абавязвае суддзяў надаваць увагу ўдасканаленню сваіх ведаў і прафесійных навыкаў, неабходных для належнага ажыццяўлення правасуддзя, а таксама сачыць за зменамі ў нацыянальным заканадаўстве і міжнародным праве, улучаючы міжнародныя дамовы і іншыя дакументы, якія акрэсліваюць нормы, што дзейнічаюць у дачыненні да правоў чалавека.

Крымінальная справа ў дачыненні да Дзмітрыя Галко падняла важную праблему не толькі ўмяшання дзяржавы ў свабоду сходаў, яе абмежаванні і стрыманні, але і праблему нясення супрацоўнікамі органаў унутраных спраў службы па ахове грамадскага парадку падчас мірных сходаў у грамадзянскай форме адзення без апазнавальных знакаў. ПЦ «Вясна» з трывогай адзначае, што падчас разгляду крымінальнай справы Дзмітрыя Галко судом не была зроблена старанная ацэнка цэлага шэрагу палажэнняў заканадаўства, а менавіта:

  • Рашэнне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ад 07 траўня 2018 г. № Р-1123/2018 «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь»;
  • арт.5 Кодэкса аб судоўнiцтве і статусе суддзяў, паводле якога Канстытуцыйны з'яўляецца часткай судовай сістэмы;
  • арт.8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, а таксама артыкулы 26 і 27 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дамоў, што абавязваюць дзяржавы сумленна выконваць узятыя на сябе абавязанні;
  • арт.арт.33 и 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб гарантаванні дзяржавай свабоды выражэння і сходаў;
  • арт.137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб самым высокім месцы ў іерархіі нарматыўна-прававых актаў Канстытуцыі;
  • арт.арт.19 и 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах аб абавязаннях дзяржавы па забеспячэнні свабоды выражэння поглядаў і свабоды сходаў;
  • п.4 арт.40 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у адпаведнасці з якім «Камітэт вывучае даклады, якія падаюць дзяржавы, што прымаюць удзел у сапраўдным Пакце. Ён адпраўляе дзяржавам-удзельніцам свае даклады і такія заўвагі агульнага парадку, якія ён палічыць мэтазгоднымі»;
  • п.51 Заключных заўваг па пятым перыядычным дакладзе Беларусі, якія Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыняў на сваім 3556-м паседжанні, якое адбылося 25 кастрычніка 2018 г. КПЧ занепакоены тым, што Рэспубліка Беларусь рэгламентуе мірныя сходы такім чынам, што гэта перашкаджае рэалізацыі гэтага права;

У п.123 «Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў» АБСЕ ўказана: «Неабходна, каб супрацоўнікаў паліцыі было лёгка адрозніць (у тым ліку па асабістых апазнавальных знаках). Калі супрацоўнікі праваахоўных органаў знаходзяцца ў форме, на іх формавым адзенні і/або галаўных уборах павінны быць асабістыя апазнавальныя знакі (напрыклад, імя ці нумар). Яны не маюць права здымаць ці хаваць такія апазнавальныя знакі, або перашкаджаць іншым асобам чытаць гэту інфармацыю падчас сходу». Такім чынам, падчас аховы мірнага сходу супрацоўнікі органаў правапарадку павінны быць у формавай абмундзіроўцы і добра ідэнтыфікавацца пры неабходнасці звароту да іх за дапамогай.

У судовым паседжанні абвінавачаны настойваў на тым, што пацярпелы знаходзіўся ў грамадзянскай форме адзення, рацыя была ў яго за спінай, пры гэтым негалосным чынам вялася аператыўная здымка. Дадзенага факта не аспрэчваў сам пацярпелы Павел Мацкевіч. Падчас вывучэння відэа робіцца відавочным, што пацярпелы супрацоўнік міліцыі да самага апошняга адмаўляў факт свайго дачынення да органаў унутраных спраў. У гэтай сувязі суд не зрабіў стараннага разбору наяўнасці ў дзеяннях абвінавачанага памылкі – няправільнай ацэнкі асобай, што здзейсніла грамадска небяспечную дзею, сваіх паводзінаў, іх вынікаў або іншых фактычных акалічнасцяў, няправільнае ўяўленне пра характар і ступень грамадскай небяспекі зробленай дзеі і яе супрацьпраўнасці. Дадзеная памылка нават ва ўмовах сучаснага прававога дэфолту мае істотнае значэнне для кваліфікацыі дзеянняў абвінавачанага.

Часткай 3 арт.1 КК прадугледжана, што «Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь засноўваецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права». Прыведзеная вышэй аргументацыя са спасылкамі на прынцыпы і нормы міжнароднага права, у тым ліку на неабходнасць судом ўжываць прынцып, сфармуляваны ў п.123 Кіруючых прынцыпаў АБСЕ, дазваляе зрабіць выснову пра тое, што абвінавачаны не здзейсніў крымінальна каральнай дзеі, якая ставілася яму ў віну, што па правілах п.2 ч.1 арт. 357 КПК з'яўляецца падставай для пастановы апраўдальнага прысуду. Падчас судовага паседжання не было пададзена ніводнага пераканаўчага і годнага даверу доваду, апроч атрыманага пад катаваннямі, што аб'ектам дзеянняў абвінавачанага была маёмасць, якая знаходзіцца на балансе ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Такім чынам, пры паказаных акалічнасцях ідзе адназначная выснова аб тым, што абвінавачаны Дзмітрый Галко не здзейсніў злачынства, пастаўленага яму ў віну і за якое ён падпалы асуджэнню. Падчас маніторынгу крымінальнай справы было вызначана, што ў дачыненні да абвінавачанага быў парушаны шэраг правоў:

  • роўнасць перад судом;
  • права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць не будзе даказана згодна закону;
  • права на тое, каб быць у тэрміновым парадку дастаўленым на судовае разбіральніцтва цягам разумнага тэрміну або на вызваленне (абвінавачаны паўстаў перад судом толькі на 75-я суткі з моманту затрымання – Заўв.);
  • права на разбіральніцтва яго справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесці пастанову адносна законнасці затрымання і распарадзіцца аб вызваленні, калі затрыманне незаконнае;
  • права не падпадаць катаванням, жорсткаму і нялюдскаму абыходжанню, якое зневажае чалавечую годнасць.

Усе выкладзеныя абставіны сведчаць аб неабходнасці патрабаваць ад уладаў:

  • Неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі (ч.2 арт. 357 КПК) асуджанага Дзмітрыя Галко з далейшай кампенсацыяй выдаткаў, звязаных з катаваннямі і крымінальным пераследам;
  • Адхілення ад занятай пасады суддзі агульнай юрысдыкцыі Шацілы Сяргея Віктаравіча, а таксама аддаць яго крымінальнаму пераследу ў сувязі з заступніцтвам катаванняў у дачыненні да абвінавачанага Дзмітрыя Галко і вынясення свядома незаконнага прысуду;
  • Адхіліць ад занятай пасады памочніка пракурора Савецкага раёна Мінска Уладзіміра Рабава ў сувязі з заступніцтвам катаванняў у дачыненні да абвінавачанага Дзмітрыя Галко і ўтойвання доказаў датычных да гэтага супрацоўнікаў спецпадраздзялення МУС;

рэкамендаваць праваабарончай супольнасці:

  • прызнаць Дзмітрыя Галко палітвязнем з патрабаваннем неадкладнага вызвалення з-пад варты.

*У сапраўдным Заключэнні не давалася ацэнка тэксту прысуду ў сувязі са свядома незаконным характарам яго вынясення і адсутнасцю якой-небудзь ацэнкі фактам катаванняў пры наяўнасці медычных дакументаў, што пацвярджаюць дадзеныя факты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства