Суд па “справе прафсаюзаў”: пракурорка запрасіла па 5 год "хатняй хіміі". Прысуд - праз тыдзень Фота Дапоўнена

2018 2018-08-17T08:20:49+0300 2018-08-24T07:47:58+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/prafsajyz-sud-17-08--1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд па "справе прафсаюзаў" 15 жніўня. Фота: ПЦ "Вясна".

Суд па "справе прафсаюзаў" 15 жніўня. Фота: ПЦ "Вясна".

У судзе Савецкага раёна Мінска 17 жніўня працягнецца разгляд крымінальнай справы пад нумарам 17081100001 старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка.  Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Працэс вядзе суддзя Марына Фёдарава.

Маніторынг судовага паседжання ажыццяўляюць праваабаронцы і назіральнікі ад прафсаюзных арганізацый.

На мінулым судовым паседжанні 15 жніўня высветлілася, што тэлефонныя размовы абвінавачаных праслухоўваліся нават пад час судовага працэсу. З гэтай нагоды Генадзь Фядыніч заявіў у судзе, што праслушка здабытая з парушэннем закона і не мае ніякай моцы.

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.  

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.  

Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў.

Суд па “справе прафсаюзаў”: што не сказаў супрацоўнік ДФР? 

Суд па “справе прафсаюзаў”: непераканаўчая доказная база і палова тома ананімак 

Суд па "справе прафсаюзаў": што пачуем у панядзелак?

Суд па “справе прафсаюзаў”: пра афіцыйныя запыты Літве, Швецыі, Даніі 

Суд па “справе прафсаюзаў”: паўторны выклік сведкаў і таямнічы буран 

Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка

Пракурор па "справе прафсаюзаў": "Спагнаць з Фядыніча і Комліка 22 867.10 рублёў" 

Суд па “справе прафсаюзаў”: суддзя бярэ тайм-аут

“Справа прафсаюзаў”: працяг праслушкі і вынікі пракурорскай праверкі 

Алесь Бяляцкі, Барыс Бухель і Ігар Комлік пад час судовага працэсу па
Алесь Бяляцкі, Барыс Бухель і Ігар Комлік пад час судовага працэсу па "справе прафсаюзаў". Фота: ПЦ "Вясна".

Судовае паседжанне распачынаецца ў 9 гадзін раніцы. Перад пачаткам суду з'явілася, як і на папярэднім паседжанні, здымачная група 1 канала Беларускага тэлебачання.  Нехта напісаў песню пра незалежны прафсаюз, тэкст раздаюць усім ахвочым.

На суд прыйшло больш за 30 чалавек. Сярод іх –  намеснік главы аддзела палітыкі і прэсы Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Рэната Урубель, праваабаронцы Алесь Бяляцкі,  Васіль Завадскі, Валер Шчукін, прафсаюзныя актывісты.

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік папрасілі азнаёміцца з матэрыяламі аператыўна-пошукавай дзейнасці.

Адвакат Мацкевіч таксама робіць шэраг просьбаў, у прыватнасці, пра паходжанне паштовай скрыні Комліка і г.д. Просіць легалізаваць шэраг матэрыялаў аператыўна-пошукавай дзейнасьці і далучэння іх да справы.

Пракурорка супраць, аб’ём легалізаваных матэрыялаў дастатковы, гаворыць яна.

Суд пастанавіў хадайніцтвы Фядыніча і Мацкевіч пакінуць без задавальнення.

Адвакат просіць далучыць да справы характарыстыку на Фядыніча ад прафсаюзу ІndustriALL. 

Адвакатка Мацкевіч таксама просіць далучыць копію ордэра на кватэру Фядыніча датай 20.03.1995 г., а таксама копію рэгістрацыйнага пасведчання на ўласнасць памяшкання прафсаюзу РЭП ад 11 03 1998 г.

Яшчэ далучыць даведку з падаткавай інспекцыі па даходах і расходах ягонай цешчы за 10 гадоў. У ходзе праверкі перавышэння даходаў над расходамі не ўстаноўлена.

Хадайніцтва ад Федыніча наконт тэлефонных размоваў.

"Вэлком заявіў, што ніхто да іх не звяртаўся за выпіскай. Узялі самі. Абвінавачаванне казала, што з Герасіменка налічвалася 177 размоваў, але па факту і па звестках Вэлком- 44. Есіповіч (58), але па факту 24. Ні ў чэрвені, ні ў ліпені не ажыццяўляліся такія званкі. Таксама мы не знайшлі ў матэрыялах справы санкцыю пракурору на праслушку. Але знайшлі павесткі сведкам, што сведчыць аб парушэнні парадку іх прыводу".

Суддзя далучыла да справы прадстаўленыя Фядынічам раздрукоўкі з “Вэлком”.

Намеснік кіраўніка аддзела палітыкі і прэсы Прадстаўнтцтва ЕС у Беларусі Рэната Урубель у судзе. Фота: ПЦ “Вясна”.
Намеснік кіраўніка аддзела палітыкі і прэсы Прадстаўнтцтва ЕС у Беларусі Рэната Урубель у судзе. Фота: ПЦ “Вясна”.

Наступнае хадайніцтва Фядыніча:

"У адносінах да мяне парушаецца прынцып спаборніцтва бакоў абароны і абвінавачавання. Таму прашу азнаёміць абаронцаў і іх з матэрыяламі праверкі пракуратуры."

Абаронца падтрымлівае хад-ва, так як толькі бок абароны не знаёміўся з матэрыяламі праверкі. Таксама адвакатка лічыць, што засталося шмат невырашыных пытанняў да прадстаўнікоў УДФР. Пералічыла каля дзесятка пытанняў.

"Я прашу накіраваць у УДФР запыт аб легалізацыі некаторых дакументаў аб аператыўна-пошукавай дзейнасці".

Абвінавачаванне супраць, бо лічыць, што "іншыя матэрыялы справы недаступныя для абароны, паколькі находзяцца з спрае аператыўнага ўліку". Адмовіць!.

Абаронца таксама просіць далучыць да матэрыялаў справы наступныя дакументы: выпіску з медыцынскай карты. (Не зачыталі, па прычыне медычнай таямніцы); вынікі камеральнай праверкі.

Другая абаронца Казак заяўляе хадайніцтва аб тым,  каб выклікалі ў суд у якасці сведак панятых, якія прысутнічалі пры ператрусу на офісе РЭП, што адбываўся 2 жніўня пры Герасіменка. Прозвішчы,здаецца, Марына Буйніч і Ганна Валахановіч, паколькі  панятыя падчас вобшуку не прысутнічалі ў памяшканьні, а былі ў калідоры.

Хадайніцтва пра медыцынскія дакументы пра здароўе Комліка. Суд хадайніцтва аб дакументах задаволіў, аб выкліку сведкаў адхіліў. Комлік пярэчыць.

Пракурорка хадайнічае аб далучэнні дакументаў на цешчу Фядыніча пра дамову куплі зямельнага ўчастка ў вёсцы. Суддзя задаволіла. Пракурор хадайнічае дапытаць сведкаў, якія прадалі гэты ўчастак Фядыніч гаворыць, што гэты акт куплі продажу не мае адносінаў да крымінальнай справы і выклік сведак ня мае сэнсу. Суд задаволіў.

Пракурор Вадзім Казей прыступіў да допыта сведкі Алены Мялешкінай наконт перадачы і куплі зямельнага ўчастка.

Пракурор пытаецца пра абставіны атрымання гэтага ўчастка:

"Навошта Вы пераафармлялі гэты ўчастак на Фядыніча? У якіх мэтах?"   "
Каб пазбавіцца ад яго. Мне ён не патрэбны быў зусім. Здаецца, праз геральную даверанасць у натарыяльнай канторе аформіла. Гэта было ў 90-х гадах... Гэта было даўно ўжо. Я не памятаю."

Пракурорка працягвае допыт: "Чаму менавіта Фядыніч быў ініцыятарам атрымання гэтага ўчастка?"

Людзі ў залі смяюцца.

Пракурорка просіць прад'явіць сведцы дамову куплі-продажу зямельнага участка 23 жніўня 2006 г. Сведка вывучае дакумент, але нічога растлумачыць не можа. Не ведае пра гэтую дамову. Кажа, што муж з Фядынічам раней працаваў у Мінгарсавеце, таму яны мелі нейкія кантакты.

Пракурорка:

"Дык Вы ніякага дачынення да гэтага дакумента не маеце? Тут пазначана, што Фядыніч ад Вашага імя прадаў участак Барысевіч [цешча Фядыніча. Рэд.]. Вы ведаеце Барысевіч?"

Сведка кажа, што нічога не ведае. Але не выключае, што пытаннямі пераафармлення мог займацца яе муж.

На пытанні абароны Мялешкіна сведчыць, што шляхам генеральна даверанасці яна цалкам адмовілася ад усіх правоў на ўчастак. Зноў паўтарае, што для яе галоўнае пазбавіцца ад надзелу. 

"'Мне было без розніцы, каму перадаць гэты ўчастак. Будзь то Генадзь Фёдаравіч, будзь то хто іншы".

Суд па

Наступны сведка - Віктар Баянаў. Таксама мае ўчастак у Сухадолах, знаёмы з Фядынічам. Тлумачыць, што ў  спісах сябраў кааперытыва ў Сухадолах лічылася прозвішча Барысевіч.

Пракурор пытаецца пра плацёжнікаў кааператыва. Сведка кажа, што ніколі ад Фядыніча не паступалі  плацяжы. Фігуравала прозвішча Барысевіч.

Далей распавядае, што дом Барысевіч знаходзіцца ў канцы вёскі, а ягоны ў пачатку, таму не бачыў будаўнічых прац.

"Аднойчы я суправаджаў прадстаўніка газавай службы па вёсцы. І пытанне аб газавай інфраструктуры каля яго дома і ўчастка (не на самім участку) вырашалі з Фядынічам", - тлумачыць сведка.

Пракурорка пытаецца, хто знаходзіўся ў той момант на ўчастку. Кажа, што была нейкая жанчына. Пракурорка просіць апісаць яе.

"Жанчыне 50-60, са светлымі валасамі, асаблівых прыкмет не памятаю".

Комлік: 

"Гэта зацягванне працэса! Я ўжо хутчэй хачу сказаць апошняе слова! Гэта нармальна, што дзеці дапамагаюць сваім састарэлым бацькам" .

Абаронца задае пытанні. Сведка раней сказаў, што на сходах кааператыва прысутнічаў Фядыніч. Але на пытанні абаронцы тлумачыць, што гэта нармальная практыка, што на такіх сходах прысутнічаюць сябры сям'і.

Пракурорка заявіла хадайніцтва, што на падставе допытаў Мялешкінай і Баянава 16 жніўня 2018 г. былі атрыманы вынікі аператыўна-пашуковай дзейнасці. Абаронца працытавала абвінавачаванне, што ўсе матэрыялы АПД ужо легалізаваны і далучаны да матэрыялаў справы.

Пракурор Казей заяўляе хадайніцтва далучыць да матэрыялаў справы пратаколы допыта УДФР от 16 жніўня 2018 г. Сякерына і Аляксандра Дзюбы. Гэта тычыцца наяўнасці ў Фядыніча зямельных участкаў і капітальнай пабудовы. Абаронцы кажуць, што ім трэба азнаёміцца.

Комлік абураецца, лічыць, што пад час суда праводзіць дадаткова аператыўна-пашуковыя дзеянні, неправільна.

Пракурор зачытвае паказанні суседа Дзюбы. Сякерын удзельнічаў у будаўнічай брыгадзе, даваў кансультацыі Фядынічу аб фасадных працах у Сухадолах, а таксама ацэньваў вынікі працы. Сякерын тлумачыць, што наведваў участак некалькі разоў. Адзін раз памятае, што на ўчастку знаходзілася некалькі людзей.

Абаронца супраць гэтага хадайніцтва. Яна цытуе арт. 16 Закона аб аператыўна-вышуковай дзейнасці. Там пералічаны пералік падстаў, сярод якіх няма гэтай сітуацыі. Прадстаўленне даных дакументаў з'яўляецца незаконным, таму што парушаны прынцып спаборнасці, паколькі абвінавачанне выкарыстоўвае такі рэсурс, як АВД, абарона такога рэсурсу не мае.  Ідзе гарачая спрэчка паміж бакамі.

Пракурорка сказала, што падставай для правядзення аператыўна-пошукавай дзейнасці з'яўляецца артыкул 16, але норма - "іншыя". Федыніч выказваецца аб мэтазгоднасці выклікаць і дапытаць Дзюбу, бо "легалізаваць удагонку" допыты сведкаў неправільна.

Суддзя задаволіла хадайніцтва. Судовае следства абвяшчаецца закрытым! Хоць і не выклікалі некаторых сведкаў (суддзя пералічыла іх прозвішчы). Але ўсе бакі згадзіліся. Абвяшчаецца перапынак на 30 хвілін.

Суд па

З падслуханай на калідоры суда размовы:

Меркавана старшыня Савета ветэранаў Фрунзенскага раёна Мінска прыйшоў на суд (відаць, яго адправілі, каб потым ён даў інтэрв'ю БТ і выказаў свой пункт гледжання на сітуацыю). Ходзіць абураецца ў калідоры, "што тут абмяркоўваюцца нейкія дачы, і гэта ўсё не сур'ёзна, тут наогул не пра ўхіленне ад падаткаў, і таму я не буду даваць інтэрвію на тэму дачы",

Ён доўга размаўляў з кімсьці па тэлефоне (мабыць з журналісткай), а потым пагадзіўся: "Ну добра, што мне трэба ім сказаць?"

Пасля перапынку пачынаюцца спрэчкі бакоў.  Пачынае бок абвінавачавання, потым абаронца Фядыніча  і абаронца Комліка.

Пракурорка:

"Высокі суд," хачу звярнуць увагу, што на лаве падсудных сядзяць не прафсаюзныя работнікі, а толькі функцыянеры, якія жывуць па прынцыпе "каб у мяне ўсё было, і нічога за гэта не было".

Зачытвае прад'яўленае абвінавачванне са спасылкамі на нормы заканадаўства. Кажа, што выкарыстоўвалі асоб, якія былі недасведчаныя  аб злачыннасці дзеянняў (пра тых, хто перавозіў грошы). Дапамогу не рэгістравалі ў Дэпартаменце гуманітарнай дапамогі Адміністрацыі прэзідэнта. Ўхіліліся ад выплаты падаткаў, што выразілася ў наўмысным скажэньні дадзеных ва уліках, утойванне падатковай базы... Выпiску з банка SEB  прызналі дакладнай  і дапушчальнай. ... Названыя сродкі здымаліся Комлікам, што пацвярджаецца, у тым ліку, паказаннямі сведак .

"Абвінавачаныя ў зале суда віну адмаўлялі. А таксама паказалі на падробку дакументаў, але іх віна пацвярджаецца сабранымі па справе доказамі. 2 жніўня 2017 г. па адрасе Кульман, 4 быў знойдзены банкаўскі ключ, што цалкам абвяргае пазіцыю абвінавачаных, што яны нічога не ведаюць аб адкрытым рахунку ў літоўскім банку. Знойдзеная на электроннай пошце прафсаюза РЭП інфармацыя ад банка SEB пацвярджае, што прафсаюз з'яўляўся кліентам банкам".

У аснову абвінавачання пакладзены паказанні сведак Шчукіна, Запрыварынай. Яны сведчылі аб праектах з замежнымі прафсаюзамі, з 3F.

Запрыварына прадстаўляла справаздачнасць Фядынічу, дзе паказвала працу па праекце 3F, пра семінары, пра выйграныя справы, за што атрымлівала заробак. Таксама яна паказала на перапіску з прадстаўніком замежнага прафсаюза (Даніі). Факт супрацоўніцтва і атрыманне грашовых сродкаў са шведскім прафсаюзам пацвярджаецца паказаннямі Патапавай, а таксама пісьмовымі доказамі.

Пракурорка:

"Такім чынам, доказамі усталяваны факт супрацоўніцтва з прафсаюзамі замежных дзяржаў, ад якіх паступалі грашовыя сродкі. Факт перавозкі грошай праз літоўскую мяжу пацвярджаецца паказаннямі Запрыварынай, Шчукіным, Герасіменка, Арцёмчык, Патапавай".

Пракурорка спасылаецца на іх паказанні ў частцы, дзе ўказваецца пра кампенсацыю праездаў і семінараў.

"Высокі суд, акцэнтую Вашу ўвагу, што кампенсацыя за праезд складае 15-20 еўра, у той час, як асобы перавозілі сумы, якія нашмат перавышаюць гэта".

Спасылаецца на паказанні Герасіменка, дадзеныя падчас следства. Кажа, што псіхалагічны ціск, пра што сведчыў гэты сведка, як і іншыя сведкі, у судзе, не знайшлі свайго пацвярджэння ў ходзе праверкі пракуратурай г Мінска. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена па гэтым факце. Таму паказанні сведкі Герасіменка, дадзеныя падчас следства, варта прызнаць сапраўднымі і дапушчальнымі. Тое ж самае і адносна паказанняў Шчукіна.

Прокурорка паказвае, што супрацьпраўная дзейнасць абвінавачаных працягвалася аж да 2 жніўня 2017 г.

 Суд па

Далей пра сведчанні Грынцэвіч і Есіпенак. Зноў спасылаецца на пракурорскую праверку па факце псіхалагічнага ціску супрацоўнікаў УДФР. Кажа, што паказанні былі змененыя толькі ў зале судовага пасяджэння пасля шматлікіх кантактаў з абвінавачанымі і іншымі зацікаўленымі асобамі. Мяркуе, што ўсе паказанні сведак, дадзеныя падчас следства, трэба класці ў аснову абвінавачвання.

Згадала таксама тое, што прафсаюз РЭП заклікаў адмовіцца ад сваіх паказанняў, і пра інструкцыю "як даваць паказанні".

"Дакладна ўстаноўлена, што рэгулярна паступалі грашовыя сродкі ад дацкага і шведскага прафсаюза. Такім чынам, доказамі усталяваны факт супрацоўніцтва з прафсаюзамі замежных дзяржаў, ад якіх паступалі грашовыя сродкі".

Кажа, што атрыманыя сумы можна расцэньваць як замежную бязвыплатную дапамогу. Далей пракурорка зачытвае нормы падаткавага заканадаўства. Заяўляе, што падаткавыя дэкларацыі пададзеныя не былі.

Паколькі абвінавачаныя ўсведамлялі злачыннасць сваіх дзеянняў і гэта пацвярджаецца знойдзенымі падчас ператрусаў у офісе прафсаюза РЭП схованкамі, пракурорка просіць: пакараць Фядыніча і Комліка абмежаваннем волі без накіравання на 5 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 год.

Комліку залічыць у тэрмін адбыцця пакарання знаходжанне ў СІЗА. Меру стрымання (падпіска аб нявыездзе) пакінуць ранейшымі.
Дом у Сухадолах прокурорка лічыць ўласнасцю Фядыніча, спасылаючыся на паказанні сёння апытаных сведак.
Арыштаваную маёмасць просіць пакінуць пад арыштам, бо канфіскацыя маёмасці. Просіць вызваліць ад арышту кватэру Фядыніча, таму што там жыве яго сям'я.

Адвакатка Наталля Мацкевіч:

"Калі я прыйшла ў першы раз па гэтай справе ў будынак суда, у мяне спыталі, "ці Вы па справе прафсаюза? Гэта вельмі паказальна. Як і тое, што на кожным пасяджэнні прысутнічаюць дзясяткі прафсаюзнікаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і міжнародных назіральнікаў. Гэта значыць, што абвінавачванне тычыцца не толькі Фядыніча і Комліка, а ўсяго прафсаюза ...  Практыка прымянення арт 243 ў дачыненні да камерцыйных арганізацый нам вядомая, але тут іншае. Пытанне стаіць пра дзейнасць грамадскай арганізацыі і аб праве на свабоду аб'яднанняў і асацыяцый".

Зачытвае нормы Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія тычацца грамадскіх арганізацый і свабоды асацыяцый.

"Нормы міжнародных дагавораў маюць слабую практыку прымянення нацыянальнымі органамі. Адсутнасць нармальных прававых умоў не азначае, што грамадзяне мусяць адмаўляцца ад сваіх правоў або карыстацца імі абмежавана або маргінальна".

Кажа, што дзяржава не мае права ўмешвацца ў дзейнасць грамадскіх арганізацый.
 "Вядома, не існуе поўнага імунітэту для кіраўнікоў грамадскіх арганізацый. Але тут ідзе пра парушэнне права на аб'яднанне, то павінен прымацца павышаны стандарт".

Абвінавачванне падаецца няпэўным і незразумелым: ёсць пытанні:
1. Якім чынам Фядыніч, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, адкрыў рахунак у літоўскім банку?
2. Абвінавачванне не ўтрымлівае апісання складу злачынства

"Ні перасячэнне мяжы, ня перавозка грошай не з'яўляецца злачынствам. Злачынства па арт 343 КК: толькі ўтойванне падатковай базы. Аднак абвінавачанне ў пацверджанне гэтага факту толькі прадставіла сумнеўных сведак, што растлумачыла на карысць абвінавачвання".

Адвакат паказвае на неадпаведнасць усьвядомленага перыяду і разгледжанага ў судзе. Кажа, што ў абвінавачванні не пазначана як Фядыніч адкрыў рахунак і наогул "абвінавачванне не ўтрымлівае ў сабе складу злачынства. Ні адкрыццё рахунку, ні зняцце сродкаў, ні перасоўванне грошай, ні атрыманне замежнай дапамогі не з'яўляюцца злачынствамі. Злачынствам з'яўляецца нявыплата падатку.   Але па нормах заканадаўства, калі нават бы прыбытак і быў, то яны павінны былі выплаціць падатак толькі ў сакавіку 2012г.

"Таму абарона мяркуе, што абвінавачванне ня заснаванае на законе", - заяўляе адвакатка.

Самае складанае ў Дэкрэце тое, што бязвыплатная гуманітарная дапамога можа быць зарэгістраваная ў Дэпартаменце гуманітарнай дапамогі толькі тады, калі такая дапамога атрымана для мэтаў Дэкрэта (ўхіленне наступстваў АЭС, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, напрыклад). Статутная дзейнасць прафсаюза (абарона правоў чалавека) там наогул не паказаная!

Калі ёсць іншыя мэты, то трэба ўзгадняць з Прэзідэнтам, што робіць атрыманне бязвыплатнай дапамогі немагчымым.

"Таму неабходна ўжываць тую норму, якая адпавядае міжнародным абавязкам дзяржавы”.

Далей абарона пераходзіць да аналізу ходу следства і вывучаных доказаў.

"Трэба мець вялікую фантазію, каб звязаць перамовы з учыненнем злачынства".

Таксама паказвае на незаконную праслушку:

"Доказы з'яўляюцца недапушчальными, калі яны былі атрыманыя з парушэннем закона. А санкцыя была дадзеная праз некалькі дзён пасля пачатку праслушкі".

Таксама перамовы і праслухоўка за 2017 г. наогул не маюць ніякага дачынення да разглядаемага перыяду.
Пра паштовую скрыню, з якой працавалі сакратары: "Матэрыялы скапіяваныя на дыскі, але дазнавацель Дзмітрыеў кажа, што раздрукаваў лісты, а не перапісваў іх на дыск і прыклаў да справы з паметкай "не сакрэтна", але пазней гэтых раздруковак у справе ўжо не было, застаўся толькі дыск".

"Абвінавачванне паказвала на кліенцкую перапіску SEB-банка. Аднак на электроннай пошце былі толькі лісты банка, пра што нельга сцвярджаць аб перапісцы", - гаворыць адвакатка. - Тое, што называюць кліенцкай перапіскай РЭП, гэта проста лісты на англійскай і літоўскай мовах, якія ня перакладаліся і пра што яны - мы не ведаем. І пра выпіску тое ж самае: "яна на літоўскай і акрамя слова балтарусія мы там нічога не можам звязаць з прафсаюзам РЭП".

Пра выпіску з банка:

"Такія дакументы могуць быць атрыманы толькі ў парадку прававой дапамогі паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай. Павінны быць перакладзены на рускую мову адпаведным шляхам. Аднак адказаў на афіцыйныя запыты ад праваахоўных органаў Беларусі ад Літвы атрымана не было. Літоўскі пракурор ніяк гэта не аргументаваў. Іншых доказаў адкрыцця рахунку ў літоўскім банку не атрымана."

Са сведкаў толькі Запрыварына дала сумнеўныя паказанні, але іх недастаткова для таго, каб лічыць, што рахунак быў адкрыты ў літоўскім банку.

"Стандартам справядлівага суда не адпавядае тое, што сведчаннях дадзеных ва УДФР абвінавачванне надае больш значэння, чым сведчанням дадзеным нам тут у свабоднай абстаноўцы ў прысутнасці абвінавачвання і абароны", - кажа адвакатка.
Абвешчаны перапынак да 14-00.

Кіраўнік гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Андрэй Стрыжак. Фота: ПЦ
Кіраўнік гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Андрэй Стрыжак. Фота: ПЦ "Вясна".

Пасля перапынку працягвае сваю прамову абаронца Фядынича Наталля Мацкевіч. Кажа, што нельга адносіцца да паліэмернага носьбіта, як да доказу.

"Прадпрымаліся “творчыя”, я б сказала, спробы па павелічэнні доказнай базу. Напрыклад, далі Фядынічу ў сакавіку выехаць з Рэспублікі Беларусь. Аднак гэта не дапамагло", - заяўляе адвакатка.

У матэрыялах справы маецца дыск з 102 файла, записаннаго з жосткага дыску, які застаўся ў матэрыялах АВД. Аднак адсутнічае пратакол аб аператыўна-вышуковым мерапрыемстве. Хто? Калі?"

Мацкевіч таксама адзначае:

"Лісты ў матэрыялах справы маюцца толькі перакладзеныя на рускую мову з дапамогай гугл- перакладчыка. Што перашкаджала, калі яны маюць значэнне, зрабіць іх скрыншот (на які адрас і які іх сапраўдны змест?) Чаму не прадстаўлены арыгінал? Аднак мы нават не ведаем, хто ажыццяўляў пераклад дакументаў, так званых лістоў, у фармат Ворд, які дазваляе ўнесці любыя змены ў любы момант. А таксама не ведаем, хто запісваў гэтыя Ворд дакументы на дыск".

Дзмітрыеў быў дапытаны невізуальна што на думку абароны, парушае нормы КПК. Спасылаўся на дадзеныя АВД, якія не былі легалізаваны ў матэрыялах справы.

Адвакатка кажа, што ў КПК не сказана, што сьледчы можа даваць даручэнні УДФР па лістах. Гэта ні даручэнне, ні іншае аператыўна-вышуковае мерапрыемства. Следчы, звяртаючыся ва УДФР, ні спаслаўся ні на адну прававую норму. Супрацоўнік УДФР Пятроўскі склаў даведку-разлік, т.е вызначальны дакумент па крымінальнай справе. Пятроўскі вырабіў практычна ацэнку доказаў, выбіраючы толькі адзін пратакол допыту. Таксама кіраваўся не той рэдакцыяй Падатковага кодэкса. Увогуле ён не ўпаўнаважаны быў ажыццяўляць такі разлік.

“Абвінавачванне сыплецца як пясок, яно не даказанае”.

Адвакатка звяртае увагу на незаконнасць накладання арышту на маёмасць. У прыватнасці на дом Барысевіч.

Просіць цалкам апраўдаць Генадзя Фядыніча.

Суд па
Адвакаты на судзе па "справе прафсаюзаў" 15 жніўня. Фота: ПЦ "Вясна".

Адвакатка Людміла Казак:

"Далейшае існаванне і дзейнасць прафсаюза РЭП знаходзіцца пад пагрозай. Абвінавачванне яе кіраўнікоў - адзін са спосабаў дасягнення гэтай мэты".

Падкрэслівае важную ролю прафсаюза ў дэмакратычнай дзяржаве.

"Прафсаюз сабраў вялікую колькасць подпісаў супраць Дэкрэта нумар 3, удзельнічаў у Маршы недармаедаў. Крымінальны пераслед звязаны з грамадзянскай актыўнай пазіцыяй арганізацыі."

Цытуе заявы міжнародных арганізацый у частцы, што гэтая крымінальная справа палітычна матывавана. Таксама кажа, што гэтая крымінальная справа дыскрэдытуе прафсаюз і лідэраў прафсаюза.

У абвінавачванні адсутнічаюць парушаныя нормы падатковага заканадаўства, якія дзейнічалі на дзень здзяйснення злачынства. Спасылаецца на нормы. Згадвае арт. 22 Міжнароднага Пакта аб палітычных і грамадзянскіх правах, дзе гаворыцца пра свабоду асацыяцый.  Таксама абгрунтоўвае правамернасць атрымання замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Раней дзеючы дэкрэт 24, а цяпер дэкрэт 5 (нічога не змяніў) кажа, што прафсаюз падлягае ліквідацыі ў выпадку парушэння норм аб прафсаюзе. На думку абаронцы, ён не павінен прымяняцца.

Таксама адвакатка ставіць пытанне аб законнасці ўзбуджэння крымінальнай справы.

Многія звесткі нельга лічыць дапушчальнымі і пэўнымі доказамі. Па многіх фактах не ўстаноўлена крыніца доказаў.

Людміла Казак аналізуе доказы на прадмет іх законнасці (мерапрыемствы АВД). Звяртае ўвагу, што на многія пытанні ня быў атрыманы адказ, напрыклад, наконт электроннай скрыні.

"Калі яна была створана, чаму не ўстанавілі асобу, якая адпраўляла лісты, які яе ІР-адрас, каму ёна на самай справе належала?".

Кажа, што недапушчальна прад'яўляць пераклад, які быў ажыццёўлены з дапамогай гугл-перакладчыка ці ўвогуле невядома кім ён быў зроблены. Павінен быць прадстаўлены толькі афіцыйны пераклад, з папярэджаннем перакладчыка аб крымінальнай адказнасці.

Адвакатка аналізуе паказанні сведак. Факт аказання ціску сведка Герасіменка пацвердзіў. Хоць і была ўзбуджаная крымінальная справа па факце аказання дазнавальнікамі псіхалагічнага ціску, няма падстаў ім не давяраць, паколькі факты ўзгадняюцца з іншымі доказамі. Запрашэнне сведак на паліграф таксама з'яўляецца своеасаблівым ціскам.

Абаронца кажа, што для ацэнкі паказанняў сведкі Юхнавец, трэба паказваць, што яна была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці за занятак прастытуцыяй.

"У пратаколах праслухоўвання телефоннных размоў адлюстраваны не ўсе размовы.  Гэта не доказы, а каментары. Напрыклад, пакладзеныя ў аснову абвінавачвання тэлефонныя размовы пра надвор'е, пра сустрэчы", - адзначае Казак. - Дык якія бясспрэчныя факты ўстаноўлены матэрыяламі справы? Той факт, што ў прафсаюза маюцца сумесныя праекты з замежнымі прафсаюзамі, што адпавядае нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным дакументам. Таксама, што прафсаюз ажыццяўляў сваю статутную дзейнасць".

Просіць вынесці апраўдальны прысуд і вызваліць маёмасць ад арышту, а таксама прадставіць права на кампенсацыю ўрону.

Рэпліка пракуроркі:
"Бок абароны правільна адзначыў пра свабоду асацыяцыі, аднак працэдура атрымання рэсурсаў павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам".
Кажа, што адвакаты занадта шырока трактавалі нормы заканадаўства.

"Такім чынам, Высокі Суд, я думаю, што бокам абвінавачвання прадастаўлены доказы ў поўнай меры, якія пацвярджаюць абвінавачванне", - рэзюмуе абвінаваўца.

Адвакатка Наталля Мацкевіч адказвае:

"Паколькі мы навучаліся па праграме Міжнароднага права, можа недастаткова, каб апераваць нормамі міжнародных дакументаў. Калі Беларусь узяла на сябе абавязацельствы па іх выкананню, то трэба неяк ўнікаць. Я казала, што нароўні з нормамі нацыянальнага заканадаўства, трэба ўжываць і нормы міжнароднага права".

"Я мяркую, калі быць сур'ёзнымі юрыстамі, то перавышэнне даходаў над расходамі устанаўліваецца не вольнымі развагамі, а спецыяльнай праверкай падатковых органаў. А такой праверкі не было зроблена", - кажа абаронца.

Суддзя Фёдарава дала апошняе слова абвінавачаным. Адразу Фядынічу, але ён папрасіў адразу даць яго Комліку. Суддзя пагадзілася. Комлік зачытвае свой падрыхтаваны выступ. 

Ігар Комлік: "Калісьці ў дзяцінстве я марыў быць міліцыянтам, а цяпер я сцерагуся сваёй мары"

Комлік звяртае ўвагу, што дзяржаўныя чыноўнікі не раз парушалі міжнародныя нормы. Зноў пра камісію МАП.

"Можа вас стаміла ўсё тое, што я сказаў да гэтага, але гэта сведчыць аб тым, што дадзенай крымінальнай справы ўвогуле не павінна было быць", - кажа ён.

Гаворыць аб тым, што ніводны сведка на судзе не сказаў, што ,маўляў, "адкрыў канверт, а там ляжалі еўра. Можа там бумажкі ляжалі? Як тая Юхнавец сведчыла, што перавозіла па 500, але на фотаздымках 200 еўра, ды і то размытыя, на іх нават не бачна нумароў!"

"Ці той Дзмітрыеў, які пабаяўся прыйсці сюды. Мне ў СІЗА гаварылі: "не будзеш гаварыць, пойдзеш першым нумарам!" Так, я лічу гэта ціскам! Я адмовіўся, але гэта нават ніяк не аформілі. Ці баку абвінавачванню невядома, што павінна афармляцца адпаведным дакументам? Вось кошт паказанняў вашых сведкаў, таго ж самага ДФР! ...

"Калісьці ў дзяцінстве я марыў быць міліцыянтам, а цяпер я сцерагуся сваёй мары", - кажа Комлік. -Хоць адзін сведка, а вы апрасілі па справе 800 чалавек, сказаў, што Комлік нешта краў?"

Укараненне агента КДБ, адначасовыя ператрусы на дзвюх кватэрах, "справа Белага Легіёну" сведчаць аб тым, што гэтая справа палітычная.

Распавядае пра Дэкрэт аб дармаедах і дапамогу людзям, пра нягеглае кіраванне эканомікай.

Аналізуе падзеі 14 жніўня, калі Прэзідэнт вызваліў ад пасадаў міністраў:

"Лукашэнка казаў Жарко: "У вас карупцыянер на карупцыянеры сядзіць і карупцыянерам паганяе".

Генадзь Фядыніч: "Мае карысныя матывы яны шукаюць у Сухадолах! У Драздах шукайце!"

"Высокі Суд, можна быць гатовым да любога прысуду, але не да подласці. Людзі ўсё бачаць і людзі выйдуць!... Гэтая скрыня электронная... Ды ведаеце вы хто яе стварыў!!! І гэтая справа пойдзе далей...", - заяўляе Фядыніч. - Мае карысныя матывы яны шукаюць у Сухадолах! У Драздах шукайце!" Страшна, што гэта справа палітычная! Палітыкі яе адкрылі, палітыкі яе і закрыюць".

Зачытвае радкі верша: "А хочацца сапраўднай Беларусі, каб напаследак ёй у вочы паглядзець..."

Прысуд будзе абвешчаны 24 жніўня ў 12 гадзін.


Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі  Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

        Што вядома па “Справе прафсаюзаў”? 

  • Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.
  • За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.
  • Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.
  • 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў,  іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства