viasna on patreon

Суд па “справе прафсаюзаў”: дзень першы Фота Відэа Дапоўнена

2018 2018-07-30T08:21:30+0300 2018-07-31T07:33:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajuz-sud-1-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік у судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік у судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

У судзе Савецкага раёна Мінска 30 ліпеня пачынаецца разгляд крымінальнай справы старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка. Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Працэс будзе весці суддзя Марына Фёдарава.

Задоўга да пачатку судовага паседжання каля Дома правасуддзя збіраюцца актывісты, праваабаронцы, прадстаўнікі СМІ. Перыметр будынка ахоўваюць патрулі міліцыі, стаяць аўтамабілі ДАІ.

 Перад пачаткам суду  па “справе прафсаюзаў”: Ігар Комлік і Ілля Нузаў (FIDH)

Па стане на 11 гадзін каля суда больш за 40 чалавек.  Сярод прысутных – палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька, кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Ілля Нузаў, праваабаронцы, актывісты прафсаюзу РЭП з рэгіёнаў.

Ілля Нузаў, які прадстаўляе Міжнародную федэрацыю за правы чалавека, распавядае аб тым, чаму гэты судовы працэс пад увагаю міжнародных праваабаронцаў

Судовая зала разлічаная на 50 чалавек, а жадаючых патрапіць на працэс значна болей. Таму пакуль што ў калідоры вельмі цесна.

Створаныя павышаныя меры бяспекі: металашукальныя рамкі, дагляд рэчаў.

 У судзе па

 У судзе па

 Называюць прадстаўнікоў абвінавачвання – пракуроры Ірына Арлоўская і Вадзім Казей

Суддзя Фёдарава забараніла фота і відэаздымку, хаця бакі не былі супраць.

У судзе адбываецца ўстанаўленне асоб, тлумачацца правы і абавязкі абвінавачаных.  У зале вельмі задушна, больш за 60 чалавек. Генадзь Фядыніч заявіў хадайніцтва на прадстаеленне большага памяшкання, бо там пад дзьвярыма больш людзей, чым тут знаходзіцца. Пракурор супраць хадайніцтва і яно адхіленае. Зачытваецца абвінавачванне.

"Групай асоб па папярэдняй змове і з карыслівых памкненняў парушылі...., забяспечылі адкрыццё рахунку ў банку ў Вільні, здымалі наяўныя, не адлюстроўвалі гэтыя паступлення ў дакументах. Тым самым атрымалі даход на суму 18 000$ і на суму 140 000 еўра.." - зачытвае пракурор.

"Самастойна зняўшы наяўнасць, перамясціў іх у Беларусь і не адлюстраваў у дакументах прафсаюза суму ў памеры 952 795 684 рублі. Не сплаціў у  бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек

На суд не патрапіла больш за 50 чалавек. Яны складаюць калектыўную скаргу на імя старшыні суда.

Генадзь Фядыніч:  "Мне незразумела, як я знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, адкрыў рахунак у Літве, а потым яшчэ і перамясціў грошы. Абвінавачванне некарэктнае і незразумелае." Ён кажа, што не разумее фармулёўку абвінавачвання. Суддзя яму пераказала ўсе тое ж самае. А ён настойвае "якім чынам я забяспечыў адкрыццё рахунку?"

Ігар Комлік падзяляе меркаванне і кажа, што абвінавачванне сапраўды міфічнае.

Пракурор прапануе прыступіць да допыта сведак, суддзя абвяшчае перапынак да 14-30 гадзін. Людзі не разыходзяцца.

 У судзе па

Пасля перапынку ў судовую залу ўнеслі некалькі лаваў, каб было больш месца, абяцалі ўключыць мікрафоны, каб усе маглі чуваць выступы. У суд запрошаныя 7 сведкаў, адна з якіх - актывістка мпрафсаюзу РЭП з Бабруйску Галіна Смірнова. Зараз у залі суда - каля 70-ці чалавек.

Генадзь Фядыніч заяўляе новыя-старыя хадайніцтвы:  "Уключыць мікрафон. Даць большую залю, бо ўсё роўна ўсе не памясціліся. Дапрасіць Белякова Юрыя, бо ён у адпачынку з заўтрашняга дня". Суддзя абвяшчае перапынак на 15 хвілін.

Прокурор сказаў, што калі задаволіць хадайніцтва наконт большай залі, то гэта пацягне "затягивание судебного процесса". Усе засмяяліся.

Допыт першай сведкі. Гэта Валянціна Федзько, актывістка прафсаюза РЭП.

Яна займалася прафсаюзнай бухгалтэрыяй з 1992 па 2005 год. Пракурор пытае, якім чынам фарміруецца бюджэт РЭП? Сведка кажа, што толькі ўнёскі. Сказала, што больш ніякія сродкі не складалі бюджэт РЭП.

- А з якіх даходаў заробкі?

Кажа, што ўнёскі.

-За мяжой адкрываліся рахункі?

- Не.

- Выязжалі па дзейнасці РЭП за мяжу.

- Толькі ў 1997. А так, ў турыстычных мэтах.

- Як вы можаце ахарактарызаваць Комліка і Фядыніча?

- Што вы маеце на ўвазе? Добрыя, чалавечыя.

- Ці магчыма адкрыць рахунак без ведама кіраўніка?

- Не ведаю. У нас толькі рахунак Белінвеста быў.

Федзько паведаміла, што пасля зыхода з РЭП яшчэ дапамагла са складаннем справаздачаў, напрыклад у 2017 годзе. Сказала, што атрымлівала ўзнагароджанне за гэта ў памеры 100-200 рублёў.

- Вы як бухгалтар аналізавалі паходжанне тых грошай, якія вам выплачваліся за дапамогу?

Расказвае, што ўнёскі і наяўнымі і безнаяўнымі можна ўнесці. Не ведае, колькі бралі ў РЭП на свае патрэбы.

Федзько кажа, што Комліку было цяжка з бухгалтэрыяй, хоць яна і паказвала яму. У 2017 годзе 150 рублёў атрымала да Дня народзінаў.

Хадайніцтва ад пракурора запрасіць паказанні гэтай сведкі са следзтва. Абарона супраць. Але суддзя задаволіў.

Зачыталі пратакол допыту. Паказанні крыху разыходзяцца. Пракурор: " Вы паведамлялі недакладныя звесткі праваахоўным органам?" Федзько кажа, што гэта прыкладна. І казала, што гэта прыкладна. Пракурор давіць на яе, нагадвае пра яе статус сведкі.

Федзько сышла пад стогны залі, суддзя зрабіла папярэджанне залі.

Наступны сведка - Юля Юхнавец. Яна кажа, што прыязджала раз у месяц у Вільнюс і правозіла грошы. З 2013 па 2015 годзе працавала сакратаркай прафсаюза РЭП. На пытанні абвінавачвання тлумачыць, што з Комлікам у добрых адносінах. Канфліктаў не ўзнікала. Апытвае пракурор.

- На перыяд працы ў РЭП калі выязджалі? 

- Шмат разоў, каля 10. Вярталася ў Беларусь з грашовымі сродкамі.

Абарона: "Абвінавачванне прад'яўлена з 2011 па 2013. Юхнавец не працавала ў гэтыя перыяды". Суддзя не пагадзілася з абаронай і дазволіла пракурорам працягваць допыт.

- Грошы перадавалі Федыніч і Комлік. Не казалі для чаго, бывала, што казалі, што для дзейнасці прафсаюзу. Бывала 5 тысячаў даляраў.

Кажа, што грамадзяне Герасіменка і Есіповіч таксама перавозілі нейкія грашовыя суммы. Як правіла, ездзілі паасобку.

Кажа, што Фядыніч у Вільнюсе перадаў ёй 5000 даляраў. Ніхто ёй не растлумачыў для чаго гэта, толькі паведамілі: "па вяртанні аддасі". 

Казалі ёй, каб казала, што грошы былі на пакупку аўто, якога так і не выбрала. Зразумела, што ездзіла толькі для перавозкі грошай праз некалькі паездак.

На пытанні абароны, кажа, што не можа нічога сказаць пра перыяды 2011-2013 г. Кажа, што працавала з 2014 па 2016 год. Але дакладна не можа ўспомніць, калі ездзіла з Фядынічам, а калі ў сваіх мэтах. Не можа адказаць абароне, чаму толькі тыя даты ўзгадала, паколькі даты ў пратаколах і тыя, што называе ў зале суда не супадае.

Апісала першую паездку дэталёва, але астатнія, іншыя не можа апісаць. Кажа, у мяне ўсё ў пашпарце.

Сведка заяўляе, што яна агент КДБ з першага дня прыходу на працу ў РЭП. Фатаграфавала грошы і дакументы. У зале крык “Ганьба!”.

Абарона спытала, ці атрымлівала яна ўзнагароджанне ад КДБ. Абвінавачванне просіць зняць пытанне. Суддзя просіць адказаць. "Так, атрымлівала" - кажа Юхнавец.

Фядыніч перапытвае: “На допыце ўказала дакладны адрас банка, а зараз не памятае.  Казала, што ўсе купюры былі па пяцьсот еўра, а фоткала купюры па 200. Дык як ты фоткала, калі ўсё размазана на фотках, нават нельга нумар купюры прачытаць?? За што Вам тады КДБ плаціла?"

Дапытваюць прыбіральшчыцу РЭП Надзею Есіповіч.  Абвінавачванне пытаецца ў яе, ці выязджала яна па дзейнасці прафсаюза з РБ. Кажа, што так,  на семінары ў Літву. З кім не памятае. Што за семінары таксама не можа ўспомніць. Яна сталага ўзросту. 

- Хто адкрываў візу і аплачваў праезд? Адказаць не можа.

Яна ахарактарызавала Федыніча і Комліка як людзей, якія дамагаюцца справядлівасці. Зала падтрымала апладысментамі. Сведка кажа, што абвінавааныя дапамагаюць дапамагаюць бяздольным, якія страцілі ўсялякую надзею.  

Пракурор просіць Есіповіч пералічыць штампы ў пашпарце. Затым заяўляе: "Высокі суд! Я звяртаю вашу ўвагу, што з залы некалькі разоў выкрыквалі: " адказвай-не памятаю!" Прашу гэта расцэньваць... 

Есіповіч кажа, што падчас следства на яе аказвалі ціск, пагражалі, што выклічуць канвой. Але прокурорка кажа, што калі не абскарджвала і падпісала, тады ўсё ок.

-  Як гэта Вы пенсіянерка выязджалі так часта ў Вільнюс? Колькі ў Вас пенсія? Хто ініцыятар семінараў? Хто арганізар?

Адказвае, што сама купляла сабе білет. Абвінавачванне пытаецца, колькі ў яе пенсія і колькі каштуе білет, маўляў не сыходзіцца з такой пенсіяй і столькі разоў ездзіла. Кажа, што не будзе сведчыць супраць сябе.

Сведку палохаюць крымінальнай адказнасцю.

Следства ўстанавіла, што яна з 2012 па 2016 год яна перасякала мяжу 15 разоў. Абарона пярэчыць, што яшчэ не абвяшчаліся матэрыялы справы, таму трэба перафармуляваць пытанне. Суддзя лаецца з абвінаваўцам.

Пракурора заявіла хадайніцтва, каб зачыталі пратакол допыту, паколькі "имеются существенные противоречия". Суддзя зачытвае пратакол. У пратаколе допыта маецца тое, што Комлік перадаваў ёй канверт з грашыма.

Кажа, што часткова не падтрымлівае гэтыя паказання. Бо давала ім гэтыя паказанні пад ціскам. Следчы аказваў ціск: "пагражаў арыштам".

Кажа, што ёй стала дрэнна. Падпісвала, бо думала, што так трэба па закону. Цяпер настойвае, што яна грошы ніякія не перавозіла. 

Фядыніч задае пытанне пра ціск на допыце і кампенсацыю за праезд. Але яна ўжо наогул адмаўляецца казаць, але пра грошы яшчэ раз пацвердзіла, што не вазіла.

Пракурорка дабівае яе пытаннямі пра візу і семінар. А яна ўсё: "не ведаю".

Пракурорка паскардзілася суддзе на залу: "Зрабіце заўвагу залу! Гэта не харавая дача паказанняў!" Але суддзя нічога не сказала.

Людзі апладзіруюць сведцы на словы: "Хлеб там смачны і сыр танны!"

Дапытваюць наступную сведку. Гэта Снежана Грынцэвіч. Сама яна  з Салігорска. Займаецца самастойна прафсаюзнымі справамі, у РЭПе не працуе.

"Я нічога патлумачыць па крымінальнай справе не магу, бо пазнаёмілася з РЭП толькі ў 2015 годзе" – заяўляе яна. Распавяла, што разам праводзілі круглыя сталы ў Чарнігаве, у Салігорску, Мінску, Жэневе. Увесь час паўтарае, што пытанні пракурора не маюць адносінаў да справы. У РЭПе яна не працавала і адносінаў у яе з абвінавачанымі ніякіх не было. Яна ездзіла з імі ў Данію. Сказала, што ўжо адмовілася ад раней дадзеных паказанняў у Дэпартаменце фінансавых расследаванняў.

Нічога ні пра грошы, ні пра рахункі не ведае.

"Я прашу Высокі суд папрасіць улічыць тое, што я раней адмовілася ад паказанняў. І пытанні дзяржаўнага абвінавачвання могуць быць выкарыстаны супраць мяне", - кажа яна.

Абвінавачванне прасіла зачытаць паказанні па аналогіі з папярэднім сведкам, але суд не палічыў патрэбным. Зноў заяўляе пра ціск з боку следства. Здаецца, што яе дапытвалі ў якасці падазронай. Пагражалі арыштам і канвоем. Яна была ў шокавым стану. Не памятае, як яе дапытвалі. Дома ў яе былі ператрусы.

Кажа, што пры першым допыце следчы казаў чакаць канвой. Турмой пагражалі. Адзін дазнаваўца прасіў пакінуць іх адзін на адзін, і яна б хутка усе расказала. Дыктавалі ў ДФР, што ёй пісаць. Такім чынам, трэці сведка нічога не пацвярджае. Агент КДБ і яшчэ двое сведак пад ціскам.

Запытваюцца ў яе пра сакратарку - агента. Кажа, што бачыла яе на семінары ўсяго толькі аднойчы.

Суддзя ўсё роўна будзе зачытваць пратакол допыту, што быў на следстве, хоць яна і адмовілася ад тых паказанняў.  Суддзя зачытвае пра перадачу грошай у сумцы, грошы перавозіла… перадаваў Фядыніч..

Зноў пракурорша заяўляе: "Вы абскарджвалі дзеянні следчых?"

- Не, не абскарджвала.

- Значыць, дабраахвотна сведчылі.

Пракурорка часта перабівае сведку і не даслухоўвае адказаў. Адвакат просіць суд зрабіць заўвагу з-за такіх манер абвінавачвання. Абвінавачванне дапытвае сведку па сведчаннях, ад якіх яна адмовілася. Сведка адказвае, што ёй усё дыктаваў следчы і яна ад усяго адмаўляецца. Абвінавачванне пагражае адказнасцю за дачу ілжывых паказанняў.

Адвакат:  "Якім чынам фарміраваўся пратакол допыту ў СК?

"Ён пытаўся, я адказвала, потым друкаваў. На многіх фактах настойваў. Я баялася пярэчыць пасля УДФР. Следчы настаяў, што лепш запісаць інфармацыю пра перадачу грошай, бо гэта мне можа нашкодзіць."

Наступны сведка - Юрый Белякоў, прававы інспектар РЭП.

Пракурор задае адразу ўсім адное і тое ж пытанне: "Что Вам известно по делу?"

"Вядома, што справа крымінальная ўзбуджаная".

Сведка адмаўляецца адказваць на пытанне пра тое, чым ён займаўся на працы. Суд яму нагадвае пра адказнасць. Але ён усё роўна кажа, што не будзе адказваць, бо гэта не адносіцца да справы, а тычыцца ягонай працы.

Кажа тольки, што не перадаваў грошы, не ведае пра рахункі, не ведае пра сумесныя праекты з прафсаюзамі з іншых дзяржаваў.

Генадзь Фядынич Федыніч спытаў у Белякова: "А вы ведалі, што Юхнавец была агентам КДБ?"

"Не, не ведаў".

Абвінавачванне зноў просіць чытаць паказанні сведкі пад час следства. Абарона супраць і абвінавачаныя таксама, але ... суд задаволіў. Хоць сведка працуе ў РЭПе толькі з 2015 г.  Белякоў адмаўляецца ад паказанняў, дадзеных падчас следства.

Суддзя зачытвае смс-паведамленні і перапіску па вайбер, зачытваюць са справы перапіску Юхнавец і Белякова. Там ёсць пра тое, што ён прапаноўваў ёй сустрэцца.  Пытаюць у Юхнавец, ці ціснулі на яе? Навошта яна зрабіла скрыншоты з вайбера? "Гэта просьба КДБ" - адказвае яна.

Такім чынам, у матэрыялах справы скрыны вайбера, зробленыя Юхнавец.

Суддзя абвяшчае перапынак да 10 гадзін 31 ліпеня.

***

Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі  Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па  2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

Што вядома па “Справе прафсаюзаў”? 

● Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.

● За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.

● Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.

● 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый,  Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.


Працэс будзе праходзіць у памяшканні суда Ленінскага раёна, у Доме правасуддзя (вул. Сямашкі, 33). Пачатак першага паседжання - у 11.30. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства