viasna on patreon

Суд па “справе прафсаюзаў”: непераканаўчая доказная база і палова тома ананімак Фота Дапоўнена

2018 2018-08-03T09:21:00+0300 2018-08-03T20:54:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fedunich-komlik-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяржаўны абвінаваўца па “справе прафсаюзаў” пракурор Вадзім Казей. Фота: ПЦ “Вясна”.

Дзяржаўны абвінаваўца па “справе прафсаюзаў” пракурор Вадзім Казей. Фота: ПЦ “Вясна”.

Праваабаронцы працягваюць маніторынг судовага працэсу старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка, якіх абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальнага злачынства. Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Справа слухаецца ў судзе Савецкага раёна Мінска. Суддзя – Марына Фёдарава.

За папярэднія дні працэсу суд паспеў заслухаць сутнасць абвінавачвання, дапытаць сведак і прыступіў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. З 11 тамоў пакуль разабраліся толькі з двумя.

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.  

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.  

Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў.

Суд па “справе прафсаюзаў”: што не сказаў супрацоўнік ДФР? 

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік у судзе. Фота: ПЦ

3 жніўня. Пачатак у 10-00.

Суд працягвае вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы - усё той жа 2 том. Знаёмяцца з аглядам жосткіх дыскаў і тэкставых файлаў з кампутараў, канфіскаваных 2 кастрычніка на офісе РЭП. Называюцца фінансавыя дакументы, плацёжкі, копіі чэкаў, афіцыйная перапіска. Ёсць некалькі дакументаў аб атрыманні сродкаў старшынём Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком ад прафсаюза са Швецыі. 

Называюць змесціва флэшак з табліцамі і бюджэтамі на 2018-2019 гады у памеры 240 тысяч еўра. У тэксце - згадкі пра РЭП, што на думку следства кажа аб датычнасці РЭП да гэтых сродкаў.

Следства такім чынам прыходзіць да высновы, што прафсаюз РЭП меў дачыненне да праектнай дзейнасці па фінансаванні замежнымі арганізацыямі.

Агучваюць заяўку на праект па маніторынгу грамадскага меркавання з бюджэтам на 40 тысяч еўра за подпісам Фядыніча за 2011 год.

Кажуць, што пад час ператрусу у Ігара Комліка нічога датычнага справы не знайшлі.

Зачытваецца пратакол ператруса ў  Наталлі Пічужкінай.

Суд перайшоў да вывучэння матэрыялаў 3 тома справы. Пракурор агучвае тэкст агульнай праграмы дацкага МЗС па падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі на 3 мільёны дацкіх крон. Абарона просіць суд, каб агалошвалі толькі тыя матэрыялы, якія маюць значэнне па справе, паколькі, маўляў, ствараецца непраўдзівае ўражанне аб аб'ёмах прад'яўленага абвінавачвання.

Агучваецца справаздача кіраўніка моладзі прафсаюза РЭП Андрэя Стрыжака цэнтральнаму офісу. Звычайная дзейнасць, планы і намеры без аніякай канкрэтыкі. Зачытваюць адказ замежнага фонда аб адмове ў задавальненні заяўкі РЭП, перапіска аб дапамозе прафсаюзу ў правядзенні з'езду РЭП па прычыне цяжкага эканамічнага становішча.

Заўважна, што агучаныя дакументы - гэта ўсяго толькі праекты і намеры, якія не маюць дачынення да канкрэтнага фінансавання.

Толькі некаторыя файлы з электронных носьбітаў былі зашыфраваныя ў PGP-праграме.

Ігар Комлік раіцца з абаронцам. Фота ПЦ

Пасля абедзеннага перапынку суд вывучае 6-ты том справы.

Генадзь Фядыніч заявіў хадайніцтва:

"Высокі Суд, Вы маглі б потым агучыць планы суда па справе на наступнае паседжанне?"

Суддзя: "Я не буду іх агучваць!"

Агучваюць лісты  з электроннай  скрыні юрыста Жаны Запрыварынай на ангельскай мове і іх пераклад ад 3F. Гэта сведчыць аб супрацоўніцтве прафсаюза РЭП з дацкім прафсаюзам, а таксама аб удзеле іншых асобаў (супрацоўнікаў РЭП) у праектах 3F. Перапіска закранае 2013-2016 гады.

Пракурор прыступае да вывучэння 7-га тома крымінальнай справы.  Ён пералічвае дакументы: пратаколы выемкі і дагляду дакументаў і пашпартоў (пратакол выемкі і дагляду пашпарту Федыніч Аллы ад 8 студзеня 2018 г.), не зачытваючы змест, проста гартае старонкі чарговага тома. 

Адзінае, Фядыніч перапытаў пракурора, ці не было ў сёмым томе звароту літоўскага боку за дапамогай. Пракурор сказаў, што не.

У томе – ананімны ліст нібыта ад супрацоўніка РЭП у прафсаюз IndustriАLL:

"Вы занадта праінвеставалі гэты праект. Фядыніч спрабуе захаваць суму фінансавання. Спадар Фядыніч валодае 3 машынамі і пабудаваў дом. Працаўнікоў звальняюць за тое, што яны просяць павысіць заробак. Так звольнілі цудоўную юрыстку Запрыварыну. За вашыя гранты ён жыве. Фядыніч выкарыстоўвае ілжывыя справаздачы і не праводзіць семінары, на якія бярэ грошы. Прадстаўнікоў 3F у сакавіку 2016 г., якія прыязджалі праверыць прафсаюз, звёў у зман. Існуе крымінальная адказнасць за такое (адкрыццё рахункаў і г.д.) Калі вы не прадпрымеце меры, то я паведамлю вашаму дацкаму ўраду, а таксама праваахоўным органам РБ".

У гэтым сумніўным лісце таксама вядзецца гаворка пра салідарнасць з працаўнікамі РЭП, дыктатуру Беларусі і карыснасць Фядыніча.

Фядыніч хадайнічае, каб агучвалі ўсе ананімныя лісты.

Падобных лістоў з некаторымі дапаўненнямі тры. Вось такая цытата:

"Я ўзяў для сябе рэалізацыю праекта 2015 г., каб паказаць карупцыйнасць Фядыніча. Шмат семінараў не праводзілася. Справаздачы не адпавядаюць рэчаіснасці. Звярніце ўвагу, што Фядыніч не прымаў удзел у Чарнобыльскім шляху і Дні Волі 2016 г. Гэтыя мерапрыемствы фінансіраваліся спадаром Статкевічам."

Яшчэ адно ананімнае:

"Ужо пацярпелі Дабратвор, Запрыварына, Пахабаў. Фядыніч звальняе людзей, каб адвесці ад сябе падазрэнні. Ён не паказвае праекты. Людзям не плаціць за працу ў праектах. Гэта сведчыць аб раскраданнях"

Ужо хвілін 15 пракурор зачытвае такія ананімныя лісты. Гэтыя тэксты на ангельскай мове і перакладзеныя з дапамогай гуглперакладчыка.

Ліст на ангельскай мове ад 25 лістапада 2016 г.:

"Я пішу вам з Беларусі. Для рэалізацыі праектаў ад дацкага прафсаюза ў прафсаюз РЭП пералічана 2 млн еўра. Яны пералічваюцца ў літоўскі банк СЕВ. Фядыніч потым абналічвае гэты літоўскі рахунак. Сябры РЭП рызыкуюць сваёй свабодай, бо яны фінансуюцца Дацкім каралеўствам. Што тычыцца дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, то Федыніч хавае ад сяброў РЭП усю рэальную сітуацыю. А прэзідэнт прафсаюза 3F дапамагае Фядынічу захаваць доказы раскрадання. Цяпер Фядыніч нікога і нічога не баіцца і крадзе грошы з праектаў! Наспявае новы раскол нашай прафсаюзнай сям'і"

Далей пра рэйдарскі захват арганізацыі Фядынічам, пра сепаратызм у прафсаюзе, пра кулуары размоваў Фядыніча з прадстаўнікамі фондаў.

Абаронца заяўляе хадайніцтва  аб аглашэнні некаторых дакументаў справы. Размова пра  даручэнне Следчага камітэта да УДФР:  "Просім звязацца з ініцыятарам лістоў" . Следствам асоба ананіма не ўстаноўленая.

Дзяржаўны мытны камітэт прадставіў следству дадзеныя аб перасячэнні Фядынічам беларуска-літоўскай мяжы. Гучыць, што за 2011 год каля 15 разоў.

“За 2011 год перасякалі мяжу наступныя: “Мерседес бенц” Федыніч Алла -5 разоў, “Таёта” Комліка - за 2011 год перасекла літоўскую мяжу 17 разоў".

Незразумела, што гэта за скрыня ананімак. Абаронцы хадайнічаюць аб агалошванні некаторых лістоў справы, якія тычацца прававой дапамогі следству Літоўскай Рэспублікі.

Пракуратура літоўская адмовіла: "Не можа быть выканана по арт. 19 Дамовы аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх сямейных, крымінальных справах паміж Літоўскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь"

Артыкул 19. Адмова ў аказаннi прававой дапамогi

Прававая дапамога не аказваецца, калі яе аказанне можа
нанесці шкоду суверэнітэту або бяспецы, правам і законным
інтарэсам грамадзян або супярэчыць асноўным прынцыпам дзеючага
заканадаўства выклiкаемага Дагаворнага Боку.

 У судзе над Фядынічам і Комлікам 3 жніўня 2018 года.

Следствам таксама ўстаноўлена, што Фядыніч сумесна з Мікалаем Аўтуховічам выязджалі ў Літоўскую Рэспубліку праз Расійскую Федэрацыю (Пост Бурачкі Пскоўскай вобласці) 6 і 8 сакавіка 2018 года. 

СК адправіў даручэнне дапытаць расейскіх мытнікаў: як сябе паводзілі, што пры сабе везлі і г.д. Расейская Федэрацыя пагадзілася аказаць прававую дапамогу. У гэты час Фядыніч быў пад падпіскай аб нявыездзе.

Ажыццявілі вынятку відэазапісаў з памежнага пераходу, пыталіся пра канфіскаваныя прадметы.

З пратаколаў выемкі на пасту Бурачкі вынікае, што нічога незаконнага яны не перавозілі. У Аўтуховіча канфіскавалі тады 5 долараў, 50 долараў і польскія манеты. У Фядыніча 10, 20 еўра, 5 долараў, 100, 500 расійскіх рублёў, 3 купюры па 5 беларускіх рублёў, розныя манеты.

Генадзь Фядыніч хадайнічае:

"Высокі Суд, я хачу каб пракурор зачытаў 79 ліст справы, дзе сказана, якія расійскія структуры праводзілі дагляд на мяжы. Калi вы ўжо зачыталі пытанні, то агучце адказы!"

Суддзя: "Зачытайце!"

Пракурор:

"Допыт начальніка паста Бурачкі ў парадку даручэння:" Пры даглядзе нам даручана было правесці дагляд машыны, у якой знаходзіліся Жоль, Аўтуховіч, Фядыніч на наяўнасць незаконных сродкаў. Дагляд праводзілі супрацоўнікі ФСБ, наркакантроль і іншыя структуры. Не было ўстаноўлена ніякіх забароненых сродкаў. Усе добраахвотна выдалі грашовыя сродкі. Найменшая колькасць была ўстаноўлена ў Фядыніча і Аўтуховіча. Быў канфіскаваны ноўтбук. Усё адпраўлена на экспертызу. Хоць Аўтуховіч і схаваў адну з картак у рукаве, у нас усё роўна не было падстаў для канфіскацыі банкаўскіх картак. Усе асобы падчас надгляду паводзілі сябе спакойна і не ўступалі ў канфлікт".

Далей пракурор назваў наступны матэрыял дзевятага тома. Гэта Статут прафсаюза РЭП. Цытуе яго частка аб фінансаванні прафсаюза. Чытае пратакол аб арышце 8 даляраў у Фядыніча, якія былі канфіскаваныя на пасту Бурачкі.

Пракурор Вадзім Казей прыступіў да вывучэння дзесятага тома крымінальнай справы. Азнаямленне з пратаколам агляду дома ў Дзяржынскаму раёне, аб накладанні арышту на маёмасць - капітальнай пабудовы і зямельнага ўчастка Барысевіч Ніны Мікалаеўны (Цешча Фядыніча).

Зачытваюць заяву Прэзідыума прафсаюза РЭП за подпісам Генадзя Фядыніча:

"Ужо 6 месяцаў вядзецца следства па сфабрыкаваннай крымінальнай справе. Накладзены арышт і ціск на сябраў прафсаюза з'яўляецца абмежаваннем дзейнасці прафсаюза. Мы расцэньваем узбуджаую крымінальную справу як спробу дыскрэдытаваць прафсаюз. Мы заяўляем пратэст..."

"У Фядыніча Вадзіма і яго жонкі на ўліку ў ДАІ аўтамабілі Субару і Таёта", - чытае пракурор.

Фядыніч быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулах КаАП: 18:13, 18:23, 18:34, 18.4, 23:34. Пракурор: "Да крымінальнай адказнасці да гэтага часу не прыцягваўся".

Пракурор зачытвае выпіскі з кадастравага агенцтва: маецца толькі кватэра і адно машына-месца.

Фядыніч заявіў хадайніцтва: "Высокі Суд, калі абвінаваўца кажа пра нейкія рэшткі на рахунках, то няхай называе, што там канкрэтна засталося! Можа мы там мільёны хаваем, а ніхто і не ведае!"

Пракурор: "У Бабёнак Таццяны засталося на рахунку 1 340 беларускіх рублёў. А ў Фядыніча не было грашовых сродкаў на рахунку..."

Таксама правяраліся банкі на наяўнасць грашовых рахункаў дзяцей Фядыніча. У аднаго сына Фядыніча знайшлі на працоўнай банкаўскай картачцы 50 тысяч даляраў. Ён працуе IT-спецыялістам.

Суддзя абвясціла перапынак да 10 гадзін 6 жніўня.


Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі  Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

        Што вядома па “Справе прафсаюзаў”? 

  • Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.
  • За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.
  • Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.
  • 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый,  Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў,  іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства