Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2020
Высновы:
- на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны, Іван Комар і Мікіта Емяльянаў;
- 16 красавіка праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні палітычным зняволеным Піліпа Шаўрова, актывіста моладзевай апазіцыйнай арганізацыі «Малады Фронт», які знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 г. Мінска. Праваабаронцы запатрабавалі яго вызвалення з-пад варты і спынення крымінальнага пераследу. На іх думку, у дзеяннях П. Шаўрова няма складу злачынства "хуліганства", і яго дзеянні з'яўляюцца формай выказвання меркаванняў, якія падпадаюць пад абарону арт. 19 МПГПП;
- 4 красавіка з-пад варты быў вызвалены журналіст і рэдактар інтэрнэт-рэсурсу «Ежедневник» Сяргей Сацук, які быў раней затрыманы органамі ДФР КДК Рэспублікі Беларусь па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару). Раней беларускія, а таксама міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі, запатрабавалі неадкладнага вызвалення С. Сацука, звязваючы яго затрыманне з журналісцкай дзейнасцю;
- на працягу месяца былі зафіксаваныя выпадкі адміністрацыйных арыштаў грамадзян у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, а таксама іншых формаў ціску на праваабаронцаў і блогераў у сувязі з ажыццяўленнем iмi публічнай грамадскай дзейнасці;
- 3 красавіка Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 196 аб унясенні змяненняў у пастанову № 49 ад 2019/01/24 г., згодна з якой арганізатараў масавых мерапрыемстваў абавязалі заключаць дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і службамі ЖКГ да падачы заявы (паведамлення) аб правядзенні планаванага масавага мерапрыемства. Раней такія дамовы заключаліся пасля атрымання дазволу на правядзенне мерапрыемства ад выканкама або пацверджання адсутнасці забароны на яго правядзенне. Праваабарончыя арганізацыі лічаць ускладанне абавязкаў па аплаце расходаў па правядзенні мірных сходаў на іх арганізатараў істотным абмежаваннем свабоды сходаў з боку дзяржавы;
- асаблівую занепакоенасць праваабарончай супольнасці выклікае палітыка кіраўніцтва краіны па прадухіленні наступстваў пандэміі каранавіруса. Насуперак рэкамендацыям СААЗ, улады Беларусі працягваюць практыку правядзення рознага кшталту масавых мерапрыемстваў, у тым ліку агульнанацыянальнага суботніка і падрыхтоўкі ваеннага парада ў г. Мінску, а таксама не ўводзяць каранцін у навучальных установах і г.д.;
- у цэлым сітуацыя з правамі чалавека цягам месяца заставалася нездавальняючай. Былі зафіксаваныя некаторыя негатыўныя тэндэнцыі, якія сведчаць аб магчымым пагаршэнні агульнай сітуацыі напярэдадні прэзідэнцкай электаральнай кампаніі.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
3 красавіка праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай з нагоды затрымання 29 сакавіка журналіста і рэдактара інтэрнэт-рэсурсу «Ежедневник» Сяргея Сацука з патрабаваннем яго неадкладнага вызвалення з-пад варты.
Падставай для крымінальнага пераследу стала падазрэнне ў атрыманні Сяргеем Сацуком больш за год таму грошай за падрыхтоўку і размяшчэнне на інтэрнэт-рэсурсе «Ежедневник» артыкула на тэму карупцыі. Гэтыя грашовыя сродкі разглядаюцца следствам як «хабар» па сэнсе ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару), за што прадугледжана пакаранне на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі).
Сяргей Сацук вядомы як журналіст і рэдактар, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. Адно з яго гучных расследаванняў вылілася ў серыю публікацый у онлайн-выданні «Ежедневник» аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Пазней у дачыненні да шэрагу высокапастаўленых службовых асобаў Міністэрства аховы здароўя былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды за карупцыйную дзейнасць. Да арышту Сяргей Сацук атрымліваў пагрозы з-за сваёй журналісцкай дзейнасці, звязанай з гэтым расследаваннем.
Вызвалення С. Сацука таксама запатрабавалі міжнародная арганізацыя «Журналісты без межаў» і дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю.
4 красавіка Генеральны пракурор Беларусі адмяніў рашэнне аб узяцці пад варту рэдактара выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука. У журналіста ўзялі абавязальніцтва аб яўцы і вызвалілі. Абвінавачванні С. Сацуку так і не былі прад'яўленыя, журналіст застаецца ў статусе падазраванага. Таксама, у парушэнне патрабаванняў КПК, у яго ўзятая падпіска аб неразгалошванні матэрыялаў справы.
16 красавіка праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні палітвязнем Піліпа Шаўрова, які знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 г. Мінска, з патрабаваннем яго вызвалення з-пад варты і спынення крымінальнага пераследу па ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства).
Нагадаем, Піліп Шаўроў прыцягнуты ў якасці абвінавачанага па крымінальнай справе: яму прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 339, ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь. Справа накіраваная ў суд.
Аб'ектыўна дзеянні П. Шаўрова складаліся ў наступным: 16-17 студзеня 2020 г. (паводле абвінавачання), ён нанёс фарбай невялікую адносна памеру помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітную частку помніка загінулым супрацоўнікам МУС, а таксама размаляваў у чырвоны колер рукі помніка А. Пушкіну; 17-19 студзеня нанёс надпіс "1937" на плот помпавай станцыі на ўскраіне Мінска.
У заяве праваабаронцы адзначылі, што змест малюнкаў і надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, якія адбываліся ў краіне ў канцы 2019 г. (серыя публічных акцый пратэсту супраць так званай "паглыбленай інтэграцыі" Расіі і Беларусі), сведчаць пра тое, што матывам Піліпа Шаўрова пры іх нанясенні было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска-значныя тэмы.
Абвінавачваны не зрабіў замаху на сакральныя або гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчыў іх, не нанёс незваротных пашкоджанняў, не выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку ў надпісах альбо мову варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці або сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. Дзеянні Піліпа Шаўрова насілі выключна мірны характар і адпаведна трапляюць пад абарону арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Прымяненне да П. Шаўрова меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай з'яўляецца беспадстаўным і празмерным і расцэньваецца як сродак аказання ціску на абвінавачанага з-за помсты за рэалізацыю ім агульнапрызнаных грамадзянскіх правоў і ў сувязі з прыналежнасцю Шаўрова да апазіцыйнай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" , сябры якой рэгулярна церпяць пераслед уладаў Беларусі. Менавіта ў сувязі з гэтым ён і быў беспадстаўна абвінавачаны па ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК, паколькі такое абвінавачванне дазваляла следчым узяць яго пад варту.
Тэрмін прыняцця рашэння аб прызначэнні судовага разгляду па крымінальнай справе актывіста "Маладога фронту" Піліпа Шаўрова падоўжаны на месяц — да 3 траўня. Такое рашэнне 3 красавіка прыняў старшыня суда Цэнтральнага раёна Мінска Аляксандр Петраш. У задавальненні хадайніцтва аб змене меры стрымання было адмоўлена.
Пераслед праваабаронцаў
17 красавіка пастановай суда г. Баранавічы і Баранавіцкага р-на праваабаронца ПЦ "Вясна" і юрыст прафсаюза РЭП з г. Баранавічы Аляксандр Вайцешык быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.1 КаАП (хуліганства) і падвергнуты спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 10 б.в. (270 рублёў).
Нагадаем, што А. Вайцешыка затрымалі ў Нясвіжы 22 лютага, калі ён спрабаваў прайсці на сход агракамбіната "Сноў" у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната Вячаслава Сырыцы. Праваабаронца планаваў прадстаўляць інтарэсы Сырыцы, бо на сходзе вырашалі пытанне аб яго выключэнні з агракамбіната і пазбаўлення звання ганаровага работніка. Аднак дружыннікі і міліцыя, якія стаялі на ўваходзе ў залу, не захацелі прапусціць Вайцешыка ўнутр. Канфлікт скончыўся затрыманнем праваабаронцы, а пасля гэтага яму стала дрэнна і ён апынуўся на некалькі дзён у бальніцы.
Пасля выпіскі праваабаронцы з лякарні нясвіжскія міліцыянты склалі на яго пратакол за "дробнае хуліганства" (артыкул 17.1 КаАП) — за тое, што ён нібыта штурхаў дружынніка і перашкаджаў грамадзянам праходзіць у залу на сход. У выніку, месяц яго справа перадавалася з аднаго суда ў іншы, а ў канцы сакавіка яна была вернутая ў РАУС Нясвіжскага раёна на дапрацоўку.
Варта адзначыць, што яшчэ да прызначэння даты пасяджэння А. Вайцешык накіраваў заяву ў пракуратуру Нясвіжскага раёна, у якой апісаў усе парушэнні, дапушчаныя супрацоўнікамі Нясвіжскага РАУС падчас падрыхтоўкі яго справы. Пракурор Аляксандр Алісевіч пагадзіўся з яго довадамі. Пракуратура правяла праверку і па яе выніках вынесла прадстаўленне начальніку Нясвіжскага РАУС, у якім таксама ёсць пытанне аб прыцягненні вінаватых міліцыянтаў да адказнасці.
Увечары 23 красавіка да праваабаронцы ПЦ "Вясна" і эка-актывісткі ў г. Светлагорску Алены Маслюковай прыйшла дадому міліцыя з аглядам у рамках правядзення праверкі па заяве жыхаркі г. Светлагорска Зобавай аб абразе, якая цягне крымінальную адказнасць па артыкуле 189 Крымінальнага кодэкса. Аленаа Маслюкова адмовілася ад дачы паказанняў на падставе артыкула 27 Канстытуцыі. Па выніках праведзенага агляду ў Маслюковай былі канфіскаваныя тэлефон і ноўтбук, у сувязі з чым яна звярнулася ў пракуратуру Светлагорскага раёна са скаргай.
Свабода мірных сходаў і выказвання меркаванняў
Улады Беларусі не аслабляюць ціску на грамадзянскую супольнасць, абмяжоўваючы правы і асноўныя свабоды. Так, пастановай Савета Міністраў Беларусі № 196 ад 3 красавіка 2020 г. арганізатараў масавых мерапрыемстваў абавязалі заключаць дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і службамі ЖКГ да атрымання дазволу на іх правядзенне ад выканкамаў. Раней такія дагаворы заключаліся пасля атрымання дазволу на правядзенне мерапрыемства ад выканкама або пацверджання адсутнасці забароны.
Працягваюцца рэпрэсіі за ажыццяўленне сваіх правоў.
Студэнтку 4-га курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Лізавету Пракопчык адлічылі за ненаведванне заняткаў (яна прытрымлівалася двухтыднёвага каранціну ў сувязі з пандэміяй каранавіруса). Лізавета Пракопчык з'яўляецца сяброўкай Рады ЗБС (Задзіночання беларускіх студэнтаў). Яна была сярод удзельнікаў студэнцкага страйку ля сцен універсітэта: з 20 па 23 сакавіка студэнты раздавалі медыцынскія маскі з надпісамі «Ха-ха, я тут памру!», выказваючы такім чынам сваё стаўленне да тактыкі каранціну. Адміністрацыя ўнівэрсытэта не лічыць гэта адлічэнне палітычна матываваным, аднак сама студэнтка з гэтым не згодная.
У судзе Ленінскага раёна Брэста 20 і 22 красавіка разгледжаныя адміністрацыйныя справы трох актывістаў, якія выступаюць супраць экалагічна небяспечнага акумулятарнага завода і прымалі ўдзел у акцыі пратэсту 12 красавіка. Дзмітрый Бекалюк (суддзя Аляксандр Семянчук), Аляксандр Кабанаў (суддзя Д. Куроўскі) і Дзмітрый Андрасюк (суддзя Дзмітрый Шурын) былі пакараныя адміністрацыйным арыштам — кожны па 15 сутак.
Пра арышты экаактывістаў былі праінфармаваныя спецпрцедуры ААН: Спецыяльны дакладчык па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцый, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
23 красавіка суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Яўген Шаршнёў прызначыў штраф у 405 рублёў (15 базавых велічыняў) гамяльчаніну Ігару Мазейку за репост у «ВКонтакте» фільма блогера Nexta «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», паведамляе "Гомельская Вясна".
У дачыненні да брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна праводзіцца праверка ў сувязі з абвінавачваннямі ў паклёпе і абразе. «Пацярпелым» стаў супрацоўнік міліцыі. Раней блогер ужо быў асуджаны за тое, што ў сваім блогу заступіўся за берасцейца Паўла Камінскага, які стаў ахвярай міліцэйскага гвалту.
Пераслед журналістаў
Па-ранейшаму пераследуецца праца журналістаў-фрылансераў і журналістаў замежных СМІ, вымушаных працаваць у Беларусі без акрэдытацыі. 13 красавіка суддзя Гомельскага раённага суда Сяргей Салоўскі пастанавіў прыцягнуць журналістку Ларысу Шчыракову да адміністрацыйнай адказнасці за працу на замежнае СМІ. Штраф склаў 35 базавых велічынь — 945 беларускіх рублёў.
Жорсткае абыходжанне
25 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска прайшлі адразу два пасяджэнні па скаргах Людмілы Кучура на дзеянні службовых асоб МУС. І абодва працэсы скончыліся вызначэннем аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з непадведамаснасцю: суд адмовіў у разглядзе скаргаў, не пакінуўшы магчымасці абараніць асуджанага мужа заяўніцы Пятра Кучуру ад жорсткага абыходжання.
Яне Чуліцкай ў трэці раз адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да амапаўцаў, якія збілі яе пры затрыманні на Дзень Волі ў 2017 годзе. Такое рашэнне прыняў Першамайскі (г. Мінска) аддзел Следчага камітэта.
Нагадаем, 25 сакавіка 2017 года тады яшчэ непаўнагадовую Яну Чуліцкую (Яцыновіч) разам з сяброўкай затрымаў АМАП. Дзяўчыну схапілі за валасы і з ужываннем грубай фізічнай сілы зацягнулі ў аўтобус, дзе адзін з праваахоўнікаў некалькі разоў моцна стукнуў яе па галаве. У той жа дзень дзяўчыну адпусцілі і адміністрацыйную справу супраць яе затым спынілі, аднак ужо праз тыдзень у яе пачаліся першыя прыступы эпілепсіі.
Прымусовая праца
Нягледзячы на складаную сітуацыю з пандэміяй COVID-19, 25 красавіка ў Беларусі прайшоў агульнарэспубліканскі суботнік. Грашовыя сродкі, заробленыя ў гэты дзень, будуць накіраваныя ў бюджэт на розныя мэты.
Пастановай Савета Міністраў ад 16 красавіка рэкамендуецца нібыта добраахвотны парадак правядзення суботніка: на працоўных месцах або «ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан гісторыка-культурных каштоўнасцяў, тэрыторый населеных пунктаў, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона». Пры гэтым кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і дзяржаўных арганізацый неабходна прыняць удзел ва ўборцы асабіста. Альтэрнатывай прымусовай працы можа быць пералічэнне ў бюджэт пэўнай сумы грошай, параўнальнай з дзённым заробкам.