Суды не сталі разбірацца са скаргамі Людмілы Кучура на парушэнне правоў яе асуджанага мужа
Адразу два пасяджэнні пра скаргах Людмілы Кучура на дзеянні службовых асоб МУС прайшлі ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска ў канцы сакавіка. І абодва працэсы скончыліся вызначэннем аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з непадведамаснасцю.
На што скардзілася Людміла Кучура?
У адной скарзе ў суд жонка асуджанага Людміла Кучура прасіла прызнаць неправамерным рашэнне міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Караева аб адсутнасці парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў ДВП у дачыненні да яе мужа Пятра Кучуры.
Жанчына накіроўвала скаргу міністру, у якой указвала, што адміністрацыя папраўчай калоніі №15, дзе ў той момант адбываў пакаранне Пётр Кучура, аказвае ціск на асуджанага. Так, за сем месяцаў 2019 года Пётр Кучура быў падвергнуты дысцыплінарным спагнанням 32 разы, што жонка асуджанага звязвае з абскарджаннем ім двух незаконна накладзеных спагнанняў у суд, а таксама з правядзеннем праверак па скаргах яе мужа. У сувязі з вынесенымі спагнаннямі Пётр Кучура быў пазбаўлены спатканняў са сваякамі, перадачаў, правёў восем месяцаў у ШІЗА і ПКТ, а пасля быў пераведзены ў турму №4 г. Магілёва.
Людміла Кучура ў звароце да Юрыя Караева ўказвала і на факты збіцця яе мужа начальнікам ПК №15 Аляксеем Лазарэнкам і на скланенне асуджанага да суіцыду. Звяртала ўвагу міністра на тое, што ўпраўленне ДВП па Магілёўскай вобласці ў сваю чаргу праводзіць фармальныя праверкі па скаргах яе і яе мужа.
"Кінулі на падлогу, не здымаючы штаноў, зрабілі ўкол"... Што яшчэ чакае Пятра Кучуру ў зняволенні?
У скарзе ў суд Людміла Кучура адзначыла, што рашэнне міністра ўнутраных спраў ушчамляе яе права паведаміць аб злачынстве, права на правядзенне праверкі па яе заяве, атрымаць матываванае рашэнне, а таксама азнаёміцца з матэрыяламі праверкі і абскардзіць рашэнне, калі яно будзе суправаджацца парушэннямі.
Іншая скарга ў суд Цэнтральнага раёна тычылася неправамернай адмовы начальнікам ГУУБ МУС Андрэем Паршыным у азнаямленні з матэрыяламі праверкі па звароце Людмілы Кучура ў МУС па факце здзяйснення ў дачыненні да яе мужа супрацьпраўных дзеянняў.
Андрэй Паршын, разгледзеўшы зварот жонкі асуджанага, 6 лютага адмовіў у азнаямленні з матэрыяламі праверкі ў сувязі з тым, што нібыта матэрыялы маюць грыф абмежаванага доступу.
У скарзе ў суд Людміла Кучура паведаміла, што не згодная з тым, што матэрыялы праверкі адносяцца да "службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюда". Згодна з арт. 18-1 Закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі", да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюда адносяцца звесткі, якія тычацца дзейнасці дзяржаўнага органа, юрыдычнай асобы, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якіх могуць нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, грамадскаму парадку, маральнасці, правам, свабодам і законным інтарэсам фізічных асобаў, у тым ліку іх гонару і годнасці, асабістага і сямейнага жыцця, а таксама правам і законным інтарэсам юрыдычных асобаў, і якія не аднесеныя да дзяржаўных сакрэтаў.
Людміла Кучура звяртала ўвагу суда на тое, што ў адказе Андрэя Паршына на яе зварот не было пазначана, да якой менавіта катэгорыі могуць адносіцца звесткі, якія змяшчаюцца ў матэрыялах праверкі.
"Акрамя таго, пры азнаямленні мяне з матэрыяламі можна прадпрыняць меры па недапушчэнні распаўсюджвання тых звестак, якія могуць быць абгрунтавана аднесеныя да інфармацыі абмежаванага распаўсюда", – лічыць жанчына.
Яна прасіла суд прызнаць неправамернай адмову начальніка ГУУБ ў азнаямленні з матэрыяламі праверкі па яе звароту і абавязаць дзяржаўны орган прыняць меры па ліквідацыі дапушчаных парушэнняў.
Што вырашыў суд?
Абодва працэсы прайшлі ў адзін дзень – 25 сакавіка, у судзе Цэнтральнага раёна. Акрамя Людмілы Кучура на працэсах прысутнічалі тры прадстаўнікі МУС: Кірыл Міліцын, Аляксандр Крывулін і Сяргей Анісім.
Першую скаргу разгледзела суддзя Вольга Паланевіч, якая выслухаўшы бакі, вывучыўшы прадстаўленыя матэрыялы справы, прыйшла да высновы, што справа не падлягае разгляду ў парадку грамадзянскага працэсуальнага судаводства, у выніку чаго вытворчасць па справе трэба спыніць.
Суддзя адзначыла, што прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці работнікаў органаў унутраных спраў адносіцца да выключнай кампетэнцыі асобаў, пералічаных у п.п. 30-33 Дысцыплінарнага статута органаў унутраных спраў.
"Акрамя таго, правядзенне праверкі ў мэтах устанаўлення наяўнасці ў дзеяннях супрацоўнікаў ДВП прыкметаў крымінальна каральных дзеянняў, прадугледжаных Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, адносіцца да выключнай кампетэнцыі органа крымінальнага пераследу.
Па дадзеных прычынах скарга заяўніка не можа быць разгледжаная ў парадку арт. 353 ГПК і Закона «Аб звароце грамадзянаў і юрыдычных асобаў", – указаў суд у сваім вызначэнні і спыніў справу з прычыны непадведамаснасці.
Другую скаргу разгледзеў суддзя Аляксандр Длужнеўскі. У сваім вызначэнні ён указаў, што судом устаноўлена, што Людміла Кучура нібыта абскарджвае дзеянні па аднясенні матэрыялаў праверкі па яе заяве да дакументаў, якія маюць грыф "Для службовага карыстання".
"Разам з тым, суд мяркуе, што аднясенне таго ці іншага дакумента да матэрыялаў з грыфам ДСП з'яўляецца выключна кампетэнцыяй органа, які праводзіў праверку, у дадзеным выпадку МУС.
На падставе выкладзенага, суд прыходзіць да высновы аб тым, што падстаў для разгляду скаргі не маецца з-за непадведамаснасці", – прыйшоў да высновы суддзя і спыніў вытворчасць па справе.
Людміла Кучура не згодная з такімі рашэннямі суда і ўжо падрыхтавала прыватныя скаргі ў Мінскі гарадскі суд. Яна мяркуе, што пастановы суда Центральнага раёна незаконныя і неабгрунтаваныя, у тым ліку і таму, што і Юрый Караеў, і Андрэй Паршын указалі, што іх адказы на скаргі жонкі асуджанага ў выпадку нязгоды могуць быць абскарджаныя ў суд. І акрамя суда няма больш іншых органаў, якія маглі б аднавіць парушаныя правы яе і яе мужа Пятра Кучуры.
Суд не ўбачыў парушэнняў у неналежным разглядзе Следчым камітэтам заявы Людмілы Кучура