"Кінулі на падлогу, не здымаючы штаноў, зрабілі ўкол"... Што яшчэ чакае Пятра Кучуру ў зняволенні?
У лютым Людміла Кучура падала шэраг скаргаў у барацьбе за правы свайго асуджанага мужа ў папраўчай калоніі №15 і турме №4 г. Магілёва.
У чым праблема?
Яшчэ 18 ліпеня 2019 г. на пасяджэнні камісіі па пытанні пераводу Пятра Кучуры з ПК №15 на турэмны рэжым у дакументацыі аб яго пераводзе ён выявіў лязо брытвы, якое туды верагодна паклалі супрацоўнікі калоніі.
Пасля таго, як мужчыну вывелі ў калідор, ён дадзеным лязом прычыніў сабе цялесныя пашкоджанні – парэзаў перадплечча левай рукі. Пасля гэтага да яго была ўжытая фізічная сіла і надзетыя кайданкі. Пятра Кучура кінулі на падлогу і, не здымаючы штаноў, зрабілі ўкол, пасля якога ён некалькі дзён не мог прыйсці ў сябе. Пры гэтым прысутнічаў начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка, які даваў указанне доктарцы Катлярэнка І.С., каб яна ўвяла асуджанаму ўзмоцненую дозу.
"Укол быў зроблены супраць волі мужа. Хутчэй за ўсё ўкалолі нейкі псіхатропны прэпарат, таму што муж потым сябе вельмі дрэнна адчуваў. У медыцынскай картцы, калі і быў адзначаны гэты ўкол, то як прышчэпка супраць слупняка", – мяркуе Людміла Кучура.
На што скардзіцца Людміла Кучура?
2 кастрычніка 2019 года да Пятра Кучуры, пасля скаргаў яго жонкі, з Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта прыязджалі судмедэксперт і следчы Д. Трамбіцкі. Асуджаны распавёў следчаму, што яму быў зроблены ўкол супраць яго волі, які пацягнуў за сабой дрэннае самаадчуванне. Але Д. Трамбіцкі ніяк не адрэагаваў на гэта.
Пасля гэтага Людміла Кучура звярнулася з заявай у Следчы камітэт і выказала здагадку, што ў дачыненні да яе мужа было здзейсненае крымінальнае злачынства, прасіла правесці праверку і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Аднак, Следчы камітэт разбірацца не стаў, а перанакіраваў заяву жонкі асуджанага ў Дэпартамэнт выканання пакаранняў.
Людміла Кучура перакананая, што ДВП не мае права разглядаць паведамленні пра злачынствы і не валодае паўнамоцтвамі па правядзенні працэсуальных дзеянняў, накіраваных на высвятленне абставінаў супрацьпраўных дзей.
"Праверка таго, ці ўтрымоўвае маё паведамленне менавіта аб'ектыўныя дадзеныя, якія паказваюць на наяўнасць прыкметаў злачынстваў, як раз і павінна была праводзіцца сіламі следчых СК шляхам правядзення прадугледжаных КПК следчых дзеянняў: агляду медыцынскай карткі мужа, апытання мужа, апытання супрацоўнікаў ПК, праверкі наяўнасці або адсутнасці ў ПК лекавых сродкаў, якія маглі быць незаконна ўведзеныя майму мужу ў названых ім абставінах з апісаным ім эфектам, выпатрабавання і вывучэння службовых інструкцый супрацоўнікаў ПУ", – піша ў сваіх скаргах жонка Пятра Кучуры старшыні Следчага камітэта і ў суд Партызанскага раёна г. Мінска.
Але ДВП усё ж такі адказаў Людміле Кучура на заяву, якая была перанакіраваная з СК.
Так, першы намеснік начальніка ДВП Іван Мысліцкі ўказаў, што пасля таго, як Пётр Кучура здзейсніў самапашкоджанні, медыцынскімі работнікамі ПК №15 яму была "аказаная медыцынская дапамога, у адпаведнасці з санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі да арганізацыі і правядзення санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне ўзнікнення слупняка – нутрацягліцава ўведзены адсарбіраваны дыфтэрыйна-слупнячны анатаксін. Якія-небудзь наркатычныя або псіхатропныя рэчывы не ўжываліся".
Намеснік начальніка ДВП пры гэтым спасылаўся на пастанову Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 19.07.2012 г. №35.
Людміла Кучура вывучыла ўказаную пастанову і прыйшла да высновы, што медыцынская дапамога яе мужу была аказаная з грубейшымі парушэннямі правоў зняволеных і пацыентаў.
"Калі гэта была прышчэпка, як сцвярджае Мысліцкі, то як гэта ўзгадняецца з тым, што ўкол рабілі прымусова, без згоды Пятра Кучура, праз вопратку, не здымаючы штаноў, у парушэнні элементарных санітарна-гігіенічных патрабаванняў (без апрацоўкі скуры)?" – задаецца пытаннем жонка асуджанага.
Людміла Кучура звяртае ўвагу і на тое, што перад правядзеннем прафілактычнай прышчэпкі лекар павінен растлумачыць неабходнасць вакцынацыі, а таксама інфармаваць пацыента: пра інфекцыю, супраць якой праводзіцца прафілактычная прышчэпка; пра назву вакцыны; аб наяўнасці супрацьпаказанняў, заканамернасцях і асаблівасцях на працягу поствакцынальнага перыяду. Пры адмове пацыента ад прафілактычнай прышчэпкі яму ў даступнай форме медыцынскім работнікам павінны быць растлумачаныя магчымыя наступствы адмовы ад вакцынацыі. Акрамя таго, прышчэпкі праводзяцца ў спецыяльна абсталяваным кабінеце, у стэрыльных умовах, а лекар абавязаны агледзець пацыента, вымерыць тэмпературу, пульс, даведацца, ці ёсць у яго скаргі на стан здароўя. Пры гэтым улічваюцца папярэднія рэакцыі на прышчэпкі, наяўнасць алергіі на лекавыя прэпараты, харчовыя прадукты, хранічныя захворванні, якія маюцца.
Жанчына ўпэўненая:
"Праверка супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да майго мужа ў ДВП праведзена павярхоўна і неаб'ектыўна. Абставіны ўвядзення яму ін'екцыі сведчаць як мінімум пра найгрубейшыя парушэнні правоў зняволеных і пацыентаў, а дзеянні супрацоўнікаў ДВП – пра ўкрывальніцтва парушэнняў супрацоўнікаў".
У сваіх скаргах старшыні СК і ў суд Людміла Кучура падкрэслівае, што часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела па працы са зваротамі грамадзян СК Н.М. Жаваранак, накіраваўшы ў ДВП яе заяву аб здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да Пятра Кучура, парушыў права жанчыны паведаміць аб злачынстве, права на правядзенне поўнай і аб'ектыўнай паверкі і атрыманне матываванага рашэння па яе паведамленні, азнаямленне з матэрыяламі праверкі і абскарджанне ў тым выпадку, калі вынесеныя рашэнні будуць суправаджацца парушэннямі.
Што яшчэ важна?
Пётр Кучура мае III групу інваліднасці.
Яшчэ 22 сакавіка 2019 года мужчыну «ганялі» з камеры ў камеру, а пасля даставілі з ШІЗА/ПКТ на насілках у медчастку са скаргамі на шум у галаве, галаўны боль, болі ў вобласці сэрца, пачашчанае сэрцабіццё, агульную слабасць. Па выніках абследавання быў выяўлены падвышаны артэрыяльны ціск – 180/100 мм.рт.ст, пачашчанае сэрцабіццё – 117 уд. у хв. Лекары паставілі дыягназ – гіпэртанічны крыз I парадку, і аказалі неадкладную медыцынскую дапамогу.
"Наколькі мне вядома, мужу паставілі кропельніцу і збілі ціск. Прынамсі ў матэрыялах напісана, што праз паўгадзіны пасля крызу ціск ужо было 130 на 75. Як такое магчыма?" – задаецца пытаннем Людміла Кучура.
Паводле яе словаў, у той жа дзень сам начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка нанёс пяць удараў Пятру Кучуры, а пазней прапанаваў яму паперу і ручку, каб асуджаны напісаў заяву, што "не мае ніякіх прэтэнзій да адміністрацыі калоніі". Пётр Кучура адмовіўся.
На сённяшні дзень сітуацыя са зняволеным складваецца такім чынам, што кожны тыдзень у яго камеры праводзіцца ператрус. Мужчыну прымушаюць падымаць і выносіць з камеры матрац, які важыць больш за 8 кілаграм. Пры гэтым турэмны лекар сцвярджае, што Пётр Кучура – здаровы.
Таксама Людміле Міхайлаўне вядома, што яе муж аб'яўляў галадоўку і 21 дзень піў толькі ваду. За гэты час ён страціў 20 кілаграмаў у вазе. З гэтай нагоды жанчына звярнулася са скаргай у ДВП, праз час адтуль прыйшоў адказ за подпісам усё таго ж намесніка начальніка Івана Мысліцкага.
У ім чыноўнік указвае, што з заявай аб аб'яўленні галадоўкі асуджаны Пётр Кучура да супрацоўнікаў ПК №15 не звяртаўся:
"Пры гэтым, у час, калі асуджаны Кучура вяртаў выдадзеную яму ежу, дадзеныя яго аб'ектыўных аглядаў, у тым ліку вымярэнне артэрыяльнага ціску і тэрмаметрыя, адлюстроўваліся медыцынскімі работнікамі ПК №15 у яго медыцынскай дакументацыі. Факты яго адмоў ад медыцынскіх аглядаў і прыёму лекавых сродкаў таксама зафіксаваныя ў меддакументацыі. Прыкметаў абязводжвання, страты масы цела, дэкампенсацыі сардэчна-сасудзістай дзейнасці ў асуджанага Кучуры зарэгістравана не было".
У адказе таксама ўказваецца, што "інфармацыя аб факце звароту пацыента па медыцынскую дапамогу і стане яго здароўя, звесткі аб наяўнасці захворвання, дыягназе, магчымых метадах аказання медыцынскай дапамогі, рызыкі, звязаныя з медыцынскім умяшаннем, а таксама магчымыя альтэрнатывы прапанаванаму медыцынскаму ўмяшанню, іншыя звесткі, у тым ліку асабістага характару, атрыманыя пры аказанні пацыенту медыцынскай дапамогі, складаюць медычную таямніцу" і дадзеная інфармацыя не прадастаўляецца без згоды пацыента.
Наколькі вядома Людміле Кучура, муж ужо падаў адпаведную заяву аб прадастаўленні ёй ўсёй медыцынскай інфармацыі пра яго здароўе.
Што далей?
Жонка асуджанага Пятра Кучуры звярнулася да начальніка ДВП са скаргай, у якой прасіла правесці дадатковую праверку, высветліўшы ў поўным аб'ёме абставіны ўвядзення яе мужу ін'екцыі. Таксама Людміла Кучура плануе звярнуцца з заявай аб прадастаўленні копіі медкарты мужа за 2018 і 2019 гады.
Акрамя таго, 26 лютага жанчына была на прыёме ў ДВП, дзе падымала шэраг пытанняў аб парушэнні правоў Пятра Кучуры ў калоніі і турме, у тым ліку знікнення яго медкарты і незаконна зробленым уколе. Жанчыну запэўнілі, што па яе раней пададзенай скарзе ў Следчы камітэт будзе праводзіцца дадатковая праверка. Аднак Людміла Кучура не вельмі спадзяецца на спрыяльны зыход такой праверкі – парушэнні з боку адміністрацыі калоніі наўрад ці будуць устаноўленыя.
Зняволены магілёўскай турмы, якога прымушалі да самагубства, сустрэўся з ГНК