"Вясна" праінфармавала спецдакладчыкаў ААН аб арыштах берасцейскіх актывістаў
У сувязі з арыштам на працяглыя тэрміны экалагічных актывістаў з Брэста Аляксандра Кабанава, Дзмітрыя Андрасюка і Дзмітрыя Бекалюка было накіравана паведамленне спецыяльным дакладчыкам Савета ААН па правах чалавека. Паведамленне падрыхтавалі юрысты і валанцёры Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Аб пераследзе трох актывістаў за удзел у мірным сходзе, што прайшоў у Берасці 12 красавіка, былі праінфармаваныя:
- Спецыяльны дакладчык па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцыі.
- Спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне.
- Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
У паведамленні праваабаронцы звярнулі ўвагу спецдакладчыкаў на тое, што арышт берасцейскіх актывістаў з'яўляецца пакараннем за выказванне імі свайго меркавання аб небяспецы для экалогіі пабудаванага акумулятарнага завода, а таксама за выказванне імі свайго меркавання аб бягучай сітуацыі ў краіне.
Пакаранне арыштам на 15 сутак трох чалавек (аднаго за арганізацыю мірнага сходу па ч. 2 арт. 23.34 КаАП і дваіх за ўдзел у ім па ч.3 арт. 23.34 КаАП) з'яўляецца непрапарцыйным абмежаваннем права на свабоду сходаў. Гэтае абмежаванне не мела пад сабой законных мэтаў, пералічаных у арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У паведамленні праваабаронцы прывялі храналогію падзей, звязаных з пераследам актывістаў, распавялі пра парушэнні працэсуальных правоў затрыманых, назвалі прозвішчы суддзяў, датычных да палітычна матываванага пераследу.
Нагадаем, што Дзмітрый Бекалюк, Аляксандр Кабанаў і Дзмітрый Андрасюк былі затрыманыя 17 і 18 красавіка напярэдадні штотыднёвай нядзельнай акцыі "кармлення галубоў". На іх былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП – за ўдзел у папярэдняй акцыі пратэсту, якая прайшла 12 красавіка. 20 красавіка суддзі Ленінскага раённага суда Брэста Дзмітрый Шурын і Дзмітрый Куроўскі вынеслі рашэнне пакараць Дзмітрыя Андрасюка і Аляксандра Кабанава 15-суткавымі тэрмінамі арышту. 22 красавіка аналагічная рашэнне вынес суддя таго ж суда Аляксандр Семянчук.
Пасля вынясення такіх судовых рашэнняў ПЦ "Вясна" выступіў з заявай, у якой заклікаў адмовіцца ад арыштаў на перыяд распаўсюджвання віруса COVID-19.
"Вясна" заклікае адмовіцца ад арыштаў на перыяд распаўсюджвання віруса COVID-19
Таксама пра пераслед берасцейскіх экалагічных актывістаў грамадскае аб'яднанне "Экадом" праінфармавала Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі ЕЭК ААН.
Экадом праінфармаваў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі аб пераследзе брэсцкіх актывістаў
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96