Экадом праінфармаваў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі аб пераследзе брэсцкіх актывістаў
Грамадскае аб'яднанне "Экадом" 20 красавіка падало ў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі ЕЭК ААН інфармацыю аб прэвентыўных затрыманнях трох брэсцкіх актывістаў і пакаранні двух з іх 15-ю суткамі арышту, піша ecohome-ngo.by.
17 і 18 красавіка трое берасцейскіх актывістаў — Дзмітрый Бекалюк, Аляксандр Кабанаў і Дзмітрый Андрасюк — былі затрыманыя напярэдадні штотыднёвай нядзельнай акцыі "кармлення галубоў". Прэвентыўныя затрыманні актывістаў ініцыятыўнай групы былі ажыццяўлены меркавана ў мэтах недапушчэння іх наступнага ўдзелу ў акцыі пратэсту супраць акумулятарнага завода 19 красавіка 2020 года.
20 красавіка суд Ленінскага раёна г. Брэста прызначыў пакаранне ў выглядзе 15 сутак арышту Дзмітрыю Андрасюку і Аляксандру Кабанаву па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у акцыі 12 красавіка. У дачыненні да Дзмітрыя Бекалюка разгляд справы быў адкладзены судом да 22 красавіка 2020 года.
Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай Орхускай канвенцыі, палажэнні якой загадваюць недапушчэнне пераследу актывістаў, якія рэалізуюць свае экалагічныя правы. У 2017 годзе сустрэча бакоў Орхускай канвенцыі ў Рашэнні па Беларусі прызнала наяўныя выпадкі пераследу экалагічных актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва і запуску Беларускай АЭС. Тады Беларусі былі дадзены наступныя рэкамендацыі:
- прыняць неабходныя меры для таго, каб грамадскасць, якая ажыццяўляе свае экалагічныя правы, не падвяргалася прыгнёту, пераследу і пакаранню;
- распаўсюдзіць дадзеную інфармацыю сярод супрацоўнікаў міліцыі, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і іншых органаў, каб яны таксама прынялі адпаведныя меры для недапушчэння пераследу актывістаў;
- навучыць супрацоўнікаў міліцыі, КДБ, судовых органаў для таго, каб яны ажыццяўляючы свае паўнамоцтвы не перашкаджалі грамадскасці рэалізоўваць яе права на ўдзел у працэсе прыняцця рашэнняў.
Раней Экадом рэгулярна падаваў Камітэту інфармацыю пра выпадкі прэвентыўных затрыманняў, арыштаў, штрафаў у дачыненні да брэсцкіх актывістаў, адмовы мясцовых уладаў узгадняць масавыя мерапрыемствы, і практыцы распаўсюджвання ганьбуючай інфармацыі. Урад Беларусі не толькі не выканаў прадпісаныя яму яшчэ ў 2017 годзе рэкамендацыі, але і працягвае практыку пераследу актывістаў, і не распачаў ніякіх крокаў для яе недапушчэння.
9 сакавіка 2020 года Камітэт апублікаваў Агляд аб ходзе выканання Беларуссю вынесеных ёй рэкамендацый, у якім выказаў сур'ёзную занепакоенасць і адзначыў, што сітуацыя з выпадкамі пераследу брэсцкіх актывістаў, якія падымаюць праблему будаўніцтва акумулятарнага завода, “дэманструе, што асобы, якія імкнуцца ажыццяўляць свае правы ў адпаведнасці з Канвенцыяй у Беларусі, па-ранейшаму падвяргаюцца рызыцы пакарання, пераследу з боку дзяржавы. І няма ніякіх указанняў на тое, што сітуацыя ў гэтых адносінах паляпшаецца".
*Орхуская канвенцыя — канвенцыя Еўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя».
Беларусь з'яўляецца бокам Канвенцыі, г. зн. краінай, якая ратыфікавала яе і тым самым узяла на сябе адпаведныя абавязацельствы.
Канвенцыя з'яўляецца адзіным міжнародным пагадненнем, што надзяляе грамадскасць шырокімі канкрэтнымі правамі ў галіне ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступу да інфармацыі і правасуддзя па пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя.
Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі — орган, які ажыццяўляе пазасудовы кансультацыйны нагляд за выкананнем Канвенцыі.
Рашэнне 2017 года
У 2017 годзе Сустрэчай Бакоў Орхускай Канвенцыі ЕЭК ААН, было прынята рашэнне аб выкананні Беларуссю сваіх абавязацельстваў, у якім прызнана, што факты затрыманняў, арыштаў, накладання штрафаў на праціўнікаў атамнай энергетыкі непасрэдна звязаныя з іх дзейнасцю і з'яўляюцца выпадкамі пакаранняў, пераследаў і ўціску актывістаў за іх дзейнасць, што забаронена артыкулам 3.8 Канвенцыі. (Дакументы, у тым ліку рашэнне VI/8c, даступныя на рускай мове на афіцыйным сайце Сустрэчы Бакоў.)
Дадзеным Рашэннем парушэннямі Канвенцыі былі прызнаныя затрыманні і арышты ўдзельнікаў "Беларускай Антыядзернай Кампаніі" Ірыны Сухій і Таццяны Новікавай, праваабаронцы Міхаіла Мацкевіча, а таксама арышт і высылка з краіны расійскага фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага з забаронай на ўезд у Беларусь на працягу 10 гадоў.