viasna on patreon

Піліпу Шаўрову адмовілі ў змене меры стрымання. Ён застаецца пад вартай

2020 2020-04-23T13:54:53+0300 2020-04-23T13:57:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shaurou2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст «Маладога фронту» Філіп Шаўроў. Фота з сацыяльных сетак.

Актывіст «Маладога фронту» Філіп Шаўроў. Фота з сацыяльных сетак.

Палітычнаму зняволенаму Піліпу Шаўрову ў чарговы раз адмовілі змяніць меру стрымання, і ён надалей застаецца пад вартай. Пра гэта праваабаронцам “Вясны” паведаміла жонка Піліпа Вольга Шаўрова.

“На мінулым тыдні падавалі чарговае хадайніцтва аб змене меры стрымання, але зноў адмова. У адказе, які атрымалі з суда Цэнтральнага раёна, напісана, што злачынства сярэднецяжкае і мера стрымання прызнана законнай. Мы са свайго боку пісалі пра эпідэміалагічную сітуацыю, але яны нібы не заўважылі. Стандартная адпіска”.

Нагадаем, актывісту "Маладога фронту" Піліпу Шаўрову, затрыманаму за размаляваныя рукі помніка Пушкіну, прад'явілі абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яго абвінавачваюць у нанясенні шэрагу графіці палітычнага зместу і ў арганізацыі перформансу супраць "паглыбленай інтэграцыі Расеі і Беларусі", а менавіта – у роспісе чырвонай фарбай рук помніка А.С. Пушкіну. Гэтыя дзеянні следчыя кваліфікавалі па ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства).

Амаль тры месяцы Шаўроў знаходзіцца пад вартай. Справа перададзена ў суд Цэнтральнага раёна, але суддзя Аляксандр Петраш прыняў рашэнне падоўжыць тэрмін прызначэння судовага разбіральніцтва да трэцяга траўня.

У той жа час праваабаронцы выказалі нязгоду з такой кваліфікацыяй дзеянняў Піліпа Шаўрова. Яны лічаць, што мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай у дадзеным выпадку з'яўляецца празмернай і можа расцэньвацца толькі як спосаб аказаць ціск на абвінавачанага.

Пазіцыя ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе ў дачыненні да актывіста арганізацыі "Малады Фронт" Піліпа Шаўрова

Праваабарончы цэнтр "Вясна" прааналізаваў пастанову Цэнтральнага раённага аддзела Следчага камітэта горада Мінска аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага па крымінальнай справе актывіста "Маладога фронта" Піліпа Шаўрова. Праваабаронцы прыйшлі да высновы, што крымінальную справу па ч.1 арт. 339 і ч.2 арт. 339 КК РБ неабходна спыніць і вызваліць актывіста з-пад варты.

16 красавіка праваабаронцы выступілі з заявай аб прызнанні Піліпа Шаўрова палітычным зняволеным з патрабаваннем спынення крымінальнага пераследу па арт. 339 КК РБ, адмены меры стрымання і вызвалення яго з-пад варты.

Патрабуем неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязня Піліпа Шаўрова і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яго

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства