Філіпу Шаўрову прад’яўлена канчатковае абвінавачванне. Яму пагражае да 6 гадоў зняволення
Актывісту “Маладога Фронту” Філіпу Шаўрову, затрыманаму за расфарбаваныя рукі помніка Пушкіну, прад’явілі канчатковыя абвінавачванні. Як паведаміла “Вясне” яго жонка Вольга, у яго крымінальнай справе акрамя інцыдэнту з помнікам яшчэ два эпізоды.
- ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (“Хуліганства”) – за тое, што пафарбаваў рукі помніка Пушкіна ў чырвоны колер.
- ч.1. арт. 339 КК РБ – за намаляваны бел-чырвона-белы сцяг на помніку загінулым міліцыянтам.
- ч. 2 арт. 339 КК РБ (“Хуліганства, учыненае паўторна або групай асобаў”) – за графіці “1937”.
Паводле апошняга абвінавачання Філіпа Шаўрова могуць пакараць арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 1 да 6 гадоў.
Па інфармацыі “Радыё Свабода”, агульны памер шкоды па трох эпізодах па ацэнках следства складае 228 рублёў 93 капейкі.
Актывісту адмовілі ў хадайніцтве аб змене меры стрымання, ён працягвае знаходзіцца ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Двухмесячны тэрмін утрымання пад вартай у яго заканчваецца 20 сакавіка, але яго жонка мяркуе, што хутчэй за ўсё яго працягнуць яшчэ на месяц.
Маладафронтавец Філіп Шаўроў быў затрыманы 19 студзеня пасля таго, як сам прыйшоў у міліцыю, каб распавесці, што гэта менавіта ён расфарбаваў рукі помніка Пушкіну. У актывіста прайшоў вобшук, падчас якога была вынята вопратка. Праз некалькі дзён пасля затрымання яму было прад’яўлена першае абвінавачанне.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96