Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2016
Высновы:
- на працягу ліпеня не адбылося якіх-небудзь сістэмных зменаў, якія б дэманстравалі імкненне ўладаў Беларусі да якаснага змянення сітуацыі з правамі чалавека;
- кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на дадзеным этапе не прывяла да значнага павелічэння агульнага ўзроўню рэпрэсій у краіне і праходзіць на больш спрыяльным ўнутрыпалітычным фоне, чым папярэднія электаральныя кампаніі. Пры гэтым, улады Беларусі не змаглі ў поўнай меры адмовіцца ад рэпрэсіўных практык у дачыненні да сваіх палітычных апанентаў;
- апазіцыйныя палітычныя партыі і рухі, якія бяруць удзел у выбарах, выкарыстоўваюць выбарчую кампанію ў тым ліку і ў мэтах рэалізацыі права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў;
- масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца па-за рамкамі пікетаў па зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі (не ў паведамляльным парадку, прадугледжаным ВК), праходзяць без ўмяшання органаў правапарадку, гвалтоўна не спыняюцца, аднак удзельнікі і арганізатары такіх сходаў прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў. У шэрагу выпадкаў запазычанасць па штрафах прыводзіць да арышту асабістай маёмасці грамадзянаў і іншых негатыўных для іх наступстваў.
- Дзмітрый Паліенка, затрыманы супрацоўнікамі АМАП у выніку гвалтоўнага спынення мірнага сходу веласіпедыстаў «Крытычная маса» 29 красавіка 2016 г., працягвае ўтрымлівацца пад вартай у СІЗА г. Жодзіна. Праваабарончы цэнтр «Вясна» расцэньвае пераслед удзельнікаў гэтай акцыі як неправамернае абмежаванне права на выказванне імі меркавання, абмежавання права на мірныя сходы і заклікае вызваліць Дзмітрыя Паліенку да канца следства;
- у месцах пазбаўлення волі працягвае адбываць пакаранне М. Жамчужны, крымінальны пераслед якога быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, што таксама не выключае прымянення шырокага спектру такіх прававых мер, як памілаванне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне;
- міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікае да большай празрыстасці ў справе блогера Эдуарда Пальчыса і яго вызваленні з-пад варты. Праваабарончы цэнтр «Вясна» таксама настойвае на незалежнай экспертызе тэкстаў Э. Пальчыса і не выключае палітычнага матыву яго крымінальнага пераследу.
- завершана расследаванне ў дачыненні да фельчара СІЗА, афіцэра МУС Аляксандра Крылова, якому прад'яўленыя абвінавачванні ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць Ігара Пцічкіна ў СІЗА № 1 у жніўні 2013 г.
Палітычна матываваны крымінальны пераслед
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру «Вясна», 22 ліпеня Дзмітрый Паліенка ў чарговы раз быў пераведзены ў СІЗА № 8 г. Жодзіна. Гэта не першы раз, калі Дзмітрыя Паліенку этапуюць з СІЗА ў СІЗА, тым самым ствараючы складаныя ўмовы для фізічнага і маральнага стану падследнага. Супраць актывіста амаль скончаныя следчыя дзеянні, і хутка справа будзе перададзеная ў суд Цэнтральнага раёна г. Менска.
Нагадаем, жорсткае затрыманне веласіпедыстаў-удзельнікаў «Крытычнай масы» адбылося ўвечары 29 красавіка. У выніку грубых дзеянняў АМАПа былі затрыманыя шэсць чалавек, якіх моцна збілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна г. Менска. Пазней супраць дваіх былі распачатыя крымінальныя справы па арт. 364 Крымінальнага кодэкса.
Затрыманаму Дзмітрыю Паліенку ўвечары 6 траўня прад'явілі абвінавачванні.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай з нагоды утрымання пад вартай Дзмітрыя Паліенкі і праінфармаваў Працоўную групу па адвольных затрыманнях ААН аб справе актывіста.
12 ліпеня суд Фрунзенскага р-на г. Менска, паўторна разгледзеўшы крымінальную справу ў дачыненні да 80-гадовага менчука Аляксандра Лапіцкага, прызнаў яго вінаватым у абразе прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, а таксама шэрагу суддзяў і пракурораў Беларусі. У сувязі з тым, што па выніках псіхіятрычнай экспертызы А. Лапіцкі быў прызнаны псіхічна хворым у сувязі з інкрымінуемымі яму дзеяннямі, у дачыненні да яго судом былі прызначаныя меры прымусовага медыцынскага характару — накіраванне на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную бальніцу.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» настойвае на дэкрыміналізацыі дзеянняў, падобных учыненым Аляксандрам Лапіцкім, і настойвае на спыненні крымінальнага пераследу за дыфамацыйныя правапарушэння, разглядаючы ў якасці першага кроку адмену артыкулаў 367, 368, 369, 369-1, 391 Крымінальнага кодэкса. Праваабарончы цэнтр «Вясна» таксама лічыць, што рашэнне аб прымусовай шпіталізацыі Аляксандра Лапіцкага варта прымаць, зыходзячы выключна з меркаванняў бяспекі грамадзянаў і самога Аляксандра Лапіцкага, а пры адсутнасці такіх пагрозаў — не замахвацца на яго асабістую свабоду.
Парушэнне права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў
Савет па правах чалавека ААН заклікае ўсе дзяржавы вырашаць праблемы ў сферы бяспекі ў Інтэрнэце ў адпаведнасці з іх міжнароднымі абавязальніцтвамі ў галіне правоў чалавека і безумоўна асуджае іх парушэнні ў дачыненні да асобаў, якія ажыццяўляюць свае асноўныя свабоды ў Інтэрнэце. Рэзалюцыя была прынятая падчас 32-й сесіі Савета, якая завяршылася 1 ліпеня ў Жэневе. Ініцыятарамі выступілі 53 краіны, у тым ліку з постсавецкай прасторы — Латвія, Літва, Эстонія, Грузія, Малдова і Украіна.
У дакуменце адзначаецца важнасць ажыццяўлення правоў чалавека ў Інтэрнэце, у прыватнасці права на свабоду выказвання меркаванняў, ва ўмовах імклівага развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і важнасць умацавання даверу ў Інтэрнэце для рэалізацыі ўсебаковага супрацоўніцтва паміж урадам, грамадзянскай супольнасцю, прыватным сектарам, тэхнічнай супольнасцю і навуковымі коламі. Рэзалюцыя таксама «безумоўна асуджае» блакаванне і іншыя захады, якія парушаюць свабодны доступ да Інтэрнэту.
Беларускія ўлады па-ранейшаму не ствараюць умоваў для рэалізацыі грамадзянамі права на мірныя сходы.
Рашэнне аб тым, што плошча Перамогі ў Віцебску ўвайшла ў пералік месцаў, дзе забаронена праводзіць пікеты па зборы подпісаў, прыняў 27 чэрвеня Віцебскі гарвыканкам. Цяжка сказаць, чым кіруюцца чыноўнікі, калі забараняюць або дазваляюць арганізоўваць пікеты ў гэтым месцы — на плошчы, якая і стваралася дзеля правядзення публічна-масавых мерапрыемстваў.
Актывісты з Баранавічаў абскардзілі ў Брэсцкім абласным выканкаме адмову пашырыць спіс месцаў для масавых мерапрыемстваў, бо яшчэ ў пачатку чэрвеня 30 жыхароў горада звярнуліся ў мясцовы гарвыканкам з прапановай аб змене рашэння гарадскога выканаўчага камітэта «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Баранавічы». Яны выказалі незадаволенасць тым, што гарвыканкам вылучыў толькі адно месца для правядзення масавых мерапрыемстваў — стары, закінуты гарадскі парк, дзе амаль не бывае людзей. Заяўнікі прасілі гарвыканкам змяніць сваё рашэнне, дапоўніўшы спіс больш прыдатнымі месцамі, папулярнымі ў народзе. Яны таксама запатрабавалі адмяніць патрабаванне аб абавязковым заключэнні дамоваў на ахову грамадскага парадку і замацаваць гэта асобным пунктам пісьмова, адмяніць патрабаванне аб дамовах на ўборку тэрыторыі і аказанне медыцынскай дапамогі і прадастаўленні іх адначасова з падачай заявы на правядзенне масавага мерапрыемства. Мясцовая ўлада не пайшла насустрач патрабаванням гараджанаў, абгрунтаваўшы сваю адмову тым, што рашэнне выканкама «прайшло юрыдычную экспертызу і зарэгістраванае ў Нацыянальным рэестры прававых актаў РБ 2015/01/22 г.». Атрымаўшы адмову на мясцовым узроўні, заяўнікі звярнуліся ў Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, каб той ўмяшаўся і спрыяў станоўчаму вырашэнню гэтай справы.
Актывіст з Баранавічаў Рыгор Грык атрымаў ад мясцовага выканкама адмову ў правядзенні пікета з мэтай інфармавання жыхароў горада аб добраахвотным характары выбараў. Адмова аргументаваная тым, што раней актывіст прыцягваўся да адказнасці за «незаконныя» масавыя мерапрыемствы.
Адначасова ўлады пераследуюць тых, хто рэалізуе, нягледзячы на забарону, свае правы.
Актывіст Павел Вінаградаў быў затрыманы 1 ліпеня ў РУУС Маскоўскага раёна г. Менска, куды прыйшоў адзначацца ў сувязі з прэвентыўным наглядам. Там на яго былі складзеныя пратаколы за нядаўнюю акцыю — вывешаныя бел-чырвона-белыя сцягі і партрэт на прыпынку грамадскага транспарту. У РУУС яго ўчынак палічылі правапарушэннем і склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП («Арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») і арт. 23.5 («Абраза службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»). Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні была накіраваная ў суд, але 26 ліпеня суддзя накіраваў пратаколы назад у РУУС для ліквідацыі недахопаў.
14 ліпеня ў судзе Гомельскага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнага пратакола, складзенага супрацоўнікамі Баранавіцкага РАУС у дачыненні да жыхара Гомельскага раёна, прыватнага прадпрымальніка Міхаіла Латышава. Ён быў абвінавачаны ў парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства (артыкул 23.34 КаАП) — удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў. Масавае мерапрыемства адбылося 5 чэрвеня на рынку «Кааператыўны» ў Баранавічах. Прысутнічаў там і Міхаіл Латышаў. Суддзя Андрэй Сусла прызнаў прадпрымальніка вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КаАП і прызначыў яму пакаранне — штраф у памеры 20 базавых велічынь.
18 ліпеня штрафам у 30 базавых велічынь пакараная Любоў Санкевіч з Бабруйска за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі актывістаў грамадскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.
21 ліпеня суд Савецкага раёна г. Менска пастанавіў пакараць Рыгора Кастусёва штрафам па ч. 1 артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Тады ж адбыўся паўторны разгляд адміністрацыйнай справы жыхаркі Менска Наталлі Саматыі, якая таксама пакараная штрафам. 28 ліпеня суд Савецкага раёна г. Менска ў другі раз разгледзеў адміністрацыйную справу лідэра Аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі за ўдзел у Дні Волі 25 сакавіка. Суддзя Марыя Фёдарава пастанавіла пакараць усіх траіх штрафамі ў памеры па 20 базавых велічынь.
Раней у іх дачыненні ўжо выносіліся пастановы, якія пасля былі адмененыя суддзёй Менскага гарадскога суда Валерыем Камісаравым з-за шматлікіх памылак, дапушчаных пры складанні пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні і ў ходзе судовых пасяджэнняў у судзе Савецкага раёна.
Грамадскую актывістку Ніну Багінская ў сувязі з тым, што прыйшоў час выплаты накладзеных на яе шматлікіх штрафаў за рэалізацыю свайго права на мірныя сходы і выказванне меркавання, судовыя выканаўцы прымушаюць вызваліць лецішча, якое маюць намер рэалізаваць для пагашэння штрафаў.
29 ліпеня суд Аршанскага раёна і г. Оршы разгледзеў адміністрацыйную справу актывіста прадпрымальніцкага руху Аляксандра Абрамовіча. Па артыкуле 23.34 КаАП ён пакараны штрафам у памеры 42 базавыя велічыні. Так расцэненая яго дзейнасць у рамках працы аргкамітэта па стварэнні незалежнага прафсаюза прадпрымальнікаў.
Пераслед журналістаў
25 чэрвеня ў судзе Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці распачаўся разгляд адміністрацыйных справаў у дачыненні да журналіста-фрылансера К. Жукоўскага. Тры пратаколы суддзёй былі адпраўленыя ў РАУС для ліквідацыі недахопаў; разгляд па яшчэ адным — за нібыта хуліганскія дзеянні — скончыўся накладаннем на фрылансера штрафа ў памеры трох базавых велічынь.
Парушэнне права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі
20 ліпеня жыхар пасёлка Перамога Гомельскага раёна Сяргей Бондараў атрымаў на рукі копію пастановы суда Гомельскага раёна аб тым, што ён прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП — несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Суд адбыўся 18 ліпеня. Згодна з пастановай, Сяргей Бондараў 24 траўня ў Пінску «ўдзельнічаў у вулічным шэсці і спяваў рэлігійныя песні, чым парушыў закон аб масавых мерапрыемствах». На пасяджэнні жыхар Гомельскага раёна тлумачыў, што належыць да «Таварыства свядомасці Крышны» і сапраўды быў у Пінску, дзе на вуліцах горада разам са знаёмымі ён спяваў і граў на акардэоне рэлігійныя песні.
Катаванні і жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне
Адзін з фігурантаў па «справе графіцістаў» Вячаслаў Касінераў, які хацеў прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асобаў, якія моцна збілі яго падчас затрымання 11 жніўня мінулага года, у чарговы раз атрымаў адказ з Маскоўскага райаддзела Следчага камітэта горада Менска аб прыпыненні крымінальнай справы: «У сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да крымінальнай адказнасці, справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 149 КК РБ прыпыняецца». Паведамляецца, што «па крымінальнай справе працягваюць праводзіцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы аператыўнымі службамі ўнутраных справаў».
Генеральная пракуратура завяршыла расследаванне факту смерці ў СІЗА № 1 Ігара Пцічкіна. Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», крымінальная справа па прыцягненні ў якасці абвінавачанага фельчара медыцынскай частцы СІЗА № 1, афіцэра міліцыі Аляксандра Крылова за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента, неўзабаве будзе накіраваная ў суд. У траўні 2016 года маці загінулага, Жанна Пцічкіна, не пагадзіўшыся з пастановай Следчага камітэта аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, узбуджанай па факце смерці сына, звярнулася ў Генеральную пракуратуру, якая адмяніла рашэнне СК і прыняла справу да вытворчасці.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» патрабуе спыніць неабгрунтаваны пераслед Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага з боку прадстаўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў, правесці праверку ўмоваў утрымання гэтых асуджаных і дазволіць ім сустрэчу з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый для ўдакладнення фактычных ўмоваў утрымання і стану з захаваннем іх законных правоў. Адпаведны зварот кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі 22 ліпеня накіраваў міністру ўнутраных справаў і генеральнаму пракурору Беларусі.
У звароце выкладзеныя ўсе вядомыя ПЦ «Вясна» факты, якія сведчаць пра пераслед былога кіраўніка ІАУ «Платформа» і КАУ «Платформа інавейшн» Андрэя Бандарэнкі ў Магілёўскай турме № 4 і заснавальніка КАУ «Платформа інавейшн» Міхаіла Жамчужнага ў Навасадскай ПК-14.
Гарантыі справядлівага суда
29 ліпеня Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала да большай празрыстасці ў справе беларускага блогера Эдуарда Пальчыса і яго вызваленні з-пад варты. Пальчыс ужо паўгода знаходзіцца пад вартай — спачатку ў Расіі, потым у Беларусі — па абвінавачванні ў публікацыі матэрыялаў, якія нібыта распальваюць нацыянальную варожасць і ўтрымліваюць парнаграфію.
Ёхан Бір, кіраўнік аддзела праваабарончай арганізацыі па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, заявіў, што змяшчэнне пад варту Эдуарда Пальчыса — «непрапарцыйная мера ў адносінах да таго, у чым яго абвінавачваюць».
«Запісы ў блогу і ілюстрацыі павінны быць даследаваны незалежнымі арганізацыямі, напрыклад, Беларускай асацыяцыяй журналістаў. У той жа час, заканадаўства Беларусі ў дачыненні да злачынстваў у сферы СМІ павінна быць перагледжанае. Пакаранне, якое можа быць ўжытае, да пяці гадоў турмы, — абсалютна непрапарцыйнае», — заявілі ў «Рэпарцёрах без межаў».
Нагадаем, рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыса (псеўданім — Jhon Silver) абвінавачваецца па ч. 1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні») і ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў»). 25-гадоваму ўраджэнцу Гродзеншчыны пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі за распальванне варожасці і да 4 гадоў зняволення за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў. Як паведамлялі раней у Следчым камітэце, на сваім сайце Пальчыс размяшчаў матэрыялы, якія ўтрымліваюць такія прыкметы, і гэта пацвярджаецца экспертызамі.
На сайце Эдуарда Пальчыса 1863х.com публікаваліся матэрыялы з крытыкай беларускіх і расійскіх уладаў. У лістападзе 2015 года ён паведаміў аб затрыманні КДБ і прымусовым знаходжанні ў псіхбальніцы. Пасля гэтага ён пераехаў ва Украіну. У студзені 2016 года яго арыштавалі ў Расіі, а ў канцы траўня экстрадавалі ў Беларусь.
Варта таксама нагадаць, што пасля экстрадыцыі Э. Пальчыса з Расіі ў Беларусь і ўзяцця яго пад варту Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай, у якой запатрабаваў выканання ўсіх працэсуальных гарантый затрыманага, у тым ліку права на абарону, а таксама забяспячэння належных ўмоваў утрымання і абыходжання, якія б не з'яўляліся жорсткімі, бесчалавечнымі або зневажальнымі для годнасці і адпавядалі міжнародным стандартам утрымання зняволеных.
Акрамя таго, праваабаронцы настойваюць на неабходнасці правядзення незалежнага аналізу тэкстаў Э. Пальчыса і не выключаюць палітычны матыў яго крымінальнага пераследу.