viasna on patreon

Праваабаронцы бачаць неабходнасць у незалежным аналізе тэкстаў Эдуарда Пальчыса

2016 2016-06-27T16:27:44+0300 2016-06-27T16:49:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-belapan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч. Фота: belapan.com

Валянцін Стэфановіч. Фота: belapan.com

Праваабаронцы "Вясны" не выключаюць палітычны матыў пераследу блогера, але для ацэнкі дадзенай крымінальнай справы маюць патрэбу ў экспертызе яго тэкстаў, заявіў Валянцін Стэфановіч у каментары naviny.by.

У справе стваральніка сайта www.1863x.com Эдуарда Пальчыса, вядомага пад нікам Джон Сільвер, пакуль вельмі мала інфармацыі. Сваякі не надта хочуць ісці на кантакт з прэсай і раскрываць нейкія падрабязнасці, следчыя органы абмяжоўваюцца рэдкімі сухімі паведамленнямі. Некаторыя палітыкі і грамадскія актывісты адразу ж палічылі гэтую справу палітычнай, зыходзячы з таго, што Эдуард - патрыёт Беларусі і ў сваіх тэкстах абараняў незалежнасць краіны. Аднак праваабаронцы не спяшаюцца даваць справе адназначную ацэнку, спасылаючыся на тое, што пакуль занадта мала інфармацыі. У той жа час на нядопуск адваката да затрыманага яны адрэагавалі хутка, піша інтэрнэт-выданне naviny.by.

Прадстаўнік ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч, які сочыць за справай блогера, у каментары для БелаПАН адзначыў, што права на абарону гарантавана ўсім беларускім грамадзянам артыкулам 62 Канстытуцыі і нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

«Грамадзянін мае права на абарону з моманту затрымання, - падкрэсліў Стэфановіч. - Гэта азначае, у прыватнасці, магчымасць бесперашкодных і канфідэнцыйных сустрэч з адвакатам, не абмежаваных па частаце і працягласці. Права на абарону - адна з асноўных працэсуальных гарантый».

Стэфановіч падкрэсліў: па словах адваката, яна доўга не магла атрымаць дазволу на сустрэчу з Пальчысам, што парушае правы затрыманага.

«Менавіта таму мы выступілі з адпаведнай заявай, бо на практыцы не ў першы раз сутыкаемся з падобнымі парушэннямі», - сказаў праваабаронца.

Пры гэтым праваабаронцы не выключаюць палітычны матыў пераследу блогера.

«Але для таго, каб зрабіць высновы, нам неабходна правесці аналіз тых тэкстаў, якія, на думку следства, распальваюць варожасць, і атрымаць інфармацыю адносна публікацыі парнаграфіі на гэтым сайце, - сказаў Стэфановіч. - Мы дапускаем, што экспертыза магла зрабіць высновы аб распальванні варожасці па той ці іншай прыкмеце неабгрунтавана».

Стэфановіч кажа, што важнай была б праверка гэтых матэрыялаў экспертамі, напрыклад, з Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Толькі пасля гэтага можна будзе рабіць высновы аб характары пераследу Пальчыса з боку дзяржавы - пераслед за выказанае меркаванне ці ўсё ж за распальванне варожасці (мова нянавісці), - адзначае праваабаронца. - Злачынствы на глебе нянавісці павiнны спыняцца дзяржавай».

У канцы траўня Эдуарда Пальчыса, які быў затрыманы ў Расіі, экстрадзіравалі ў Беларусь. Раней у нашай краіне ў дачыненні да яго па факце размяшчэння публікацый на сайце 1863x.com была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса. Матэрыялы, да якіх у праваахоўных органаў ёсць прэтэнзіі, з сайта даўно выдаленыя, нагадвае інтэрнэт-выданне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства