У Гомелі судзілі прадпрымальніка за ўдзел у мітынгу ў Баранавічах
У судзе Гомельскага раёна 14 ліпеня адбыўся разгляд адміністрацыйнага пратакола, складзенага супрацоўнікамі Баранавіцкага РАУС у дачыненні жыхара Гомельскага раёна, прыватнага прадпрымальніка Міхаіла Латышава. Ён быў абвінавачаны ў парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства (артыкул 23.34 КаАП) – удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў. Масавае мерапрыемства адбылося 5 чэрвеня на рынку «Кааператыўны» у Баранавічах. Прысутнічаў там і Міхаіл Латышаў.
Суддзя Андрэй Сусла прызнаў прыватнага прадпрымальніка вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КаАП і прызначыў яму пакаранне – штраф у памеры 20 базавых велічынь.
Міхаіл Латышаў на судзе не адмаўляў, што прысутнічаў на мітынгу ў Баранавічах, і патлумачыў, што не ведаў, што масавае мерапрыемства несанкцыянаванае – проста ўбачыў абвестку ў сацыяльных сетках і вырашыў прыняць удзел. «У нас с братам ёсць павільён на рынку «Давыдаўскі» у Гомелі. Група асоб некалькі гадоў таму акцыянавала рынак, цалкам адхіліўшы нас, уласнікаў павільёнаў, ад прыняцця якіх-небудзь рашэнняў, пазбавіўшы нас механізму ўплыву на гаспадарчую дзейнасць. Я прайшоў усе інстанцыі, пісаў скаргі, але давесці сваю рацыю прававым шляхам, выйшла так, што немагчыма. Законнымі спосабамі дабіцца ў нашай рэспубліцы праўды немагчыма. І таму, калі я даведаўся, што апазіцыйныя дзеячы праводзяць мітынгі па праблеме прадпрымальнікаў – я вырашыў далучыцца», - патлумачыў суду прадпрымальнік.
Ён дадаў, што не заклікаў людзей да звяржэння ўлады, а проста распавёў пра сваю сітуацыю, і паралельна ішоў збор подпісаў за адмену ўказу №222.
Міхаіл Латышаў таксама ўдзельнічаў у падобным мітынгу ў Жодзіна, і таксама быў пакараны праз суд.
Ён не будзе абскарджваць рашэнне суду, бо не бачыць у гэтым сэнсу. «Судовая сістэма працуе пад тыя пратаколы, якія ім даюць з міліцыі. У Беларусі сітуацыя дайшла да таго, што мы, хто абараняе свае правы, яшчэ і ў выніку трапляем пад пераслед. Нашай краіне патрэбныя перамены і рэформы, таму што ў такім рэчышчы, у якім мы рухаемся, мы проста не здолеем існаваць далей як дзяржава. Усе дзяржавы трымаюцца на прававой сістэме, калі выконваюцца правы чалавека. А ў нас дайшло да таго, што ты, працуючы, плацячы падаткі, з'яўляючыся ўласнікам, не можаш ні на што ўплываць», - пракаментаваў Міхаіл Латышаў.