viasna on patreon

ПЦ "Вясна" праінфармаваў Працоўную групу па адвольных затрыманнях ААН пра справу Дзмітрыя Паліенкі

2016 2016-07-20T14:06:00+0300 2016-07-20T14:48:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palienka_dzmitryi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст Дзмітрый Паліенка (фота з сацсетак)

Актывіст Дзмітрый Паліенка (фота з сацсетак)

Праваабарончы цэнтр "Вясна" праінфармаваў Працоўную групу па адвольных затрыманнях Савета па правах чалавека ААН пра зняволенне беларускага актывіста Дзмітрыя Паліенкі, які знаходзіцца пад вартай у чаканні суда ў сувязі з яго ўдзелам у акцыі “Крытычная маса” 29 красавіка ў Мінску.

Дзмітрый Паліенка абвінавачваецца ў “гвалтоўных дзеяннях” у дачыненні да супрацоўніка ДАІ паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

“Паліенка стаў удзельнікам мірнага пратэсту “Крытычная маса”, мэтай якога было прывядзенне Правілаў дарожнага руху ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў раварыстаў. Міліцыя прыбыла на месца, але праз дваццаць хвілінаў пасля пачатку супрацоўнікі міліцыі спынілі пратэст з прымяненнем сілы замест таго, каб ахоўваць людзей і, як следства, шэсць чалавек былі затрыманыя, у тым ліку сам сп. Паліенка”, — паведамляецца ў звароце “Вясны” ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях.

Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што Паліенка “не ўжываў гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў”, але толькі спрабаваў абараніць свайго калегу Станіслава Канавалава, які таксама быў затрыманы падчас акцыі і па-ранейшаму застаецца падазраваным па справе.

ПЦ “Вясна” падкрэслівае, што ўдзел Паліенкі ў акцыі з’яўляецца “формай мірнага выказвання меркавання”.

“Гэтае права абароненае артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Затрыманне таксама з'яўляецца парушэннем канстытуцыйных правоў актывіста. У адпаведнасці з артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава гарантуе свабоду меркаванняў і іх выказвання, у той час як артыкул 35 гарантуе кожнаму права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетаў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў, аднак, праігнаравалі Канстытуцыю і ўзялі Крымінальны кодэкс за аснову для пазбаўлення актывіста волі”, — гаворыцца ў звароце.

Пасля арышту Паліенкі беларускія экалагічныя актывісты накіравалі інфармацыю па яго справе ва Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН, паколькі актывіст належыць да экалагічнага руху. Яны таксама ўзнялі пытанне ў рамках Еўрапейскага Экафорума (кааліцыі грамадскіх экалагічных арганізацый і іншых НДА, якія дзейнічаюць у рэгіёне ЕЭК ААН).

Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай, запатрабаваўшы вызвалення актывіста да заканчэння расследавання. У заяве таксама адзначаецца, што справа Дзмітрыя Паліенкі патрабуе “дэталёвага даследавання і аб’ектыўнай прававой ацэнкі як дзеянняў удзельнікаў акцыі, так і дзеянняў супрацоўнікаў ДАІ”.

Праваабаронцы звярнуліся да гэтага механізма ААН, паколькі разглядаюць затрыманне Дзмітрыя Паліенкі як форму палітычнага пераследу за яго погляды і грамадскія дзеянні, а афіцыйнае абвінавачванне актывіста лічаць толькі ўмоўным.

У Працоўную групу па адвольных затрыманнях уваходзяць незалежныя эксперты па правах чалавека, якія расследуюць выпадкі адвольных арыштаў і затрыманняў, якія могуць з’яўляцца парушэннем нормаў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека. Працоўная група разглядае справу, аналізуючы прававыя аспекты затрымання, яго адпаведнасць нацыянальнаму і міжнароднаму заканадаўству, запрошвае каментары дзяржавы і крыніцы, а пасля агучвае свае меркаванні, які таксама ўваходзяць ў штогадовую справаўдачу Савета па правах чалавека ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства