viasna on patreon

Рыгор Кастусёў пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічынь за Дзень Волі

2016 2016-07-21T16:26:31+0300 2016-07-21T16:27:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kastuseu_sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рыгор Костусеў у судзе.

Рыгор Костусеў у судзе.

Суд Савецкага раёна Мінска 21 ліпеня пакараў намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва штрафам у памеры 20 базавых велічынь (420 рублёў) за ўдзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка.

Суддзя суда Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава не прыняла да ўвагі сведчанняў палітыка, які сцвярджаў, што ён не дапускаў ніякіх парушэнняў беларускага заканадаўства падчас адзначэння Дня Волі 25 сакавіка 2016 г. у Мінску. Святкаванне Дня Волі ажыццяўлялася з дазволу Мінскага гарвыканкама, і Рыгор Кастусёў, які быў адным з арганізатараў акцыі, казаў пра тое, што мерапрыемства прайшло арганізавана і без  усялякіх эксцэсаў.

Аднак суддзя Фёдарава вырашыла, што большага даверу заслугоўваюць сведчанні супрацоўнікаў міліцыі, якія выступілі ў судзе ў якасці сведкаў. Ахоўнікі правапарадку Моўчан і Ёрш сцвярджалі, што Рыгор Кастусёў нібыта прымаў удзел у мітынгу каля кінатэатра “Кастрычнік” у 18-40 25 сакавіка і выкрыкваў там антыдзяржаўныя лозунгі. Праўда, якія менавіта лозунгі выкрыкваў Кастусёў, супрацоўнікі міліцыі ўзгадаць так і не здолелі.

Суд прыняў рашэнне пакараць Рыгора Кастусёва штрафам у памеры 20 базавых велічынь (420 рублёў) паводле ч. 1 артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Нагадаем, што раней суддзя суда Савецкага раёна Мінска Наталля Драчова ўжо карала Рыгора Кастусёва штрафам у памеры 30 базавых велічынь за па тым жа абвінавачанні. Тады Рыгор Кастусёў не пагадзіўся з рашэннем суда Савецкага раёна Мінска і абскардзіў яго ў Мінскім гарадскім судзе.

 17 чэрвеня 2016 г. суддзя Мінскага гарадскога суда Валерый Камісараў скасаваў рашэнне аб пакаранні Рыгора Кастусёва штрафам з-за шматлікіх памылак, дапушчаных пры складанні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні і падчас судовага пасяджэння ў судзе Савецкага раёна. Адміністрацыйная справа ў адносінах Кастусёва, згодна рашэння Мінскага гарадскога суда, была накіраваная на новы разгляд у суд Савецкага раёна да іншага суддзі.

Палітык лічыць, што і падчас паўторнага разгляду суддзя Марына Фёдарава перадузята аднеслася да “палітычнай” справы. На думку Рыгора Кастусёва, ніякіх правапарушэнняў падчас святкавання Дня Волі ён не здзяйсняў, таму суд павінен быў вынесці апраўдальнае рашэнне.

Рыгор Кастусёў кажа, што ён абавязкова будзе абскарджваць рашэнне суддзі Савецкага раёна Мінска Марыны Фёдаравай у Мінскім гарадскім судзе.

Нягледзячы на тое, што святкаванне Дня Волі ў сакавіку гэтага года ажыццяўлялася з дазволу Мінскага гарвыканкама, шэраг удзельнікаў мерапрыемства былі пакараныя штрафамі за ўдзел у “несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства