Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (15-22 траўня)
На мінулым тыдні завяршыліся 3 судовыя працэсы над 16-цю ўдзельнікамі Плошчы, 9 абвінавачаных асуджаны па ч. 1 арт. 342 КК РБ – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны ўдзел іх. 16 траўня пакаранне вынесена Ірыне Халіп, Паўлу Севярынцу, Сяргею Марцалеву, 20 траўня – Уладзіміру Някляеву,Сяргею Вазняку, Аляксандру Фядуту, Віталю Рымашэўскаму, Андрэю Дзмітрыеву і Насце Палажанцы. Прысуд дастаткова мяккі, у параўнанні з папярэднімі: у асноўным пазбаўленне волі з адтэрміноўкай ці ўмоўна. Адкладзены прысуд сямі фігурантам крымінальнай справы, абвінавачаным у масавых беспарадках, у тым ліку 2 кандыдатам у прэзідэнты Міколу Статкевічу і Дзмітрыю Усу, які быў прызначаны на 20 траўня.
Палітычна матываваныя крымінальныя справы
16 траўня суддзя Завадскога райсуду Менску Жанна Брысіна вынесла пакаранне абвінавачаным у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК РБ): журналістка, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты А.Саннікава Ірына Халіп асуджана на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, лідэр партыі БХД, сябра БАЖ Павел Севярынец – на 3 гады "хіміі" (абмежавання волі з накіраваннем на папраўчыя работы), кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты М.Статкевіча Сяргей Марцалеў – на 2 гады ўмоўна (з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады). Праваабаронцы падрыхтавалі аналітычны агляд гэтага судовага працэсу.
20 траўня суддзя Фрунзенскага райсуду Менску Жана Жукоўская агучыла прысуд Уладзіміру Някляеву – 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, Сяргею Вазняку, Аляксандру Фядуту, Віталю Рымашэўскаму, Андрэю Дзмітрыеву – па 2 гады ўмоўна, Насце Палажанцы – 1 год умоўна.
Згодна з ацэнкай Праваабарончага цэнтру “Вясна” судовых працэсаў па крымінальных справах па падзеях 19 снежня 2010 г.:
– вынесеныя прысуды па крымінальных справах па ч.ч.1, 2 арт. 293 і ч. 342 КК РБ з’яўляюцца незаконнымі і павінны быць адменены ці перагледжаны;
– усіх асуджаных па дадзеных крымінальных справах ПЦ “Вясна” прызнае палітычнымі вязнямі і патрабуе іх неадкладнага вызвалення.
18 траўня завяршыўся крымінальны працэс над сям’ю ўдзельнікам Плошчы, у тым ліку двума кандыдатамі ў прэзідэнты. Пракурор Кірыл Чубкавец запрасіў пакараць Міколу Статкевічу 8 гадамі зняволення, Дзмітрыя Уса – 7, Аляксандра Класкоўскага, абвінавачанага па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу (“арганізацыя масавых беспарадкаў", "прысваенне чужога звання альбо паўнамоцтваў" і "абраза прадстаўніка ўлады") – 8 з паловай, Арцёма Грыбкова, Дзмітрыя Буланава, Аляксандра Квяткевіча і Андрэя Пазняка – 4 гадамі. Акрамя таго, у дачыненні да Грыбкова пракурор лічыць патрэбным прымяніць прымусовае лячэнне ад алкагалізму, хоць у справе няма матэрыялаў адпаведнай экспертызы. Адвакаты ўсіх падсудных абгрунтавана запатрабавалі апраўдаць іх. Вынясенне прысуду было прызначана на 16 гадзінаў 20 траўня, аднак адкладзена з прычыны хваробы суддзі Людмілы Грачовай.
Следства па крымінальнай справе лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, а таксама партыйных актывістаў Анатоля Паўлава, Алега Корбана ва ўдзеле іх у так званых масавых беспарадках працягнута да чэрвеня.
Затрыманні і адміністрацыйныя пакаранні
16 траўня суд Партызанскага раёну сталіцы пакараў намесніка старшыні “Маладога Фронту” Міколу Дземідзенку, затрыманага 14 траўня, адміністрацыйным арыштам на 15 сутак за спробу вывесіць бел-чырвона-белы сцяг. Перад судом ён паспеў перадаць, што абвяшчае галадоўку.
За адмову ад дактыласкапіі ўлады па-ранейшаму прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці. Пінчука Андрэя Асаўца аштрафавалі на 20 б.в. (700 тыс. руб) за адмову ад дактыласкапіі, яшчэ чатыры падобныя справы знаходзяцца ў судзе горада Пінска.
17 траўня Першамайскі райсуд сталіцы пакараў штрафам у памеры 15 б.в. (525 тыс. руб) вядомага блогера Яўгена Ліпковіча па абвінавачванню ў "абразе" старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі генерала Мікалая Чаргінца. Падставай паслужыла акцыя 19 сакавіка, падчас якой Ліпковіч спаліў у Севастопальскім парку кнігі Чаргінца “Таямніца авальнага кабінета”.
18 мая ў Гомелі міліцыянты з чарговы раз затрымалі актывіста АГП і Руху «За свабоду» Уладзіміра Няпомняшчых. Падставай паслужылі надпісы на футболцы «За Беларусь без Лукашэнкі» і «Хопіць, дастаў!»
20 траўня каардынатар “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачванню ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі. Рашэнне прыняла суддзя Фрунзенскага райсудуа Людміла Лапо.
Парушэнне права на свабоду слова
Па словах адваката Аляксандра Бірылава, ягоны падабаронны карэспандэнт польскай «Gazety Wyborczej» Андрэй Пачобут, абвінавачваемы адразу па двух крымінальных артыкулах (ч.1 арт. 368 КК РБ – абраза прэзідэнта і ч.1 арт. 367 – паклёп на прэзідэнта), пасля азнаямлення з матэрыяламі следства падаў хадайніцтва пра спыненне крымінальнай справы ў дачыненні да яго. Акрамя таго, А. Пачобут хадайнічаў, каб у выпадку распачынання судовага працэсу на ім прысутнічаў сам “пацярпелы” – Аляксандар Лукашэнка. Справа журналіста ўжо перададзена ў суд.
Адкладзены разгляд справы аб закрыцці незалежнай газеты “Народная Воля”. 17 траўня ў Вышэйшым Гаспадарчым судзе адбылося чарговае падрыхтоўчае пасяджэнне адносна пазова Міністэрства інфармацыі аб закрыцці выдання. Было задаволена хадайніцтва аб разглядзе дадзенай справы пасля вынікаў разгляду касацыйнай скаргі.
18 траўня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе прайшло папярэдняе паседжанне па справе абскарджвання незалежным выданнем "Наша Ніва" трэцяга папярэджання, вынесенага газеце Міністэрствам інфармацыі 14 красавіка за публікацыю аб тэракце ў Менску. Прадстаўнікі рэдакцыі падалі хадайніцтва аб тым, каб выклікаць у суд спецыяліста-мовазнаўца, аднак яно не было задаволена. Разгляд скаргі прызначаны на 30 траўня.
Умовы ўтрамання ў месцах пазбаўлення волі
17 траўня на судовым паседжанне па справе падпалу будынка КДБ ў Бабруйску абвінавачаныя Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч заявілі аб аказанні ціску падчас правядзення следства. 19 траўня былі вынесены прысуды па справе падпалу бабруйскага КДБ: Я. Васьковіч, Павел Сырамолатаў і А. Пракапенка атрымалі па сем год зняволення ў колоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пра ціск з боку следства сведчыў і прадстаўнік моладзевага анархічнага руху Мікалай Дзядок. 18 траўня ў Завадскім райсудзе Менску пачаўся суд над актывістамі анархісцкага, сацыяльнага, антыфашыстоўскага і антыядзернага руху Ігарам Аліневічам, Максімам Веткіным, Мікалаем Дзядком, Аляксандрам Францкевічам і Яўгенам Сілівончыкам. Маладых людзей абвінавачваюць у сэрыі нападаў на дзяржаўныя будынкі, а таксама ва ўзломе сайта.
Ян Лагвіновіч, якому падчас жорсткага разгону на Плошчы супрацоўнікі міліцыі зламалі руку, даведаўся, што пракуратура адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту збіцця.
Намеснік старшыні “Маладога Фронта” Іван Шыла накіраваў скаргу міністру ўнутраных спраў і кіраўніку ГУУС Менгарвыканкаму на ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў па вуліцы Акрэсціна. Падчас знаходжання ў ЦІП з-за кепскіх умоваў утрымання ў актывіста абвастрылася алергія, але яму адмовілі ў шпіталізацыі і леках.
Парушэнне права на свабоду мірных сходаў
Бярозаўскія грамадскія актывісткі Галіна Кавалевіч і Таццяна Аліхвер атрымалі адмову на заяву аб правядзенні пікета з Бярозаўскага райвыканкама за подпісам намесніка старшыні Яўгена Тарасюка.
Праваабарончая хроніка