viasna on patreon

Прысуды па справе падпала бабруйскага КДБ агучаныя

2011 2011-05-19T12:46:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anarhisty-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Фігуранты справы Яўген Васьковіч, Павел Сырамолатаў і Арцём Пракапенка атрымалі па сем год зняволення ў колоніі  ўзмоцненага рэжыму.

Апошняе судовае паседжанне пачалося са спробы праглядзець следчы эксперымент з удзелам Паўла Сырамолатава. Але ноўтбук адмовіўся нармальна прайграваць дыск, гэтую ідэю давялося адкласці на нейкі час.

Падсуднаму Арцёму Пракапенку зачыталі матэрыялы справы, дзе даводзілася, што ён выкладаў на сайт belarus.indimedia.org у кампьютэрным клубе “Малібу” відэа з акцыі.  “Не, я не выкладаў відэа ў інтэрнэт, здымкі збраўся рабіць выключна для сябе. А сказаць пра клуб мне параіў следчы”, - заявіў хлопец.

Пасля гэтага паўстала пытанне, ці праслухоўваць аўдыёзапіс з гэтымі прызнаннямі. Адвакатка Бондар нагадала ў чарговы раз, што Арцём адмовіўся ад ранейшых паказанняў, зробленых пад ціскам, і праглядаць іх не мае сэнсу. “Гэта мы пазней вырашым, у якім стане ён быў… ціск быццам бы на яго аказваўся”, - рэзюмавала пракурор Любоў Тоўсцік.

Суд пацікавіўся ў Арцёма Пракапенкі, адкуль ён ведае прозвішчы анархістаў Дзядка і Веткіна, бо раней заяўляў, што спланваў акцыю ў іх падтрымку. “Я прачытаў пра іх у газеце і запомніў, але я ж вам ужо казаў, што адмовіўся ад мінулых паказанняў”, - адказаў падсудны.

У пратаколе следства была інфармацыя, што хлопцы загадзя аглядалі будынак КДБ, але падсудныя адмаўляюцца ад гэтага. Арцём Пракапенка адзначыў, што жыў недалёка ад гэтай установы, і таму яму часта даводзілася праходзіць побач. “Мы не глядзелі спецыяльна, дзе відэакамеры, - заявіў на гэты конт  Павел Сырамолатаў. - Я хваляваўся падчас следства, і мне дапамагаў даваць паказанні следчы. Ён нешта сваё, мабыць, уносіў, казаў, што так будзе лепш…”

У Арцёма Пракапенкі пыталіся, ці размаўляў ён з Васьковічам пра падрыхтоўку выбуха ў Маладэчне. “Не памятаю, магчыма, што і размаўлялі,” - адказаў падсудны.

У судзе зачыталі заключэнні экспертаў па складзе рэчыва, якое знаходзілася ў бутэльках. Далей – заключэнні экспертаў, якія далі адзнаку псіхалагічнаму стану падсудных. Для ўсіх трох яно было аднолькавым: мог усведамляць, што наносіць сваімі дзеяннямі шкоду, не злоўжывае алкагольнымі напоямі, псіхічных хваробаў няма, дзеянні насілі мэтанакіраваны і паслядоўны характар, часовага растройства памяці не было.

Пракурор просіць прадэманстраваць ролік, адзняты сведкамі “падпала”. Адвакат Галіеў заяўляе, што перад тым, як уносіць відэа ў матэрыялы справы, трэба правесці экспертызу, калі і дзе ён быў зроблены. Тым не менш, крыху пазней гэты ролік праглядаюць, на ім амаль нічога не бачна, акрамя ўспышак, і дзе гэта адбываецца, незразумела.

Суддзя пацікавіўся ў Арцёма Пракапенкі, з якой мэтай ён захоўваў у сябе мапы  Баранавічаў і Маладэчна, хлопец адказаў, што ездзіў туды да знаёмых і на канцэрты.

Далей суддзя агучыў характарыстыкі з працоўных месцаў Васьковіча і Сырамолатава, з месца вучобы Пракапенкі. З іх вынікае, што ў хлопцаў добрая рэпутацыя, удзел у валанцёрскіх працах, конкурсах, спартовых спаборніцтвах і гэтак далей. Пракурора Любоў Тоўсцік моцна кранае інфармацыя, што Яўген Васьковіч быў раней у шэрагах БРСМ. Яна доўга цікавіцца, у якіх мерапрыемствах ён там удзельнічаў, ці падтрымлівае сувязь зараз. “Я не маю ніякага дачынення да БРСМ з моманту сканчэння школы, - заявіў падсудны. – БРСМ не тая арганізацыя, сябрам якой варта быць сапраўднаму грамадзяніну”. Тады пракурор пацікавілася, у якой варта быць. “Ва ўсялякім выпадку, не ў БРСМ і Белай Русі,” - адказаў хлопец.

Адначасова зачытваецца характарыстыка ад участковых. Яна станоўчая ў Яўгена і Паўла, але адмоўная ў Арцёма. Падсудны тлумачыць гэта тым, што меў у вольным жыцці нефармальны выгляд – яркія прычоскі, колер валасоў, адзенне.

Па хадатайніцтве пракурора дэманструецца відэа з допыту, дзе Арцём Пракапенка распавядае, што ён лічыць сябе анархістам, і яго паплечнікі, нібыта з іх словаў, таксама. Любоў Тоўсцік увесь час ігнаруе нагадванні падсудных і адвакатаў аб тым, што ранейшыя паказанні хлопцы давалі пад псіхалагічным ціскам.

З матэрыялаў справы вынікае, што нават падчас следства Арцём не здольны быў паказаць кампьютар, з якога, нібыта, дасылаў інфармацыю з інтэрнэт-кавярні. Ён казаў, што не быў здольны зняць відэа з-за перапоўненай флэшкі. Узгадваецца імя знаёмага Арцёма з Гродна – Ягора Пятрова. Менавіта яму, нібыта, падсудны распавёў пра падпал КДБ, каб той мог ўзняць шум, калі Арцёма арыштуюць.

Пасля прагляду відэа ў пракурора зноў узнікла пытанне, чаму Арцём раней казаў адно, а зараз іншае. Пракапенка зноў нагадаў, што раней агаворваў сябе па навеце дазнаўцы.

Пасля 12-й гадзіны дня тэхнік зноў паспрабаваў наладзіць прагляд следчага эксперымента з Паўлам Сырамалотавым, але атрымалася гэта ў яго толькі бліжэй да гадзіны дня.

“На самой справе я не кідаў бутэльку з “кактэлем” у вакно, - пракаментаваў відэа Павел. – Я агаворваў сябе. На самой справе я кідаў бутэльку ў сценку. Нейкая жанчына, мая адвакатка, нічога мне не раіла. Я не думаў, што гэта мае значэне, куды я кідаў…”

Пракурор зрабіла на гэты конт рэмарку, што хлопец зрабіў такую заяву толькі пасля таго, як даведаўся, што ад гэтага будзе залежаць тэрмін зняволення. Адвакат выказаў з гэтай нагоды пратэст і падсудны атрымаў магчымасць адзначыць, што заяўляў пра гэта і на следстве. Тоўсцік запыталася, колькі разоў ён заяўляў, што  хацеў кідаць у сценку, а не ў вакно. “Тры разы. У мяне на мэце не было спальваць будынак. Я планаваў кідаць бутэльку ў фасад будынка, з трох-чатырох метраў. Увагу мне нічога не адцягвала,” - распавёў падсудны.

У 13.10 пачаліся спрэчкі бакоў. Пракурор выказаў меркаванне, што матэрыялы дастаткова поўныя, каб прызнаць падсудных вінаватымі. Пры гэтым яна адзначае, што варта лічыць правільнымі менавіта тыя сведачаннні, пра якія хлопцы заяўлялі, што яны былі зробленыя пад ціскам. “Я лічу, што віна даказана, негледзячы на змены паказанняў, - заявіла Любоў Тоўсцік. – Спасылкі на шок, стрэс  не суадносяцца з праўдай”.

Пракурор у чарговы раз узгадвае гэтыя “адмоўленыя” падсуднымі паказанні, пра распіццё піва (гэта абцяжарвае абставіны), інтэрнэт-клуб “Малібу” і гэтак далей. Яна кажа, што ўсе трое прызналі сябе вінаватымі ў артыкуле 139, частцы 2, але адмаўляюцца ад віны па артыкулу 218, частцы 3. Яна заклікае суд устаць на бок следства, а таксама кажа пра амаль два мільёны шкоды, якія панесла б КДБ у выпадку моцнага пажара. Гэта, па яе словах, вынікае з паказанняў супрацоўніка МНС Чыслова, які сведчыў на першым паседжанні.  Любоў Тоўсцік таксама кажа аб неабходнасці пакараць хлопцаў менавіта па двух, а не адным артыкуле, бо “кваліфікаваць гэтую справу можна толькі ў сукупнасці двух артыкулаў, а артыкул 399 не кваліфікуе агульнанебяспечны спосаб здзейсненага хуліганства”. Таксама яна папрасіла суд “улічыць характар грамадскай небяспекі”, і адзначыла, што змякчальных акалічнасцяў няма. “У Васьковіча была змякчальная акалічнасць, гэта чыстасардэчнае прызнанне, але ён ад яго адмовіўся,” - дадала пракурор.

Любоў Тоўсцік папрасіла пакараць Яўгена Васьковіча і Паўла Сырамолатава 7 з паловай гадамі пазбаўлення волі, для Арцёма Пракапенка – 8 год. Таксама яна заявіла, што з сканфіскаванай маёмасці варта зняць арышт, а ўлікі знішчыць.

Адвакат Галіеў, абаронца Васьковіча, папрасіў суд звярнуць увагу на малады ўзрост і максімалізм свайго падабароннага. “У першую чаргу на яго дзеянні паўплывала празмерная рэакцыя міліцыі на яго маладых аднадумцаў. Таксама ціск падчас следства павінны быць прыняты да ўвагі”, - заявіў адвакат. Таксама спадар Галіеў адзначыў, што Яўген усведамляў блізкае знаходжанне ад КДБ пажарнай часткі, узгадаў нестыкоўкі ў сведчанні бабруйчанкі Сінкевіч, якая быццам бы бачыла тры, а не дзве бутэлькі з напалмам.  “Знішчыць будынак з дапамогай двух бутэлек з “кактэлем Молатава” – гэта абсурд, - дадаў абаронца. – Не было мэты знішчыць будынак. Не было экспертызы, якая б даказала, што падсудныя былі ў стане алкагольнага ап’янення. Мой падабаронны заплаціў матэрыяльную шкоду, мае станоўчую характарыстыку. Прашу суд вынесці пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Адвакатка Бондар, якая абараняла інтарэсы Арцёма Пракапенкі, нагадала, што матэрыялы следства з’явіліся ў СМІ яшчэ да суда, у фільме Першага нацыянальнага тэлеканала. “Каментары стваральнікаў фільма, выразаныя кускі з допытаў, стварылі хлопцам імідж “адарванцаў”, гатовых на чалавечыя ахвяры,” - заявіла адвакатка. Таксама спадарыня Бондар дадала, што пакаранне будзе вынесена па факту “пашкоджанне фасада будынка”, без меркаванняў супрацоўнікаў МНС ці боку абвінавачвання, якія засяродзілі ўвагу на тым, што магло б адбыцца, а не на тым, што адбылося. Адвакат дадала, што не мажліва цалкам пакласціся на сведчанні Пятрова, Тарасіка, Алейніка, які перад дачай паказанняў мелі размовы з міліцыяй. “Маці Алейніка прасіла, каб яе сына не выклікалі ў суд, бо хлопец перажыў моцны стрэс, бальніцу… Прашу не ўлічваць дрэнную характарыстыку Арцёма з боку ўчастковага, бо нават сведкі казалі, што ён станоўчы хлопец. Прашу не караць майго падабароннага зняволеннем, бо жорсткасць нараджае жорсткасць,” - скончыла свой выступ адвакат.

Адвакат Паўла Сырамолатава – Андрэй Тоўсцік, назваў гэтую справу неадназначнай. Ён таксама казаў пра мэту падсудных – трапіць у фасад будынка, а не ў вокны ці дзверы. Заяўляў, што для фізічна развітых хлопцаў не праблема патрапіць кідком туды, куды яны жадаюць, таму варыянт з “промахам” не мае пад сабой глебы. “Я згодны з выступам адваката Бондар, якая казала, што на меркаваннях нельга будаваць абвінавачванне. Відавочна, што хлопцы хацелі толькі папужаць.  Я прашу перакваліфікаваць “знішчэнне” у “пашкоджанне”, і прашу справядлівага пакарання”, - заявіў адвакат.

На апошнім слове Яўген Васьковіч сказаў, што ўсведамляе ўсё, што зрабіў. “… Жыццё кароткае, а Радзіма адна, а дзеля яе можна і памерці. Жыве Беларусь!” – тройчы выгукнуў хлопец. Арцём Пракапенка заявіў, што лічыць зробленае памылкай. А Павел Сырамолатаў сказаў, што асэнсаваў за чатыры месяцы ў СІЗА свае паводзіны і папрасіў суд вынесці яму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Пасля перапынку былі агучаныя прысуды. Яўген Васьковіч, Павел Сырамолатаў і Арцём Пракапенка атрымалі па 7 год у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя паведаміў, што хлопцы маюць дзесяць дзён на абскарджванне прысуда.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства