Андрэй Пачобут падаў хадайніцтва пра спыненне крымінальнай справы
Як паведаміў Аляксандар Бірылаў, адвакат журналіста Андрэя Пачобута, якога вінавацяць адразу па двух артыкулах Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь: артыкул 368 – частка 1 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і 367 – частка 1 (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), ягоны падабаронны падаў хадайніцтва пра спыненне справы ў звязку з тым, што пасля азнаямлення з матэрыяламі следства ў Андрэя Пачобута ёсць цвёрдае перакананне пра тое, што няма падставаў да прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці. Паралельна аналагічнае хадайніцтва на імя следчага Арсеня Нікольскага падаў сам адвакат, што не супярэчыць працэсуальным норам. Акрамя таго, Андрэй Пачобут хадайнічаў, каб у выпадку распачынання судовага працэсу, на ім прысутнічаў сам “пацярпелы” – Аляксандар Лукашэнка.
Нагадваем, што з 6 красавіка бягучага году Андрэй Пачобут знаходзіцца за кратамі ў следчым ізалятары Гарадзенскай турмы. Сёння, 17 траўня ён меў дазволенае спатканне з жонкай Аксанай.
“Праваабарончая хроніка”