Іван Шыла паскардзіўся на ўмовы ўтрымання на “Акрэсціна”
Намеснік старшыні “Маладога Фронта” Іван Шыла накіраваў
скаргу міністру ўнутраных спраў і кіраўніку ГУУС Мінгарвыканкаму на ўмовы
ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў па вуліцы Акрэсціна. Малады
чалавек у іранічнай форме звяртае ўвагу міліцэйскага начальства на тыя нормы,
якія фармальна існуюць, але ўпарта ігнаруюцца супрцоўнікамі дадзенай установы.
Варта нагадаць, што з 23 сакавіка па 4 красавіка Іван адбываў пакаранне за акцыю салідарнасці
са Змітром Дашкевічам. Падчас знаходжання ў ЦІП з-за кепскіх умоваў утрымання ў
яго абвастрылася алергія, але ж хлопцу адмовілі ў шпіталізацыі і леках. Пасля
вызвалення маладафронтавец падрыхтаваў адпаведную скаргу:
- Я закранаю тыя побытавыя моманты, якія мусяць забяспечвацца ў адпаведнасці з
нормамі, але ж з розных прычынаў ігнаруюцца. Пытанні тычацца перанаселінасці
асобных камераў пры пустых суседніх, адсутнасці асобных спальных месцаў,
шпацыраў ды таксафона. Праблемы з прыбіральняй, здзеклівым асвятленнем ды
нізкай тэмпературай у камерах, - тлумачыць Іван. - Пішу пра адсутнасць
настольных гульняў ды гарантаванага заканадаўствам радыё. Таксама звяртаю ўвагу
на парушэнне правоў нават пасля вызвалення, калі палітычных вязняў вывозяць
супраць іх волі падалей ад Акрэсціна, дзе іх звычайна сустракаюць родныя і сябры.
У сваёй скарзе Іван Шыла не толькі задае пытанні, але ж і выказваецца адносна
магчымых прычын наяўнасці такой колькасці праблем: “Дадзеная сітуацыя настолькі
дурная і банальная, што мусіла быць вырашана ўжо даўно. Магчыма, лянота і безадказнасць
супрацоўнікаў ЦІП з’явіліся таму прычынай, - высоўвае здагадку адносна
адсутнасці шпацыраў моладзевы лідар і тут жа прапануе давесці пенітэнцыярнае
безладдзе да абсурду. - Варта было б дэманстратыўна выкрэсліць дадзены пункт з
правілаў распарадку, з якімі знаёмяць арыштаваных. Альбо пайсці яшчэ далей і
спрасціць сітуацыю не толькі выкрэсліваннем, а зменай заканадаўства, і
гарантаваныя штодзённыя шпацыры зрабіць зусім не гарантаванымі”.
За вырашэнне праблемы ванітных пахаў з прыбіральняў у камерах намеснік старшыні
Маладога Фронта і ўвогуле прапануе дадаць зоркі на пагонах ды падвысіць званне “таму,
хто вырашыць гэтую праблему стагоддзя і зробіць туалеты ў беларускіх турмах
туалетамі, а не дзіркамі ў падлозе.”
Да сваёй скаргі з пералікам праблем у беларускіх турэмных засценках на два
лісты Іван Шыла дадаў фотаздымкі, адлюстроўваючыя побытавыя ўмовы вязняў, апублікаваныя на
сайце газеты “Наша Ніва”.
Ці будуць міліцэйскія чыноўнікі вырашаць дадзеныя праблемы, мы зможам даведацца
не больш чым праз месяц. Менавіта такі максімальны тэрмін адводзіцца
заканадаўствам на правядзянне праверкі па ўзнятых пытаннях.
“Праваабарончая хроніка”