viasna on patreon

Працягваецца ціск у зняволенні: агляд навінаў пра палітвязняў з 19 чэрвеня па 16 ліпеня

2024 2024-07-16T15:55:26+0300 2024-07-17T12:56:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vyzvalenyja_ukraina_2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры з паловай гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.

Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 41 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1392 чалавекі. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю больш за 50 палітвязняў, у тым ліку Сяргей Гунь, Аляксандр Новікаў, Юрый Седзянеўскі, Аляксей Забіран, Яўген Бароўскі, Яўген Гоманаў, Ірына Шчасная.

Таксама праваабаронцам стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах васьмі палітзняволеным:

У гомельскай калоніі № 4 вакол Марыі Калеснікавай ствараюць інфармацыйны вакуум

Марыя Калеснікава

Былая палітзняволеная распавяла "Вясне", што адміністрацыя калоніі забараняе жанчынам камунікаваць з Марыяй. З ёй заўсёды ходзяць ахоўніцы, нават у прыбіральню. Сочаць за ёй і іншыя зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй.

"Аднойчы на Марыю напісалі рапарт, бо была апранутая не па форме. Распавядалі, што ёй у кубак падкінулі таблетку. І Марыя гучна спытала: "Хто мне паклаў таблетку?". Зразумела, што так проста — без дазволу аператыўнікаў — такое не адбываецца.

Мы некаторы час працавалі разам на фабрыцы, але размаўляць не маглі, толькі падмігвалі адна адной. Перад змяшчэннем у ПКТ у сакавіку 2023 года Марыя трошкі паправілася, выглядала лепей, пасміхалася, але ўсё адно была схуднелая".

Жанчына ўзгадвае, што адна зняволеная аднойчы папрасіла ў Марыі аўтограф на памяць, а тая сказала: "Што вы? Які аўтограф? Мне ні з кім размаўляць нельга, і калі цяпер хтосьці нас убачыць, то будуць праблемы".

Палітвязню Аляксандру Гашнікаву узмацнілі пакаранне

Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба

Аляксандр — супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне. Яго затрымалі 18 верасня 2021 года па справе "Рабочага руху". Гэтая ініцыятыва 21 верасня 2021 года была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманні рабочых.

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 года суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў Аляксандра вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і прызначыў яму 14 гадоў зняволення. Палітвязень адбывае свой тэрмін у наваполацкай калоніі № 1. 

У судзе Наваполацка 28 траўня разгледзелі справу аб узмацненні палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Віталя Лапко Аляксандра перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

Палітвязня Руслана Волкава асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

Руслана затрымалі 4 чэрвеня 2021 года ў Іўеўскім раёне пры спробе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу, каб перабрацца ў Еўрасаюз. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "масавых беспарадках" (арт. 293 КК) у Брэсце ў жніўні 2020 года.

8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Руслану прызначылі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.

У Наваполацку 1 ліпеня адбыўся новы суд над Русланам паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Справу разглядаў суддзя Віталь Лапко. Вынік суда пакуль невядомы.

Палітвязня Дзмітрыя Слука перавялі на турэмны рэжым 

Дзмітрый Слук

Палітвязня затрымалі 10 лютага 2023 года. Пасля 10 сутак у ІЧУ на Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА. Яго абвінавацілі ў "фінанасаванні тэрарыстычнай дзейнасці" паводле арт. 290-1 КК.

Паводле следства, Дзмітрый "перавёў крыптавалюту на віртуальны кашалёк тэрарыстычнай арганізацыі ў суме эквівалентнай 2 160 даляраў ЗША, што на момант здзяйснення злачынства склала не менш за 5,4 тыс. рублёў". Суд прызначыў яму восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі са штрафам у памеры 300 базавых велічыняў (11,1 тыс. рублёў).

Тэрмін яго накіравалі адбываць у віцебскую калонію № 3. Па ініцыятыве адміністрацыі Дзмітрыю вырашылі ўзмацніць пакаранне. Суд па замене рэжыма ўтрымання на турэмны адбыўся ў Віцебску 24 чэрвеня. Рашэнне прымаў суддзя Міхаіл Зубеня.

Палітвязня Андрэя Любецкага перавялі ў жодзінскую турму 

Андрэй Любецкі. Фота:

Сківічны хірург Андрэй Любецкі 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні №4 у Мінску. Быў валанцёрам каля ізалятара на Акрэсціна. Мае чатырох дзяцей. Палітвязня затрымалі 4 траўня 2021 года.

У красавіку 2022 года суддзя Святлана Чарапанава прызначыла лекару пяць гадоў калоніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Ён адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2.

У Бабруйску 26 чэрвеня разгледзелі справу аб замене Андрэю рэжыма ўтрымання на турэмны. Працэс вёў суддзя Павел Карцінін. У выніку Андрэя перавялі ў жодзінскую турму № 8 да канца тэрміну.

Паліне Шарэндзе-Панасюк прызначылі чарговую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу 

Пра гэта "Берасцейская Вясна" даведалася ад мужа Паліны. Прытым што тры папярэднія экспертызы паказалі, што псіхічнае здароўе жанчыны ў норме.

Два разы жанчыну адпраўлялі на экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Гэта было перад яе першым судом у 2021 годзе, а потым пасля спробы Паліны адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Яшчэ адна такая экспертыза праводзілася наўпрост у следчым ізалятары. Цяпер актывістку вырашылі ў чацвёрты раз адправіць на экспертызу.

Нагадаем, палітзняволеная мусіла выйсці на волю 21 траўня, але за два дні да гэтага яе этапавалі ў СІЗА у межах новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі).

Палітвязня Цімура Рызапура судзяць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

Цімур Рызапур са сваёй жонкай Аленай

Цімура затрымалі 30 верасня 2020 года ў Брэсце. Увечары 10 жніўня, калі ён вяртаўся з працы дадому, яго падстрэлілі гумавымі кулямі пяць разоў: адзін раз — у жывот і чатыры разы — у ягадзіцу. Пазней яго абвінавацілі ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" паводле ч. 2 арт. 293 КК. Цімура на волі чакаюць жонка і трое непаўнагадовых дзяцей.

Цімуру прызначылі чатыры з паловай гады калоніі. Тэрмін палітвязень спачатку адбываў ў наваполацкай калоніі. Адміністрацыя рэгулярна змяшчала яго ў штрафны ізалятар, а потым перавяла ў ПКТ. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.

10 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва над ім распачаўся суд паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Справу разглядае суддзя Наталля Панасенка.

Палітвязня Мікіту Залатарова асудзілі па чарговай крымінальнай справе

Мікіта Залатароў у судзе

Мікіту затрымалі 11 жніўня 2020 года. Тады яму было 16 гадоў. У лютым 2021 года хлопцу прысудзілі пяць гадоў у выхаваўчай калоніі па крымінальнай справе аб "кактэйлях Молатава". Ён неаднаразова скардзіўся бацьку на катаванні.

Ужо ў ліпені 2021 года хлопца зноў асудзілі. Яго абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка СІЗА-3 па арт. 364 КК за "наўмысна зрабленую падножку супрацоўніку СІЗА". Пазней палітвязня перавялі з выхаваўчай калоніі ў папраўчую. Але ў хуткім часе Мікіту перавялі на турэмны рэжым. 

11 ліпеня ў Жодзіне над хлопцам адбыўся чарговы суд. Мікіту абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Справу разглядала суддзя Анастасія Кука. Вынік суда пакуль невядомы.

Палітвязня Аляксандра Кулікова хочуць перавесці на турэмны рэжым

Аляксандр Кулікоў

Аляксандра затрымалі 1 чэрвеня 2023 года наўпрост на мяжы па вяртанні з Польшы. Мужчына з'ехаў з Беларусі праз палітычны пераслед, але пазней сілавікі паабяцалі яму, што калі той вернецца, то яго не пазбавяць волі. 

Спачатку яго асудзілі за каментары ў "экстрэмісцкіх" чатах. А праз некалькі месяцаў яго пачалі судзіць ужо за спробу далучыцца да палка Каліноўскага ва Украіне, а таксама за "праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці". У снежні Аляксандру канчаткова прызначылі чатыры з паловай гады зняволення. У сакавіку стала вядома, што пракурор апратэставаў прысуд Кулікову, у выніку чаго яму дадалі да тэрміну паўтара года.

Стала вядома, што 1 ліпеня ў Івацэвічах адбыўся суд па замене Аляксандру рэжыма ўтрымання на турэмны. Працэс вёў суддзя Сяргей Кухацкаволец. Вынік суда пакуль невядомы.

Палітвязня Дзмітрыя Загалаўца ўжо другі раз судзяць за данаты 

Дзмітрыя затрымалі 20 студзеня 2023 года. Летась яго ўжо асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі. Тады яго абвінавацілі ў "абразе Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368 КК), "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК), "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-1 КК) і "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2 КК).

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, доўгі час мужчына ў інтэрнеце нібыта "агітаваў людзей выходзіць на барыкады, пускаць цягнікі пад адхоны, і ладзіць фізічныя расправы над сілавікамі".

Цяпер Дзмітрыя зноў судзяць за данаты паводле арт. 361-2 КК. Справу пачалі разглядаць 11 ліпеня ў Віцебскім абласным судзе. Працэс вядзе суддзя Яўген Буруноў.

Хутка пачнецца суд над жанчынай, затрыманай падчас рэйду за салідарнасць з палітвязнямі

Алеся Сяргеенка

У Магілёўскім абласным судзе 22 ліпеня пачнецца суд над палітзняволенай Алесяй Сяргеенкай — жонкай былога палітвязня Максіма Сяргеенка, які выйшаў на волю ў лютым 2024 года. Працэс будзе весці суддзя Ірына Ланчава. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

У сям'і двое дзяцей, якім тры і 16 гадоў. Палітзняволеную затрымалі 25 студзеня 2024 года падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта ўжо трэці суд над затрыманымі падчас студзеньскага рэйду КДБ.

Мастаку Івану Вярбіцкаму дадалі яшчэ 2 гады зняволення. Ён падаў апеляцыйную скаргу

Іван Вярбіцкі. Фота:

Іван — мастак з Гальшанаў, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Палітвязня прызналі вінаватым адразу па некалькіх крымінальных артыкулах і асудзілі на восем гадоў і адзін месяц калоніі.

Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага гальшанца аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму №4. У 2022 годзе яго асудзілі па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк.

8 траўня ў Барысаве Івана зноў асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК. Суддзя Людміла Зінкевіч прызначыла яму яшчэ 2 гады зняволення. Мінскі абласны суд 26 ліпеня разгледзіць апеляцыйную скаргу Івана. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Алега Лапекі.

Змітра Дашкевіча будуць зноў судзіць за ўдзел у пратэстах 

Палітвязня абвінавачваюць па "народным" арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд над ім распачнецца 17 ліпеня ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Справу будзе разглядаць суддзя Анастасія Кулік.

Нагадаем, актывіста разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі паўтара года калоніі, а Насце — тры гады "хатняй хіміі".

Актывіст мусіў выйсці на волю з папраўчай калоніі № 14 па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня 2023 года. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК — "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі". Суддзя Таццяна Дзеравянка прызначыла палітвязню яшчэ адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

З траіх фігурантаў "справы Аўтуховіча" спагналі кампенсацыю "нанесенага ўрону" 

Мікалай Аўтуховіч

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны 25 гадоў пазбаўлення волі, а Павел Сава і Галіна Дзербыш — да 20 гадоў. Па версіі следства, у выніку іх дзеянняў былі пашкоджаныя аўто і дом аднаго міліцыянта на агульную суму 35,8 тысячы рублёў, а таксама аўтамабіль другога — на 4,4 тысячы рублёў.

"Пакрыццё шкоды, прычыненай грамадзянам і арганізацыям у выніку акта тэрарызму або правядзення контртэрарыстычнай аперацыі, ажыццяўляецца за кошт бюджэту з наступным спагнаннем сум гэтай кампенсацыі з прычыніцеля шкоды ў парадку, устаноўленым заканадаўствам", — паведамілі ў пракуратуры.

Прызнаныя пацярпелымі сілавікі звярнуліся з патрабаваннямі аб кампенсацыі прычыненай ім шкоды і атрымалі кампенсацыю з бюджэту. У сваю чаргу пракурор Ваўкавыскага раёна прад'явіў пазовы аб спагнанні з Аўтуховіча, Савы і Дзербыш "сум прычыненага злачынствам урону ў парадку рэгрэсу".

Гэтыя патрабаванні былі поўнасцю задаволены, рашэнні ўступілі ў законную сілу.

Ігар Аліневіч трапіў у шпіталь у Калядзічах 

Ігар Аліневіч

Як стала вядома "Краіне для жыцця", ужо тыдзень Ігар знаходзіцца не ў турме ў Жодзіне, а ў шпіталі ў Калядзічах. Падрабязнасці на дадзены момант не вядомыя.

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Супраць палітзняволенага Анджэя Юхневіча распачалі крымінальную справу — яго пераводзяць у СІЗА

Анджэй — каталіцкі святар, які правёў за кратамі ўжо 57 дзён. Ён быў чатыры разы падвергнуты адміністрацыйнаму арышту, у тым ліку паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за правядзенне "несанкцыянаванага пікету" — размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі.

Як стала вядома "Хрысціянскай візіі", Анджэя пераводзяць з ІЧУ ў СІЗА — гэта значыць, што супраць святара распачаты крымінальны пераслед. Да гэтага часу застаецца невядомым, што менавіта яму інкрымінуецца.

Больш за 15 палітвязняў вызвалілі па амністыі і памілаванні, сярод іх — Рыгор Кастусёў 

Фота

Праваабаронцам "Вясны" дакладна вядома пра 18 палітзняволеных, якія трэцяга ліпеня выйшлі на волю. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогіюРыгор Кастусёў. Па інфармацыі "Вясны", частка палітвязняў выйшлі па памілаванні, а не па амністыі.

Пяцёх палітзняволеных грамадзян Украіны вызвалілі па абмену

Увечары 28 чэрвеня з'явілася раптоўная звестка аб вызваленні з беларускіх калоній пяці палітзняволеных. Украінcкія ўлады дабіліся вызвалення сваіх грамадзян па абмене як палонных. Так на волі апынуліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы ў Мачулішчах" Мікалай Швец.

Умовы абмену не паведамляюцца. Адзначаецца, што ўдзел у вызваленні прыняў Ватыкан. Вызваленых палітвязняў даставілі ва Украіну 28 чэрвеня — у СМІ з'явілася іх фота з аэрапорта "Жуляны". Яшчэ як мінімум 10 грамадзян Украіны застаюцца за кратамі ў Беларусі за "агентурную дзейнасць" і "шпіянаж".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства