viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2023

2023 2023-04-04T14:06:15+0300 2023-04-04T14:12:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_sakavik_2023.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • глыбокі крызіс правоў чалавека па-ранейшаму вызначае палітычную і эканамічную абстаноўку ў Беларусі; на працягу месяца ўлады працягвалі ажыццяўляць шырокамаштабны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў;
  • на канец сакавіка 2023 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення свабоды знаходзіліся 1 474 палітвязні, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 44 чалавекі; наогул "Вясне" вядома пра больш за 3 000 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальных спраў;
  • у судзе Ленінскага раёна г. Мінска вынеслі прысуд паводле крымінальнай справы сябраў ПЦ "Вясна": старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, сябра Рады ПЦ "Вясна", юрыста, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча, юрыста, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, якіх утрымліваюць у следчым ізалятары, і Дзмітрыя Салаўёва (завочна) па адвольных абвінавачваннях;
  • апеляцыйныя скаргі каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай, валанцёра Андрэя Чапюка і іншых фігурантаў справы разгледжаны Вярхоўным Судом; прысуд з большага пакінуты без зменаў; сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, асуджаны да трох гадоў зняволення, адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі;
  • праваабаронца Наста Лойка знаходзіцца ў СІЗА пад вартай паводле адвольных палітычна матываваных абвінавачванняў;
  • працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у сакавіку 2023 года "Вясне" стала вядома пра 614 выпадкаў затрымання, 433 выпадкі палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш за 166 адміністрацыйных арыштаў, 36 штрафаў;
  • праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць і дакументуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання падчас адбывання крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання паводле палітычна матываваных судовых рашэнняў;
  • працягваецца пераслед грамадзян за антываенныя выступы і падтрымку Украіны як ахвяры расейскай агрэсіі;
  • апублікаваны даклад Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх": у перыяд з 1 траўня 2020 года па 31 снежня 2022 года ў Беларусі быў здзейснены шэраг парушэнняў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, некаторыя з парушэнняў могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці, як яны вызначаны ў міжнародным звычайным праве.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

У сакавіку быў апублікаваны даклад Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх". Аўтары дакладу прыйшлі да высновы аб тым, што сабраная інфармацыя "пацвярджае маштабы і характэрную схему парушэнняў, выяўленых у папярэдніх дакладах Вярхоўнага камісара, а таксама іх шырокамаштабны і сістэматычны характар. У святле вышэйпададзенай інфармацыі, прадстаўленай у гэтым дакладзе, Вярхоўны камісар мае разумныя падставы меркаваць, што ў перыяд з 1 траўня 2020 года па 31 снежня 2022 года ў Беларусі быў здзейснены шэраг парушэнняў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека. Да іх адносяцца адвольнае пазбаўленне права на жыццё і свабоду, катаванні і жорсткае абыходжанне, у тым ліку сэксуальны гвалт, адмова ў праве на належную законную працэдуру і справядлівы судовы разгляд, адвольная адмова ў праве на ўезд ва ўласную краіну, парушэнні права на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый і на роўную абарону закона. Некаторыя з парушэнняў могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці, як тыя вызначаны ў міжнародным звычайным праве, калі такія дзеянні здзяйсняюцца ў межах шырокамаштабнага ці сістэматычнага нападу на любых грамадзянскіх асоб, і калі такі напад здзяйсняецца свядома …яны, як уяўляецца, былі часткай кампаніі гвалту і рэпрэсій, наўмысна накіраванай супраць тых, хто быў ці лічыўся супернікам урада ці выказваў крытычныя ці незалежныя меркаванні…"

Крымінальны пераслед працягвае актыўна выкарыстоўвацца беларускімі ўладамі дзеля задушэння выказвання альтэрнатыўнага меркавання. На 31 сакавіка 2023 года ў Беларусі налічваецца 1 474 палітычныя вязні. За сакавік 44 чалавекі былі прызнаныя праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі, а 9 палітычных вязняў цалкам адбылі тэрмін свайго пакарання і выйшлі на волю. З 2020 года з розных прычынаў на волю выйшлі больш як 650 палітзняволеных.

Заявы аб прызнанні палітычнымі зняволенымі ў сакавіку ў большасці сваёй датычыліся пераследу за розныя мірныя формы выказвання меркавання. Таксама палітычнымі зняволенымі былі прызнаныя два журналісты, якія супрацоўнічалі з незалежнымі медыя і якіх улады вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Не змяншаецца тэмп пераследу ўдзельнікаў пратэсных акцый 2020 года паводле абвінавачванняў ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак: праваабаронцы лічаць неабгрунтаванай кваліфікацыю дзеянняў мірных пратэстоўцаў як крымінальна каральных. Таксама былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі затрыманыя паводле абвінавачванняў у фінансаванні, садзейнічанні ці ўдзеле ў экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці: гэтыя паняцці тлумачацца ўладамі Беларусі недапушчальна шырока, што дазваляе пераследваць паводле сур'ёзных крымінальных абвінавачванняў за негвалтоўныя дзеянні, злучаныя з ажыццяўленнем свабоды асацыяцый, крытыкай улад і выказваннем альтэрнатыўнага меркавання.

На працягу сакавіка з'яўляліся звесткі пра некалькі выпадкаў масавага палітычна матываванага пераследу.

Асноўная хваля затрыманняў і ператрусаў была выклікана паспяховым ажыццяўленнем нападу на расійскі вайсковы самалёт на аэрадроме сумеснага базавання Мачулішчы. Вядома таксама пра шэраг затрыманняў напярэдадні Дня Волі, які адзначаецца 25 сакавіка: гэтыя затрыманні закранулі як мясцовых актывістаў, так і звычайных людзей, якіх абвінавачвалі ў распаўсюдзе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў.

Не характэрны для апошніх двух гадоў выпадак — затрыманне каля 200 чалавек ва ўзросце ад 13 гадоў да 21 года паводле крымінальнай справы супраць так званага ЧВК "Рэдан", субкультурнага руху, з якім улады злучаюць рызыку беспарадкаў.

"Віцебская Вясна" паведамляла пра звальненні з гарадскіх прадпрыемстваў работнікаў за подпісы за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.

Працягваецца практыка затрыманняў, выклікаў на прафілактычныя гутаркі і ціск у сувязі з ахвяраваннямі ў фонд BYSOL праз Facebook з беларускіх банкаўскіх картак у 2020 годзе, яшчэ да прызнання фонду экстрэмісцкім фармаваннем.

Працягваюць знаходзіцца ў няволі праваабаронцы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч.

Суддзя Марына Запаснік 3 сакавіка 2023 года вынесла прысуд, прызнаўшы вінаватымі Уладзіміра Лабковіча, Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Дзмітрыя Салаўёва ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і прызначыла ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на тэрмін ад 7 да 10 гадоў з буйнымі штрафамі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі асудзілі самавольства беларускіх уладаў. Беларускія праваабарончыя арганізацыі падтрымалі «Вясну» і асуджаных праваабаронцаў. Спецыяльныя дакладчыкі ААН заклікалі міжнародную супольнасць нястомна дамагацца праўды і справядлівасці для ўсіх ахвяраў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Адпаведная заява была апублікаваная на сайце ААН.

14 сакавіка праваабаронцу Марыю (Марфу) Рабкову этапавалі з СІЗА-1 у гомельскую жаночую калонію № 4. Ёсць звесткі пра тое, што палітзняволеная пакутуе ад захворванняў, якія патрабуюць дыягностыкі і лячэння.

Праваабаронца Наста Лойка застаецца пад вартай паводле палітычна матываваных абвінавачванняў. Дагэтуль невядома аб тым, каб улады ажыццявілі якія-небудзь дзеянні па расследаванні інфармацыі аб катаваннях і жорсткім абыходжанні з ёй у ізалятары часовага ўтрымання і ў СІЗА.

У Мінскім гарадскім судзе 6 сакавіка ў завочным парадку асудзілі Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову, Марыю Мароз, Сяргея Дылеўскага. Суддзя Пётр Арлоў прызначыў ім, адпаведна, 15, 18, 12, 12 і 12 гадоў пазбаўлення свабоды ў папраўчай калоніі. Завочная вытворчасць суправаджалася вельмі грубымі парушэннямі агульнапрызнаных правоў абвінавачаных, у прыватнасці — права на абарону.

Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай Мінскі гарадскі суд прызначыў да 10 гадоў пазбаўлення свабоды кожнай. Іх прызналі вінаватымі ў змове з мэтай захопу ўлады, распальванні варожасці і закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі. Справу разгледзела суддзя Дзіна Кучук. Валерыя Касцюгова — паліталагіня, рэдактарка аналітычнага сайта "Наше мнение" і рэдактарка-складальніца выдання "Белорусский ежегодник". Таццяна Кузіна — экспертка у галіне дзяржаўнага кіравання, стваральніца Школы маладых мэнэджараў публічнага адміністравання SYMPA і даследчага цэнтра BIPART.

У парадку завочнай вытворчасці распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць апазіцыйнага палітыка і аднаго з прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта падчас выбарчай кампаніі 2020 года Валера Цапкалы. Яшчэ ў кастрычніку 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала Валера Цапкалу "экстрэмісцкім фармаваннем", таксама экстрэмісцкай была прызнаная фотавыява палітыка.

Вядомыя таксама выпадкі ціску на зняволеных, якія цалкам адбылі сваё пакаранне паводле палітычна матываваных крымінальным спраў. Апроч распаўсюджанай практыкі накладання розных абмежаванняў на вызваленых (забарона пакідаць краіну і інш.), на канец сакавіка праваабаронцам вядома пра прынамсі 88 выпадкаў паўторных асуджэнняў: звычайна абвінавачванні датычаць выказвання меркавання ў інтэрнэце ці непадпарадкавання патрабаванням адміністрацыі калоніі.

23 сакавіка ў судзе Ваўкавыска і Ваўкавыскага раёна палітзняволенага анархіста Сяргея Раманава асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" на 11 месяцаў калоніі. Прысуд вынес суддзя Мікалай Талашка. Такім чынам, агульны тэрмін для Раманава склаў 20 гадоў і 11 месяцаў пазбаўлення свабоды. З канца траўня 2022 года Сяргей адбываў тэрмін у ваўкавыскай папраўчай калоніі № 11, дзе на яго ўвесь час аказвалі ціск: неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а нядаўна на чатыры месяцы адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Рэжым жорстка карае за аказанне падтрымкі Украіне: знаходзячыся ў несправядлівай захопніцкай вайне на баку агрэсара — Расійскай Федэрацыі, беларускія ўлады дэманстратыўна жорстка помсцяць грамадзянам за інфармацыйную і матэрыяльную падтрымку розных інстытутаў, якія процідзейнічаюць агрэсіі. Крымінальныя справы такога кшталту праводзяцца ў закрытым судовым пасяджэнні, што груба парушае правы абвінавачаных. Так, у Гомельскім абласным судзе 9 сакавіка абвешчаны прысуд па справе за "агентурную дзейнасць на карысць Украіны". Грамадзяніну Украіны Паўлу Купрыенку прызначылі паводле арт. 358-1 КК (Агентурная дзейнасць) сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Тараса Мачынскага абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК) і асудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. 32-гадовага Дзмітрыя Салавянчыка прызналі вінаватым ва "ўкрывальніцтве цяжкага злачынства" (ч. 1 арт. 405 КК) і прызначылі штраф у памеры 400 базавых велічынь (14 800 рублёў). Такі прысуд вынес суддзя Руслан Царук. Працэс адбываўся з 14 лютага ў закрытым рэжыме.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Пазбаўленне і абмежаванне волі ўдзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў па-ранейшаму працягвае заставацца найболей цяжкімі парушэннямі свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў.

Праз два з паловай гады суды выносяць прысуды ў дачыненні да тых, хто пратэставаў улетку-ўвосень 2020 года.

У судзе Ленінскага раёна Мінска 3 сакавіка паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да аднаго года калоніі асудзілі палітзняволенага адваката Міхаіла Макарава. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску. Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна. Да афармлення затрымання паводле крымінальнай справы адваката асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 КК і перавялі ў СІЗА. Міністэрства юстыцыі 3 лістапада 2022 года пазбавіла Міхаіла ліцэнзіі.

Суд Савецкага раёна Мінска 26 студзеня асудзіў Наталлю Галавашчанку за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу маці дваіх непаўнагадовых дзяцей разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін. Абвінавачаная, "выкарыстоўваючы ў якасці пратэснай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колеру з выявай герба "Пагоня", замацаванае на вудзільне, стаяла і рухалася па праезнай частцы дарогі і непадалёк ад праспекта Незалежнасці, блакавала і перагароджвала шлях транспартным сродкам". Пакаранне — абмежаванне свабоды без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 13 сакавіка вынесены прысуд дзіцячаму футбольнаму трэнеру Алегу Швайко. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за падзеі 2020 года. Справу разгледзела суддзя Лідзія Целіца.

Вялікую колькасць прысудаў працягваюць выносіць паводле дыфамацыйных артыкулаў — за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады. Абвінавачаных асуджаюць да пазбаўлення ці абмежавання волі, а таксама да буйных штрафаў.

У судзе Пінска і Пінскага раёна вынесены прысуд 62-гадовай Наталлі Паўлючэнцы. Жанчыну прызналі вінаватай паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза Лукашэнкі) і асудзілі да двух гадоў абмежавання свабоды без накіравання ў ПУАТ. Справу разгледзеў суддзя Андрэй Бычыла. Праведзеная па справе экспертыза адзначыла, што сэнс паведамлення абвінавачанай — "нецярплівае жаданне хуткай смерці", якое, на думку эксперта, з'яўляецца відавочна непрыстойным у кожным грамадстве, незалежна ад нарматыўнасці формы выказвання.

У судзе Маладзечанскага раёна 2 сакавіка асудзілі Дзмітрыя Лазара паводле арт. 391 (Абраза суддзі ці народнага засядацеля), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Дзяніс Барэйка прызначыў Дзмітрыю два з паловай гады пазбаўлення свабоды ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 100 базавых велічынь (3700 рублёў). Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымала памочніца пракурора Юлія Жук. Палітвязень мае шасцярых дзяцей, у тым ліку трое з іх — непаўнагадовыя. У студзені 2022 года ён у Telegram-чаце пакінуў каментары ў дачыненні да супрацоўніцы пракуратуры, супрацоўнікаў МУС, суддзі суда Ленінскага раёна г. Гродна.

Пад крымінальны пераслед падпадаюць іншыя формы рэалізацыі свабоды выказвання меркаванняў:

У судзе Кобрынскага раёна 10 сакавіка вынеслі прысуд Дзмітрыю Лагуну. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (Знявага дзяржаўных сімвалаў) і асудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі. Справу разгледзеў суддзя Аляксандр Бабаскін. Вядома, што 10 снежня 2022 года Лагун сарваў дзяржаўны сцяг з будынка чыгуначнай станцыі Тэўлі і паламаў дрэўка. Гэта зафіксавалі камеры відэаназірання, мужчыну затрымалі.

У судзе Астравецкага раёна 16 сакавіка асудзілі Паўла Дубава паводле арт. 370 КК (знявага дзяржаўных сімвалаў). Суддзя Дзмітрый Багдановіч прызначыў Паўлу адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення свабоды ў калоніі. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у карпаратыўным чаце адной з сацыяльных сетак буйной кампаніі грузаперавозак пакінуў каментар на беларускай мове, у якім растлумачыў, што "наш сцяг бел-чырвона-белы", а цяперашні назваў "усходам сонца над балотам". Павел напісаў каментар, калі знаходзіўся ў Заходняй Еўропе падчас рэйса, пасля якога вярнуўся ў Беларусь.

Мінскі абласны суд 10 сакавіка вынес прысуд Раману Янкоўскаму, абвінавачанаму паводле шэрагу пратэсных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 369 (Абраза прадстаўніка ўлады); ч. 3 арт. 361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці); ч. 1 арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь); ч. 3 арт. 203-1 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя дадзеныя). Судовы працэс вяла суддзя Ірына Майко. На думку абвінавачвання, Раман Янкоўскі са свайго мабільнага тэлефона ў сярэдзіне чэрвеня 2021 года з Telegram-канала, матэрыялы якога прызнаныя экстрэмісцкімі, зрабіў рэпост відэазапісу, што змяшчаў абразы Аляксандра Лукашэнкі, а таксама "публічныя заклікі да гвалтоўнага звяржэння дзяржаўнай улады і ажыццяўлення акту тэрарызму". У верасні 2021 года Янкоўскі размясціў у Telegram-групе "Чат группы Каратели" абразлівы каментар у дачыненні да супрацоўніка міліцыі, а ў лістападзе 2021 года з Telegram-канала "Кибер-сливы" ў Telegram-чат "Пинск для жизни ЧАТ", інфармацыйная прадукцыя якіх прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі, зрабіў рэпост відэазапісу, у якім "дыскрэдытаваліся органы дзяржаўнай улады і кіравання". Ён жа ў пачатку чэрвеня 2022 года незаконна сабраў персанальныя звесткі супрацоўніка УУС Мінскага аблвыканкама, пасля чаго апублікаваў іх у Telegram-чаце "Новая Боровая 98%", "чым прычыніў значную шкоду правам і законным інтарэсам пацярпелага". Пакаранне — пазбаўленне волі на тэрмін 4 гады і 6 месяцаў у папраўчай калоніі і штраф у памеры 300 базавых велічынь (11,1 тысяч рублёў).

Працягваецца пераслед за выказванні ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, якія, як правіла, з'яўляюцца рэакцыяй на розныя формы рэпрэсій, пры гэтым прадстаўнікі ўлады разглядаюцца як прадстаўнікі розных сацыяльных груп: "супрацоўнікі міліцыі", "супрацоўнікі міліцыі, якія падтрымліваюць цяперашнюю ўладу" і да т. п., а крытыка, абмеркаванне праблемы і асуджэнне парушэнняў кваліфікуецца як распальванне нянавісці паводле прыкметы прыналежнасці да сацыяльнай групы:

Гомельскі абласны суд 14 сакавіка скончыў у закрытым рэжыме разгляд крымінальнай справы Аляксандра Румко, абвінавачанага ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК), рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК). Справу разглядаў суддзя Анатоль Сотнікаў. Як паведамлялася напрыканцы кастрычніка 2022 года ў праўладнай групе, 64-гадовы старшыня аднаго з гаражна-будаўнічых кааператываў Гомеля Аляксандр Румко распальваў варожасць у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі і "гераізаваў калабарацыяністаў". Усе свае каментары, у тым ліку і з паклёпам на Лукашэнку, гамяльчук размяшчаў у сацыяльнай сетцы "Одноклассники". У выніку яму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры з паловай гады з адбываннем у папраўчай калоніі.

Працягваецца пераслед грамадзян за розныя формы антываеннага пратэсту: Гомельскі абласны суд у закрытым пасяджэнні вынес прысуд Арцёму Бабкову па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт.361-4 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Мікалай Доля. Згодна з версіяй абвінавачвання, Бабкоў у лютым 2022 года размясціў у сацыяльных сетках публікацыю з відэазапісам, на якім было зафіксавана перасоўванне транспартных сродкаў ваенізаваных расейскіх падраздзяленняў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з пазначэннем іх месцазнаходжання. Пасля з дапамогай мабільнага тэлефона разаслаў яе ў Telegram-каналы, у тым ліку ў прызнаныя судом экстрэмісцкімі фармаваннямі. Суд прызнаў 23 лістапада Бабкова вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады.

Суд Пухавіцкага раёна 15 сакавіка вынес прысуд 24-гадоваму жыхару Мар'інай Горкі Максіму Аўчарэнку па справе аб прапагандзе і публічнай дэманстрацыі нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі (арт. 341-1 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Сяргей Васілеўскі. Абвінавачаны размясціў у сацыяльнай сетцы Twitter выяву з нацысцкай сімволікай, якая адносіцца да перыяду нацысцкай Германіі, у якасці ацэнкі дзеянняў расійскіх вайскоўцаў. Суд прызнаў Максіма вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін у два гады.

У Мінскім абласным судзе 10 сакавіка ў закрытым пасяджэнні асудзілі палітзняволеную Наталлю Дуліну паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вікторыя Паляшчук прызначыла Наталлі тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі.

Адміністрацыйны пераслед: у сакавіку 2023 года "Вясне" стала вядома пра 614 выпадкаў затрымання, 433 выпадкі палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш як 166 адміністрацыйных арыштаў, 36 штрафаў. Падставай для прыцягнення да адказнасці былі распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, парушэнне грамадскага парадку і непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы.

Смяротнае пакаранне

25 сакавіка набылі моц змены ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць пашырэнне ўжывання смяротнага пакарання ў дачыненні да дзяржаўных службовых асоб і вайскоўцаў, асуджаных за дзяржаўную здраду. З нагоды чарговага пашырэння сферы прымянення смяротнага пакарання праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады адмяніць не адпаведныя Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах палажэнні Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення смяротнага пакарання за негвалтоўныя злачынствы, а таксама за замах на асобныя віды злачынстваў; строга і няўхільна забяспечваць выкананне сваіх міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, гарантуючы павагу права на жыццё; імкнуцца да поўнага выкаранення смяротнага пакарання, а не пашырэння сфераў яго ўжывання, як гэта прадугледжана міжнароднымі стандартамі правоў чалавека.

Катаванні і забароненае абыходжанне

Жорсткія бесчалавечныя зневажальныя ўмовы ўтрымання адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных паводле палітычна матываваных спраў па-ранейшаму выкарыстоўваюцца ў ізалятарах органаў унутраных спраў.

Вызваленыя палітвязні па-ранейшаму паведамляюць “Вясне” звесткі пра катаванні, жорсткае, зневажальнае, бесчалавечнае абыходжанне. Людзей збіваюць пры затрыманні, у службовых аўтамабілях, у турме № 8 у г. Жодзіна, размяшчаюць у ізалятарах ва ўмовах скучанасці, разам з бяздомнымі людзьмі, якія не прайшлі санітарную апрацоўку. У прыватнасці, адзін з былых палітвязняў утрымліваўся ў ліку 28 чалавек у чатырохмясцовай камеры ў ізалятары часовага ўтрымання і з двухразовым перавышэннем колькасці зняволеных над колькасцю спальных месцаў — у СІЗА. Таксама ў следчых ізалятарах і калоніях зняволеныя не атрымліваюць належнай медыцынскай дапамогі.

У папраўчай калоніі № 24 у Зарэччы сярод асуджаных-рэцыдывістаў утрымліваюцца тры палітзняволеныя: Алена Маўшук, Паліна Шарэнда-Панасюк і Вікторыя Кульша. Увесь час знаходжання ў гэтай калоніі жанчынам ствараюць невыносныя ўмовы: рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар, умовы ўтрымання былыя зняволеныя называюць нялюдскімі. Палітзняволеных пазбаўляюць спатканняў і перадач, а лісты ад сваякоў знішчаюць. Вікторыя Кульша некалькі разоў ладзіла галадоўку на знак пратэсту супраць адвольнага ціску з боку адміністрацыі.

Праваабаронцам ПЦ "Вясна" стала вядома пра выпадкі рэпрэсій і бесчалавечнага стаўлення адміністрацыі калоніі да зняволеных жанчын у папраўчай калоніі № 4 у г. Гомелі.

Адзін з былых вязняў распавёў "Вясне" пра катаванні і здзекаванні з асуджаных паводле палітычных матываў у папраўчай калоніі № 17, вядомыя яму акалічнасці смерці Вітольда Ашурка і ціск на Паўла Севярынца.

Свабода асацыяцыі

Праваабарончая арганізацыя "Lawtrend" прадставіла агляд сітуацыі са свабодай асацыяцый і становішчам арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГА) за 2022 год. У дакуменце разглядаецца новае заканадаўчае рэгуляванне арганізацый, змены ў заканадаўстве аб АГА, а таксама праваўжывальная практыка. Разглядаецца ўмяшанне ў дзейнасць АГА і выкарыстанне заканадаўства аб процідзеянні экстрэмізму і барацьбе з тэрарызмам, ціск і ліквідацыя прафсаюзаў і іншых некамерцыйных арганізацый.

Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ

На канец сакавіка ў месцах пазбаўлення свабоды ўтрымліваюцца 35 журналістаў и супрацоўнікаў СМІ.

7 сакавіка стала вядома, што Камітэт дзяржбяспекі прызнаў "Беларускую асацыяцыю журналістаў" экстрэмісцкім фармаваннем. У склад экстрэмісцкага фармавання КДБ уключыў групу «грамадзян з ліку прадстаўнікоў няўрадавай грамадскай арганізацыі "Беларуская асацыяцыя журналістаў"». Таксама ў пералік уключаны Андрэй Бастунец, Алег Агееў, Барыс Гарэцкі, Вольга Хвоін, Аліна Суравец, Аляксандр Старыкевіч, Зоя Лукашук, Сяргей Комлач.

15 сакавіка ў рэдакцыі газеты "Інфа-Кур'ер" у Слуцку адбыўся ператрус. Трое супрацоўнікаў рэдакцыі былі затрыманы, знікла сувязь з галоўным рэдактарам выдання Сяргеем Станкевічам, а таксама Глебам Рулёвым і Алегам Рубчэнем. Станкевіч і Рубчэня былі асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за непадпарадкаванне.

У той жа дзень у доме галоўнага рэдактара "Рэгіянальнай газеты" Аляксандра Манцэвіча ў Вілейцы адбыўся ператрус. "Рэгіянальная газета" — вядучае недзяржаўнае грамадска-палітычнае выданне Маладзечна і рэгіёна. У 2022 годзе ўлады прызналі матэрыялы яго сайта "экстрэмісцкімі матэрыяламі", з таго часу выданне выходзіць у сацыяльных сетках.

У Мінску 17 сакавіка абвясцілі прысуд галоўнай рэдактарцы TUT.BY Марыне Золатавай і дырэктарцы ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" Людміле Чэкінай. Марыну Золатаву прызналі вінаватай у "распаўсюдзе матэрыялаў з публічнымі заклікамі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, заклікамі, звернутымі да замежных дзяржаў, замежных і міжнародных арганізацый, да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, здзейсненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі Інтэрнэт" і "наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, зробленых групай асоб". Ёй прызначылі 12 гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі. Людмілу Чэкіну прызналі вінаватай ва "ўхіленні ад выплаты падаткаў", а таксама ў "арганізацыі распаўсюду матэрыялаў з публічнымі заклікамі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, заклікамі, звернутымі да замежных дзяржаў, замежных і міжнародных арганізацый, да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, зробленых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі Інтэрнэт" і "арганізацыі дзеянняў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, зробленых групай асоб". Пакаранне — 12 гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі.

У Мінскім гарадскім судзе 23 сакавіка асудзілі палітзняволенага журналіста Генадзя Мажэйку паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Фалькоўская прызначыла Генадзю тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мажейка — аўтар матэрыялу ў "Камсамольскай праўдзе ў Беларусі" пра Андрэя Зельцэра, які загінуў у выніку перастрэлкі з супрацоўнікам КДБ. У адпаведнасці з тэкстам абвінавачвання, "Генадзь Мажэйка, выяўляючы амаральную цікавасць да экстрэмісцкай дзейнасці, з'яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021-га здзейсніў шэраг злачынстваў". Дзяржаўнае абвінавачванне працытавала выказванні палітвязня пра Лукашэнку: "З аўтаматам бегаць [...] хіба можа звычайны чалавек з аўтаматам бегаць [...] гэта звар'яцелы вырадак".

Журналісты Павел Падабед і Вячаслаў Лазараў, якія супрацоўнічалі з незалежнымі СМІ, былі ўзятыя пад варту па абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 364-1 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), у сувязі з чым праваабарончая супольнасць выступіла з заявай з патрабаваннем іх вызвалення.

Парушэнне і задушэнне свабоды сходаў, выказвання меркаванняў, асацыяцый пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам

На канец сакавіка ў Пераліку асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, апынулася 2 596 чалавек, за месяц спіс павялічыўся амаль на 100 чалавек.

Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў, які папаўняецца рашэннямі КДБ і МУС Беларусі, складаецца са 121 пункта. У сакавіку ў яго дадалі пяць новых "экстрэмісцкіх фармаванняў", у тым ліку "Брестскую газету" і Беларускую асацыяцыю журналістаў.

За сакавік Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў павялічыўся амаль на 100 пазіцый. У тым ліку прызнаныя экстрэмісцкімі інтэрнэт-рэсурс "Берасцейская вясна" и Telegram-канал пад назвай "Віцебская Вясна".

Пераслед адвакатаў

20 сакавіка з невядомых прычынаў былі затрыманы некалькі адвакатаў — не менш за шэсць чалавек. Сярод іх — Арцём Сям'янаў, які абараняў Валянціна Стэфановіча, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса (пасля быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту) і Юрый Козікаў, які абараняў Яўгена Юшкевіча, Максіма Знака. Таксама былі затрыманы адвакаты Уладзімір Сташкевіч (быў адвакатам па "справе Аўтуховіча", абараняў Мікалая Статкевіча) і Іван Чыжык (абараняў Віктара Бабарыку).

24 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Мінска разглядалася адміністрацыйная справа адвакаткі Інэсы Аленскай. Яе абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў згодна з ч. 1 арт. 19.11 КаАП. Справу разглядала суддзя Юлія Шут. За дзень да гэтага праўладныя тэлеканалы апублікавалі відэасюжэт, у якім паведамілі, што "раней яна размяшчала ў чаціках бчб-сцягі, песні і нават свой туалет, а яшчэ адна вельмі цікава адгукаецца пра чыноўнікаў і дзяржслужбоўцаў".

Па выніках атэстацыі Кваліфікацыйная камісія Мінюста 22 сакавіка вырашыла, што адвакаты Інэса Аленская і Дзяніс Шарстнёў не могуць выконваць прафесійныя абавязкі. Такое ж рашэнне прынялі ў дачыненні да адвакаткі Таццяны Кавалевіч.

Інэса Аленская абараняла Сяргея Ціханоўскага, Рамана Пратасевіча, Насту Лойку, Рыгора Кастусёва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства