Заява аб прызнанні Паўла Падабеда і Вячаслава Лазарава палітычнымi зняволенымi
Заява аб прызнанні Паўла Падабеда і Вячаслава Лазарава палітычнымi зняволенымi
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
Днём 20 студзеня 2023 года быў затрыманы журналіст Павел Падабед. У той жа дзень у яго доме прайшоў ператрус, у выніку якога былі канфіскаваны камп'ютар і іншыя носьбіты інфармацыі. Пасля журналісту прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), якія ён адбываў у СІЗА Мінскага раёна. 4 лютага 2023 года, у дзень сканчэння адбывання адміністрацыйнага пакарання, Павел Падабед не выйшаў на волю і быў пераведзены ў СІЗА №1 Мінска. Пасля на журналіста завялі крымінальную справу па артыкуле 361-4 Крымінальныя кодэксы (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).
Павел Падабед – відэааператар, які супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ. Раней журналіста неаднаразова затрымвалі падчас асвятлення палітычных акцый у Беларусі, у тым ліку, пасля 2020 года.
Увечары 9 лютага 2023 года праваахоўныя органы Віцебска затрымалі журналіста Вячаслава Лазарава пасля правядзення ператрусу ў яго доме, падчас якога былі выняты мабільныя тэлефоны і відэакамера. У той жа дзень ператрус прайшоў таксама і па месцы прапіскі жонкі Вячаслава. Вячаслава Лазарава даставілі ў Следчы камітэт і практычна суткі родныя не ведалі пра яго далейшы лёс. 11 лютага 2023 года родныя даведаліся пра тое, што журналіста ўтрымліваюць у Віцебскім ІЧУ. Пасля стала вядома, што Вячаславу Лазараву прад'яўлены абвінавачанні па частцы 1 артыкула 364-1 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай
дзейнасці).
Вячаслаў Лазараў – журналіст-фрылансер, які ўжо затрымліваўся ў 2020 годзе падчас асвятлення пратэстных акцый.
Празмерна шырокае і расплывістае вызначэнне «экстрэмісцкай дзейнасці», прадугледжанае беларускім заканадаўствам, дазваляе ўладам маніпуляваць фармулёўкамі дзеля неправамернага абмежавання права на інфармацыю, свабоды слова і свабоды асацыяцый. З 2021 года назіраецца масавая практыка адвольнага прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацый незалежных СМІ, разам з абвешчаннем беларускіх СМІ «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Адной з самых абуральных формаў пераследу зʼяўляецца прыцягненне журналістаў да крымінальнай адказнасці ў звязку з удзелам у экстрэмісцкім фармаванні ці садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што дзеянні ў дачыненні да Паўла Падабеда і Вячаслава Лазарава з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.
Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Паўла Падабеда і Вячаслава Лазарава з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару ix публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі. На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Паўла Падабеда і Вячаслава Лазарава палітычнымі зняволенымі і патрабуем:
- неадкладнага вызвалення Паўла Падабеда і Вячаслава Лазарава і спынення ў дачыненні да ix крымінальнага пераследу;
- адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;
- неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Lawtrend;
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звозскава
"Прававая ініцыятыва".