viasna on patreon

Затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 22 сакавіка Дапоўнена

2023 2023-03-22T18:26:34+0300 2023-03-23T12:46:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/haravy_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні па ўсёй краіне напярэдадні Дня Волі

У Воршы за некалькі дзён было затрымана і адміністрацыйна асуджана каля двух дзясяткаў чалавек

shkolnikau.jpg
Аляксандр Школьнікаў

Цягам некалькіх дзён запар аршанская міліцыя праводзіла ператрусы і затрымлівала людзей за пасты ў сацыяльных сетках. У выніку рэйду яны залавілі як мінімум 12 чалавек у Воршы, і аднаго жыхара Сянно. Усім затрыманым мужчынам аршанскія суддзі прызначылі пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту ад 10 да 15 сутак, а кожную жанчыну штрафавалі аднолькава на 1850 рублёў.

Вядома, што першым, хто трапіў пад рэпрэсіі, быў аршанец сябра аргкамітэта па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Аляксандр Школьнікаў. Пазней з'явілася інфармацыя пра яго затрыманне і ператрус у яго кватэры. Аляксандр інвалід па зроку, аднак да суда міліцыянты адправілі яго ў ізалятар часовага ўтрымання. Суд арыштаваў Школьнікава мінімум на 10 сутак.


ГУБАЗіК затрымаў двух жыхароў Гродна

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з затрыманнем на працы двух гродзенцаў. На іх мужчыны гавораць, што былі затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Вядома, што на гродзенцаў склалі пратаколы і адправілі ў ІЧУ.


Гомельская міліцыя адсправаздачылася аб новых палітычных затрыманнях

Сілавікі прадэманстравалі відэа, запісаныя з сямю чалавекамі з Гомеля, Мазыра і Калінкавічаў. Іх абвінавачваюць у праяўленні нелаяльнасці да рэжыму Лукашэнкі. Сярод затрыманых — Аляксандр Тарасевіч і Вераніка Нікалкіна, а таксама жыхары Мазыра Мікалай Пышнік і Кірыл Гамаюнаў. Паведамляецца, што іх затрымалі за «падпіскі на тэлеграм-каналы і негатыўныя выказванні ў бок сілавікоў ды расійскіх войскаў».


Паведамляецца пра зачыстку ў Мазыры — сілавікі праводзяць ператрусы і затрыманні

Фёдар Чаранкоў

Паводле крыніц, ператрусы прайшлі ў некаторых людзей, якіх раней судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». У планах сілавікоў было наведаць не менш за 35 чалавек.

Перастаў выходзіць на сувязь са сваякамі муж палітзняволенай Крысціны Чаранковай Фёдар Чаранкоў. Ягоны бацька паведаміў, што Фёдара трымаюць у ІЧУ і склалі на яго адміністратыўны пратакол.


Паведамляецца пра затрыманні ў Пінску

22 сакавіка ў Пінску сілавікі затрымлівалі людзей. Праваабаронцам вядомы прозвічшы трох затрыманых. Магчыма, колькасць затрыманых нашмат большая.

Паколькі сілавікі не мясцовыя і спыніліся ночыць у пінскім гатэлі, актывісты чакаюць працяг «рэйду».


Адміністрацыйны пераслед

Адваката Арцёма Сям'янава арыштавалі на 15 сутак

Пра гэта паведамляе "Медыязона" са спасылкай на блізкіх аднаго з яго падабаронных. Адваката абвінавацілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне).

Нагадаем, Сям'янаў быў затрыманы напачатку тыдня падчас «аблавы» на адвакатаў. Арцём абараняў Валянціна СтэфановічаАляксандра ФранцкевічаТаццяну КузінуІгара ЛосікаПаўла Белавуса і шмат каго з іншых палітвязняў.


Жыхару Глыбокага прысудзілі штраф у 2590 рублёў за сцяг Украіны і герб «Пагоня»

Як стала вядома «Віцебскай Вясне», 3 сакавіка суддзя суда Глыбоцкага раёна Андрэй Тарасевіч разгледзеў адміністрацыйную справу мясцовага прадпрымальніка Юрыя Татарыновіча і прысудзіў яму штраф памерам 70 базавых велічыняў, што складае 2590 рублёў.

Мужчыну судзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Быццам ён без атрымання адпаведнага дазволу Глыбоцкага райвыканкама правёў адзіночнае пікетаванне з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў. А выявілася гэта ў тым, што ён, размясціў сваё фота ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», якое суправаджалася графічнай выявай двухкалора — сцяга Украіны і герба «Пагоня». Таксама на старонцы была публікацыя з выявай бел-чырвона-белага сцяга.

Падчас судовага пасяджэння Юрый Татарыновіч віну не прызнаў.


Ціск на палітвязняў

Палітзняволенага Мікалая Казлова змясцілі ў карцар

Мікалай Казлоў. Фота: svaboda.org

Пра гэта паведамляе Анатоль Лябедзька:

«Адразу пасля выхаду з каранціна лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова кінулі ў карцэр. Там ён прабудзе да 26 сакавіка! Сталінская сістэма адрадзілася ў Беларусі. Але такіх як Мікола яна не ломіць, а толькі загартоўвае!».

Мікалай — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады.

27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). 3 лістапада Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам. 


Сёння адбудзецца разгляд справы аб пераводзе палітзняволенага Мікіты Емяльянава на турэмны рэжым

Працэс у 16:50 у судзе Ваўкавыскага раёну пачне разглядаць суддзя Мікалай Сяргейка.

Нагадаем, актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава год таму асудзілі на два гады калоніі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), а канчаткова прызначылі па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання — тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.


Іншыя навіны пераследу

Мінскі сябра БСДП Аляксей Гаравы пераведзены ў следчы ізалятар

Паводле якога артыкулу абвінавачваецца сацыял-дэмакрат — невядома. Аляксей Гаравы быў затрыманы ГУБАЗіКам 20 лютага на працы. Пасля ператрусу ў мінскай кватэры разам з жонкай быў дастаўлены ў міліцыю.

Пазней жонку адпусцілі да малога дзіцяці, а Аляксей быў змешчаны ў ізалятары на Акрэсціна і пазней асуджаны на 14 сутак за нібыта «непадпарадкаванне».

6 сакавіка родныя не дачакаліся вызвалення Аляксея. У Фрунзенскім РУУС ім паведамілі, што яго забраў  ГУБАЗіК. На наступны дзень яго ізноў асудзілі на чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту і зноў за «непадпарадкаванне». Пазней на праўладным тэлеграм-канале з’явілася «пакаяльнае відэа», дзе Аляксей распавядае, што ён нібыта пакідаў свае каментары ў адрас сілавікоў.


У пункце пропуску «Брэст — Цярэспаль» беларускія сілавікі выбарачна правяраюць тэлефоны ў тых, хто выязджае з Беларусі

Па інфармацыі, у тых, хто выязджае з Беларусі ў Польшчу на аўтобусах праз пункт пропуску «Брэст-Цярэспаль» учора выбарачна правяралі тэлефоны. Сілавікоў цікавілі спісы ўсталяваных і выдаленых праграм, гісторыя Youtube, перапіскі ў Telegram, фотагалерэя, кошык галерэі, лайкі, каментары, сторыс у Instagram, а таксама перапіскі ў іншых месэнджарах.

Для тых, хто ўязджае, таксама праводзіцца праверка тэлефона.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства