Да 2,5 гадоў калоніі: вынесены прысуды палітзняволеным лідарам АГП
Суд Першамайскага раёна Мінска 1 лістапада пачаў разглядаць крымінальную справу супраць трох лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Аксаны Аляксеевай, Мікалая Казлова і Антаніны Кавалёвай. Судовы працэс вяла суддзя Анастасія Кулік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Іна Зубко. Палітвязняў абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Сёння былі агучаны прысуды: Антаніне Кавалёвай — адзін год калоніі, Аксане Аляксеевай — паўтара года калоніі, Мікалаю Казлову — два з паловай года калоніі. "Вясна" публікуе падрабязнасці суда і апошнія словы палітзняволеных.
Палітвязняў абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, праз удзел у "Маршы Новай Беларусі" 23 жніўня 2020 года (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Паводле абвінавачвання, Казлоў, Кавалёва і Аляксеева з 14:35 да 20:00 23 жніўня 2020 году "публічна выкрыквалі лозунгі, гучна пляскалі ў далоні, знаходзіліся на праезнай частцы, чым блакіравалі і перашкаджалі руху транспарту ў Мінску, у тым ліку гарадскога пасажырскага транспарта «Мінсктранса»".
Пракурорка Іна Зубко 2 лістапада запрасіла для палітзняволеных: Антаніне Кавалёвай — адзін год пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, Аксане Аляксеевай — паўтара года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, Мікалаю Казлову — два з паловай года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі і прызначыла 3 лістапада суддзя Анастасія Кулік.
"Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым". У Мінску судзяць лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі
"Вясна" распавядае, што адбываецца на першым судовым пасяджэнні.
Палітзняволеныя на судовым пасяджэнні 2 лістапада выступілі з апошнімі словамі
"Я ўпэўнены, што я буду рэабілітаваны", — першым выступіў палітвязень Мікалай Казлоў
"Для пачатку скажу, што, у прынцыпе, гэта чакана. Жаданне пазбавіць людзей волі — гэта чакана, гэта якраз у трэндзе, цяпер гэта модна. Выступіла дзяржаўнае абвінавачванне. З ягонага выступу я зразумеў, што правы грамадзян, якія гарантаваныя Канстытуцыяй, міжнародным правам, абавязаннямі ў галіне правоў чалавека — у нас гэта не працуе.
Я ўчора казаў пра тое, што мне было цікава, мне было прыемна ў цэнтры горада паглядзець на людзей, якія сабраліся нечакана для мяне так масава. І я там быў, але цяпер не пра гэта.
З якой жа цікавасцю я назіраў, як расследуецца гэта справа. Вы напэўна ведаеце, і я згадваў пра гэта, што я 17 гадоў прапрацаваў у крымінальным вышуку і я трошкі ўяўляю, як гэта ўсё робіцца: вышук злачынцаў, збор доказаў і ўсяго астатняга. Але гэтая крымінальная справа мяне здзівіла. То бок у нас зыходнае — гэта фатаграфія, на якой я зафіксаваны, гэта акт тралейбуснага парку і расстаноўкі транспарту. Далей ідзе нейкая дзіўная логіка, я б сказаў — нездаровая логіка і бясконцы палёт фантазіі. Я не ведаю, як растлумачыць довад, што "Вы дайшлі ў цэнтр горада", "А як вы ішлі назад?". Ну калі я жыву побач з цэнтрам горада, то я вымушаны неяк ісці, я не магу пераляцець ці пераплыць. А раз я туды ішоў, то я ў гэтым удзельнічаў цалкам свядома. Ну прыкладна такая логіка.
Вось спынены транспарт. Кім спынены — тут адвакат абгрунтавана задаваўся пытаннем. І абвінавачванне на яго не адказала: хто спыняў? з якой мэтай спыняў? Калі людзі прыйшлі ўжо пасля спынення, можа быць гэта дало нагоду, каб пазбавіцца ад таўкучкі і выйсці на вольнае месца, якім з'яўлялася ў тым месцы праезная частка. Бо гэта так проста. Але калі задача стаіць абавязкова пасадзіць у турму, таму што знаходжанне людзей супярэчыць нейкай рэвалюцыйнай мэтазгоднасці, бо гэта, на думку кагосьці там, нейкая там бяспека дзяржавы — тады вось з'яўляюцца падобныя справы, за якія сорамна.
Я ўпэўнены, што я буду рэабілітаваны. Я адсяджу, нічога страшнага. Усе сядзяць, і я адсяджу. І я ведаю дакладна, што я буду рэабілітаваны, і я ведаю дакладна, што вось такія справы будуць нагодай судовага разгляду, я ў гэтым упэўнены. Таму што ў любым іншым выпадку гэта будзе несправядліва, будзе незаконна ні паводле чалавечых, ні паводле божых законаў.
Я размаўляў шмат з кім, у тым ліку і з юрыстамі, якія маюць навуковыя веды, мы абмяркоўвалі гэту праблему. Яна ва ўсіх выклікае нуду, ніхто не можа растлумачыць з юрыдычнага пункту гледжання вось гэту непаўнавартасную логіку і гэты нейкі дзіўны збор доказаў, якія такімі не з'яўляюцца. Вы мне кажаце: "У вас быў намер". А я сцвярджаю, што ў мяне намеру не было. Таму што, калі б у мяне быў намер спыніць транспарт, я б знайшоў вуліцу, на якой ходзіць транспарт, і спыніў бы. Але Мінск вялікі, там не адна вуліца. Але не. Мне кажуць, што ў мяне быў намер ісці вось роўна туды і там быў спынены. Вось я ішоў з такім намерам. Але чаму вам не ўявіць, што ў гэты час на вуліцы Арлоўскай ішлі тралейбусы і, калі б я жадаў спыніць тралейбусы, то я б выйшаў і спыніў. Ну напэўна, калі б мне прыйшла такая цудоўная думка вар'яцкая. Але не, вось чамусьці мы апелюем такімі фактамі. Можа быць ёсць хоць 10 адсоткаў, якія датычаць неяк, астатняе, па-мойму, набор макулатуры, прабачыце мне, але я так успрымаю.
Таму я не магу пагадзіцца. Я хачу сказаць, і цяпер я кажу цалкам шчыра, я лічу, што справа распачатая незаконна, я лічу, што я пазбаўлены волі незаконна. У дачыненні да мяне здзяйсняецца злачынства. Таму што калі чалавека пазбаўляюць волі незаконна, значыць у дачыненні да яго здзяйсняюць злачынства. І мне гэта не падабаецца, і я спадзяюся, што ўрэшце рэшт прафесійныя якасці, чалавечыя якасці возьмуць верх і гэтаму будзе пакладзены канец, таму што з гэтым немагчыма мірыцца. Пры гэтым звяртаю ўвагу, у гэтым судзе прагучала некалькі сітуацыі, якія, скажам, кажуць пра тое, што ў той час, калі мы гэтыя рэчы, я нават не ведаю як гэта назваць, нават адміністрацыйна з вялікай нацяжкай можна казаць пра гэта, паведамілі пра злачынства, якое адбываецца ў ІЧУ, пра катавальныя ўмовы, пра збіванні… Слухайце, ну ніякай рэакцыі ў дзяржаўнага абвінаваўцы. Вось наогул ніякай. Вось мы абураемся, чаму людзі выйшлі на праезную частку — і зусім не звяртаем увагі на тое, што вакол дзеецца… (Суддзя паспрабаваў перапыніць Мікалая і супакоіць з-за падвышанага тону)
Вельмі складана казаць пра рэчы, якія выклікаюць абурэнне. Вось мая пазіцыя. Я не ведаю, пра што прасіць суд, таму што я ведаю з моманту пачатку суда і з моманту завядзення крымінальнай справы, я ведаў, што гэта скончыцца пазбаўленнем волі, таму на гэтым я заканчваю".
Далей выступіла Антаніна Кавалёва: "Знаходжанне ў турме — гэта бяда"
"Высокі суд, хацелася б яшчэ раз нагадаць, што, так, я цалкам прызнала сваю віну. У спрэчках было некалькі момантаў, якія я хачу растлумачыць. Абвінаваўца сказала, што я, даведаўшыся пра тое, што гучыць патрабаванне спыніць акцыю і разысціся, я працягвала свае незаконныя дзеянні. У той час, як я сама распавяла, што я спытала мінака, што там адбываецца, і ён мне патлумачыў, што міліцыя папярэджвае аб адміністрацыйнай адказнасці і папрасіла разысціся, і я сказала, што адразу ж павярнула назад і сышла. І яшчэ мне здаецца, аналіз маіх тэлефонных размоваў як раз не пацвярджаюць маё знаходжанне там. Я можа памыляюся, але мне падалося, што ў справе гэта адлюстравана. Як я і казала, я там не знаходзілася з 14:35 да 20:00. Далей хацела б сказаць, што ў мяне склалася такое ўражанне, што маё чалецтва ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі разглядаецца як абцяжваючыя абставіны. Партыя легальная, яна зусім легітымна дзейнічае, яна зарэгістраваная. Тут ужо гаварылася аб праве на свабоду меркаванняў і перакананняў, ёсць яшчэ артыкул Канстытуцыі аб праве ўдзельнічаць у грамадскіх арганізацыях і палітычных партыях. І дзейнасць мая ў гэтай партыі была цалкам легальная, легітымная, і была накіравана на тое, каб прынесці карысць грамадству.
У прынцыпе, я чалавек, які нарадзіўся, вучыўся і пачаў працаваць у Савецкім саюзе. А там так выхоўвалі, што трэба заўсёды прыносіць карысць грамадству. Я заўсёды старалася гэта рабіць. Я ўжо тут распавядала, што я яшчэ ў савецкі час была членам выбарчай камісіі. Пасля таго, як Беларусь стала незалежнай, я таксама старалася па меры магчымасцяў неяк праяўляць грамадзянскую актыўнасьць, каб менавіта прыносіць карысць грамадству.
І ў АГП, я распавядала, што займалася рознымі праектамі, у прыватнасці законапраектам аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, аб роўных правах і роўных магчымасцях жанчын і мужчын. Падчас падрыхтоўкі і папулярызацыі адвакацыі гэтых праектаў мы з маімі калегамі супрацоўнічалі ў тым ліку з дзяржаўнымі органамі: Міністэрствам унутраных справаў, Міністэрствам працы і сацабароны. Мы хадзілі абмяркоўваць нашы прапановы і нас запрашалі, да нас яны прыходзілі на нашы абмеркаванні. Яны давалі нам сваю статыстыку, яны таксама былі занепакоеныя колькасцю выпадкаў хатняга гвалту. Яны давалі нам лічбы і казалі, што няма інструментаў такіх, якія могуць перашкаджаць здзяйснення такога віду злачынства. І нашы прапановы, хоць самі законапраекты не былі прынятыя, былі ўспрынятыя ім. У прыватнасці былі ўнесены змены ў артыкулы адміністрацыйнага кодэкса, якія маюць адносіны да гвалту. І нават былі два разы ўнесены змены ў Закон. Там з'явіліся два вызначэнні аб тым, што такое гвалт. То бок з намі нармальна супрацоўнічалі і я лічу, што вось гэтыя вось нашы намаганні, яны прыносілі карысць.
<…>У партыі шмат вельмі добрых спецыялістаў высокага класа і яны пастаянна ўносілі свае прапановы на ўзроўні ўрада. Некаторыя нашы прапановы прымаліся. І маё чалецтва ў партыі не павінна разглядаццца як абцяжваючыя абставіны.
Хацела прынесці карысць грамадству, а зараз прапануецца расцэньваць гэта дрэнна. Знаходжанне ў турме — гэта бяда. Гэта бяда для любога чалавека. Там знайшлі лісты, якія я пісала зняволеным і іх адказы. Гэтыя людзі не ўсе мае знаёмыя, але я разумела, што турма — гэта бяда. Што людзі ў няшчасці знаходзяцца і мне хацелася неяк ім дапамагчы, неяк падтрымаць. Сярод усіх народаў, і сярод славянскіх народаў, прынята традыцыя дапамогі зняволеным. І я лічу, што мяне павінна гэта характарызаваць станоўча, а не разглядацца, як доказ маёй віны. Цяпер, калі я сама трапіла ў гэтую сітуацыю, я разумею, што людзям трэба было яшчэ больш дапамагаць, бо знаходзячыся ў зняволенні, ты трапляеш у сітуацыі, калі ты бездапаможны, а ў некаторых ты залежыш ад самавольства чалавека, які, магчыма, дрэнны чалавек, але які выдатна разумее свае службовыя абавязкі. Ён можа цябе зняважыць і яму нічога не будзе. Я не кажу, што так паступаюць усе, але так прынамсі паступалі супрацоўнікі ІЧУ на Акрэсціна. Таму што тыя ўмовы, у якіх я там знаходзілася, я магу расцэньваць толькі як катаванні. Я не буду цяпер на іх падрабязна спыняцца.
За час зняволення абвастрыліся ўсе мае захворванні хранічныя. Усе мае хваробы адлюстраваны ў матэрыялах справы, у хадайніцтвах, якія адвакат пісала. У мяне артэрыяльная гіпертэнзія. У мяне за тыдзень да затрымання здарыўся гіпертанічны крыз. Я літаральна напярэдадні затрымання здавала апошнія аналізы, каб ісці на лячэнне. У дзень затрымання мне выклікалі хуткую дапамогу, таму што ў мяне ціск быў дзвесце з чымсьці на сто дваццаць. І хуткая папярэджвала, што мяне трэба адразу шпіталізаваць. Але людзі, якія мяне затрымлівалі, яны не дазволілі. У мяне абвастрыўся гастрыт, а ва ўмовах зняволення няма дыеты. Вылечыць там немагчыма. Там можна толькі запусціць сваю хваробу, а ўлічваючы мой пенсійны ўзрост, мне 63 гады, я думаю, што калі мяне змясціць у месцы пазбаўлення волі на досыць працяглы тэрмін, то атрымліваецца, што я заплачу, за тое, у чым мяне абвінавачваюць, гадамі свайго жыцця. Пры гэтым гэта ўжо незваротна. У мяне вельмі моцна знізіўся зрок. У мяне, вядома, павышаецца ціск, бо няма свежага паветра, толькі адну гадзіну прагулкі ў дзень, а ў астатні час ты не можаш нармальна дыхаць і атрымліваць кісларод. У мяне ішымічная хвароба сэрца. У мяне арытмія, то бок парушэнне рытму — сэрца часам прапускае ўдар, пачынае неяк нераўнамерна біцца. Я прашу суд ўлічыць абставіны і не прызначаць мне пакаранне звязанае з пазбаўленнем волі. Дзякуй".
"Прашу суд не пазбаўляць мяне волі, не падвяргаць маё жыццё небяспекі", — Аксана Аляксеева ў апошнім слова
"Я вельмі шкадую, што 23 жніўня 2020 года я прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Я хачу сказаць, што я ні ў якім выпадку не чакала, што будуць такія наступствы, што мяне будзе судзіць крымінальны суд, вінаваціць у злачынстве. Але ва ўсякім выпадку падчас судовага разбору я прызнала сваю віну. Магчыма мая прысутнасць хоць і ўскосна, але паўплывала на тое, што быў спынены транспарт. Але ў дадзенай сітуацыі было непрадказальна ні для транспарту, ні для ўлады, ні для саміх удзельнікаў гэтага мерапрыемства, што выйдзе такая колькасць людзей.
Транспарт спынілі і гэта паслужыла нязручнасцю для жыхароў горада і для людзей, якія там знаходзяцца, працуюць або пражываюць. Я прашу ў іх прабачэння, я адчуваю сваю адказнасць. Мне шкада, што так адбылося, мне шкада, што я прыняла ў гэтым удзел. Я прызнаю сваю віну цалкам. Я раскайваюся. Калі я камусці даставіла нязручнасць, мне вельмі шкада, я гатовая папрасіць прабачэнне ў іх, у "Мінсктранса". Нельга было гэтага дапускаць. Я лічу сябе законапаслухмяным грамадзянінам і я за тое, каб выконваць Закон і не парушаць. У будучыні я магу паабяцаць, нават гарантаваць, што я не прыму ўдзел у якіх-небудзь акцыях, мерапрыемствах, і наогул не зраблю нічога такога, што парушала б Крымінальный ці адміністрацыйный кодэксы. Я лічу, што крымінальная адказнасць за мой удзел у гэтым мерапрыемстве, гэта жудасна, мяне гэта шакіруе, мне цяжка пра гэта казаць, таму я прашу суд не караць мяне пазбаўленнем волі.
Таксама я прашу ўлічыць мой стан здароўя. То бок, што такое параксізмальная тахікардыя ва ўмовах турмы: на Валадарскага ў мяне быў прыступ, і магчыма мне хацелі аказаць якасную дапамогу, але ў тых умовах гэта немагчыма. Прыступ не можа доўжыцца доўга, ён можа быць і паўгадзіны, але кожны раз ён пагаршае стан сэрца. На СІЗА прыступ доўжыўся больш за дзве гадзіны, бо не адразу выклікалі хуткую. Яго немагчыма зняць у гэтых умовах. Я баюся апынуцца ў такіх умовах, калі мне будзе немагчыма аказаць медыцынскую дапамогу. А такія ўмовы ў СІЗА, у дарозе і яны, вядома, ў калоніі. Я згодная прыняць любое пакаранне, але прашу суд не пазбаўляць мяне волі, не падвяргаць маё жыццё небяспекі. Бо пры параксізмальнай тахікардыі маё жыццё рэальна знаходзіцца ў небяспецы. Калі я знаходжуся дома, я выклікаю хуткую яшчэ да пачатку прыступу, а ў гэтых умовах гэта немагчыма. Я прыношу свае прабачэнні і прашу прызначыць мне пакаранне не звязанае з пазбаўленнем волі. Я абяцаю, што больш ніколі не парушу закон".
Падтрымайце Мікалая, Аксану і Антаніну тэлеграмамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Мікалай Георгіевіч Казлоў
Аксана Васільеўна Аляксеева
Антаніна Кліменцьеўна Кавалёва