"Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым". У Мінску судзяць лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дапоўнена
Суд Першамайскага раёна Мінска 1 лістапада пачаў разглядаць крымінальную справу супраць трох лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Аксаны Аляксеевай, Мікалая Казлова і Антаніны Кавалёвай. Судовы працэс вядзе суддзя Анастасія Кулік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Іна Зубко. Палітвязняў абвінавачваюць ва ўдзеле ў "Маршы новай Беларусі" ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Пры гэтым пракурорка на судзе цікавілася ў абвінавачаных, ці ўдзельнічалі ў выбарах, ці чыталі публікацыі ў "дэструктыўных" каналах і як ставіліся да сітуацыі ў краіне ў паслявыбарчы перыяд. "Вясна" распавядае, што адбываецца на першым судовым пасяджэнні.
Што вядома пра абвінавачаных?
Лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі затрымалі 27 ліпеня. Ім прад’явілі абвінавачванні паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Увесь час іх утрымлівалі ў СІЗА на Валадарскага.
Мікалай Казлоў — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады. З 28 снежня 2021 года адбываў тэрмін у баранавіцкім СІЗА-6. Яго ўтрымлівалі ў камеры аднаго і ў дрэнных умовах. За час зняволення ён атрымаў вымову ад адміністрацыі ізалятара і яго паставілі на прафулік як "схільнага да экстрэмізму". Мікалай цалкам адбыў тэрмін і 26 сакавіка 2022 года выйшаў на волю.
27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Паводле начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, "у жніўні 2020 года ён не толькі браў актыўны ўдзел у масавых бясчынствах на вуліцах Мінска, але і актыўна выкарыстоўваў грамадзян Беларусі ў нізінных мэтах сваіх куратараў. Мікалай Казлоў кіраваў радыкальна настроеным натоўпам, даваў пратэстоўцам указанні, заклікаў блакаваць дарогі і перашкаджаць праезду тэхнікі".
Палітык Анатоль Лябедзька у фэйсбуку паведаміў, што Казлову блакуюць ліставанне — ад яго амаль не даходзяць лісты. Акрамя гэтага, па словах Лябедзькі, палітвязня моцна збілі на Акрэсціна, таму на Валадарку яго прывезлі з «сінімі нагамі».
Лідара АГП Казлова асудзілі да трох месяцаў арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады
Антаніна Кавалёва — юрыстка, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, пенсіянерка. Мае досвед працы юрысконсульта, натарыуса, галоўнага спецыяліста Міністэрства юстыцыі. У Аб'яднанай грамадзянскай партыі з 2002 года. Працавала ў выканкаме АГП, два гады ўзначальвала Камісію па прававых пытаннях Нацыянальнага камітэта АГП. У 2012 годзе была абраная намесніцай старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Потым сышла з гэтай пасады.
Аксана Аляксеева — старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП. Вядома, што падчас ператрусу сілавікі выбілі дзверы ў кватэру Аляксеевай. Аксана — "сардэчніца", таму ёй увесь час трэба прымаць лекі.
На Акрэсціна Аксана захварэла на каранавірус, пасля чаго яе ўтрымлівалі ў "кавідным" аддзяленні ІЧУ. Праз гэтага доўгі час палітзняволеную не пераводзілі на "Валадарку", а перадачы для яе не прымалі.
Як праходзіць першы дзень суда?
Палітвязням ставіцца ў віну актыўны ўдзел у нядзельным Маршы ў Мінску 23 жніўня 2020 года — "Марш новай Беларусі".
Паводле абвінавачвання, Казлоў, Кавалёва і Аляксеева, з 14:35 да 20:00 23 жніўня 2020 году, знаходзячыся на праезнай частцы каля праспекту Незалежнасці ў Мінску, у выкананне публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных думак і пратэста, вядзенне дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі і якія пацягнулі парушэнне работы транспарта.
Актыўны ўдзел палітвязняў выявіўся ў тым, што яны "публічна выкрыквалі лозунгі, гучна пляскалі ў далоні, знаходзіліся на праезнай частцы, чым блакіравалі і перашкаджалі руху транспарту ў Мінску, у тым ліку гарадскога пасажырскага транспарта «Мінсктранса»".
Казлоў адзначыў, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць, бо гэта сумесь "дзіўнай логікі і нястрымнай фантазіі".
На пытанне суда, ці прызнае сваю віну, Казлоў адказаў:
"Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым".
Кавалёва прызнала сваю віну часткова, Аляксеева прызнала віну цалкам.
Падчас дачы паказанняў Антаніна і Аксана заявілі, што ў СІЗА ў іх адабралі бутэлькі з вадой, таму на судзе яна папрасіла даць ім вады.
Што кажуць на судзе фігуранты справы?
Першай дапыталі Антаніну Кавалёву. Дзяржаўная абвінаваўца пыталася, якую ідэалогію транслюе Аб’яднаная грамадзянская партыя, і якія мэты спрабуе дасягнуць. Таксама яе цікавала, ці вылучаўся ад партыі чалавек у прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе.
Антаніна Кавалёва распавяла, што даўно сышла з арганізацыі, не сачыла за палітычнай дзейнасцю іншых абвінавачаных. У жніўні 2020 года яна дома чула выбухі на вуліцы і ёй было страшна, але яна не збіралася выказваць свой пратэст супраць гэтага публічна. У той перыяд яна прачытала ў дзяржаўных СМІ, што ў Беларусі плануецца правядзенне дыялогавай пляцоўкі паміж народам і ўладамі. Таму ў дзень, калі яна выйшла на Марш, у яе былі надзеі на тое, што да людзей выйдуць прадстаўнікі ўлады для дыялогу.
"Я падумала, што гэта будзе гістарычны момант, мне хацелася на гэта паглядзець: сабраліся людзі і з імі нехта выйдзе размаўляць".
Па яе словах, ў абвінавачванні пазначаны недакладны час, бо яна прыйшла пазней за 14:30 — тады аўтобус не хадзіў, таму ёй прыйшлося ісці пешшу.
"Там было вельмі шмат людзей, я звычайна баюся вялікіх натоўпаў, але там усе людзі такія адкрытыя, таму я вырашыла пайсці па праспекце Незалежнасці".
Па словах Антаніны, міліцыянты не спынялі і не казалі, што яна парушае заканадаўства. Людзі на вуліцах былі вясёлыя і выказвалі пратэст мірна. Сама жанчына была з бел-чырвона-белым сцягам на плячах. Яна растлумачыла, што сцяг сімвалізуе незалежнасць Беларусі ў найноўшай гісторыі. Палітзняволеная ўдзельнічала ў акцыі пратэсту каля 30 хвілінаў і сышла адтуль, калі зразумела, што да людзей ніхто не выйдзе размаўляць.
Падчас суда яна распавяла, у якіх умовах яе ўтрымлівалі пасля затрымання:
"Я нічога не ела, у мяне не было пасцельнай бялізны. Я спала на падлозе, на лаўцы, пад лаўкай, пад сталом. Мяне не выводзілі на шпацыр, у мяне не было ручніка, туалетных сродкаў. Таму я сябе дрэнна адчувала і магла проста адключыцца".
Далей суд перайшоў да допыту Аксаны Аляксеевай. Пракурорка адразу спытала, ці ўдзельнічала палітзняволеная ў выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе.
Дзе менавіта планавалася "масавае мерапрыемства", жанчына не ведала. Яна адзначыла, што ніколі не сачыла за навінамі ў тэлеграм-канале "Нехта", бо не лічыла тую інфармацыю дакладнай. Аксана пацвердзіла, што ў яе быў з сабою белы сцяг з выявай "Каня" (заўв. сцяг АГП), рухалася яна па тратуару. Патрабаванняў разыйсціся ад міліцыянтаў яна не чула, толькі тое, каб людзі не выходзілі на праезную частку.
Аксана ўдзельнічала ў Маршы прыкладна паўтары гадзіны. Паводле яе словаў, калі трапляеш у натоўп, выйсці з яго ўжо складана. На праезную частку яна выйшла ўжо пасля таго, як грамадскі транспарт спыніўся. Ніхто з міліцыянтаў не казаў пратэстоўцам, што ўдзел у "масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах" — незаконны. І пра тое, што гэта прадугледжвае крымінальную адказнасць, а не адміністрацыйную, Аляксеева даведалася толькі ў 2022 годзе. Потым пракурорка зноў пачала цікавіцца, якую ролю выконвае Аляксеева ў арганізацыі. Але Аксана палічыла пытанне дзіўным і адмовілася ад адказу.
У Аксаны ёсць праблемы з сэрцам, таму ў яе час ад часу здараюцца прыступы, якія не пройдуць пакуль ёй не зробяць "хірургічную карэкцыю сэрца".
На судзе яна паведаміла, што сілавікі 27 ліпеня выбілі дзверы ў яе кватэру і, калі Аксану схапілі, у яе здарыўся сардэчны прыступ. Ёй выклікалі хуткую дапамогу. За час зняволення, як адзначае палітзняволеная, стан здароўя пагоршыўся. У СІЗА-1 на Валадарскага ў яе таксама здараўся прыступ, ёй адразу аказалі дапамогу, але хуткая прыехала толькі праз дзве гадзіны. Пры гэтым у шпіталізацыі ёй адмаўляюць, а лячыцца там магчыма толькі ў кайданках. Акрамя гэтага, ў зняволенні яна перахварэла на кавід.
Апошнім дапыталі Мікалая Казлова.
"Я ў сваёй дзейнасці кіруюся і Канстытуцыяй, і міжнародным правам, і тымі абавязаннямі, якія ўзяла на сябе Беларусь у галіне правоў чалавека. Таму я ў гэтым сэнсе паводжу сябе так, каб нічога не парушыць. Імкнуся, прынамсі. Але гэта складана з тых прычынаў, што, часам, у якасці лёгкай крытыкі да нас звяртаюцца з тымі ці іншымі палажэннямі закона".
Планаў удзельнічаць у нядзельным Маршы ў яго не было. Палітык адзначыў, што яму было цікава паглядзець на людзей, якія актыўна пачалі выказваць сваю пазіцыю. Мікалай дадаў, што сваю пазіцыю ён выказвае даўно, таму яму не абавязкова для гэтага выходзіць на вуліцу.
Казлоў настойваў на тым, што на Марш ён прыйшоў як грамадзянін Беларусі, а не палітык. Мэты перакрываць рух транспарту не было, бо на дарозе не было і транспарту. З сабою ў яго акрамя сцяга быў яшчэ і маленькі гучнамоўнік. Але ён яму не спатрэбіўся, бо ўсе пратэстоўцы паводзілі сябе карэктна і зычліва. Па словах Мікалая, у акцыі пратэсту ён удзельнічаў прыкладна 40 хвілінаў.
Палітвязень звярнуў увагу, што рух транспарту быў спынены ўладамі да таго, яе пратэстоўцы пачалі выходзіць на праезную частку. На яго думку, адсутнасць транспарту магло даць людзям разуменне, што на дарогу дазволена выходзіць.
"Галоўнае хараство 2020 года было якраз у тым, што гэта была мірная акцыя, то, як адно да аднаго ставіліся, для мяне гэта было адкрыццё, прыемнае здзіўленне. Ніякіх там хуліганскіх дзеянняў, без брыдкаслоўя".
Казлоў таксама здзівіўся, што ні суд, ні пракурорка не звярнулі ўвагі на бесчалавечыя ўмовы, у якіх утрымлівалі Кавалёву:
"Калі Антаніна Кавалёва расказвае, што знаходзілася ў жудасных умовах, калі яна была без пасцельнай бялізны. І мяне трохі закранула, што ніхто на гэта не адрэагаваў, у тым ліку дзяржаўная абвінаваўца, хоць трэба было б. Спытаць, можа быць, там здзяйсняецца злачынства, наўпрост сёння, цяпер".
Таксама вядома, што Казлоў дасылаў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў Акрэсціна, але адказу на яе не атрымаў.
Скаргу ён пісаў, калі яго ўжо перавялі з Акрэсціна. У СІЗА ён казаў следчаму, што ў яго вельмі апухлая нага, але ці прайшла праверка, ён не ведае. Але скарга тычылася не толькі яго, але ўсіх вязняў, якіх утрымліваюць у жудасных умовах.
Будзе дапоўнена. Суд працягнецца заўтра ў 10:00.
Падтрымайце Мікалая, Аксану і Антаніну тэлеграмамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Мікалай Георгіевіч Казлоў
Аксана Васільеўна Аляксеева
Антаніна Кліменцьеўна Кавалёва