"Хачу, каб вас адправілі на Украіну і там расхерачыла бомбай". Айцішніца распавяла пра здзекі ГУБАЗіКа
Супрацоўніцу ў IT-сферы Насцю (імя змененае ў мэтах бяспекі) затрымалі летам мінулага года за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Падставай стала фатаграфія з нядзельнага маршу на яе старонцы ў Instagram, скрыншот якой сілавікі зрабілі яшчэ пратэснай восенню, але прыйшлі па дзяўчыну толькі праз амаль два гады — перад тым, як яна збіралася ў Польшчу. Насцю пасля 10 сутак на Акрэсціна выпусцілі да суда пад заклад, але ў выніку за ўдзел у адной акцыі пратэсту ёй прызначылі два гады "хіміі". Насця распавяла "Вясне" пра здзекі ў ГУБАЗіКу, веганства на Акрэсціна і чаму яна вырашыла пакінуць Беларусь адразу пасля прысуду, хоць і не збіралася з'язджаць.
"Работайте, братья! Она должна быть наказанной"
Супрацоўнікі ГУБАЗіКа прыйшлі за Настай дадому летам 2022 года. Прычынай затрымання стала фатаграфія з аднаго нядзельнага маршу ў 2020 годзе, якую дзяўчына сама апублікавала пасля акцыі ў Instagram.
"Сілавікі адразу ж паказалі скрыншот маёй фатаграфіі ў Instagram. Па аватарцы, так як я ў той час іх часта мяняла, я зразумела, што скрын быў зроблены яшчэ ў кастрычніку 2020-га года і чакаў свайго часу. Напрыканцы лістапада — пасля смерці Рамана Бандарэнкі — я зрабіла сваю старонку ў Instagram закрытай. А ў пачатку 2021 года гэтую фатаграфію я наогул прыбрала ў архіў. Але потым у матэрыялах справы я ўбачыла, што на мяне нібыта паскардзіўся грамадзянін. Было паведамленне ад яго ў чат-бот "Предложка ГУБОП". Гэта нібыта ён даслаў гэтую фатаграфію і напісаў, што да гэтага часу не можа забыцца той жудасны дзень, калі ён кудысьці спазняўся, але не мог праехаць, таму што дзяўчына перакрыла шэсць палос руху. Ён потым нібыта мяне знайшоў праз агульных знаёмых, якія сказалі яму мае імя і прозвішча. Ён напісаў у бот: "Работайте, братья! Она должна быть наказанной и должна знать, что она натворила". Потым на судзе мой адвакат казаў, што гэта падобна на тое, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа самі гэта напісалі, але суд гэта не прыняў да ўвагі. На працэсе яго ўспрымалі, як рэальнага чалавека, хоць не дапытвалі ў якасці сведкі".
"Паедзеш у турму замест Польшчы"
Дзяўчына адзначае, што дзверы супрацоўнікам адчынілі адразу, бо ў гэты час у кватэры праходзіў капітальны рамонт. У мужа не ўзнікла ніякіх пытанняў, таму што ўвесь час хадзілі рабочыя, а трое сілавікоў былі ў цывільным адзенні. У гэты час Насця працавала ў навушніках у далёкім пакоі кватэры.
"Супрацоўнікі сталі адразу паводзіць сябе груба і пачалі пагражаць. Мужу казалі, што я прысяду ў турму надоўга. Потым яны прыйшлі да мяне ў пакой і спыталі, дзе мой пашпарт. А за дзень да гэтага я аддала яго на візу ў польскую амбасаду. Я сказала, што яго няма, на што яны адказалі: "Так, мы ведаем, у Польшчу сабралася з'ехаць? Хер табе — паедзеш у турму замест Польшчы". Потым, калі мяне вазілі, я пачула, што ў іх 25 тысяч адкрытых крымінальных спраў і ледзь ні на кожнага пратэстоўца ёсць тэчка. І калі ёсць нейкі трыгер, як у мяне, напрыклад, што я сабралася з'язджаць, то ты ідзеш раней спісу.
Калі яны прыйшлі, то я працавала ў майтках і станіку, таму што было спякотнае лета. Сілавікі забеглі да мяне ў пакой і пачалі паводзіць сябе супер-агрэсіўна, крычалі: "Быстро выходи!" Калі я папрасілася ў прыбіральню, то сілавік крыкнуў: "С*ать будешь с открытой дверью, а я буду тут стоять". Я тады спытала: "Вы думаеце, што я ў прыбіральню змыюся?" На гэта сілавік крыкнуў: "Ты мне угрожать еще будешь?" У выніку, мы дамовіліся на туалет з зачыненымі дзвярыма.
Потым у пакой прыйшоў іх галоўны, пачаў глядзець у працоўныя кампутары і крычаць: "А это чё, какие-то чаты смотришь?" Калі я сказала, што гэта мая праца, ён спытаў: "Чё, прям работаешь тут?" Я яму патлумачыла, што я працую ў IT-сферы і з часоў COVID я працую выдалена, у офіс нас так і не вярнулі. Супрацоўнік пачаў казаць, што ўсю рабочую гарнітуру трэба забіраць. Але добра, што на тэхніцы віселі налепкі з нумарамі і назвай кампаніі. Сілавік яшчэ патыкаўся ў кампутары, пазадаваў максімальна тупыя пытанні тыпу: "Ты чё реально тут работаешь?" і не стаў чапаць іх.
У мяне ў той дзень на працы быў рэліз. Ад мяне тады вельмі шмат чаго залежала. Я папрасіла папярэдзіць на працы, што мяне не будзе, але мне не дазволілі гэта зрабіць: "Нихрена, сами решат, что делать без тебя".
"І з майткоў таксама даставай, а то мы потым знойдзем"
Калі сілавікі забралі тэлефон Насці, то сказалі ёй "вымятацца" з уласнай кватэры. Дзяўчыне ўдалося прыхапіць з сабой нейкія рэчы ў пакеціку: майткі, туалетную паперу і байку.
"У мяне шмат праколаў з завушніцамі ў вушах, на гэта сілавік сказаў: "Здымай гэтыя ўсе цацкі". Калі я здымала іх, то ён мне сказаў: "І з майткоў таксама даставай, а то мы потым знойдзем". Я праз тое, што была ў такім стрэсе, я адразу не зразумела, што яны падазраюць інтымны пірсінг, якога ў мяне на самай справе няма, але ён прэвентыўна сказаў. Я тады падумала, што мне фізічна пагражаюць і сказала: "Вы што, і ў майткі мне будзеце лезці?" Тады ён павярнуўся да мужа і сказаў: "Ты либо её заткнёшь, либо либо мы её заткнём!"
Мужа яны таксама хацелі затрымліваць, таму што яны ўбачылі ў яго тэлефоне відэа з Маршу, але так як ён не быў у іх па плане, то яго пакінулі. Адразу яны сказалі, што грабуць дваіх, але потым патэлефанавалі, мабыць, начальству, але ім сказалі, што трэба забіраць толькі мяне. Мужу сказалі, што па яго прыйдуць пазней.
Калі мяне затрымалі і павезлі на Акрэсціна, то да яго яшчэ прыходзілі і стукалі. Потым пад домам пастаянна дзяжурылі машыны з супрацоўнікамі ў кепачках. Але па выніку, за ім не прыйшлі".
"Хачу, каб усіх цёлак сабралі ў адзін вялікі атрад, адправілі ва Украіну і каб вас там расхерачэла бомбай"
Затрымліваць Насцю прыйшлі трое сілавікоў. Сярод іх быў той, які адказвае за выпампоўку дадзеных з тэхнікі. У яго была адмысловая прылада, якую ён падключаў да тэлефона Насці і яе мужа. Пасля гэтага дзяўчыну павезлі ў ГУБАЗіК.
"Я не ведаю, што гэта за апарат — ён выглядае як квадратны генератар. Па дарозе сілавік зачытваў нашу бытавую перапіску з мужам і смяяўся. Казаў, што мой муж "даў*аёб". Потым знайшоў паведамленні пра Макса Каржа і смяяўся: "Ха-ха-ха, раз ён не любіць Каржа,то не такі ён ужо і даў*аёб". Потым ён у нашай перапісцы ўбачыў сцягі раёнаў — мабыць, я мужу скідала, якія мне спадабаліся. Тады ён спытаў: "Ты што, вырабляла гэтыя сцягі?" І я тады зразумела, што ён бярэ на блеф. Потым ён пачаў ціснуць на тое, што я "арганізатарка". Я яму распавяла, што гэта за сцягі і сказала, каб ён паглядзеў, у якім кантэксце я гэта скідала мужу, тады сілавік сказаў мне: "Завалі сваё е*ало".
Па дарозе ў ГУБАЗіК працягнуліся абразы і пагрозы. Насцю завялі праз чорны ўваход у будынак.
"Перад гэтым мяне паставілі ў калідоры тварам у сцяну. Адзін з супрацоўнікаў — каржакаваты і з бародкай — прывёў дзяўчыну ў іншы кабінет, а потым падышоў да мяне ўшчыльную ззаду і націснуў сваімі каленамі мне на ўнутраныя згіны каленаў. Сагнуў і сказаў, смеючыся: "Ну че, малая, як табе тут? Сёння столькі цёлак назбіралі". Я чула, як яны паміж сабой абмяркоўвалі, што ў іх шмат спраў і яны нічога не паспяваюць. Потым гэты супрацоўнік зноў да мяне падышоў і сказаў: "Ведаеш, малая, якая мая самая вялікая мара? Я хачу, каб вас усіх цёлак сабралі ў адзін вялікі атрад, адправілі на Украіну і каб вас там расхерачала бомбай на мільён частак". Я яму сказала: "Выдатныя ў вас мары..."
Пасля гэтага мяне адвялі ў кабінет, які нагадваў пакой 13-гадовай дзяўчынкі-фанаткі. Ён быў увесь у плакатах, стужачках, значаках, налепках і вісячых штучках на тэму: "Мачы хахлоў, смерць нацыстам, працуйце, браты". У гэты час я ўбачыла, як на лоб і кофту дзяўчыны наклеілі нейкія налепкі ў БЧБ-стылі і павялі здымаць відэа. Я таксама чакала нешта падобнае, але ў мяне былі здымкі без аксэсуараў".
"Усё лета наперадзе, а калі не скажаш пароль, то будзеш гніць два гады ў турме"
У ГУБАЗіКу ў Насці патрабавалі пароль ад двухфакторнай аўтэнтыфікацыі ад Telegram, але яна яго сапраўды не ведала.
"Гэта доўжылася каля гадзіны. Адзін супрацоўнік прыходзіў і казаў: "Глядзі, якое класнае надвор'е, усё лета наперадзе, а калі не скажаш пароль, то будзеш гніць два гады ў турме". Я яму сказала: "Значыць я буду гніць два гады". Ён плюнуў і сказаў: "Якая ж ты дура!"
Супрацоўнікі дапытвалі Насцю пра тое, хто зафіксаваны на яе фота на Маршы — мінакі трапілі на фота ўдалечыні. Дзяўчына іх не ведала.
"На мяне крычалі і запытвалі, з кім я хадзіла на Маршы. Я клялася, што хадзіла адна і не ведаю людзей на фота. Супрацоўнік назваў мне ўсе даты, на якія я хадзіла на Маршы, але потым гэта нідзе не фігуравала. Яны супалі, але, магчыма, ён блефаваў. Потым ён мне сказаў: "Хутка здавай тых, з кім хадзіла на Маршы. Паедзеш дадому, калі скажаш". Я настойвала на сваім, што нікога не ведаю. Ён мне зноў адказваў: "Ну і дура, будзеш сядзець".
З Насцяй у ГУБАЗіКу запісалі традыцыйнае "пакаяльнае" відэа дзе яна "прызнаецца", што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, але ў выніку яно нідзе не было апублікавана. Пазней пасля запісу, калі Насця была ўжо ў іншым кабінеце, супрацоўнікі даведаліся, што дзяўчына працуе ў IT-сферы і вырашылі, што на камеру ёй трэба таксама сказаць, колькі яна зарабляе. Яе адправілі перазапісваць відэа.
"Там быў супрацоўнік, які вельмі шмат смяяўся. Калі даведаўся, што я з IT-сферы, то пытаўся, навошта я гэта рабіла [хадзіла на Марш] і казаў, калі чалавек шмат зарабляе, то ён не павінен вылузвацца. Калі я яму назвала афіцыйную суму, якую я зарабляю па кантракце, ён быў незадаволены і настойваў, каб я назвала вялікую суму".
"Я ўсё разумею, але мне засталося пару гадоў да пенсіі. Таму не яна першая, не яна апошняя"
Пасля допытаў, здзекаў і запісаў "пакаяльных" відэа ў ГУБАЗіК Насцю прывезлі ў Следчы камітэт. Адразу дзяўчыну адправілі на асабісты дагляд і вопіс маёмасці ў асобны кабінет, дзе знаходзілася адна супрацоўніца гадоў сарака. Дзяўчыне сказалі распрануцца дагала, каб яе маглі агледзець.
"Там была адна жанчына, якая таксама задавала дзіўныя пытанні. Тыпу які IPhone ў мяне, калі я ёй сказала, што 11-ы, то яна адрэагавала: "Чым дакажаш? Як я зразумею, што гэта не падробка?" Яна ў мяне спытала, колькі мне гадоў, а потым сказала, што як да такога ўзросту — 30 гадам — не можа быць дзяцей, бо хутка ў мяне будуць не тыя органы і я не змагу нарадзіць. Дадала, што калі я нараджу ў 30, то калі дзіця пойдзе на выпускны, яна спадзяецца, што я "не пайду яго ганьбіць сваёй старой пысай". Гэтая жанчына мяне адчытвала і казала, што я няправільна жыву сваё жыццё. Вось маўляў яна зрабіла правільны выбар — прагаласавала за нашага прэзідэнта, а я пра што думала. Вось чатыры гады, як скончыла ўніверсітэт, а да гэтага часу займаюся нейкім глупствам".
Насця вырашыла, што прызнае, што сапраўды хадзіла на мітынг, была не згодная з вынікамі выбараў і была супраць прэзідэнта, але прызнаваць тое, што яна здзейсніла злачынства, яна не будзе. Дзяўчыне выдзелілі дзяжурнага адваката, які прысутнічаў на допыце.
"Калі мы зайшлі да следчага, то адвакат сказаў яму: "Мы ўс' будзем прызнаваць". На што следчы дзіўна адрэагаваў: "Сур'ёзна?!" Потым быў супер-лянівы допыт з пытаннямі: "У колькі прыйшлі? У колькі сышлі?" Потым аказалася, што мой дзяжурны адвакат і следчы — знаёмыя. Яны казалі пра сваіх агульных знаёмых, а потым мой адвакат сказаў следчаму: "Што ты робіш? Такая маладая дзяўчынка... Навошта ламаеш лёс?" На што ён адказаў: "Я ўсё разумею, але мне засталося пару гадоў да пенсіі, што я магу яшчэ з гэтым зрабіць? Таму, прабач, не яна першая, не яна апошняя".
"Думала, што Акрэсціна — гэта і ёсць маё пакаранне"
У Следчым камітэце ў Насці ўзялі адбіткі пальцаў. Адвакат спытаў, ці можна ён ёй прынясе вады, на што супрацоўнік ГУБАЗіК, які прыехаў за ёй, адказаў: "Захоча папіць — пап'е з лужыны". Пасля гэтага Насцю павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, але тады яна яшчэ не ведала, што супраць яе распачатая крымінальная справа.
"Мяне прывезлі роўна пасля вячэры. Як я даведалася потым ад іншых дзяўчынак, зрабілі гэта невыпадкова. Гэта спецыяльна робіцца.
Я тады яшчэ думала, што Акрэсціна — гэта і ёсць маё пакаранне. Мне ніхто не патлумачыў, што ў мяне за артыкул і што мне будзе. Я тады яшчэ пыталася ва ўсіх: "Дык я еду на Акрэсціна?" На такое мне нават ніхто нічога не адказваў".
На Акрэсціна са Следчага камітэта Насцю вёз супрацоўніка ГУБАЗіКа на машыне Volkswagen Polo, прышпіленай кайданкамі да бакавой ручкі над акном.
"Мяне пасадзілі на пярэдняе сядзенне, хоць раней увесь час вазілі на заднім. Супрацоўнік прышпіліў мяне кайданкамі і максімальна адсунуў сядзенне назад. Я вісела паралельна зямлі. Гэта была насмешка. Я спытала, навошта ён гэта зрабіў, на што ён адказаў: "Каб бяспечна мне было". Я яму сказала, што мне балюча, бо ў мяне ўсе мышцы нацягнутыя. Ён абурыўся, але з псіхамі вярнуў маё сядзенне амаль на месца. Цэлую дарогу ён ціснуў на мяне, а потым пачаў казаць факты з майго асабістага жыцця, якія не мелі дачынення да справы. Для мяне гэта выглядала так, што яны маўляў усё пра мяне ведаюць".
"А што ты жэрці будзеш? Ты ж здохнеш!"
Калі Насцю прывезлі на Акрэсціна, то ў кайданках і з маленькім пакетам рэчаў адвялі ў "стакан", дзе яе пратрымалі каля паўгадзіны. Пасля гэтага правялі асабісты дагляд — для гэтага дзяўчыне другі раз за дзень трэба было распрануцца да гола і папрысядаць. З красовак Насці сказалі выняць матузкі — яна не ведала, куды іх падзець, таму спытала ў даглядаючай супрацоўніцы, але тая сказала: "Мне по*хуй". Тады дзяўчына паклала матузкі ў пакет са сваімі рэчамі. Яна распісалася, што атрымала пасцельную бялізну, хоць яе ёй не выдалі. У Насці спыталі пра хранічныя захворванні.
"Я сказала, што ў мяне алергія на мяса і малачку. У мяне няма алергіі на гэтыя прадукты, але я гадоў дзесяць іх не ем, таму што я веганка. Супрацоўніца глядзіць на мяне і выдае: "Піпец, і што мы з табой рабіць будзем? А што ты жэрці будзеш? Ты ж здохнеш!" Я ёй сказала, што кажу як ёсць і я ж не ведала, што траплю ў турму і мне трэба загадзя нешта прадпрымаць у сувязі з гэтай сітуацыяй. А яна мне адказвае: "Злачынстваў не трэба было здзяйсняць, каб сюды не трапляць!" А потым дадала: "Ну нічога, кашы жэрці будзеш — не здохнеш".
Потым за мной прыйшлі два 18-гадовыя хлопцы і павялі ў камеру. Усю дарогу смяяліся і казалі: "Што ты там прэшся так павольна?", "Мала нахіляешся — ніжэй давай!" Потым яны мяне заштурхнулі ў камеру. У іх былі мае рэчы і я папрасіла аддаць, на што яны мне сказалі: "Мы пакінем каля дзвярэй — будзеш глядзець на іх і грэцца". Яны спецыяльна пакінулі пакет каля камеры і сказалі: "Бачны? Бачны".
Насцю змясцілі ў маленькую двухмясцовую камеру, дзе сярод пяці дзяўчат была толькі адна дзяўчына, якую таксама затрымалі па палітычным артыкуле, астатнія — па наркатычным і за "цяжкія цялесныя".
"У камеры была куча рэчаў са сметніка. Як мне потым патлумачылі, з суседніх камер мужчын, затрыманых за нявыплату аліментаў, адпраўляюць працаваць на сартаванне смецця на сметнік. Адтуль яны прывозяць розныя рэчы. Іх апрацоўваюць сухажарам, але іх ніхто не сцірае, таму яны такія смярдзючыя. Я адразу падумала, што які кашмар, а потым, калі замярзала, была рада любой анучы.
Нас у двухмясцовай камеры ўтрымлівалі шасцёрам. Я яшчэ тады не ведала, што гэта каралеўскія ўмовы. Мяне папярэдзілі, што ў камеры шмат блашчыц, а потым я і сама іх убачыла — бэжавая сцяна ўся была ў чырвоных падцёках у крыві, як быццам там забівалі кагосьці. Я адразу ўбачыла маленькіх блашчыц, а потым убачыла іх з памерам з пазногаць. Можна было прачнуцца сярод ночы, а на руцэ сядзіць пяць штук. Добра, што ў мяне няма алергіі на іх укусы, як у некаторых. У мяне былі ўкусы, як ад камароў, а ў некаторых дзяўчынак укусы блашчыц зліліся ў адзін велізарны ўкус і твар рабіўся круглым. Некаторых кусалі за вочы і вусны. Гэта не залежала ад таго, дзе ты спіш, а залежала ад чалавека".
"Адзін мужык крычаў, што ў яго зламаная нага, а медсястра адказвала: "І што, я табе гіпс буду накладваць тут?"
Праз пару сутак у двухмясцовай камеры змясцілі 12 жанчын. Насця, як веганка, цяжка перанесла суткі на Акрэсціна — яна схуднела з 55 кілаграм да 46.
"Ежа была жудасная — маглі даць суп, які складаецца з бульбяных ачысткаў. Каша была без солі, цукру і масла. Часта забывалі даць чай, а з крана ваду піць немагчыма, таму што адтуль цякла проста хлорка. Там вада, як у дзяржустановах. Калі давалі хоць адзін раз у дзень чай ці кампот — гэта было ўжо шчасце, але пры гэтым часта забывалі даць або казалі, што скончылася. На 12 чалавек неяк далі тры лыжкі, таму што скончылася ежа. Пры гэтым, давалі шмат хлеба. Але калі ты без вады ясі гэты хлеб, то набухае жывот.
Неяк на чарговай праверцы — "шмоне" — нас правяралі супрацоўніцы і адна, мабыць не мясцовая, павярнула мяне за плячо ад сцяны да сябе тварам, і я крыху страціла прытомнасць. Яна мне кажа: "Што ты, як мямля?" Я разумела, што няма ніякага сэнсу нічога казаць, але я спецыяльна сказала, што я не ем нічога, а я супрацоўнікам сказала, што ў мяне алергія. Тады яна спытала: "Дык чаго ты гародніну не ясі?" Дзяўчынкі пачалі падключацца да размовы і казаць, што нам не даюць гародніну. І мы чамусьці былі ўпэўненыя тады, што гэта на нешта паўплывае, але гэта нічога не змяніла".
Насця, як і многія былыя арыштанты і арыштанткі, адзначае, што на Акрэсціна праблемы з медыцынскай дапамогай:
"У мяне пачаўся цыстыт, таму што я спала на падлозе. Дзяўчынкі скардзіліся медсястры на ўкусы, на што яна адказвала: "Таму што вы не мыецеся, прыходзіце брудныя, і нас усіх тут заражаеце". У адной сукамерніцы было падазрэнне на рак. Яе затрымалі ў дзень біяпсіі, і ў яе з сабой была куча таблетак. Але на Акрэсціна не даюць шмат таблетак, каб ты не ўчыніў суіцыд там. Калі змянялася змена, то кожны раз пачынаўся на гэтую дзяўчынку крык. Яны крычалі, якая яна поскудзь і збіраецца забіцца на іх змене. Кожны раз даводзілася даказваць, што ў яе ўсё па пратаколе.
Крыкі чулі і з іншых камер. Адзін мужык крычаў, што ў яго зламаная нага, а медсястра адказвала: "І што, я табе гіпс буду накладваць тут?" Таксама мы чулі, што кагосьці б'юць і потым даведаліся, што мужыкам рэбры ламалі... Нас саміх не збівалі, але я ведаю гісторыі, калі і дзяўчат "пакалочвалі".
У перапоўненай камеры не выключалі святло, таму Насця апранала майку на вочы.
"Два разы ў нашай камеры труцілі блашчыц — на гэты час нас пераводзілі ў іншую камеру. Але калі мы вярталіся, у камеры было столькі блашчыц, колькі і было, таму што яны там не ў адной камеры — гэта ўсё нашмат больш сур'ёзна. Таму гэта была галачка, што мы маўляў усё зрабілі, а вы ўсё абураецеся. Потым яны пачалі казаць, што ніякіх блашчыц няма, а мы ўсё выдумляем. Тады мы сталі збіраць іх на паперку і сталі ім падсоўваць у кармушку, а яны казалі: "Прыбярыце гэтую брыдоту, самі з гэтым жывіце".
"Што я такога зрабіла, што мяне пасадзілі з гэтымі адмарозкамі?"
Па словах дзяўчыны, за дзесяць сутак па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) яна сустрэла каля 20 жанчын. Але сярод сукамерніц былі розныя жанчыны.
"З намі была дзяўчына, у якой была ломка — яна сядзела на метадоне і праходзіла лячэнне. Яна казала: "Якога хера мяне затрымалі — я ж нічога не зрабіла". Яе з намі патрымалі два дні — яна пакрычала па начах, таму што ў яе была ломка і адпусцілі дадому. Мы мяркуем, што гэта быў для нас замоўны госць.
Часам да нас падсаджвалі жанчын па іншых артыкулах. Яны тады абураліся дрэнным умовам і казалі, што яны не хочуць сядзець з палітычнымі. На праверках яны крычалі: "Перавядзіце мяне ў нармальную камеру! Што я такога зрабіла, што мяне пасадзілі з гэтымі адмарозкамі?"
У адной дзяўчыны не было першага допыту ў следчага. Мы абмяркоўвалі, што гэта дзіўна, а хтосьці сказаў, што не абавязкова ў першы дзень павінен быў быць допыт — ён можа быць у любы з дзён у гэтыя 10 сутак. А адна дзяўчынка сказала, што ёй следчы сказаў, што яны імкнуцца, каб допыт быў у адзін з першых дзён, таму што "мы потым смярдзім і з намі непрыемна сядзець", як ёй сказаў следчы.
На маім апошнім "шмоне" на Акрэсціна адзін з правяраючых знайшоў тыя самыя мазуткі. Я ж тады паклала іх у пакет, не ведаючы, што так рабіць нельга. А ў камеру іх забаронена праносіць, каб ніхто не павесіўся на іх. Мы хавалі іх ва ўпакоўцы з тампонамі, але іх знайшлі. І вось на праверцы, калі мы стаялі ў калідоры тварамі ў сцяну, выйшаў супрацоўнік і пачаў крычаць: "Чые мазуткі? Калі не павернецца тая, чые мазуткі, то ўсіх адправім у карцэр!" Я павярнулася — ён пачаў крычаць на мяне. Тады я сказала, як супрацоўнікі іх ведамства дапусцілі, каб я іх пранесла. Ён пачаў злавацца і біць гэтыя мазуткі: скакаць на іх, падкідваць іх і таптацца на іх. Мы ўсе глядзелі на яго і ўжо іншыя супрацоўнікі сказалі яму, каб ён супакоіўся".
"Я была ў шоку, калі толькі мяне з усіх выпусцілі пад заклад"
Насцю выпусцілі пад заклад да суда, але яна не ведае, як гэта адбылося — яна адзіная з камеры, каму выбралі меру стрымання, не звязаную з пазбаўленнем волі.
"Я толькі ў камеры даведалася, што ў мяне крыміналка, што 10 дзён на Акрэсціна — гэта не канец. Я адразу падумала, што я нейкая дурная і ў стрэсе не разумею нічога, але потым усе дзяўчынкі такія прыходзілі. Ніхто нікому нічога не тлумачыў. Гэта цяпер 342-ы артыкул на слыху ўжо, а тады — у 2022 годзе — толькі пачалі масава так за Маршы саджаць. І ў камеру заходзяць дзяўчынкі, а мы ім: "У цябе крыміналка". А яны не разумелі і казалі, што ўсяго толькі на Маршы хадзілі.
Калі я даведалася, што ёсць магчымасць, каб у якасці меры стрымання ўжылі заклад, то я адразу падумала: "Блін, дзе столькі грошай знайсці?" А потым я зразумела, што праблема не ў тым, дзе столькі грошай знайсці, а як зрабіць так, каб пагадзіліся. Нас было пяць жанчын па артыкуле 342 КК тых, хто напісаў заяву на заклад. Сярод іх былі жанчына, у якой падазрэнне на рак, жанчына, у якой непаўналетнія дзеці. Я разумела, што ў мяне няма шанцаў. І я была ў шоку, калі толькі мяне з усіх выпусцілі пад заклад. Я дагэтуль не ведаю, як так атрымалася... Пры чым, рашэнне прымаў не той следчы, які мяне дапытваў, а іншая, якая ніколі ў жыцці мяне не бачыла".
"Пракурорка ўвесь суд сядзела ў Instagram"
Праз некалькі месяцаў над Насцяй пачаўся суд паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Дзяўчына кажа, што яна была ўпэўненая, што суд не прызначыць ёй калонію або "хімію". За ўдзел у адной акцыі пратэсту яна разлічвала на год "хатняй хіміі".
"Я ўвесь час маніторыла "Вясну" і сачыла за судамі. Разумела, што тут няма ніякай логікі, але я спрабавала яе выбудаваць усё роўна. Я бачыла, што людзям за ўдзел у адным Маршы не даюць калонію. Я была ўпэўненая, што мне дадуць "хатнюю хімію".
На судзе, я выступіла добра. Я не хлусіла і не блыталася ў паказаннях. Я заявіла, што была не згодная з вынікамі выбараў, я хацела сумленных выбараў і г.д. Але, калі на мяне пачалі вешаць, што я не падпарадкоўвалася супрацоўнікам міліцыі, адмаўлялася пакідаць праезную частку, то я ўспрымала гэта як трызненне. Перад судом мне змянілі следчага, які казаў, каб я, галоўнае, прызнавала ўсё. Але я яму казала, што, калі я ўсё прызнаю, то мяне дакладна пасадзяць. І тое, што я казала на судзе, расцанілі, як непрызнанне віны.
Пракурорка ўвесь суд сядзела ў Instagram. Я бачыла, як яна гартае сторыс і пры адказах суду пальцам спыняла сторысы. Потым яны ўключалі нейкі кандыцыянер, праз які было вельмі дрэнна чуваць працэс.
На мяне вешалі, што я перакрывала рух, груба кажучы, з 13 да 19 гадзін. Яны бяруць маю раздрукоўку [з дадзенымі білінгаў] і бачаць, што я паўдні была наогул у іншым горадзе. І я толькі ў 14 прыехала ў горад. А кожная хвіліна — гэта вялікая сума. Адвакат пытаўся: "Як яна можа перакрываць рух, калі яе нават не было ў горадзе ў гэты час?" А яму адказваюць: "Так-так, мы вас пачулі". А потым у прысудзе пішуць, што няма падстаў лічыць словы адваката сапраўднымі. Проста навошта вы бераце гэтыя раздрукоўкі, калі яны для вас не з'яўляюцца ніякім доказам?"
"Да гэтага яны сядзелі з poker face лёс ламалі, а тут пачалі паказваць, што кайфуюць ад сваёй улады"
Пракурорка прапанавала пакараць Насцю двума гадамі абмежавання волі з накіраванне ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, таму што, як яна адзначыла, з улікам асобы дзяўчыны, яе "трэба ізаляваць ад грамадства добрапрыстойных грамадзян".
"Я адразу на судзе прадаставіла ім раздрукоўкі ад майго гінеколага за пяць гадоў, дзе пазначана, што ў мяне маецца хранічнае захворванне, што я павінна ўвесь час піць таблеткі і наведваць лекара. Акрамя гэтага, я падала дамову на навучанне на курсах у IT-сферы і пазначыла час, калі займаюся. Але ім было ўсё роўна на гэта.
Калі зачытвалі спрэчкі, я з мамай пачалі плакаць, то пракурорка нават адарвалася ад свайго Instagram і пачала ўсміхацца. Да гэтага яны сядзелі з poker face лёс ламалі, а тут, не саромеючыся, яны пачалі паказваць, што кайфуюць ад сваёй улады. Я была ў шоку".
"Я так любіла нашу краіну, што гатовая была цярпець усё дзеля таго, каб выкупіць магчымасць жыць на сваёй радзіме"
Суддзя прызначыла менавіта такое пакаранне, якое і прасіла пракурорка. Меру стрымання ў выглядзе закладу пастанавілі падоўжыць да накіравання дзяўчыны ў месца адбыцця пакарання. Маёмасць Насці пакінута пад арыштам да аплаты грамадзянскага пазову за "блакаванне дарог". Пасля прысуду яна адразу пакінула Беларусь.
"Нават з "хатняй хіміяй" у мяне быў гандаль з сабой і я думала заставацца. Хоць я разумела, што гэта таксама будзе цяжкім вопытам у маім жыцці. Але ўсё роўна я сябе супакойвала, што будзе больш гасцей дома. Але калі ты разумееш, што ты паедзеш на "хімію", дзе, хутчэй за ўсё, цябе зламаюць, як асобу... Гэта ж лёгкая зона, дзе за табой ходзіць канваір і сочыць. Гэта месца, дзе за любую правіннасць ты можаш паехаць на калонію. Акрамя гэтага, я разумела, што разгублю ўсе свае прафесійныя навыкі і здароўе. Таксама я разумела, што мяне могуць адправіць на якую-небудзь ферму, а я веганка і мне шкада жывёл. Ведаючы гэта, яны могуць гэта зрабіць спецыяльна, каб канчаткова зламаць маю псіхіку. Таму я вырашыла, што магу зрабіць для сябе больш карыснага, знаходзячыся ў іншым краіне, чым ламаючы сябе. Ад гэтага я не стану мацней і класней. Мае блізкім лепш будуць са мной мець зносіны па відэасувязі, чым разлічваць на нейкія эфемерныя сустрэчы, якіх не будзе. І я цяпер маю зносіны з дзяўчынкамі, якіх адправілі на "хімію", і гэта праўда — нікога ні на якія выходныя не адпускаюць, гэта ўсё фэйк.
Я так любіла нашу краіну, што нягледзячы ні на што, гатовая была трываць усё для таго, каб быць побач са сваімі сваякамі, выкупіць магчымасць жыць на сваёй радзіме, наведваць свае месцы сілы і дзяцінства. Мучыцца, каб атрымаць магчымасць застацца тут. Але суд стаў тлустай кропкай здзекаў нада мной: як быццам мне доўга сціскалі горла, а тут яго ўжо проста перадавілі. І тут я проста зразумела, што ў мяне забілі гэтую прывязанасць. Я як быццам прывязваюся да гвалтаўніка — гэта адносіны ахвяры і абьюзера. Любоў да гэтых усіх бярозкаў — яна ёсць, але калі раней гэта было на першым месцы, то цяпер яно адышло на другі план. Я зразумела, што я не магу больш трываць і што я не настолькі сябе не люблю".