Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні дзесяці новых палітычных зняволеных
Сумесная заява праваабарончай супольнасці Беларусі
30 сакавіка 2023 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную дзейнасць выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля задушэння грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі зрабілася істотна больш жорсткім і дапоўнілася новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, якія аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што яна праводзіць; таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
Арцём Бабкоў асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні за перадачу ў Telegram-канал звестак пра перасоўванне па тэрыторыі Беларусі транспарту расійскіх вайсковых падраздзяленняў паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Аляксандра Каско ўзятая пад варту за інтэрв'ю, якія былі даны інфармацыйнаму рэсурсу, прызнанаму экстрэмісцкім фармаваннем, па арт. 361-4 КК;
Валерый Цімашэнка асуджаны за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці — перадачу даных у Telegram-канал, прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, і арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 1 арт. 361-4 КК і ч. 1 арт. 342 КК да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Яраслаў Казакевіч узяты пад варту за перадачу здымкаў расійскай вайсковай тэхнікі, якая перасоўвалася па тэрыторыі Беларусі, Telegram-каналу, які прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем;
Дзмітрый Качаноўскі, Ксенія Алькенава і Юрый Адамаў узятыя пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-2 КК;
Мікалай Васілевіч і Дзмітрый Слук, узятыя пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці па арт. 290-1 КК;
Віктар Залатарэўскі ўзятыя пад варту па абвінавачанні ва ўдзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання і арт. 361-1 і арт. 361-4 КК за рэгістрацыю ў Telegram-канале.
Ацэньваючы прыведзеную інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычных падзей пасля 24 лютага 2022 г., асноўнай падзеяй якіх зрабілася ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну і акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, мы прыходзім да высновы аб тым, што ў гэтых выпадках грамадзянаў пераследуюць праз іх палітычныя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі і асацыяцыі.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітзняволеных Арцёма Бабкова, Аляксандру Каско, Валерыя Цімашэнку, Яраслава Казакевіча, Дзмітрыя Качаноўскага, Ксенію Алькенаву, Юрыя Адамава, Мікалая Васілевіча, Віктара Залатарэўскага, Дзмітрыя Слука;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Human Constanta;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі ПЭН;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.