viasna on patreon

"Лісты знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам". Як у жаночай калоніі ў Зарэччы здзекуюцца з палітзняволеных

2023 2023-03-04T09:46:11+0300 2023-03-04T13:56:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pk24.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дадзены момант у папраўчай калоніі № 24 у Зарэччы ўтрымліваюцца толькі тры палітзняволеныя: Алена Маўшук, Паліна Шарэнда-Панасюк, Вікторыя Кульша. Увесь час знаходжання ў гэтай калоніі жанчын рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар, у якім, па словах былых зняволеных, нечалавечыя ўмовы ўтрымання. Палітзняволеных пазбаўляюць спатканняў, перадач, а таксама знішчаюць лісты ад сваякоў. Кульша некалькі разоў трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі. "Вясна" распавядае, у якіх умовах утрымліваюць палізняволеных жанчын у калоніі для "рэцыдывістак", хто адказвае за ціск на іх, і як улады працягваюць пераследаваць ужо асуджаных жанчын.

pk24.jpeg
Зняволеныя жанчыны папраўчай калоніі № 24

Якія метады ціску выкарыстоўвае адміністрацыя калоніі супраць палітзняволеных жанчын?

У папраўчай калоніі № 24 утрымліваюць жанчын, якія паўторна здзейснілі злачынства. Цяпер там знаходзяцца толькі тры палітзняволеныя: Алена Маўшук, Паліна Шарэнда-Панасюк, Вікторыя Кульша. Ім рэгулярна выпісваюць спагнанні па надуманых прычынах і блакуюць ліставанне.Паліну і Вікторыю накіравалі ў Зарэчча толькі пасля таго, як іх па ініцыятыве адміністрацыі гомельскай калоніі № 4 асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Сваякам адміністрацыя калонія некалькі тыдняў не пацвярджала, што жанчыны там знаходзяцца, таму ў родных не было аніякай інфармацыі пра стан жанчын і дзе іх утрымліваюць.

Паліна Шарэнда-Панасюк — 2 гады і 2 месяцы ў зняволенні

Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк

Кароткая інфармацыя пра палітзняволеную:

Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Маці двух непаўнагадовых сыноў абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 364 (гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прызначыў жанчыне два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У канцы лютага 2022 года на Паліну завялі крымінальную справу пач. 2 арт. 411 КК, а пазней асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі. Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле. Нядаўна супраць яе ўзбудзілі ўжо новую крымінальную справу за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі".

На выязным пасяджэнні ў гомельскай калоніі 7 красавіка Паліну асудзілі яшчэ да аднаго года калоніі. Яе прызналі вінаватай у "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі". Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі шматлікія "парушэнні“ ўнутранага распарадку, за якія жанчына ўжо панесла пакаранне. Так, напрыклад, на яе складалі рапарты і выпісвалі спагнанні за тое, што яна "спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення"; "была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы, а таксама ўступіла ў камунікаванне з іншымі асобамі"; "выконвала фізічныя практыкаванні лежачы на падлозе ў забаронены час, зняўшы адзенне"; "расшпіліла пінжак".

Агулам за перыяд знаходжання ў гомельскай калоніі № 4 адміністрацыя знайшла 19 "парушэнняў", за 16 з якіх Паліне былі выпісаны спагнанні: шэсць разоў яе змяшчалі ў ШІЗА, тры разы пазбаўлялі пасылак і перадач, два разы пазбавілі спатканняў, адзін раз адправілі на дзяжурства, аднойчы пазбавілі кароткатэрміновага спаткання і закінулі ў ПКТ. У хуткім часе пасля этапу ў калонію Паліна была прызнана "злоснай парушальніцай рэжыму".

У чэрвені ёй пакінулі прысуд без зменаў і перавялі з СІЗА у папраўчую калонію № 24. Але ейны муж даведаўся пра гэта толькі праз месяц. Тады стала вядома, што па прыбыцці ў калонію яе змясцілі ў ШІЗА, дзе яна правяла 80 сутак амаль бесперапынна. Пасля гэтага яе адправілі ў ПКТ на паўгода і ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК. Але нават з ПКТ палітзняволеную пераводзілі ў штрафны ізалятар  на 40 дзён пры тым, што тэрмін ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ.

Андрэй Шарэнда пракаментаваў ціск на жонку і распавёў, у якіх умовах утрымліваюць жанчын у ШІЗА:

"Паліна ў ШІЗА з 13 студзеня. На 21 лютага няма звестак, што Паліна адтуль выйшла. Магчыма тэрмін пакарання карцарам быў прадоўжаны далей. Гэта мінімум 40 содняў бесперапынных катаванняў холадам, голадам і адсутнасцю сну. Жанчыны, якія сядзелі раней ў ПК-24, кажуць, што вытрымаць больш дзесяці дзён у мясцовым ШІЗА ўзімку проста немагчыма. У маразы камера цалкам прамярзае і пакрываецца шэранню. Холад і адсутнасць нармальнага харчавання ператварае кожную хвіліну знаходжання там у невыносную пакуту".

Цяпер жанчына чакае разгляд па новай крымінальнай справе, паводле якой ёй у чарговы раз могуць працягнуць тэрмін.

Вікторыя Кульша 2 гады, 3 месяцы і 27 дзён у зняволенні

kulsha_vitkory.jpg
Вікторыя Кульша

Кароткая інфармацыя пра палітзняволеную:

Палітзняволеную інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да 2,5 гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію. У чэрвені жанчыну асудзілі паводле арт. 411 КК і дадалі яшчэ адзін год у зняволенні. У новай папраўчай калоніі супраць яе зноў узбудзілі крымінальную справу паводле гэтага артыкула. 

Вікторыю, як і Паліну, судзілі за непадпарадкаванне адміністрацыі гомельскай калоніі № 4. Так, сярод "парушэнняў" у яе былі: "знішчэнне ліста, напісанага да дачкі"; "выйшла ў туалет, не папярэдзіўшы"; "была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы"; "знаходзілася з расшпіленым гузікам на паліто", "пры адкрыцці дзвярэй камеры не ўстала, не прывіталася, не назвалася". У калоніі палітзняволеную прызналі "злоснай парушальніцай рэжыму". У адносінах да Вікторыі агулам было выпісана 34 спагнанні.У гомельскай жаночай калоніі на выязным пасяджэнні 14 чэрвеня Вікторыі прызначылі ў дадатак да 2,5 гадоў калоніі яшчэ адзін год зняволення.

Паводле матэрыялаў справы, Вікторыя прыехала ў калонію ўжо з 24 спагнаннямі. На судзе яна заявіла, што "ад самага пачатку да яе было пільнае і староннае стаўленне з боку адміністрацыі". Яна ўпэўнена, што "абвінавачанне з'яўляецца цалкам надуманым", а вінаватай сябе не лічыць.

З матэрыялаў справы таксама вынікае, што да яе часта прыходзілі з незапланаванымі вобшукамі. Аднойчы ў ейных асабістых рэчах знайшлі невядомыя таблеткі, але Вікторыя не ведае адкуль яны ўзяліся. Але раней яна перадавала на волю інфармацыю пра тое, што ёй падкінулі таблеткі і пагражалі выставіць абвінавачванне паводле арт. 328 КК (абарот наркатычных сродкаў). Таксама падчас камунікавання з дзяжурным яна прапанавала таму здзець мундзір і не ганьбіць звання афіцэра, але зрабіла гэта ў карэктнай форме. Аднак рапарт за гэты выпадак усё ж такі атрымала.

У Зарэччы Вікторыя знаходзіцца з канца жніўня. Перад этапам Кульша была ўпэўненая, што ў новай калоніі ціск на яе працягнецца.

"Хутка будзе этап у ПК-24 і яна вельмі яго баіцца, бо на Зарэччы яе ўжо ведаюць і чакаюць. Яна ўпэўнена, што пасля этапу яе амаль адразу чакае ШІЗА ці ПКТ", — распавядала дачка палітзняволенай.

За паўгода ў новай калоніі Вікторыя адбыла 92 дні ў штрафным ізалятары, а нядаўна яе змясцілі ў ПКТ на шэсць месяцаў. 31 студзеня супраць Кульшы зноў узбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК.

"Сканчэнне тэрміну робіцца чымсьці няісным. Не разумею, як людзі ўвогуле могуць з калоніі выйсці", — пракаментавала Вікторыя ў лісце.

Акрамя гэтага, яна піша, што не атрымлівае лісты нават ад сваякоў ад 3 сакавіка мінулага году — "іх знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам".

Вядома, што Вікторыя некалькі разоў трымала галадоўку на знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі. Адміністрацыя калоніі ужывае супраць жанчыны фізічны і псіхалагічны ціск. Стан здароўя Вікторыі моцна пагоршыўся.

Алена Маўшук — 2 гады, 6 месяцаў і 21 дзень у зняволенні

Алена Маўшук з дачкой Юліяй. Фота з сямейнага архіва
Алена Маўшук з дачкой Юліяй. Фота з сямейнага архіва

Кароткая інфармацыя пра палітзняволеную:

Алена была затрыманая ўначы 10 жніўня 2020 года ў Пінску, у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках — жанчына нібыта з палкай замахваліся на супрацоўнікаў міліцыі (АМАП). Сяргей Маўшук не ведаў пра яе месцазнаходжанне і стан жонкі на працягу чатырох сутак з моманта затрымання. Пазней з ім звязалася сукамерніца жанчыны і распавяла, што Алена знаходзіцца ў камеры "голая, босая, збітая". Алену абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Суд Маскоўскага раёна Брэста 30 красавіка 2021 года асудзіў яе да 6 гадоў калоніі.

У Алены трое дачок: адна — паўнагадовая, дзве — малалетнія. 10-гадовую Ангеліну забралі ў сацыяльны прытулак, таму што муж Алены з'яўляецца яе айчымам. Пазней ў межах гэтай жа крымінальнай справы затрымалі і Сяргея. Цяпер ён таксама адбывае тэрмін у калоніі.

У папраўчай калоніі № 24 Алена была першай і доўгі час адзінай палітзняволенай. Праваабаронцам вядома, адміністрцыя моцна цісне на Алену: спачатку жанчыну пазбавілі ўсіх перадач і спатканняў з блізкімі, а пазней пачалі закідваць яе ў ШІЗА. У адной з тэлефонных размоваў з маці яна сказала, што ўсіх любіць, але не вытрымлівае. Палітзняволеная працяглы час знаходзіцца ў вельмі дрэнным псіхалагічным стане.

У студзені мінулага года яе муж Сяргей з лістоў ад дзяцей даведаўся, што Алена патэлефанавала і развіталася з імі:

"У Алены ўсё вельмі дрэнна і сумна. Патэлефанавала дадому дзецям са слязьмі, сказала: "Дзеці, бывайце!". Бяда! Каб хоць з сабой чаго не зрабіла.

Ёй там вельмі цяжка і сумна, у яе там усё вельмі дрэнна. Я думаю, вы павінны разумець, што гэта значыць".

Былая зняволеная нядаўна распавяла, што ў калоніі Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў:

"Вы проста ўявіць сабе не можаце, што робяць з яго [Сяргея Маўшука] жонкай у калоніі. Пакуль знаходзілася там, падтрымлівала, як магла, бацькоўскіх правоў пазбавілі наўпрост у калоніі, за самыя дробныя правіннасці — ШІЗА. Два месяцы знаходзіліся ў адной з ёй лакальным участку, Лена навучылася ўсміхацца. Мне так трывожна за яе. Лістоў ад не блізкіх сваякоў нас усіх пазбавілі з 17 лютага. Проста кажуць: "Табе не пішуць".

Усміхаюцца проста ў вочы і робяць што хочуць. Гэта страшна! Гэта вельмі страшна! Гэта вельмі цяжка маральна, у спробе "зламаць", усе сродкі добрыя. Лене ад мужа таксама часцяком не аддавалі лісты. Дзеці прыязджалі на спатканне. Камунікуюць па Скайпе".

Што вядома пра начальніка калоніі?

Начальнікам ПК-24 прызначаны палкоўнік Дзмітрый Курловіч. Вядома, што на гэтай пасадзе ён знаходзіцца толькі апошнія некалькі год.

Былая зняволеная, якая адбывала тэрмін у гэтай калоніі, у інтэрв'ю "Еўрарадыё" распавяла, што Курловіч вельмі жорсткі:

"…Там я праходзіла прэсінг. Прасавалі мяне як асуджаныя, так і адміністрацыя. Але я не хаваю, што вельмі ўдзячная, нават не пабаюся прамовіць... Ён цяпер начальнік калоніі ПК-24. Курловіч Дзмітрый Мікалаевіч. Я ўдзячная яму за тое, што ён быў са мной вельмі строгі, нават залішне. Але вось тое, што вы бачыце, у тым ліку яго заслуга.

Памяняла не зона. Ён загартаваў мяне... Ён бачыў, што я добры чалавек. І я скажу, што адразу не разумела і вельмі злавалася на яго. Я яго ненавідзела да такой ступені, што трындзец проста!"


Падтрымайце Паліну, Вікторыю і Алену лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць

Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк

Вікторыя Аляксандраўна Кульша

Алена Уладзіміраўна Маўшук

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства