Святлане Ціханоўскай — 15 гадоў калоніі "завочна", Паўлу Латушку — 18. Сёння вынеслі прысуды па "справе Каардынацыйнай рады"
У Мінскім гарадскім судзе 6 сакавіка ў завочным парадку асудзілі Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову, Марыю Мароз, Сяргея Дылеўскага. Суддзя Пётр Арлоў прызначыў Святлане 15 гадоў калоніі, Паўлу 18 гадоў калоніі, Вользе, Марыі і Сяргею 12 гадоў калоніі агульнага рэжыма "завочна". Дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Міхаіл Кавалёў.
Усіх абвінавачваных судзілі у межах адной крымінальнай справы. Агулам ім інкрымінавалі 12 артыкулаў. Першае судовае пасяджэнне адбылося 17 студзеня.
Суд пакінуў пад арыштам маёмасць абвінавачаных па “справе Каардынацыйнай рады”:
- зямельны ўчастак Латушкі для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў Мінскім раёне, капітальны будынак у аграгарадку Ждановічы, грошы на банкаўскіх рахунках (больш за 31,8 тыс. еўра і $21,8 тыс.), а таксама іншая маёмасць па рашэнню суда пакінута пад арыштам;
- такое ж рашэнне прынята ў дачыненні да маёмасці Мароз — адной пятай долі ў праве ўласнасці на капбудаванне, размешчанае ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці;
- пад арыштам таксама пакінуты ізаляванае памяшканне ў Мінску па Лагойскім тракце, аўтамабіль, грошы на рахунку ў банку, якія належаць Кавальковай, а таксама два аўтамабілі Дылеўскага;
- з Латушкі, паводле рашэння суда, павінен быць спагнаны ў даход дзяржавы вартасны эквівалент беспадстаўна атрыманай выгады ў суме 28254 рублі. Размова ідзе аб суме, эквівалентнай хабару, нібы атрыманаму ім на пасадзе міністра культуры.
Нагадаем, Следчы камітэт 20 кастрычніка 2022 года распачаў працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні ўсіх фігурантаў справы. 30 лістапада справу перадалі генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.
11 студзеня Святлана Ціханоўская звярнулася ў Мінскі гарадскі суд з патрабаваннем прадаставіць ёй права азнаёміцца з матэрыяламі справы па яе завочнаму суду. А таксама апавясціла суд аб тым, што збіраецца скарыстацца сваім правам на адваката. Яна таксама напісала Мінскай гарадской і Рэспубліканскай калегіям адвакатаў аб тым, што хоча звязацца з прызначаным ёй адвакатам і выпрацаваць пазіцыю.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што лічыць працэдуру завочнай судавытворчасці парушэннем базавых правоў і свабодаў чалавека.
Павел Латушка адмовіўся ад назначанага яму адваката. Паводле яго словаў, Следчы камітэт спрабуе стварыць бачнасць законнасці, але ў яго гэта дрэнна атрымліваецца. Таксама ён патрабаваў атрымаць копію пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы альбо аб прызнанні падазраваным. Але адпаведанага дакумента не атрымаў.
Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні абвінавачванага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс.
Сёння ў Мінску завочна будуць судзіць Святлану Ціханоўскую і іншых фігурантаў “справы Каардынацыйнай рады”