viasna on patreon

Сёння ў Мінску завочна будуць судзіць Святлану Ціханоўскую і іншых фігурантаў “справы Каардынацыйнай рады”

2023 2023-01-17T09:43:58+0300 2023-01-18T12:40:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zavoczny-sud_cikhanouskaja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 17 студзеня пачынаецца завочны суд над Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Вольгай Кавальковай, Марыяй Мароз, Сяргеем Дылеўскім. Справу вядзе суддзя Пётр Арлоў. Дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Міхаіл Кавалёў. Усе фігуранты справы знаходзяцца за мяжой. Агулам ім ставяць у віну 12 крымінальных артыкулаў.

Святлане Ціханоўскай ставяць у віну 10 крымінальных артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрымання будынкаў і збудаванняў);
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
  • ч.1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкіх фармаванняў і кіраўніцтва імі);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці);
  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
  • ч. 4 арт. 16 і арт. 382 (арганізацыя і кіраўніцтва самавольнага прысваення звання і ўлады службовай асобы);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме);
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Паўлу Латушку ставяць у віну 8 крымінальных артыкулаў:

  • ч.1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкіх фармаванняў і кіраўніцтва імі);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці);
  • ч. 4 арт. 16 і арт. 382 (арганізацыя і кіраўніцтва самавольнага прысваення звання і ўлады службовай асобы);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме);
  • ч. 3 арт. 426 (Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў);
  • ч. 3 арт. 430 (Атрыманне хабару).

Вользе Кавальковай ставяць у віну 5 крымінальных артыкулаў:

  • ч.1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме).

Сяргею Дылеўскаму ставяць у віну 4 крымінальныя артыкулы:

  • ч.1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці).

Марыі Мароз ставяць у віну 7 крымінальных артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрымання будынкаў і збудаванняў);
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
  • ч.1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім).

Нагадаем, Следчы камітэт 20 кастрычніка 2022 года распачаў працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні ўсіх фігурантаў справы. 30 лістапада справу перадалі генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.

11 студзеня Святлана Ціханоўская звярнулася ў Мінскі гарадскі суд з патрабаваннем даць ёй права азнаёміцца з матэрыяламі справы па яе завочнаму суду. А таксама апавясціла суд аб тым, што збіраецца скарыстацца сваім правам на адваката. Яна таксама напісала Мінскай гарадской і Рэспубліканскай калегіям адвакатаў аб тым, што хоча звязацца з прызначаным ёй адвакатам і выпрацаваць пазіцыю.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што лічыць працэдуру завочнай судавытворчасці парушэннем базавых правоў і свабодаў чалавека.

Павел Латушка адмовіўся ад назначанага яму адваката. Паводле яго словаў, Следчы камітэт спрабуе стварыць бачнасць законнасці, але ў яго гэта дрэнна атрымліваецца. Таксама ён патрабаваў атрымаць копію пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы альбо аб прызнанні падазраваным. Але адпаведнага дакумента не атрымаў.

Вынікі першага пасяджэння па “справе Каардынацыйнай рады”

Павел Латушка даслаў пісьмовы адвод адвакату на адрас Мінгарсуда. Абаронца пагадзіўся з хадайніцтвам, але суд яго не задаволіў, матываваўшы гэта тым, што ўдзел абаронцы ў працэсе абавязковы. Адвакаты Латушкі і Ціханоўскай хадайнічалі аб спыненні спецвытворчасці ў дачыненні падабаронных. Суд ім адмовіў.

Святлана Ціханоўская пракаментавала завочны суд над ёй:

“Пра суд я даведалася праз СМІ, а не з афіцыйнага апавяшчэння. Мне адмовілі ў праве ўдзельнічаць у пасяджэнні, а таксама атрымаць копіі абвінавачвання і пратаколаў. Імя і прозвішча майго абаронцы, прызначанага судом, мне паведамілі толькі ў мінулую пятніцу”.


У адказ на хадайніцтва Святланы Ціханоўскай ад 11 студзеня 2023 года аб прадастаўленні ёй матэрыялаў справы для азнаямлення, суд паведаміў, што азнаёміцца з матэрыяламі магчыма толькі ў памяшканні Мінгарсуда.

"Па выніках разгляду ёй патлумачана, што рэалізаваць права, прадугледжанае арт. 285 УПК, і азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы магчыма ў памяшканні Мінскага гарадскога суда", - паведамляецца ў прэс-службе Мінгарсуда. 

Падрабязнасці абвінавачвання па "справе Каардынацыйнай рады".

Згодна з абвінавачваннем, "за некалькі дзён да выбараў Святлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова, Марыя Мароз, а таксама асуджаныя Максім Знак і Марыя Калеснікава і іншыя асобы спланавалі і арганізавалі 9 жніўня 2020 года ў Мінску і іншых гарадах краіны несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Адзначаецца, што змоўшчыкі дзейнічалі сумесна з адміністратарамі і кіраўнікамі розных інтэрнэт рэсарсаў, у тым ліку тэлеграм-каналаў. Канчатковая мэта іх дзеянняў складалася ў адхіленні ад улады законна абраных і прызначаных асобаў у узвядзенне да ўлады іншых, у тым ліку на пасаду прэзідэнта ўдзельніцу змовы ЦІханоўску".

Спецыяльная вытворчасць – вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні абвінавачванага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс.

Што вядома пра пракурора па "справе Каардынацыйнай рады" і Святланы Ціханоўскай

Апошні вядомы сваімі запросамі вялікіх тэрмінаў для спецсувязіста Генштаба Узброеных Сіл Дзяніса Урада, для фігурантаў "справы змоўшчыкаў", а таксама фігурантаў "наркатычнай" справы "37". "Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора па гучнай "справе Каардынацыйнай рады".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства