viasna on patreon

Што вядома пра пракурора па "справе Каардынацыйнай рады" і Святланы Ціханоўскай

2023 2023-01-18T09:40:00+0300 2023-01-18T10:28:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kavaleu_8w.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 17 студзеня паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса пачалі завочна судзіць Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову, Марыю Мароз, Сяргея Дылеўскага — усе фігуранты справы знаходзяцца за мяжой. Гэта трэці судовы працэс у парадку спецыяльнай вытворчасці. Справу вядзе суддзя Пётр Арлоў, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Кававалёў. Апошні вядомы сваімі запросамі вялікіх тэрмінаў для спецсувязіста Генштаба Узброеных Сіл Дзяніса Урада, для фігурантаў "справы змоўшчыкаў", а таксама фігурантаў "наркатычнай" справы "37". "Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора па гучнай "справе Каардынацыйнай рады".

Пракурор Міхаіл Кавалёў
Пракурор Міхаіл Кавалёў

"Справа змоўшчыкаў"

З 29 ліпеня ў Мінскім абласным судзе ў выязным пасяджэнні разглядалі "справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Фігурантамі гэтай справы з'яўляліся палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, юрыст і адвакат з ЗША Юры Зянковіч. Судовы працэс праходзіў у адкрытым рэжыме. Суд вёў суддзя Уладзімір Арэшка, а дзяржабвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Кавалёў. 

Суд 29 ліпеня

30 жніўня па гучнай справе ўжо адбыліся спрэчкі. 

"Аператыўны эксперымент дазволіў не дапусціць ваеннага перавароту і кровапраліцця", — падкрэсліў пракурор Кавалёў, выступаючы ў спрэчках.

 У выніку пракурор запрасіў фігурантам справы ад трох да 12 гадоў пазбаўлення волі. Суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў 5 верасня меншыя тэрміны — ад 2,5 да 11 гадоў калоніі.

Краўчук і Галубовіч ужо цалкам адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю. Фядута і Кастусёў накіраваныя ў калоніі. А Зянковіча яшчэ раз паспелі асудзіць па новай крымінальнай справе ў Мядзеле.

Справа палітзняволенага Дзяніса Урада

Дзяніс Урад на судзе
Дзяніс Урад на судзе

Кавалёў падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачванне супраць 30-гадовага палітзняволенага спецсувязіста Генштаба Узброеных Сіл Дзяніса Урада, асуджанага да 18 гадоў калоніі. Дзяніс быў затрыманы 15 сакавіка 2021 года. Паводле інфармацыі праўладных СМІ, 14 сакавіка на дзяжурстве Урад сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны пра ўцягванне вайскоўцаў Узброеных Сіл у дзейнасць па падтрымцы правапарадку і "адправіў польскаму тэлеграм-каналу". Верагодна, гаворка ідзе пра прызнаны ўладамі экстрэмісцкім тэлеграм-канал Nexta. У лісце міністр унутраных спраў прасіў накіраваць 50 вайскоўцаў "для аховы аб'ектаў, якія належаць дзяржаўнай ахове і забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і функцыянаванне транспарту, і аб'ектаў, што ўяўляюць падвышаную небяспеку для жыцця і здароўя людзей" у вёсцы Бараўляны і Копішча Мінскага раёна, дзе насамрэч былі сканцэнтраваны ачагі мірнай пратэснай актыўнасці грамадзян.

14 траўня 2021 года з паведамлення Генеральнай пракуратуры стала вядома, што Вярхоўны суд асудзіў Дзяніса Урада паводле ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве, асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца) да 18 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама пастановай Вярхоўнага суда яго пазбавілі звання капітана. 

Пракурор Міхаіл Кавалёў
Пракурор Міхаіл Кавалёў

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Але пасля суда ў дзяржаўных медыя з'явіліся каментары дзяржаўнага абвінаваўцы па справе Міхаіла Кавалёва: 

"Дзеянне Урада, выказанае ў форме выдачы дзяржаўных сакрэтаў, а таксама іншым аказанні дапамогі замежным арганізацыям і іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, прычынілі істотную шкоду нацыянальным інтарэсам. З улікам высокай грамадскай небяспекі зробленага Ураду прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на тэрмін 18 гадоў без штрафу".

Прысуд набыў моц з моманту абвяшчэння, абскарджанню, апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягаў.

Тэрмін Дзяніс адбывае ў наваполацкай калоніі №1. Але праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што 22 жніўня адбыўся суд аб пераводзе палітзняволенага ў іншую папраўчую ўстанову і змене рэжыму. Па рашэнні суддзі Вольгі Баліка яго перавялі на турэмны рэжым. 21 верасня cтала вядома, што Дзяніс Урад быў пераведзены ў магілёўскую турму №4. 

"Справа трыццаці сямі" 

Зала ў СІЗА-1, дзе праходзіў суд на 37 абвінавачанымі
Зала ў СІЗА-1, дзе праходзіў суд на 37 абвінавачанымі

У 2019 годзе пракурор Міхаіл Кавалёў выступаў дзяржаўным абвінаваўцам па рэзананснай справе аб наркагандлі з 37 абвінавачанымі. "Справа трыццаці сямі" — адзін з самых масавых працэсаў за апошні час. Следства па справе цягнулася амаль тры гады. Усе абвінавачваліся ў незаконным абароце наркатычных сродкаў і ў стварэнні і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі.Тады пасяджэнне вырашана было правесці наўпрост у мінскім СІЗА № 1, таму што ні ў адным будынку суда не знайшлося залы, здольнага змясціць такую вялікую колькасць удзельнікаў судовага працэсу. Па запыту пракурора фігурантам справы па былі прызначаныя тэрміны да 14 гадоў калоніі.

29 студзеня 2021 года стала вядома, што ў карцары папраўчай калоніі № 1 Наваполацка знойдзены мёртвым фігурант "справы 37-мі" Андрэй Дубік, асуджаны да адзінаццаці з паловай гады. Абураныя прыхільнікі рэпера могуць не ведаць, што ў калонію Дубік трапіў пасля затрымання з 0,044 г марыхуаны. Пры затрыманні Арцёма збілі. Яго сваякі пішуць, што заўсёды падтрымлівалі яго псіхалагічна:

"Адказаў на лісты не было з 8 студзеня, ён знаходзіўся ў карцары. Сёння [29 студзеня 2021 года] раніцай патэлефанавалі і паведамілі пра тое, што павесіўся. Скардзіўся толькі на псіхалагічны ціск з боку адміністрацыі. У лістах пісаў, што маральна дрэнна сябе адчуваў, але стараўся трымацца".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства