Ад 3 да 12 гадоў калоніі — пракурор запрасіў тэрміны па "справе змоўшчыкаў" Дапоўнена
Мінскі абласны суд месяц у выязным пасяджэнні працягвае разгляд "справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 16 месяцаў. Усе, акрамя Кастусёва, прызналі віну, а Зянковіч заключыў дасудовае пагадненне. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. Сёння па справе адбываюцца спрэчкі бакоў, падчас якіх дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кавалёў запрасіў фігурантам тэрміны.
У пачатку спрэчак дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што ключавы фігурант справы Юры Зянковіч выканаў ўмовы здзелкі са следствам, піша Sputnik. Пракурор, выступаючы ў спрэчках, заявіў, што Зянковіч, знаходзячыся на тэрыторыі ЗША і РФ, арганізаваў змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі, фізічнай ліквідацыі кіраўніка дзяржавы і разам з Дзмітрыем Шчыгельскім кіраваў злачыннымі дзеяннямі змоўшчыкаў.
"Асноўным доказам вінаватасці Зянковіча, Фядуты і Кастусёва ў змове з мэтай звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам лічу дадзеныя аператыўнага эксперыменту", – сказаў дзяржаўны абвінаваўца.
Выступаючы ў спрэчках, пракурор заявіў, што Зянковіч прыбыў у Беларусь 5 жніўня 2020 года і па ўзгадненні з Дзмітрыем Шчыгельскім пачаў шукаць удзельнікаў змовы, у тым ліку і сярод вайскоўцаў, радыкальна настроеных грамадзян. Праз месяц ён сустракаўся з Мікалаем Аўтуховічам, з якім абмяркоўваў учыненне змовы.
Дзейнасць Зянковіча не выслізнула ад беларускіх спецслужбаў. Афіцэр Генеральнага штаба УС Іван Жураўскі быў прыцягнуты да аператыўнага эксперыменту і правёў сустрэчу з Зянковічам. Дзяржаўны абвінаваўца пры гэтым асабліва падкрэсліў, што правакацый з боку спецслужбаў падчас следчага эксперыменту не было, ініцыятыва здзяйснення змовы з мэтай звяржэння ўлады ў Беларусі зыходзіла ад Зянковіча.
"Аператыўны эксперымент дазволіў не дапусціць ваеннага перавароту і кровапраліцця", — падкрэсліў дзяржаўны абвінаваўца, выступаючы ў спрэчках.
На думку пракурора, два фігуранты справы – Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч – не бралі ўдзел у змове, накіраванай на захоп улады неканстытуцыйным шляхам.
У выніку, пракурор Міхаіл Кавалёў запрасіў наступныя тэрміны па "справе змоўшчыкаў":
- палітолагу і літаратуразнаўцу Аляксандру Фядуту па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) — 12 гадоў калоніі;
- кіраўніку партыі БНФ Рыгору Кастусёву па ч. 1 арт. 357 КК — 12 гадоў калоніі;
- юрыст Юрыю Зянковічу па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) — 12 гадоў калоніі;
- актывісту і дальнабойшчыку Дзянісу Краўчуку па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — тры гады калоніі;
- супрацоўніцы мінскага офісу Зянковіча Вользе Галубовіч па ч. 1 арт. 342 КК — тры гады калоніі.
Прысуд будзе абвешчаны 5 верасня.
Храналогія суда:
Суд па "справе змоўшчыкаў": закрыты допыт укаранёнага сілавіка
Падтрымліваў дзяржабвінавачванне па справах "37", палітвязня Урада: што вядома пра пракурора па "справе змоўшчыкаў"
"Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора па гэтай гучнай справе.
Суд па "справе змоўшчыкаў": пад канвоем дапытваюць палітзняволеных прафсаюзнікаў
Суд па "справе змоўшчыкаў": Зянковіч прызнаў віну і папрасіў прабачэння ў астатніх фігурантаў
Тыдзень суда па "справе змоўшчыкаў": падрабязнасці той самай сустрэчы ў рэстаране Зянковіча і "сілавіка"
Пяты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": допыт сведкаў
Чацвёрты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": азнаямленне з матэрыяламі справы
"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.
Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута і Галубовіч даюць паказанні
Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў
"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.
Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"
"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.
У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?
Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".
Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.
Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.
Раней КДБ паведамляў, што па гэтай крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 16 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне.
Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Вольга Пятроўна Галубовіч
Дзяніс Пятровіч Краўчук
Юры Леанідавіч Зянковіч
Рыгор Андрэевіч Кастусёў
Аляксандр Іосіфавіч Фядута