viasna on patreon

Да 11 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе змоўшчыкаў"

2022 2022-09-05T15:13:37+0300 2022-09-06T10:27:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_zmouchzyki_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі абласны суд 5 верасня агучыў прысуды па рэзананснай "справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады", працэс па якому цягнуўся з 29 ліпеня. На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 16 месяцаў. Усе, акрамя Кастусёва, прызналі віну, а Зянковіч заключыў дасудовае пагадненне. Суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў ад 2,5 да 11 гадоў калоніі – пракурор Міхаіл Кавалёў запрашваў усім большыя тэрміны.

  • палітолагу і літаратуразнаўцу Аляксандру Фядуту па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • кіраўніку партыі БНФ Рыгору Кастусёву па ч. 1 арт. 357 КК — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • юрыст Юрыю Зянковічу па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) — 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • актывісту і дальнабойшчыку Дзянісу Краўчуку па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму; 
  • супрацоўніцы мінскага офісу Зянковіча Вользе Галубовіч па ч. 1 арт. 342 КК — два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пракурор Міхаіл Кавалёў запрашваў усім большыя тэрміны.

Што палітвязні казалі ў апошніх словах?

Першым на судзе апошняе слова прамовіў Аляксандр Фядута, піша Sputnik. Ён заявіў, што, па яго думку, гэта змова была арганізавана ў выніку аператыўнага эксперыменту.

"Так ці была змова — не падмацаваная ні грашыма, ні планамі і вайсковымі сувязямі?" — задаў рытарычнае пытанне Фядута.

Разам з тым ён адзначыў, што паўдзельнічаў у ёй.

"Калі я ў яе верыў, значыць яна існавала. (...) Я паверыў у змову ваенных таму, што хацеў у яе паверыць", — сказаў Фядута.

Выступ абвінавачанага доўжыўся ў судзе больш за паўгадзіны — ён зачытваў яго з ліста. Ён таксама заявіў, што ў яго не было ні карыслівых, ні нізінных мэтаў.

Лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў, выступаючы з апошнім словам у судзе, заявіў, што ён не даваў згоды на ўдзел у змове. З ягоных словаў, ён удзельнічаў у зумах для таго, каб знайсці нейкі выхад з санкцыйнага ціску на краіну. Па яго словах, яго ўдзел быў з адзінай мэтай — прынесці карысць Беларусі.

"Запрашэнне да змовы з боку Зянковіча — балбатня і фэйк", — сказаў ён.

Пры гэтым нагадаў суду, што не прызнае віну, а пры прызначэнні пакарання папрасіў ўлічыць, што ў яго сур'ёзнае захворванне. Акрамя гэтага, ён заявіў суду, што мае намер напісаць яшчэ адну кнігу — гэта будуць мемуары. Там ён напіша пра ўсіх удзельнікаў судовага працэсу. У канцы апошняга слова ў судзе ён прачытаў верш, прысвечаны сваёй адвакатцы Аленскай.

Апошняе слова ў судзе Юрыя Зянковіча доўжылася некалькі хвілін — ён працытаваў некалькі фраз з кнігі "Гісторыя схаванай галавы".

Вольга Галубовіч падчас апошняга слоў плакала, казала, што сама прыняла рашэнне не ўдзельнічаць у пратэсных акцыях:

"Гэтыя 17 месяцаў у СІЗА жудасныя, без дзяцей і мамы. І яшчэ паставілі на ўлік як экстрэмістаў».

Паводле яе словаў, гэта 17 месяцаў суцэльнага пакарання, нягледзячы на тое, што яна сама напісала прызнавальнае паказанне.

"Тры гады гэта проста жорстка", — сказала яна, ацэньваючы тэрмін, які папрасіў для яе пракурор.

Дзяніс Краўчук яшчэ раз заявіў аб сваім раскаянні ў зробленым і папрасіў суд не прызначаць яму пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, а пры вынясенні прысуду ўлічыць яго раскаянне.

"Лукашэнка баіцца настолькі, што толькі раскручвае махавік рэпрэсій". Апошняе слова Аляксандра Фядуты

Пазней "Радыё Свабода" апублікавала поўны тэкст апошняга слова палітзняволенага літаратару Аляксандра Фядуты:

«[...]Перадгісторыя „змовы“ — стварэнне двума беларускімі эмігрантамі — Дзмітрыем Шчыгельскім і Юрасём Зянковічам — Youtube-каналу з дурацкай назвай «Сиреневенький бесперспективняк» у красавіку 2020 году. На якім яны «мачылі» беларускую ўладу даволі груба, часам у хамскіх выразах.

Рана ці позна гэта павінна было прыцягнуць увагу нашай глыбока ранімай улады. Улічваючы тое, што Зянковіч бываў на радзіме і валодаў тут нерухомасцю, яго ўзялі ў распрацоўку, праўдападобна, мяркуючы, што за ім нехта стаіць. Пагатоў, два балбатуны ў сваіх перадачах упарта прасоўвалі ідэю, што без войска любая спроба зрынуць Лукашэнку, застаючыся ў рамках заканадаўства, прапанаванага Лукашэнкам, падпісанага Лукашэнкам і выкарыстоўванага Лукашэнкам у інтарэсах Лукашэнкі, немагчымая і бессэнсоўная.[...]

Аднойчы незнаёмы чалавек скінуў мне паведамленне, дзе прапанаваў сустрэцца. [...] Як гаварылася ў фільме «О бедном гусаре замолвите слово»: «Вы взялись помогать жандарму». — «Но это ведь наши жандармы». У фільме ў шчырасць такой пазіцыі не паверыў нават жандар. Але мы не ў фільме, а ў жыцці. У людзей розныя матывы. Я ў шчырасць сведкі Жураўскага і яго гатоўнасць дапамагаць верыў беспярэчна.

Першая сустрэча Зянковіча з Жураўскім адбылася ў Мінску ў канцы жніўня, другая ў Гродне 12 верасня. Менавіта з таго дня варта адлічваць гісторыю «змовы», лідарам якой чамусьці лічыцца Юрась Зянковіч. З праслуханых тэлефонных размоваў вынікае, што менавіта Жураўскі ініцыюе большасць размоў, патрабуе ад Зянковіча адказу, але ў таго няма ані грошай, ані плану дзеянняў. Гэта праблема «калектыўнага Жураўскага» — без гэтых двух складнікаў ніякай змовы не выходзіць. Усё, на што хапае магчымасцяў Зянковіча, — дастаць з асабістых ашчаджэнняў пяць тысяч даляраў і выдаць іх на бягучыя расходы.

[...] Супрацоўнік КДБ, у задачу якога ўваходзіла адміністраванне аднаго з найбольш радыкальных чатаў, перасылае Зянковічу план «Цішыня» — адзіны дакумент, у якім дакладна сфармуляваны план забойства Лукашэнкі, а той перасылае яго Мікалаю Аўтуховічу і Івану Жураўскаму. Але Аўтуховіч адразу бачыць у гэтым правакацыю і адмяжоўваецца.

План забойства «першага» сапраўды быў, пры гэтым аўтара гэтай крывавай фальшыўкі ніхто не шукае. Дзеля Рамана Пратасевіча ледзь не збанкрутавалі ўсю беларускую авіяцыю, а тут цішыня. Можна скласці слоўны партрэт. Нават не імітуюць пошукі! Бо раптам знойдуць!

[...]Жураўскага тым часам чакае расчараванне: амбіцыі Зянковіча, яго незадаволенасць трэцяраднай роляй у апазіцыі не даюць яму дамовіцца з аніводнай уплывовай эмігранцкай структурай. У выніку ў адваката толькі 16 тысяч даляраў і тры тысячы беларускіх рублёў. Уяўляеце, колькі крыві можна праліць на гэтыя грошы? Чынгісхан адпачывае.[...]

Становіцца ясна, што Зянковіч — пустышка. І ўсё ж позна адмяняць правакацыю — ужо паднялі ФСБ Расеі, ужо папярэдзілі Лукашэнку. «Пустышку» бяруць. Каб не апраўдвацца, Пуціну дакладваюць аб раскрыцці «крывавай змовы пад кіраўніцтвам ЦРУ». Пуцін верыць, і нават расказвае пра гэта свайму амерыканскаму калегу. У адказ — непаразуменне: пра «змову» не ведаюць ні ў ЦРУ, ні ў Дзярждэпартаменце, ні ў апараце самога прэзідэнта ЗША. Пуцін аказваецца ў ролі клоўна, а таму і арганізатарам няма куды адступаць — за імі Масква. Калі ўсё правалілася — афіцыйнаму Мінску не пазайздросціш.

[...]Ніводная з раздруковак з чатаў і размоў не змяшчае нічога, што можна назваць «фактам». Няма імёнаў заходніх ці расійскіх палітыкаў і функцыянераў спецслужбаў. Няма сведчанняў аб сустрэчах каго-небудзь са «змоўшчыкаў» з высокапастаўленымі беларускімі палітыкамі і вайскоўцамі.

[...]Фядута гатовы пісаць палітычныя дакументы і планы, але там крыві няма.

[...]Усё гэтае расследаванне паказала грамадству — улады баяцца нелаяльнасці войска. Жураўскі сышоў на пенсію, хоць яму служыць і служыць. Ці значыць гэта, што армейскія афіцэры не цярпяць побач з сабой раскрытага агента «жандараў», нават калі гэта «нашы жандары»?![...]

Дык ці была змова — не падмацаваная ні грашыма, ні планамі і вайсковымі сувязямі? Я ў яе верыў, значыць, удзельнічаў у ёй свядома. Чаму ж я ў ёй удзельнічаў? Следства ўпарта навязвае суду версію аб нізкіх матывах. Бо менавіта гэтая версія выгадная прапагандыстам. Але не даказаны ніводзін з нізкіх матываў. [...] Якое распальванне варожасці? Працытуйце хоць адну маю фразу. Але ні следства, ні хто іншы не прыводзіць анічога. Іначай, думаю, я б адказваў за такія словы ў судзе нашмат раней.

Спадар абвінаваўца дазволіў сабе паіранізаваць з мяне, спытаўшы, ці не высокія матывы сталі прычынай маіх дзеянняў. Але гэта так! Я мог бы ўзяцца, напрыклад, выпраўляць сістэму адукацыі і падрыхтоўкі цяперашніх кадраў. Я нават не аб памылках у пратаколах, якія следчы ў маёрскіх пагонах мусіў выпраўляць.[...]

Ужо пры выстаўленні мне першых абвінавачанняў я мусіў у пісьмовай форме агаварыць, што не магу прыняць іх у поўным аб'ёме, бо там сцвярджаўся мой намер парушыць Канстытуцыю, прынятую на... рэферэндуме 1994 году! Нават студэнт 2-га курсу юрыдычнага факультэту ведае, што першы рэферэндум у Рэспубліцы Беларусь адбыўся ў 1995 годзе, а тую Канстытуцыю прыняў яшчэ Вярхоўны Савет БССР. І такое трызненне ад маёра КДБ у асабліва важных справах Акуліча паўтаралася тройчы!

Бязграматная фармулёўка качуе ў зваротах да розных інстанцый больш за сем разоў. Уражанне, што начальнік Следчага ўпраўлення КДБ Беларусі палкоўнік Самбук падпісвае дакументы, не прыходзячы ў прытомнасць.

[...]Адбылася адмоўная селекцыя кадраў, лаяльнасць вышэйшая за прафесіяналізм. Прайшла трансфармацыя з сыстэмы аховы права ў сыстэму аховы праваахоўнікаў.[...] Цяпер як індульгенцыя фраза «Часам не да законаў», якую вымавіў Лукашэнка, прызначаючы генеральным пракурорам Андрэя Шведа. І ніводзін з прысутных ня выйшаў на знак пратэсту супраць настолькі яўнага парушэння, закліку. Хоць пазней за такія ж словы асуджалі той жа канал «Сиреневенький бесперспективняк».[...]

З экранаў ліецца характарыстыка іншых народаў у стылі «украшвайн», а пракуратура не заўважае яўнага распальвання варажнечы.

[...]Я паверыў у змову, бо хацеў у яе паверыць. Сумленны чалавек ня мог не абурыцца тым, што адбываецца ў краіне. Гэта зразумеў нават Юры Караеў, які выбачыўся за «празмерны гвалт». І гэта каштавала яму пасады. Гэта зразумеў і Іван Наскевіч, пры якім яўныя выпадкі гвалту хаця б фіксаваліся. І гэта таксама каштавала яму пасады. Мітрапаліт Павал наведаў не толькі шпіталь з амапаўцамі, але і людзей, якіх тыя амапаўцы білі. І гэта каштавала яму пасады патрыяршага экзарха Беларусі.

Калі ні закон у выглядзе Следчага камітэту, ні Бог у выглядзе царквы не спынілі грамадзянскае вайны, што пачалася ў краіне, хтосьці ж павінен быў стаць на яе шляху?! Калі ўся праваахоўная сістэма краіны стала сістэмай аховы праваахоўніка ад права, дык яна павінна аднавіцца. Няхай нават і шляхам беззаконня цягам месяца. Гэта лепей, чым два гады, якія мы ўсе жывём без закону.[...]

Паводле тэлефоннага апытання ў 2020 годзе, за Лукашэнку гатовыя былі прагаласаваць толькі 26%. Пры гэтым нельга забываць пра ўзровень страху.[...] Прафесар Вардамацкі патлумачыў паводзіны грамадства тым, што многія рэспандэнты баяцца выказвацца адкрыта або называюць той варыянт, за які іх тэарэтычна ня будуць пераследаваць. [...] Пакватэрнае апытанне, праведзенае за паўтара месяца да выбараў, было яшчэ больш яскравае — за Лукашэнку толькі 15%. І вы хочаце, каб пры такой рэальнай падтрымцы я паверыў Ярмошынай і яе звыш 80%?!

Сацыёлягі былі шчырыя, Акадэмія навук, акадэмік Гусакоў прызнаў гэта ў дакуменце, але там вырашылі не паўтараць шлях прафесійнага самагубцы прафесара Коршунава і не апублікавалі звестак. У адказе на афіцыйны запыт, аднак, ілгаць яны ня сталі.

Легітымная ўлада не праводзіць таемна ад народу інаўгурацыю, законна выбраны прэзідэнт ня бегае з аўтаматам без ражка. Лукашэнка баіцца настолькі, што нават у год, які ён сам абвясціў «годам нацыянальнага адзінства», толькі раскручвае махавік рэпрэсій. Лічбы спадара адваката: больш за мільён чалавек удзельнічаў у 6200 вялікіх і малых акцыях. І не трэба суцяшаць сябе, што людзі выходзілі за грошы. За іх могуць стаяць на пікетах. Тут жа нават пад страхам смерці выходзілі. Людзі пратэставалі і пасля гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, пасля выкрадання і гібелі Рамана Бандарэнкі, і пасля гібелі ад салдацкай кулі — што прызнана — берасцейца Шутава, перад якім я вінаваты, бо не памятаю ягонага імя (Генадзь. — РС), але думаю, што берасцейцы памятаюць і шануюць яго імя [...]

Я думаю пра гэтых людзей, пра іх вочы, пра іх усмешкі, якія асвятлялі мне камеру, пра іх дапамогу і падтрымку. І вымушаны прызнаць, што ўдзельнічаў у змове, нават калі гэта была правакацыя палкоўніка Жураўскага і містыфікацыя генерала Тэрцеля.

І апошняе... Высокі суд. Я звяртаюся да вас. У вялікага кінарэжысёра Стэнлі Крамэра ёсць фільм «Нюрнбэрскі працэс». Ён не пра «вялікі „Нюрнбэрг“», дзе судзілі злачынцаў вайны, канцлагероў і прапаганды. Ён пра адзін з дзясяткаў працэсаў, на якім судзілі суддзяў. Спэнсар Трэйсі «судзіць» Барта Ланкастэра. Герой Ланкастэра — выбітны юрыст, выслухаўшы паказанні тых, каго ён асуджаў на лагеры, турмы і нават на кастрацыю за парушэнне законаў аб «чысціні расы», суцяшае сябе: маўляў, ён выконваў закон».[...]

Храналогія суда:

Ад 3 да 12 гадоў калоніі — пракурор запрасіў тэрміны па "справе змоўшчыкаў"

30 жніўня па справе адбываюцца спрэчкі бакоў, падчас якіх дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кавалёў запрасіў фігурантам тэрміны.

Суд па "справе змоўшчыкаў": закрыты допыт укаранёнага сілавіка

"Вясна" сочыць за судовым працэсам.

Падтрымліваў дзяржабвінавачванне па справах "37", палітвязня Урада: што вядома пра пракурора па "справе змоўшчыкаў"

"Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора па гэтай гучнай справе.

Суд па "справе змоўшчыкаў": пад канвоем дапытваюць палітзняволеных прафсаюзнікаў

У суд пад канвоем дастаўлены кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.

Суд па "справе змоўшчыкаў": Зянковіч прызнаў віну і папрасіў прабачэння ў астатніх фігурантаў

У Мінскім абласным судзе з 29 ліпеня ў выязным пасяджэнні працягваецца суд па "справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады".

Тыдзень суда па "справе змоўшчыкаў": падрабязнасці той самай сустрэчы ў рэстаране Зянковіча і "сілавіка"

Сёння роўна тыдзень, як пачалі разглядаць справу.

Пяты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": допыт сведкаў

Гэта пяты працэс па справе.

Чацвёрты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": азнаямленне з матэрыяламі справы

"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.

Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута і Галубовіч даюць паказанні

Трэці дзень суда па «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачаўся з допыту палітзняволенага палітолага і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты.

Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў

"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.

Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"

"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.

У чым абвінавацілі фігурантаў справы?

Усіх затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".

Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.

Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.

Раней КДБ паведамляў, што па гэтай крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 16 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне. 


Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства