"Замкнёныя ў клетцы і скаваныя кайданкамі барацьбіты за правы чалавека, — вось ілюстрацыя беларускага правасуддзя"
Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна"
3 сакавіка 2023 г.
Сёння суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд чацвярым праваабаронцам — сябрам Праваабарончага цэнтра "Вясна", прызнаўшы іх вінаватымі ў навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці і кантрабандзе — незаконным перасоўванні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў, здзейсненым арганізаванай групай, прызначыўшы пакаранне ў выглядзе:
- лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніку "Вясны" Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў пазбаўлення волі;
- сябру Рады "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў пазбаўлення волі;
- юрысту і каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў пазбаўлення волі;
- сябру "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў пазбаўлення волі (завочна),
а таксама штрафы ў памеры ад 3000 да 5000 базавых велічынь (111–185 тысяч беларускіх рублёў (37– 62 тысячы еўра)) кожнаму, спагнаўшы з іх дадаткова да гэтага яшчэ 752 тысячы беларускіх рублёў.
З гэтай нагоды мы заяўляем, што ПЦ "Вясна" ажыццяўляе выключна мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, гарантаваных Канстытуцыяй краіны і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека. Мы катэгарычна не прымаем любога ціску і пераследу сябраў нашай арганізацыі і іншых праваабаронцаў за ажыццяўленне падобнай дзейнасці, расцэньваючы гэта як палітычна матываваны пераслед.
Мы падкрэсліваем, што беларускімі ўладамі створаныя непрымальныя ўмовы для дзейнасці праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый. На сённяшні дзень у краіне не засталося ніводнай зарэгістраванай праваабарончай арганізацыі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" быў пазбаўлены рэгістрацыі раней, што ў сукупнасці з адмовай у паўторнай рэгістрацыі двойчы было расцэнена Камітэтам па правах чалавека ААН як парушэнне права на свабоду аб'яднанняў. Гэтая акалічнасць пазбаўляла праваабаронцаў любых магчымасцяў выконваць празмерныя патрабаванні недэмакратычных законаў, што рэгулююць дзейнасць НДА.
Мы ўпэўненыя, што сапраўдным матывам пераследу нашых калегаў і сяброў з'яўляецца іх дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека і асноўных свабод, нашая агульная з усёй праваабарончай супольнасцю Беларусі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі барацьба за перамогу дэмакратычных каштоўнасцяў і ідэй.
Судовы разгляд, праведзены з надзвычай грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага правасуддзя, яшчэ раз яскрава сведчыў пра палітычны характар пераследу праваабаронцаў. Замкнёныя ў клетцы і скаваныя кайданкамі барацьбіты за правы чалавека, якія атрымалі сусветнае прызнанне, — вось красамоўная ілюстрацыя характару беларускага правасуддзя, што адправіла за краты толькі на працягу апошніх двух гадоў больш за паўтары тысячы палітвязняў.
Мы нагадваем пра тое, што ў зняволенні таксама знаходзяцца каардынатарка Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марфа Рабкова, юрыст гомельскай філіі "Вясны" Леанід Судаленка і валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк.
- Мы, сябры ПЦ "Вясна", выказваем рашучы пратэст з нагоды працягу рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі наогул і заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці;
- Мы патрабуем неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфу Рабкову, Леаніда Судаленку, Андрэя Чапюка, а таксама спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў.