viasna on patreon

Мінімум 88 чалавек. За што вязням накідваюць дадатковыя тэрміны па новых крыміналках

2023 2023-03-30T16:04:52+0300 2023-03-30T18:59:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shizo_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзясяткі тысяч беларусаў з 2020 года прайшлі праз жахлівыя рэпрэсіі, якія да гэтага часу штодзённа ладзяць улады. Тысячы людзей былі асуджаныя ў межах крымінальных справаў. Але часам пераслед пасля суда не сканчваецца — на людзей працягваюць аказваць ціск у месцах зняволення і падчас адбыцця "хатняй хіміі". Адным з метадаў ціску з'яўляецца ўзбуджэнне новых крымінальных справаў супраць ужо асуджаных. Вядома, што з 2020 года мінімум 88-мі беларусам дадалі новыя тэрміны паводле "палітычных" артыкулаў. Таму для некаторых палітзняволеных дата выхаду з месцаў несвабоды перастае быць надзеяй на вольнае жыццё. "Вясна" прааналізавала крымінальны пераслед палітвязняў па новых справах і распавядае, паводле якіх артыкулаў беларусам па некалькі разоў дадаюць тэрміны.

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1476 палітзняволеных і іх колькасць павялічваецца амаль кожны тыдзень. Агулам амаль за тры гады з крымінальным пераследам сутыкнуліся не меней за 3 800 чалавек.

Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", мінімум 88 чалавек былі асуджаныя па новых крымінальных справах — праз гэта большасці з іх прызначылі больш жорсткае пакаранне. Некаторых беларусаў судзілі тры, чатыры і нават шэсць разоў запар паводле "палітычных" артыкулаў.

Часта падставай для новых справаў становяцца "абразы Лукашэнкі" (арт. 368 КК) і "абразы прадстаўнікоў улады" (арт. 369 КК). Акрамя гэтага, усё часцей па прыбыцці ў папраўчыя калоніі супраць вязняў узбуджаюць крымінальныя справы за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі ўстановы" (арт. 411 КК). Гэты артыкул надае ўладам магчымасць бясконца павялічваць вязням тэрміны. Так, па інфармацыі праваабаронцаў, за апошнія два гады супраць 20 палітвязняў завялі крымінальныя справы па гэтым артыкуле, тром з якіх — двойчы запар. 

Не менш за 13 жанчын асудзілі па новых справах, пяць з якіх адправілі ў калоніі

Ігар і Юлія Лаптановічы з дзецьмі
Ігар і Юлія Лаптановічы з дзецьмі

Сярод тых, каму ўлады накінулі тэрміны па палітычных матывах, — 13 жанчын, пяцёра з якіх знаходзяцца ў папраўчых калоніях.

Так, палітзняволеных Паліну Шарэнду-Панасюк і Вікторыю Кульшу спачатку асудзілі па палітычна матываваных справах да двух і двух з паловай гадоў адпаведна. Пазней супраць іх узбудзілі крымінальныя справы за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" (арт. 411 КК).Суд дадаў ім яшчэ па аднаму году зняволення і іх накіравалі ў жаночую калонію для "рэцыдывістак". Цяпер іх у ПК-24 месяцамі ўтрымліваюць у штрафных ізалятарах і зноў узбудзілі супраць іх справу паводле арт. 411 КК.

"Сканчэнне тэрміну робіцца чымсьці няісным. Не разумею, як людзі ўвогуле могуць з калоніі выйсці", — пракаментавала Вікторыя ўзбуджэнне новай справы ў лісце.

Трэцяя жанчына, супраць якой завялі справу за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі", з'яўляецца пенсіянерка Алена Гнаук. У чэрвені 2022 года яе асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі, а пасля этапу ў калонію амаль увесь час утрымліваюць у ШІЗА і ПКТ. Цяпер жанчына чакае суд паводле арт. 411 КК.

Шматдзетную маці Юлію Лаптановіч з Пружанаў адразу асудзілі па "справе карагодаў", узбуджанай пасля акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду Юлію затрымалі ў межах новай крымінальнай справы. У выніку яе асудзідзілі да пяці гадоў калоніі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Вярхоўны суд скараціў ёй тэрмін на тры месяцы. Муж Юліі Ігар Лаптановіч таксама з'яўляецца палітвязнем — ён атрымаў два з паловай гады калоніі па "карагоднай справе". У сям'і трое дзяцей.

Журналістка тэлеканала "Белсат" Кацярына Бахвалава (Андрэева) асуджана агулам да 8 гадоў і 3 месяцаў калоніі. Разам з журналісткай Дар'яй Чульцовай яна стала фігуранткай крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на "Плошчы Пераменаў" у Мінску 15 лістапада 2020 г. За гэта іх асудзілі да 2 гадоў калоніі. 7 красавіка 2022 года стала вядома, што журналістцы выстаўлена новае абвінавачванне — у "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу). Падрабязнасці невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Перазатрымалі ў межах новай справы пасля выхаду на волю

Аляксандр Казакевіч
Аляксандр Казакевіч

Экс-палітвязня Аляксандра Казакевіча перазатрымалі ў межах новай крымінальнай справы праз тыдзень пасля першага суда.

19 ліпеня Аляксандру прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі» — суддзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Казакевіча вызвалілі ў зале суда, ён правёў у зняволенні тры месяцы.

Аднак ужо 26 ліпеня Аляксандра зноў затрымалі. Праз два месяцы ў судзе Маладзечна і Маладзечанскага раёна палітвязня прызналі вінаватым у "абразе прадстаўніка ўлады". Шляхам частковага складання Аляксандру прызначылі агулам два гады "хатняй хіміі".

Палітзняволеную Веру Валністую затрымалі 6 чэрвеня 2022 года. 8 жніўня у судзе Цэнтральнага раёна Мінска Веру прызналі вінаватай паводле арт. 369 КК і прызначылі ёй 2 гады "хатняй хіміі", а таксама абавязалі выплаціць 1000 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі пацярпеламу.

Але на волю яе не выпусцілі, бо перазатрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 8 верасня палітзняволенайканчаткова прызначылі тры гады "хатняй хіміі" і вызвалілі ў зале суда.

Сяргея Кабзенку ўпершыню затрымалі 5 кастрычніка 2022 года і прызначылі 10 сутак арышту за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Але на волю ён не выйшаў, бо быў затрыманы па крымінальнай справе. У канцы снежня Сяргея асудзілі паводле "народнага артыкула" за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Вынік суда праваабаронцам невядомы, але, меркавана, яму прызначылі абмежаванне волі.

Ужо 26 студзеня хлопца зноў затрымалі. Нібыта за тое, што ён калісьці скінуў у адзін з раённых чатаў жартаўлівую аб'яву, у якой былі апісаныя "прыкметы" Лукашэнкі, паведамляла "Наша Ніва". Цяпер Сяргею інкрымінаваны ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). 30 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Мінска суддзя Сяргей Кацэр пачне разглядаць справу Кабзенкі.

21 чэрвеня суд Бярозаўскага раёна прызначыў Юрыю Юдчыцу два гады "хатняй хіміі" за абразу начальніка інспекцыі па справах непаўнагадовых Бярозаўскага РАУС. На судовае пасяджэнне мужчына прыйшоў проста напярэдадні свайго першага працоўнага дня на новым месцы. Мужчына аказаўся беспрацоўным пасля папярэдняй крымінальнай справы — 23 сакавіка яму прысудзілі тры месяцы арышту за абразу міліцыянта. Як толькі мужчына вызваліўся, на яго зноў завялі новую крымінальную справу.

Мікалай Казлоў — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады. З 28 снежня 2021 года адбываў тэрмін у баранавіцкім СІЗА-6, а 26 сакавіка выйшаў на волю.

27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "Маршы новай Беларусі" ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). 3 лістапада Мікалаю прысудзілі два з паловай гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам.

ПалітзняволенагаАрцёма Анішчукаасудзілі 25 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва па новай крымінальнай справе за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце. Арцём мусіў выйсці на волю 29 чэрвеня, адбыўшы цалкам тэрмін па справе "пашкоджання машыну супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца", але гэтага не адбылося — яго ўзялі пад варту па новай крымінальнай справе па арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Арцём на судзе віну не прызнаў і заявіў, што новая крымінальная справа — гэта помста начальніка калоніі № 15, дзе ён падвяргаўся катаванням і збіццю. У выніку суддзя Ксенія Нікіфарава склала прысуды па двух крымінальных справах (нават па той, па якой Арцём цалкам адбыў тэрмін) і прызначыла палітвязню ў суме тры гады калоніі, два з якіх ён адбыў.

Каго з палітвязняў судзілі больш за два разы? 

Васіль Дземідовіч
Васіль Дземідовіч

Алега Захарчанку асудзілі ажно шэсць разоў запар — за абразы міліцыянтаў і суддзі. Апошні прысуд быў вынесены ў траўні 2022 года. Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі "абразлівыя" каментры пра вайскоўца і міліцыянта. У выніку суд Партызанскага раёна Мінска канчаткова прызначыў яму два з паловай гады "хіміі".

40-гадовага палітзняволенага Івана Зянько ўжо тройчы судзілі па палтычны матывах. У сакавіку 2021 году Івана прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і прысудзілі пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Ужо ў студзені 2022 году Зянько стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020-га. У ліпені Івана зноў этапавалі пасля разгляду апеляцыі ў шклоўскую калонію № 17. Амаль адразу яго змясцілі ў штрафны ізалятар за "парушэнне парадку". Пасля гэтага адміністрацыя калоніі адправіла Івана ў памяшканне камернага тыпу і ініцыявала ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле арт. 411 КК. 9 лістапада суддзя Аляксандр Тараканаў прысудзіў Івану ў дадатак да пяці гадоў зняволення яшчэ адзін год ў калоніі

У судзе Драгічынскага раёну разглядаецца ўжо трэцяя крымінальная справа супраць 70-гадовага пенсіянера-"тэрарыста" Васіля Дземідовіча. Яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).

Раней Дземідовіча асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы яго ў абразах прадстаўніка ўлады, суддзі, Аляксандра Лукашэнкі і арганізацыі масавых беспарадках. Пазней Васілю дадалі яшчэ паўгода зняволення па новай справе паводле арт. 369 КК.

У канцы чэрвеня КДБ унёс Васіля ў "тэрарыстычны спіс" — цяпер ён самы пажылы беларус-"тэрарыст". Праз гэта яму нельга рабіць грашовыя пераводы, а падтрымліваць Васіля няма каму.

Напрыканцы студзеня ў Ленінскім судзе Гродна пачаўся разгляд трэцяй крымінальнай справы супраць баранавіцкага актывіста Уладзіміра Гундара. Яго вінавацяць у абразе пракуроркі Людмілы Герасіменка, якая прадстаўляла абвінавачванне на папярэднім працэсе над Гундарам па «справе Аўтуховіча».

Першы суд па крымінальнай справе над ім прайшоў у траўні 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 366 КК (гвалт у дачыненні да службовай асобы). Брэсцкі абласны суд 20 траўня 2021 года асудзіў Гундара да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. А разгляд "справы Аўтуховіча" распачаўся 18 траўня 2022 года ў СІЗА гродзенскай Турмы № 1. Тады Гундару прысудзілі 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

У красавіку 2022 года ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска да двух гадоў "хатняй хіміі" асудзілі 55-гадовую маці-адзіночку з Мінску Ірыну Сташкевіч. Гэта быў яе чацвёрты суд па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады): яе судзілі за "абразлівыя" каментары ў дачыненні да начальніка ГУБАЗіК Паршына, супрацоўніка Маладзечанскай інспекцыі Яўгена Калясені, міліцыянта Віталя Куляшова. Пяць гадоў таму АНТ зняў сюжэт пра Ірыну Сташкевіч: жанчына аформіла апякунства над дачкой суседкі, якая памерла.Гэты суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя. Справу, як і другі раз, разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк. Па сукупнасці прысудаў Ірыне прызначалі два з паловай гады "хатняй хіміі".

У снежні 2021 года ў Магілёве асудзілі мінчанку Вікторыю Будзькіну паводле арт. 369 КК. Гэта была трэцяя крымінальная справа ў адносінах да дзяўчыны па дадзеным артыкуле. Кожны раз яе судзілі за абразу мінскіх міліцыянтаў. У выніку па сукупнасці пакаранняў па трох эпізодах ёй прызначылі адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Затрымалі на "хіміі" і ўзбудзілі новую крымінальную справу

Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org
Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org

15 лютага 2022 года палітзняволенага Дзяніса Граханава затрымаў КДБ наўпрост у папраўчай установе № 45 пад Камянцом, дзе ён адбываў тэрмін за надпіс "Не забудзем" каля "Пушкінскай" у Мінску. Пазней палітвязню прад'явілі абвінавачванне паводле арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). 

Пяць месяцаў да суда яго ўтрымлівалі ў гомельскім СІЗА. Па хадайніцтву пракурора суд амаль адразу зрабілі закрытым. Суддзя Вольга Церахава 5 ліпеня канчаткова прызначыла Граханаву па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання — адзін год і сем месяцаў зняволення. 

Палітзняволенага Георгія Васіленку таксама затрымалі падчас рэйду сілавікоў у ПУАТ-45. Там ён адбываў тэрмін за тое, што спусціў з флагштоку дзяржаўны сцяг і падняў бел-чырвона-белы. У выніку яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК). Суд таксама канчаткова прызначыў яму адзін год і сем месяцаў калоніі. 

Юрыя Палюховіча ўжо тройчы судзілі паводле дыфамацыйных артыкулаў. Спачатку яго асудзілі да 3 гадоў "хатняй хіміі" за "абразу міліцыянта", а праз некалькі тыдняў быў разгледжаны другі эпізод па абразе ўжо трох супрацоўнікаў міліцыі. Шляхам сукупнасці злачынстваў і паглынання пакарання Юрыю прызначылі 3 гады "хіміі". 

Але пакуль ён адбываў тэрмін у папраўчай установе, супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 КК (абраза суддзі). 22 снежня суддзя Вікторыя Шабуня канчаткова прызначыла яму пяць гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства