viasna on patreon

Тры словы — тры гады. Жыхарку Мінска асудзілі за абразу былога міліцыянта, якому было "вельмі некамфортна"

2022 2022-03-30T19:10:00+0300 2022-03-31T09:37:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud-gancavickaga_raena.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 сакавіка ў судзе Ганцавіцкага раёна адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхаркі Мінска Ірыны Сташкевіч. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Пацярпелым па справе аказаўся былы міліцыянер Віталь Куляшоў.

sud-gancavickaga_raena.jpg
Ілюстрацыйнае фота з архіву газеты "Ганцавіцкі час"

Судовы працэс вёў суддзя Уладзімір Космач.

У віну Ірыне Сташкевіч ставілася тое, што 21 кастрычніка 2020 года пад здымкам Куляшова ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" яна напісала каментар у тры словы:

"Ну і рожа".

Падчас следства праводзілася лінгвістычная экспертыза слова "рожа". Вынікі былі агучаныя на судовым пасяджэнні.

Сам пацярпелы Куляшоў на судовы працэс не з'явіўся "з прычыны хваробы і далёкасці пражывання". У дачыненні да абвінавачанай ён заявіў пазоў аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 беларускіх рублёў:

"Дадзеная абраза выклікала ў мяне перажыванні, у выніку чаго ў мяне падняўся ціск, мне было вельмі некамфортна перад падначаленымі, што ў іх такі кіраўнік і я не мог належным чынам выканаць свае службовыя абавязкі", — растлумачыў Куляшоў у сваім лісце-хадайніцтве аб правядзенні судовага пасяджэння ў ягоную адсутнасць.

vital_kuliashou.jpg
Віталь Куляшоў. Фота: "Ганцавіцкі час"

У выніку суд прызнаў Ірыну Сташкевіч вінаватай і асудзіў яе да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Менавіта столькі прасіў і дзяржабвінаваўца.

Сваю віну ў злачынстве, звязаным з абразай прадстаўніка ўлады, Ірына Сташкевіч прызнала. Аднак у сваім апошнім слове яна запытвала:

"За што тры гады? Я маці-адзіночка…".

Гэта ўжо трэці суд над Ірынай Сташкевіч. Першы адбыўся 25 жніўня 2021 года ў Мінску. Тады жанчыну асудзілі да абмежавання волі без накіраванне ў ПУАТ тэрмінам на два гады — за слова "гніда", напісанае ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" ў дачыненні да начальніка ГУБАЗіК, палкоўніка міліцыі Андрэя Паршына. Затым 17 лістапада 2021 года Ірыну Сташкевіч асудзілі ў другі раз — за каментар у адно слова ("фашыст"), напісаны ў адрас супрацоўніка Маладзечанскай інспекцыі Яўгена Калясеня. Тады Ірыне Сташкевіч прызначылі 1,5 года "хатняй хіміі", судовае пасяджэнне таксама праходзіла ў Мінску

Ірына Сташкевіч каля суда. Фота spring96.org
Ірына Сташкевіч каля суда Цэнтральнага раёна Мінска, дзе яе судзілі ў першы раз, 25 жніўня 2021 года

Вядома, што да жніўня 2020 года Віталь Куляшоў з'яўляўся начальнікам Ганцавіцкага РУУС, пасля яго знялі з пасады — далей ён працаваў кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства. Зыходзячы з гэтага, на момант 21 кастрычніка 2020 года, калі Ірына Сташкевіч напісала каментар, расцэнены абвінавачваннем як абраза прадстаўніка ўлады, сам Куляшоў прадстаўніком улады ўжо не з'яўляўся.

Віталь Куляшоў кіраваў 20 чэрвеня 2020 года ў Ганцавічах брутальным затрыманнем удзельнікаў "Ланцуга салідарнасці" (падчас якога галаву аднаго з іх прыціснулі каленам да асфальта, і некалькі чалавек, уключаючы двух журналістаў мясцовага выдання "Ганцавіцкі час", затрымалі). Затрыманых удзельнікаў акцыі неўзабаве асудзілі паводле адміністрацыйных спраў, а працэс над імі вёў той жа суддзя, які цяпер судзіў Ірыну Сташкевіч, — Уладзімір Космач. Пасля ён пайшоў у адстаўку з пасады старшыні Ганцавіцкага суда "паводле уласнага жадання", аднак суддзём Ганцавіцкага суда застаўся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства