viasna on patreon

Анекдот пра Лукашэнку і яго малюнак у выглядзе клоўна. Прысуды па дыфамацыйных артыкулах за апошні тыдзень жніўня

2021 2021-08-29T15:33:49+0300 2021-08-30T10:35:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_grodno1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з'яўляецца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, міліцыянераў, прэзідэнта, суддзяў (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодня па ўсёй Беларусі праходзяць суды па гэтых артыкулах. "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Пра справы па дыфамацыйных артыкулах, разгледжаных на папярэднім тыдні, можна пачытаць па спасылцы.

"Хацеў выказаць падтрымку дзеючай уладзе". Пінчук атрымаў 1,5 года "хіміі" за здзек над дзяржаўным сцягам

26 жніўня суд Пінска і Пінскага раёна прысудзіў 21-гадовага Антона Шлемена да палутара гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Суддзя Вольга Лубник прызнала яго вінаватым па арт. 370 КК РБ (Здзек над дзяржаўнымі сімваламі). Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Маркіч - менавіта ён запытаў такі тэрмін.

Яго прызналі вінаватым у тым, што 25 чэрвеня 2021 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, ён сарваў сцяг з будынка крамы "Спартак" у Пінску, зламаў дрэўка і пайшоў з ім далей: палотнішча пры гэтым валачылася па тратуарнай плітцы. Затым ён паклаў сцяг на зямлю.

Абвінавачаны цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зробленым. Ён распавёў, што "такім чынам хацеў выказаць падтрымку дзеючай уладзе".

Сведкі, супрацоўнікі Дэпартамента аховы, распавялі, што ўбачылі маладога чалавека, які размахвае дзяржаўным сцягам і паклаў яго на зямлю, таму вырашылі яго затрымаць. Сведка Валадзько - прадстаўнік уладальніка будынка і сцяга – сказаў, што сцяг ужо быў старым і яго трэба было мяняць, а таксама што ён не ўяўляе матэрыяльнай каштоўнасці. Заяву ў міліцыю яны не падавалі, пазоў аб матэрыяльнай шкодзе не заяўлялі.

У спрэчках пракурор папрасіў прызнаць Шлемена вінаватым і прысудзіць яму паўтары гады "хіміі". Суддзя пагадзілася з такім пакараннем.

Два гады «хіміі» за малюнак Лукашэнкі ў выглядзе клоўна

26 жніўня суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна прызнаў 46-гадовага Ігара Грышчанкава вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта) і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ - "хіміі". Справу разгледзеў суддзя Кміта.

Паводле абвінавачвання, Ігар Грышчанкаў з 26 кастрычніка 2020 года па 13 лістапада 2021 года ў чаце "дапаможам Баранавічы" публічна абразіў Лукашэнку. Тройчы ён размясціў там фотавыявы Лукашэнкі "ва зневажальным выглядзе - грыме клоўна". Пад адным з пастоў ён размясціў каментар, які утрымліваў слова "пацук", пад другім - "шызафрэнік". Экспертыза прызнала, што каментары "ўтрымліваюць негатыўную ацэнку асобы мужчынскага полу, размешчанай на фотавыяве".

Ігар Грышчанкаў прызнаў, што скапіяваў выявы з іншых чатаў і скінуў у групу ў вайберы. Ён ўсведамляе, што гэта абраза, але не ставіў сабе такой мэты і раскаяўся ў зробленым.

Мужчыну з інваліднасцю асудзілі на паўтара года "хатняй хіміі" за абразу суддзі на пасяджэнні па спрэчцы суседзяў

23 жніўня Мінскі раённы суд вынес прысуд Мікалаю Антановічу. Суддзя А. Колабаў прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 391 КК РБ (Абраза суддзі або народнага засядацеля) і прысудзіў да 1,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – «хатняй хіміі».

Яго прызналі вінаватым у тым, што 4 лютага 2021 года ён абразіў суддзю Маладзечанскага раёна Барэйку, калі той вёў працэс па арт. 305 і арт. 174 КК, падчас якога абвінавачаны судзіўся са сваёй суседкай па дачы. Мікалай Антонавіч вымавіў у адрас суддзі: "Сядзіць нейкі малады хлышч".

Мікалай Антановіч распавёў, што на судзе 4 лютага ён абвінавачваў суседку ў тым, што яна ўстанавіла камеру, якая ахоплівала частку ягонага ўчастка. Ён растлумачыў, што суддзя «паводзіў сябе па-хамску». З-за такога бязмежжа ў Антонавіча падскочыў ціск. Але ўсвядоміў сваю віну і адразу папрасіў прабачэння ў суддзі. Таксама ён растлумачыў, што не нават не ведаў, хто такі хлышч.

Падчас допыту 29 чэрвеня 2021 года Антановіч цалкам прызнаў віну і тое, што выказванне было адрасаванае суддзі. На пасяджэнні ён не падтрымаў паказанні, адзначыўшы, што яны былі атрыманыя падманным шляхам: следчы прымусіў даць яго такія паказанні пад пагрозамі адправіць у псіхіятрычную лякарню.

Суседка па дачы, якая ўдзельнічала ў якасці абвінавачванай па папярэднім справе, распавяла, што Антонавіч часта падае на яе ў суд. Яна распавяла, што на пасяджэнні 4 лютага Антонавіч гучна крыкнуў: "Сядзіць тут нейкі хлышч малады", гэта было адрасавана суддзі. Гэта пацвердзіў пацярпелы Барэйка і запісы з камер відэаназірання. Пасля прагляду аднаго з відэа Антановіч патлумачыў, што казаў гэта жонцы.

Бок абвінавачвання быў упэўнены, што Антановіч дазволіў сабе выказаць абразу ў сувязі з незадаволенасцю вядзення пасяджэння і папрасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на паўтара года. Суддзя цалкам пагадзіўся з прапанаваным тэрмінам.

Абарона настойвала, што ў гэтым выпадку можна прымяніць адміністрацыйнае спагнанне, так як адсутнічае склад злачынства.

Два гады "хатняй хіміі" за каментар пад пастом Вольгі Карач

24 жніўня ў Ленінскім судзе Гародні адбыўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай на Андрэя Крысюка за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Алена Пятрова, дзяржабвінаваўца - Аліна Чужаземец. Пацярпелы Андрэй Комар на суд не з'явіўся, так як знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы. 

krysiuk.jpg
Андрэй Крысюк

Паводле абвінавачвання, восьмага ліпеня 2020 года Крысюк, знаходзячыся дома і паглядзеўшы відэа актывісткі Вольгі Карач, з мэтай публічнай абразы прадстаўніка ўлады, размясціў у дачыненні да супрацоўніка Бабруйскага РАУС Андрэя Камара пад яе пастом у "Аднакласніках" абразлівы каментар, тым самым здзейсніў злачынства паводле арт. 369 КК. Віну абвінавачаны прызнаў.

Падчас допыту Крысюк сказаў, што напісаў каментар на эмоцыях, так як у іншых каментарах гаварылася аб тым, што Камар на судах дае непраўдзівыя паказанні.

Пацярпелы міліцыянт запытаў Камар кампенсаваць маральную шкоду ў памеры 1000 рублёў. Крысюк прызнаў пазоў.

Паводле пісьмовых матэрыялаў справы, пад публікацыяй у "Аднакласніках" з фота Камара быў размешчаны 231 каментар, частка з якіх утрымлівала негатыўную ацэнку міліцыянта.

Дзяржабвінаваўца запрасіла ў суда пакараць Андрэя Крысюка двума гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія"). Суддзя Пятрова вынесла менавіта такую пастанову. Таксама абвінавачаны павінен выплаціць пацярпеламу Комару 1000 рублёў маральнай кампенсацыі.

Магілёўскія суды вынеслі адразу два рашэнні за абразу супрацоўнікаў міліцыі

Гэта ўжо становіцца штодзённасцю - штотыдзень у судах Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Магілёва праходзяць працэсы паводле арт. 369 КК РБ за абразу сілавікоў, піша MayDay.

18-гадовая Анастасія Іванова 25 сакавіка гартала сторысы ў Instagram, дзе ўбачыла ў стужцы спасылку на адзін з тэлеграм-каналаў, прызнаным экстрэмісцкім (Каратели Беларуси). Яна перайшла па спасылцы і вырашыла паглядзець, што там публікуецца. Пад адным з пастоў убачыла гнеўны каментар на адрас аднаго з сілавікоў і пакінула там свой.

Яна патлумачыла ўчынак тым, што была ў негатыўным настроі на фоне асабістых прычын, а таксама тым, што блізкая сяброўка сутыкалася з неабгрунтаваным гвалтам з боку сілавікоў.

Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Вікторыя Палякова 23 жніўня прызнала Анастасію Іванову вінаватай у злачынстве і прызначыла 1 год абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Таксама Іванова выплаціла 1 тысячу рублёў маральнай кампенсацыі міліцыянту, якога прызналі пацярпелым па справе.

Другі прысуд быў вынесены ў гэтым жа судзе, але ўжо суддзёй Таццянай Рахманенка.

Дзмітрыя Бабкова таксама прызналі вінаватым у абразе супрацоўніка міліцыі і прысудзілі да палутара гадоў "хатняй хіміі". Яго абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў абразлівы каментар у тэлеграм-канале “Каратели Беларуси" ў снежні 2020 года.

Падчас следства Бабкоў сцвярджаў, што пакінуў водгук, будучы ў стане алкагольнага ап'янення. Аднак ужо на судзе прызнаўся, што быў цвярозы ў момант адпраўкі паведамлення, а адваротнае сцвярджаў, паколькі думаў, што гэта змякчыць ступень віны.

Суд улічыў, што ў Бабкова маленькі дзіця і абмежаваўся толькі «хатняй хіміяй». Кампенсацыю маральнай шкоды Дзмітрый кампенсаваў супрацоўніку міліцыі добраахвотна.

Паўтара года калоніі за Відэа з анекдотам пра Лукашэнку і слова "дэбіл"

У судзе Міёрскага раёна 27 жніўня адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вартаўніка-жывёлавода Міхаіла Лінтоўскага, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядала суддзя Ірына Яскевіч, бок дзяржабвінавачання прадстаўляла намеснік пракурора Міёрскага раёна Святлана Раманоўская.

Паводле абвінавачвання, Міхаіл Лінтоўскі, маючы намер, накіраваны на публічную абразу прэзідэнта Лукашэнкі, у перыяд з 00:05 да 00:12 8 сакавіка 2021 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства асабісты мабільны тэлефон, шляхам відэафіксацыі ўласных выказванняў, вырабіў відэаролік, у якім выкарыстаў у дачыненні да Лукашэнкі слова, якое мае негатыўную ацэнку і ненарматыўную форму маўленчага выказвання. Далей у перыяд з 00:12 да 09:55 27 сакавіка 2021, выкарыстоўваючы персанальную старонку Міхаіл Лінтоўскі ў "Аднакласніках", размясціў відэаролік, у якім выкарыстаў у дачыненні да прэзідэнта РБ Лукашэнка слова, якое мае негатыўную ацэнку і ненарматыўную форму маўленчага выказвання, якая наносіць шкоду гонару і годнасці кіраўніка дзяржавы, накіраваную на падрыў ягонага аўтарытэту, на фармаванне негатыўнага стэрэатыпу і адмоўнага вобразу Лукашэнкі, у выніку чаго, публічна абразіў прэзідэнта.

Лінтаўскі цалкам прызнаў віну. На допыце распавёў, што ўжо доўгі час працуе без выхадных на ферме. Адпачынак павінен быў быць, не пусцілі, таму ён раззлаваўся і запісаў відэа.

Ён распавёў, што ў той вечар купіў два піва і пайшоў у госці да сястры, дзе яны разам выпівалі. Затым ён пайшоў на працу і распіваў там гарэлку, затым вярнуўся да сястры. Сядзелі і размаўлялі, што заробак маленькі, у адпачынак не адпускаюць. І тады ён зняў відэа на мабільны. У роліку распавёў анекдот пра Лукашэнку, а ў канцы абразіў яго, назваўшы дэбілам.

Ролік выклаў у "Аднакласнікі". Пазней хацеў выдаліць, пакуль ніхто не паглядзеў, але пайшоў на працу і забыўся. Потым прыехалі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі яго.

Сведкам на судзе выступіў участковы інспектар Андрэй Талапіла. Сказаў, што ў міліцыю патэлефанавалі некалькі мясцовых жыхароў і распавялі пра ролік з абразамі ў адрас Лукашэнкі. Было каля 600 праглядаў у суботу і колькасць павялічвалася. Апошняе, што бачыў - 800 праглядаў. Выклікаў следча-аператыўную групу для затрымання.

Пытанняў па Лінтоўскім значна цяпер менш, сказаў Талапіла. Два гады таму здзяйсняў больш правапарушэнняў, чым за апошні год.

У абвінавачанага маюцца псіхічныя засмучэнні і захворванне - лёгкая разумовая адсталасць, а таксама хранічны алкагалізм.

Дзяржабвінаваўца запрасіла пакараць Лінтоўскага двума гадамі пазбаўлення волі. Суддзя вынес прысуд: 1 год 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Абвінавачанага ўзялі пад варту ў зале суда. Таксама суддзя пастанавіла прыняць меры па прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму.

Суд у Мінску за абразу палкоўніка ГУБАЗіК

У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска 25 жніўня разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да Ірыны Сташкевіч, якую вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Бок дзяржабвінавачвання прадстаўляла Багуслаўская, судзіў Дзмітрый Карсюк.

Ірына Сташкевіч каля суда. Фота spring96.org
Ірына Сташкевіч каля суда. Фота spring96.org

Паводле абвінавачвання, Ірына Сташкевіч, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады начальніка ГУБАЗіК палкоўніка міліцыі Андрэя Паршына, з мэтай прыніжэння яго гонару і годнасці ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, у тым ліку па ахове грамадскага парадку, па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй, у ноч з 19 на 20 лютага 2021 года пакінула ў тэлеграм-чаце “Каратели Беларуси” каментар са словам “гнида”, якое паводле лінгвістычнай экспертызы, носіць негатыўны, абразлівы характар. Такім чынам абвінавачаная здзейсніла злачынства, адказнасць за якое прадугледжана арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Жанчыну затрымлівалі 26 ліпеня, праз суткі адпусцілі пад асабістае паручальніцтва і падпіску аб нявыездзе. Ірына віну прызнала цалкам. Распавяла, што знаходзілася дома ў той вечар, чытала інфармацыю ў чаце і памятала, як кіраўнік ГУБАЗіК разбіў летам шкло ў кавярні. Прозвішча таго начальніка жанчына не памятала, але калі пабачыла паведамленне пра Паршына – пакінула каментар, бо была абураная ўчынкам з кавярняй. Калі пісала, не ўсведамляла, што здзяйсняе супрацьпраўнае дзеянне, што некага абраза. Цяпер гэта разумее.

На папярэднім следстве Ірына казала, што каментар пакінула не яна, а яе знаёмы Аляксандр, які гасцяваў у яе. Пасля ўтрымання на Акрэсціна – доўга прыходзіла ў сябе, магла казаць на допытах усё, што заўгодна. У судзе патлумачыла, што раней казала так, бо баялася адказнасці за свой учынак, настойвала, што каментар пакінула сама і не спрабуе нікога выгарадзіць, раскайваецца.

На працэсе дапыталі сведку – сяброўку Ірыны, якая распавяла, што яе выклікалі ў Цэнтральны РУУС у якасці паручальніцы, а абвінавачаная там патлумачыла: яе затрымалі за тое, што яна напісала абразлівае слова ў дачыненні да нейкага супрацоўніка міліцыі. Сведка казала следчаму, што сумняецца, што гэта магла зрабіць Ірына Сташкевіч, так як яна вельмі чуллівы чалавек. Пазней абвінавачаная патлумачыла сяброўцы, што бачыла відэа, як начальнік ГУБАЗіК разбіваў шкло, і што пакінула паведамлення на эмоцыях.

Сведка сказала, што ведае Ірыну даўно, можа за яе паручыцца, што Ірына – чалавек, які павінна ганарыцца краіны, бо мае вялікае сэрца. Падкрэсліла, што Ірына ніякай не злачынца, а яшчэ пару гадоў таму пра яе паказвалі сюжэт па БТ: калі даведалася, што суседка памерла і засталася дзяўчынка-сірата, Ірына адразу захацела аформіць апеку над ёй.

Таксама зачыталі паказанні пацярпелага Андрэя Паршына, з якіх вынікае, што ён ведаў, што ў інтэрнэце размешчаная абразлівая інфармацыя, каментар абвінавачаны прынізіў яго годнасць як чалавека і як службовай асобы.

Азнаямленне з пісьмовымі матэрыяламі справы праходзіла ў закрытым рэжыме, бо у іх утрымлівалася інфармацыя, якая была прызнаная экстрэмісцкай.

Падчас спрэчак бакоў пракурорка адзначыла, што віна Ірыны Сташкевіч цалкам даказаная, прасіла суд прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, а мабільны тэлефон жанчыны канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства.

Менавіта такі прысуд і вынес суддзя Дзмітрый Карсюк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства