viasna on patreon

БЧБ-сцягі на апорах ЛЭП, абразы Караева і Лукашэнкі, парваны пад "Воины света" сцяг – за што судзілі па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні

2021 2021-08-20T17:52:01+0300 2022-12-01T14:56:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovai7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з'яўляецца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, міліцыянераў, прэзідэнта, суддзяў (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодня па ўсёй Беларусі праходзяць суды па гэтых артыкулах. "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Пра справы па дыфамацыйных артыкулах, разгледжаных на папярэднім тыдні, можна пачытаць па спасылцы.


Мінчука асудзілі на два гады "хіміі" за абразу амапаўца. Амаль чатыры месяцы яго трымалі пад вартай пасля таго, як знялі з самалёта ў Маскву

У судзе Савецкага раёна Мінска 17 жніўня да двух гадоў "хіміі" за абразу супрацоўніка АМАПу паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса асудзілі індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Ізотава.

Яго затрымалі 23 красавіка, калі ён ляцеў у Маскву. Яго знялі з рэйса. Так ён і даведаўся пра крымінальную справу супраць яго. На судзе Ізотаў сказаў, што ў яго не было намеру хавацца. Але следства вырашыла інакш і заключыў яго пад варту да суда. Справу разглядала Марына Фёдарава, падтрымліваў дзяржабвінавачанне Аляксей Валынец.

Мужчыну абвінавацілі ў абразе 12 лістападзе мінулага года камандзіра АМАП прапаршчыка Кавальчука. У тэлеграм-чаце "Карнікі Беларусі" ён напісаў каментар пад размешчанымі дадзенымі: "... тупое, дальше некуда".

На судзе Ізотаў віну не прызнаў.

Ізотаў сказаў на судзе, што не размяшчаў звесткі пра супрацоўнікаў. Растлумачыў, што тэлеграм у яго быў, "так, каб мемасікі паглядзець". Тэлефонам не карыстаўся, не ведае, хто мог зайсці не ведаючы пароля, звесткі аб акаўнце нікому не паведамляў.

Абвінавачаны растлумачыў, што калі аддаваў тэлефон тэлефон у рамонт, не вымаў сімку. Рамантаваў прыватны майстар з Куфара або Анлайнера.

Адвакат Ізотава звярнуў увагу, што следствам дакладна не ўстаноўлена, з дапамогай якой прылады быў размешчаны каментар. Няма доказаў ўстанаўлення сувязі паміж тэлеграмам і тэлефонам.

Пацярпелы супрацоўнік АМАПа заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў. Ізотаў пазоў не прызнаў:

"Чытаў заяву, спачуваю яму, але гэтага не рабіў".

Пацярпелы Кавальчук на суд не прыйшоў, таму зачыталі яго паказанні, якія ён даваў падчас следства. Супрацоўнік АМАПа распавёў, што неаднаразова забяспечваў грамадскі парадак пасля выбараў. Не памятае адкуль, але даведаўся, што ў «Карніках» прынізілі яго гонар і годнасць, шляхам напісання каментара. Мяркуе, што фота ў пасце зроблена ў 2020-м годзе. Былі размешчаны персанальныя дадзеныя і спасылка на яго асабісты Instagram. Каментары карыстальнікаў з'яўляліся абразлівымі. Нядобразычліўцаў хоча прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

У выніку, суддзя Марына Фёдарава прызначыла Андрэю Ізотаву пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Таксама Ізотаў павінен выплаціць пацярпеламу супрацоўніку АМАПу 1500 рублёў маральнай шкоды. Акрамя гэтага, пастанавілі знішчыць сім-карту Ізотава.


4350 рублёў – за БЧБ-сцяг на апорах ЛЭП

Мінскі раённы суд вынес прысуд 37-гадовай Валянціне Сташэўскай. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу і прызначылі пакаранне – штраф у памеры 150 базавых велічынь (4350 рублёў).

Справу разгледзеў суддзя Іглікаў.

Жанчыну прызналі вінаватай у тым, што ноччу на 9 траўня 2021 года яна нанесла на паверхню трох апор ліній электраперадачы выявы БЧБ-сцяга.Паводле абвінавачання, яна зрабіла гэта з дапамогай аэразольнага балончыка ў аг.Міханавічы Мінскай вобласці.

Валянціна прызнала віну і раскаялася ва ўчыненым. Цягам папярэдняга следства яна пакрыла шкоду прадпрыемству.


Справу аб абразе Караева разгледзелі за 40 хвілін

У судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы 18 жніўня адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Дзяніса Дзянісава, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Справу вёў суддзя Мікалай Кміта, бок дзяржабвінавачвання падтрымлівала Наталля Кардаш, а сам працэс заняў каля 40 хвілін.

Дзяніса Дзянісава абвінавачвалі ў тым, што ён днём 4 сакавіка бягучага года ў тэлеграм-чаце “Барановичи свободные” пад відэа з выявай былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева напісаў каментар “чурка гребаный”, пры гэтым ён нібыта разлічваў на наступнае ўспрыманне іншымі асобамі абразлівай інфармацыі, усведамляў публічны і зневажальны характар свайго выказвання і зрабіў гэта з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і кіраванню. Сваімі дзеяннямі Дзянісаў публічна абразіў прадстаўніка ўлады у сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў, г.зн. здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжана арт. 369 КК.

Сваю віну Дзяніс Дзянісаў прызнаў. Суду патлумачыў, што пакінуў каментар, але лічыць, што відэа магло быць сфабрыкаваным, не хацеў абражаць канкрэтна Караева. Як патрапіў у тэлеграм-канал “Барановичи свободные” не памятае, больш ні на якія палітычныя каналы не быў падпісаны. У той момант не ведаў пасаду і званне Караева, але разумеў, што гэта міліцыянт. Толькі падчас следства мужчыне патлумачылі, што на відэа была выява былога кіраўніка МУС.

З-за супярэчнасцяў у паказаннях у судзе зачыталі пратакол допыту абвінавачванага ў следчага. Тады ён адзначаў, што яму было вядома пра пратэсты пасля выбараў прэзідэнта, а людзей прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці; сам Дзяніс удзелу ў мітынгах і шэсцях не прымаў. Таксама абвінавачаны ведаў, што супрацоўнікі міліцыі прымянялі празмерную сілу і гвалт у дачыненні да грамадзянаў, гэта выклікала ў яго абурэнне. Мужчына ўступіў у тэлеграм-чат “Барановичи свободные”, там перыядычна пакідаў каментары і выкладваў фотавыявы, а 4 сакавіка пакінуў каментар пад відэазапісам з выявай міністра Караева, бо ў відэа Караеў заклікаў сілавікоў да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да грамадзянаў. Пад сваім каментаром Дзяніс Дзянісаў меў на ўвазе нячуласць і бесчалавечнасць, пакінуў яго на эмоцыях, а таксама ведаў, што на відэа менавіта Караеў, бо раней бачыў яго па тэлевізару. Калі пакідаў каментар, пра наступствы не думаў, сваімі дзеяннямі – выказваў сваё стаўленне да падзеяў у краіне.

Суддзя Кміта даводзіў абвінавачанаму, што ён абразіў Караева не толькі як прадстаўніка ўлады, але і па нацыянальнай прыкмеце, бо слова “чурка” ўжываецца да людзей іншай нацыянальнасці.

“Гэта абраза нацыянальнасці, пасады і чалавека. Тры аксіёмы”, – сказаў суддзя.

Дзяніс Дзянісаў казаў, што гэтае слова выкарыстоўваецца і ў тэхнічнай мове ў дачыненні да кароткага, неапрацаванага абрубка дрэва ці металу, але лінгвістычная экспертыза ніколі не будзе на яго баку. Указваў, што не хацеў абразіць Караева па нацыянальнасці, бо нават не ведае яе.

Аднак суддзя спрачаўся, што абвінавачаны пабачыў фота экс-міністра, дзе відавочна зразумела, што ён “не беларус” знешне.

Падчас спрэчак бакоў пракурорка прасіла суд прызнаць Дзяніса Дзянісава вінаватым і пакараць яго двума гадамі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такі прысуд і вынес суддзя Мікалай Кміта.  


Мінчанку асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" за "пальцы ўніз" у "Аднакласніках" і выдаленую абразу ў дачыненні да начальніка Маладзечанскага РАУС Вадзіма Прыгары

У судзе Савецкага раёна Мінска 19 жніўня да двух гадоў "хатняй хіміі" паводле артыкула 369 (абраза прадстаўніка ўлады) асудзілі Вольгу Варывончык. Яе абвінавацілі ў абразе начальніка Маладзечанскага РАУС Вадзіма Прыгары ў “Аднакласніках" пад допісам Вольгі Карач. Да абразы прыраўнялі “пальцы ўніз”; абразу, якую Вольга выдаліла, на судзе не агучылі. Справу разглядаў Сяргей Шаціла, падтрымліваў дзяржабвінавачанне Уладзімір Рабаў.

Паводле версіі абвінавачвання, Варывончык 6 ліпеня мінулага года "будучы ў стане алкагольнага ап'янення, у "Аднакласніках" пад запісам Вольгі Карач абразіла начальніка Маладзечанскага РАУС Вадзіма Прыгару". Гаворка ідзе пра пост Карач, дзе было напісана, што пацярпелы кіраваў затрыманнямі на адной з акцый.

Вольгу Варывончык на судзе віну прызнала цалкам, раскаялася і папрасіла прабачэнне ў пацярпелага.

prygara_cament.jpeg
Пад гэтым пастом быў размешчаны каментар

На судзе яна распавяла, што 6 чэрвеня выпіла, гартала старонкі ў "Аднакласніках", проста выпадкова націснула, так атрымалася. На судзе ў яе спыталі, ці знаёмая яна асабіста з Вольгай Карач. Абвінавачаная адказала адмоўна, таксама дапоўніла, што ў міліцыі яна даведалася, што знаходзіцца ў яе ў сябрах у "Аднакласніках".

Змест публікацыі праз год яна дакладна не памятае, сказала, што ў пасце быў мужчына ў вайсковай форме і напісана, "што людзей біў".

Пацярпелы начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара на суд не з'явіўся, таму зачыталі яго паказанні, дадзеныя падчас следства. Прыгара распавядаў, што пра пост даведаўся 9 чэрвеня ад сваёй жонкі. Як начальнік РАУС каардынуе працу супрацоўнікаў, асабіста загадаў аб затрыманнях не аддаваў. Бачыў такі пост і ў вайберы, таксама бачыў каментары. Лічыць, што мэтай каментароў і посту было прынізіць яго і дыскрэдытаваць працу РАУС. Былі прычыненыя псіхалагічныя пакуты. Па ўсіх фактах абразаў яго і супрацоўнікаў праводзіцца праверка.

У выніку, суддзя Савецкага раёна Мінска прысудзіў Вольгу Варывончык да двух гадоў "хатняй хіміі". Менавіта такое пакаранне і запытваў дзяржабвінаваўца Уладзімір Рабаў. Таксама пастанавілі канфіскаваць тэлефон як прылада здзяйснення злачынства.


Два з паловай гады “хіміі” – за адно слова

У судзе Жлобінскага раёна адбыўся разгляд справы мясцовага жыхара Аляксандра Машары, абвінавачанага паводле артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады).

Крымінальная справа ў дачыненні да Машары была ўзбуджаная 23 чэрвеня 2021 года пасля праверкі, якая цягнулася са студзеня. Справу завялі за тое, што напрыканцы траўня 2020 года ў “Аднакласніках” ён нібыта пакінуў каментар пад пастом Вольгі Карач, у якім знайшлі абразу начальніка аддзела прафілактыкі правапарушэнняў, падпалкоўніка міліцыі Бабруйскага РАУС Рудзько. А менавіта напісаў адно слова, якое пачынаецца на літару “П” (у судзе яно цалкам не агучвалася).

На судзе Машара заяўляў, што не памятае гэтага выпадку, не памятае, які каментар і дзе ён пакінуў. Пацярпелы Рудзько запрасіў кампенсацыю маральнай шкоды памерам у 1000 рублёў. Памочніца пракурора Марына Панчык агучыла, што Аляксандр Машара мусіць быць пакараны трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”). Суддзя Ерафееў вынес прысуд: два гады і шэсць месяцаў “хіміі”. Таксама Машара мусіць выплаціць пацярпеламу Рудзько 700 рублёў маральнай кампенсацыі.


Баранавічы: прысуд за абразу намесніка начальніка СІЗА-6

16 жніўня ў баранавіцкім судзе абвясцілі прысуд Насты Янушчык, піша "Брэсцкая Вясна". Жанчыну судзілі паводле арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады) за пакінуты 15 верасня мінулага года ў інтэрнэце каментар пра аднаго з намеснікаў начальніка СІЗА-6.

Дзяржабвінавачанне прасіла пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову (“хатняя хімія"). Суддзя Інна Паўлоўская менавіта такі прысуд і вынесла. Акрамя таго, суд пастанавіў канфіскаваць тэлефон у даход дзяржавы як сродак учынення злачынства.


Жанчыну асудзілі адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэкса: дома яна здзейсніла “публічную абразу” Лукашэнкі, па дарозе ў РАУС яе збілі

18 жніўня ў Ленінскім судзе Брэста суддзя Шурын прызначыў Наталлі Туравай пакаранне ў выглядзе аднаго года і аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі. Менавіта такі прысуд запрасіў пракурор Міхаіл Юшчук. Аб гэтым паведамляе “Брэсцкая Вясна”.

Паводле версіі абвінавачвання, 27 траўня 2021 дадому да Наталлі прыехала міліцыя. Там жанчына "публічна абразіла" Лукашэнку словамі «у нас гр*баное государство» и «гр*баный президент», чым, на думку дзяржабвінавачання, здзейсніла злачынства паводле ч.1 арт. 368 КК. Праз гадзіну пасля вымаўлення названых слоў следчыя ўжо праводзілі ў кватэры жанчыны агляд. Падчас яго, паводле версіі абвінавачвання, "жадаючы выказаць сваю перавагу і ўсёдазволенасць", Турава разарвала пратакол. Так жанчына "здзейсніла пашкоджанне афіцыйнага дакумента "(ч.1 арт.377 КК).

Пасля гэтага праваахоўнікі з'ехалі, аднак неўзабаве вярнуліся і павезлі Наталлю Тураву ў Ленінскае РАУС Берасця. Па дарозе туды, па запэўненні яе блізкіх, міліцыянты білі Наталлю па спіне. У самым райаддзеле Наталлі стала дрэнна з сэрцам, і ёй выклікалі хуткую (у жанчыны ўжо меліся праблемы са здароўем, 3-я група інваліднасці, выдаленая шчытападобная жалеза і некаторыя іншыя складанасці).

У дакументах па крымінальнай справе і на судзе з боку дзяржабвінавачання гучала сцвярджэнне, што 27 траўня Наталля была ў стане алкагольнага ап'янення. Аднак пацверджанняў гэтаму абвінавачванне не прадаставіла, у той дзень жанчына не праходзіла медагляд. На судовым пасяджэнні ўчастковы казаў пра стан ап'янення, якое ён вызначыў візуальна, бо яму здалося што Наталля паводзіла сябе занадта самаўпэўнена.

Абвінавачаная ж казала, што ў той дзень да яе прыйшла п'яная суседка, якая прапаноўвала выпіць, аднак суседка стала паводзіць сябе агрэсіўна. На гэтую суседку Наталля паспрабавала выклікаць міліцыю (якая перанакіроўвала яе ў хуткую, а тыя — у міліцыю). Так праваахоўнікі і апынуліся ў той дзень ля дома Туравай.

Жанчыну прызналі вінаватай паводле двух артыкулаў крымінальнага кодэкса. Наталлю Тураву заключылі пад варту ў зале суда адразу пасля абвяшчэння прысуду.


Па шэсць месяцаў "хатняй хіміі" — за парваны пад "Воины света" сцяг

У судзе Бабруйска адбыўся разгляд крымінальнай справы Яўгена Турко і Яўгена Кагоцькі, якія абвінавачваюцца па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса ў здзеку над дзяржаўным сцягам. Справу разглядаў суддзя Антон Дудаль. Бок дзяржабвінавачання падтрымлівала пракурор Новікава. Абодва абвінавачаных на судзе абаранялі сябе самі, без адвакатаў.

Паводле абвінавачання, Турко і Кагоцька, маючы адзіны злачынны намер, накіраваны на здзек над дзяржаўнымі сімваламі Беларусі, прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, 12 красавіка 2021 года, загадзя размеркаваўшы паміж сабой ролі, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, выказваючы відавочную непавагу, выяўляючы блюзнерства ў адносінах да дзяржаўнага сімвала, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства мабільны тэлефон, які належыць Турко, на якім паставілі кампазіцыю групы "Ляпіс Трубяцкой" "Воины света", якая выкарыстоўваецца пры правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў супраць дзеючай легітымнай улады, размясціліся перад аб'ектывам відэакамеры тэлефона. Пры гэтым яны, дэманструючы браваду рухамі ў такт музыцы і выяўляючы выключны цынізм, разарвалі на фрагменты дзяржаўны сцяг Беларусі. Пасля астатнюю частку сцяга з тканіны чырвонага колеру прыклалі да фрагмента белай тканіны, якую загадзя падрыхтавалі і якую ўтрымліваў у руках Кагоцькі, чым стварылі бел-чырвона-белы сцяг, які адносіцца да незарэгістраванай сімволікі і выкарыстоўваецца ў якасці сімвала пратэсту супраць дзейнай легітымнай улады. Пры гэтым Турко і Кагоцька ажыццявілі відэазапіс сваіх сумесных злачынных дзеянняў на мабільны тэлефон, пасля чаго размясцілі відэазапіс на старонцы Кагоцькі ў "Цік-ток".

Турко прызнаў віну ў поўным аб'ёме, Кагоцька – часткова.

Турко падчас допыту сказаў, што з Кагоцькам знаёмыя каля года. У той вечар ён ужыў 0,5 піва, сядзелі размаўлялі. Прыйшла думка зрабіць такі ролік, так як нешта падобнае бачыў у тэлеграме. На пытанне, навошта ўключылі песню "Ляпіса Трубяцкога", адказаў, што як суправаджэнне. У Турко ў "Цік-ток" у той момант было каля 2000 падпісчыкаў, таму выклалі на старонцы Кагоцькі, у якога іх было каля 30. Пазней Кагоцька папрасіў выдаліць відэа. Турко сказаў, што раскайваецца ў зробленым.

Падчас допыту Кагоцька распавёў, што ў той вечар ён меў зносіны з Турко на тэмы, не звязаныя з палітыкай, таксама яны пілі піва. Затым Турко прапанаваў зняць відэа, даў тканіну белага колеру. Дзяржабвінаваўца зноў пытаўся пра песню "Воины света": ці ведаў Кагоцька, што яна выкарыстоўваецца пры правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Кагоцька сказаў, што ў той момант трэба было спыніць Турко, але ён гэтага не зрабіў. Абвінавачаны прызнаў віну часткова, бо прасіў Турко не выкладваць відэа.

У якасці сведкі выступіў старшы оперупаўнаважаны Максім Аляксееў з 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК, які падчас маніторынгу інтэрнэту і знайшоў відэазапіс.

Пракурор запрасіла прысудзіць Турко і Кагоцьку па годзе абмежавання волі. У выніку суддзя прыняў рашэнне пакараць кожнага шасцю месяцамі абмежавання волі без накіраванне ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства