viasna on patreon

Палітвязень, маці-адзіночка, дызайнерка: каго судзілі па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні

2021 2021-08-13T17:19:57+0300 2021-10-06T19:18:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_14_viasna1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманні 14 ліпеня на Нямізе. Фота: spring96.org

Затрыманні 14 ліпеня на Нямізе. Фота: spring96.org

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з'яўляецца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, міліцыянераў, прэзідэнта, суддзяў (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодня па ўсёй Беларусі праходзяць суды па гэтых артыкулах. "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Пра справы па дыфамацыйных артыкулах, разгледжаных на папярэднім тыдні, можна пачытаць па спасылцы.

Два гады "хатняй хіміі" за каментар у "Аднакласніках" пад допісам Вольгі Карач пра міліцыянера

У судзе Ленінскага раёна разгледзелі крымінальную справу ў адносінах да Дзмітрыя Сарагаўца, якога абвінавацілі ў абразе супрацоўніка міліцыі Сяргея Рудзько (арт. 369 Крымінальнага кодэкса) за каментар у "Аднакласніках" пад допісам Вольгі Карач. Суддзя Юлія Шут асудзіла мужчыну да двух гадоў "хатняй хіміі".

karach_post.jpg
Фота, пад якім быў пакінуты каментар

Пацярпелым па справе прызнаны супрацоўнік міліцыі Сяргей Рудзько, але на пасяджэнне ён не з'явіўся.

Паводле версіі абвінавачвання, Дзмітрый Сарагавец здзейсніў наўмыснае злачынства па арт. 369 КК — публічна абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў. А менавіта, 14 траўня 2020 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення ў Мінску, выкарыстоўваючы свой мабільны тэлефон, пакінуў каментар пад здымкам начальніка ўпраўлення аховы правапарадку Бабруйскага гарвыканкама Сяргея Рудзько, размешчаным у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" на старонцы Вольгі Карач, наступнага зместу: “ублюдка надо знать в... лицом это назвать язык не поворачивается”.

Паводле высновы эксперта-лінгвіста, дадзены каментар меў негатыўную ацэнку супрацоўніка міліцыі, якая па сваім змесце з'яўляецца абразлівай і ўтрымоўвае ненарматыўную форму маўленчага выразу.

Дзмітрый Сарагавец віну прызнаў цалкам. Ён растлумачыў, што напісаў свой каментар у адказ на іншы змешчаны пад допісам, самога супрацоўніка міліцыі ён не ведае, не жадаў яго абразіць. Вольгу Карач абвінавачваны таксама не ведае, на яе старонку падпісаны не быў, а каментар пакінуў па глупасці, ніякай мэты не меў. Сказаў, што ў той момант не ўсведамляў, што яго каментар можа абразіць пацярпелага, хоць у пратаколе допыту напісана наадварот. На гэта Сарагавец сказаў суддзі: "Ну вы ж ведаеце, як падпісваюцца гэтыя пратаколы?"

З пацярпелым Дзмітрый не сустракаўся, выбачэнняў не прыносіў, з сітуацыі ён зрабіў выснову, што "не трэба языком мянціць тое, што не трэба". Таксама адзначыў, што, наколькі ведае, "ублюдак" — літаратурнае слова.

У судзе былі агучаны пісьмовыя сведчанні пацярпелага Сяргея Рудзько, у якіх адзначалася, што Вольгай Карач быў размешчаны фотаздымак супрацоўніка міліцыі пасля затрыманняў на несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое праходзіла 9 траўня 2020 года. Каментары пад допісам Рудзько ўспрыняў як абразлівыя, яны прынеслі яму маральныя пакуты.

Падчас спрэчак бакоў пракурор прасіла прызнаць Дзмітрый Сарагаўца вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Абвінавачваны яшчэ раз сказаў, што прызнае віну і гатовы прынесці прабачэнні міліцыянеру.

У выніку суддзя Юлія Шут 13 жніўня пакарала Дзмітрыя Сарагаўца двума гадамі "хатняй хіміі". Таксама суд пастанавіў канфіскаваць мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства.

Два з паловай гады за каментары ў тэлеграме, якія не пісала?

10 жніўня да 2,5 года «хатняй хіміі» па артыкулах 188 (паклёп) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса асудзілі ў Баранавічах 30-гадовую Алесю Ашмарыну. У дзяўчыны на ўтрыманні знаходзіцца малагадовае дзіця, яна разведзена. Справу разглядаў суддзя Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Сяргей Данільчык, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Вадзім Карачун.

Паводле версіі абвінавачвання, Алеся Ашмарына 14 студзеня і 26 студзеня ў тэлеграм-канале «Барановичи-Южный_чат» пад здымкам мясцовага начальніка ГАУС Аляксея Гецьмана пакінула каментары: «Ілжэсведчыць па шматлікіх адміністрацыйных справах у адносінах да мірных дэманстрантаў г. Баранавічы» і «Шкада мне яго, такі малады, а ўжо самы вядомы фашыст у г. Баранавічы. Затое сядзець зможа падолей, шмат гадоў жыцця наперадзе». Гэтыя каментары баранавіцкія следчыя кваліфікавалі як паклёп і абразу прадстаўніка ўлады.

Абвінавачваная на судзе віну не прызнала.

У судзе не было прадстаўлена ніякіх доказаў таго, што акаўнт, з якога былі пакінутыя паведамленні ў баранавіцкім канале, быў прывязаны да нумара тэлефона абвінавачванай. Доказы, якія нібы былі атрыманы і спосабы іх атрымання Упраўленнем па процідзеянні кіберзлачыннасці, былі абвешчаны дзяржаўнай таямніцай і ў судзе не былі агучаны. Экспертыза канфіскаванай прылады не паказала ніякай сувязі абвінавачванай і дадзенай прылады з пазначаным акаўнтам.

Пацярпелы міліцыянер на судзе скардзіўся, што пасля апублікавання гэтых каментароў з яго смяяліся калегі, асуджалі сваякі і знаёмыя. Ён запатрабаваў 2 000 рублёў маральнай кампенсацыі і прасіў суддзю даць абвінавачванай максімальнае пакаранне.

Абвінавачваная Алеся Ашмарына ў апошнім слове сказала, што лічыць дадзеную справу часткай палітычна матываванага пераследу. Таксама яна заявіла, што абвінавачваны пагражаў ёй і яе дзіцяці, аднак суддзя пакінуў гэта без увагі.

У выніку суддзя Данільчык прызнаў Алесю Ашмарыну вінаватай па двух артыкулах КК і прысудзіў яе да 2,5 гадоў «хатняй хіміі». У дзяўчыны канфіскавалі тэлефон у прыбытак дзяржавы як прыладу злачынства, нягледзячы на пацверджанне сведкі, што тэлефон не знаходзіўся ў карыстанні ў момант апублікавання каментароў і належыць іншаму чалавеку на праве ўласнасці. Акрамя гэтага, яна павінна выплаціць пацярпеламу міліцыянеру 1000 рублёў маральнай кампенсацыі.

Дызайнерку асудзілі да чатырох гадоў «хатняй хіміі» па трох артыкулах КК, па якіх пацярпелымі выступалі 13 сілавікоў і суддзя

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 12 жніўня разглядалася справа дызайнеркі Таццяны Мінінай, якая абвінавачваецца адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: пагроза ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК), абраза суддзі (арт. 391 КК), абраза службовай асобы (арт. 369 КК). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляў памочнік пракурора Арцём Цвяткоў.  

Першы раз па крымінальнай справе Таццяну затрымалі 19 студзеня. Праз трое сутак яе адпусцілі, а 3 чэрвеня затрымалі зноў. З таго моманту і да суда яна знаходзілася пад вартай.

Пацярпелымі па справе былі прызнаны 14 чалавек: супрацоўнікі сілавых ведамстваў Мароз, Барысік, Піцякоў, Лагуноў, Стрывец, Грыб, Алёкса, Івошка, Яўлаш, Марчанка, Гарагляд, Маліноўскі, Шашко і суддзя Юлія Крэпская.

Першыя пяць пацярпелых прыйшлі на разгляд, астатнія не з'явіліся і падалі заяву пра разгляд справы ў іх адсутнасць.

Паводле абвінавачвання, Таццяна Мініна ў перыяд з 4 лістапада па 22 снежня 2020 года размяшчала абразлівыя каментары ў адносінах да пацярпелых у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі».

На судзе Таццяна прызнала віну і сказала, што раскайваецца ў зробленым.

Яна распавяла, што канал «Карнікі Беларусі» знайшла выпадкова, з цікаўнасці, а каментары пакідала на эмоцыях — пад уражаннем ад таго, што адбывалася мінулай восенню ў краіне. Ні з кім з пацярпелых Таццяна асабіста знаёмая не была. Яна адзначыла, што мэты перашкодзіць службовай дзейнасці яна не мела.

Затым выступілі некаторыя пацярпелыя. Першы намеснік начальніка Горацкага РАУС Сяргей Піцякоў заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў 1000 рублёў. Ён сказаў, што незаконныя загады не даваў, а пасля негатыўных каментароў адчуваў душэўныя перажыванні. Пацярпелы Лагуноў запатрабаваў кампенсацыю ў памеры 2000 рублёў. Такую ж суму заявілі Юрый Стрывец з Салігорскага РАУС і Антон Мароз з Барысаўскага РАУС. Стрывец сказаў, што пасля прачытання каментароў у яго доўгі час балела галава, была бессань, ён адчуваў перажыванні. Леў Барысік з ВЧ 3214 матэрыяльных прэтэнзій не выказаў. 

Затым былі зачытаны сведчанні іншых пацярпелых. Яшчэ трое пацярпелых — Алёкса, Грыб і Івошка — таксама заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў.

Памочнік пракурора Цвяткоў у спрэчках агучыў, што ў дзеяннях Мінінай угледжваліся матывы палітычнай і ідэалагічнай варожасці. Змякчальнай акалічнасцю стала наяўнасць малагадовага дзіцяці. Цвяткоў запатрабаваў для яе:

  • па артыкуле 369 КК — 2 гады абмежавання волі,
  • па артыкуле 391 КК — 1,5 года абмежавання волі,
  • па артыкуле 364 КК — 4 гады абмежавання волі.

У суме — 4 гады абмежавання волі без накіравання ў выканаўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Менавіта такі прысуд і вынес суддзя Карсюк. Акрамя таго, Таццяна павінна выплаціць усім пацярпелым, якія заявілі пазовы пра кампенсацыю маральнай шкоды, заяўленыя сумы. У агульнай суме гэта 13000 рублёў.

Таццяну вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

Паўтара года калоніі за каментар пра Лукашэнку

Кастрычніцкі суд горада Віцебска 13 жніўня прызнаў 41-гадовага Юрыя Серабро вінаватым па арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта). Суддзя Сняжана Кіндзеева прызначыла яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 года ў калоніі агульнага рэжыму.

Яго прызналі вінаватым у тым, што 1 сакавіка 2021 года, маючы намер публічна абразіць Лукашэнку, пракаментаваў у сацыяльнай сетцы каментар, які паводле экспертызы прызнаны зневажальным, негатыўна ацэньваючы Лукашэнку: “Поганая тварь не может быть царем, люцифер в человеческом обличье...” Ён сказаў, што пакінуў каментар праз эмоцыі, разумеў, што выказваецца публічна, з-за таго, што вымушаны шукаць працу ў іншай краіне. Зараз ставіцца да зробленага са шкадаваннем.

Юрый Серабро прызнаў віну ў поўным аб'ёме. Ён сказаў, што захапіўся тэлеграм-каналам і інстаграмам, і на гэтай глебе напісаў каментар. Дзяржабвінаваўца папрасіла пакараць Серябро двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя прызначыў меншае на паўгода пакаранне — адзін год і шэсць месяцаў калоніі. Юрый Серабро сказаў толькі тое, што, на яго погляд, прысуд занадта жорсткі.

З "хіміі" на яшчэ адну "хімію": у Магілёве асудзілі мінчука за абразу пракуроркі і міліцыянера  

10 жніўня ў судзе Ленінскага раёна суддзя Алена Літвіна вынесла прысуд мінчуку Аляксандру Ігнатовічу, піша MAYDAY.

Раней неаднаразова асуджаны мужчына ў адным з тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкім, пад здымкам пракурора і супрацоўніка міліцыі з Мінска пакінуў абразлівыя каментары, якія суправаджаліся нецэнзурнымі выразамі. 

Па гэтым эпізодзе была распачатая крымінальная справа па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).

Сваю віну Ігнатовіч прызнаў, тлумачачы свой учынак тым, што быў на эмоцыях.

У суд Ігнатовіч прыбыў у суправаджэнні супрацоўніка міліцыі, паколькі на гэты момант ужо адбывае пакаранне на "хіміі" ў Магілёве — за злоснае хуліганства, не звязанае з палітыкай.

Паводле рашэння суда ён павінен выплаціць 1000 рублёў кампенсацыі пацярпелай пракурорцы. Супрацоўнік міліцыі заявы пра кампенсацыю не рабіў. 

У выніку Ігнатавічу трэба адбыць яшчэ 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі, хоць да выйсця з магілёўскай "хіміі" яму заставалася каля двух месяцаў. Шляхам складання з пакараннем, якое засталося па папярэднім прысудзе, агульны тэрмін склаў 2 гады і 8 месяцаў.

Да двух гадоў калоніі за абразы суддзяў і Лукашэнкі асудзілі брэсцкага палітвязня Зарадзея

У кобрынскім судзе 9 жніўня завяршыўся суд над палітвязнем Віталём Зарадзеем, які абвінавачваецца па артыкулах 391 КК (Абраза суддзяў) і 368 КК (Абраза прэзідэнта). Дзяржабвінавачванне прадстаўляў Аляксандр Шыкавецкі, працэс вёў суддзя Вадзім Здановіч, паведамляе "Брэсцкая Вясна".

Два гады калоніі за абразы: абвешчаны прысуд брэсцкаму палітзняволенаму Зарадзею

У кобрынскім судзе 9 жніўня завяршыўся суд над палітвязнем Віталём Зарадзеем, які абвінавачваецца па артыкулах 391 КК (Абраза суддзяў) і 368 КК (Абраза прэзідэнта).

Пацярпелымі па справе выступалі некалькі брэсцкіх суддзяў і Аляксандр Лукашэнка. Сам факт "публічных" (з пункту гледжання абвінавачвання) абразаў адбываўся так: Віталь Зарадзей падаваў у канцылярыі судоў пазоўныя заявы, дзе дапускаў "негатыўную ацэнку" (з пункту гледжання экспертыз) у адносінах да суддзяў і Лукашэнкі А. Р. Такіх пазоваў было некалькі, Віталь адносіў іх у брэсцкі Дом правасуддзя 28 верасня 2020, 15 і 30 кастрычніка 2020, 7 і 17 снежня 2020, 14 студзеня і 9 сакавіка 2021.

Такім чынам пацярпелымі па справе зрабіліся суддзі: Аляксей Карагода, Пётр Баброўскі, Таццяна Пракапчук, Анастасія Бразінская, Андрэй Грушко, Алена Кавальчук і Алена Карпава (ніхто з іх на судовым працэсе не прысутнічаў).

Самі абразы на судзе агучаны не былі, гэтую частку пасяджэння зрабілі закрытай. Зарадзей, змешчаны пад варту з 29 сакавіка, сваю віну не прызнаў.

У выніку суддзя Здановіч прызнаў Зарадзея вінаватым, і прызначыў пакаранне ў выглядзе аднаго года шасці месяцаў пазбаўлення волі па ч.1 арт. 368 КК і два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ па арт. 391 КК . Шляхам частковага складання пакаранняў палітвязень Віталь Зарадзей асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму.

На 120 гадзін грамадскіх прац у Віцебску асудзілі мужчыну па арт. 341 КК

Суд Кастрычніцкага раёна горада Віцебска прызнаў 46-гадовага Андрэя Іванова вінаватым па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і пашкоджанне маёмасці).

Суддзя А. Тылец прызнаў яго вінаватым у пашкоджанні маёмасці ў грамадскіх месцах і прызначыў пакаранне ў выглядзе грамадскіх прац тэрмінам на 120 гадзін. Дзяржабвінавачванне падтрымаў пракурор Вісашчанка.

На закрытым працэсе ў Асіповічах асудзілі хлопца за абразу семярых мясцовых міліцыянераў

У Асіповічах да двух гадоў «хіміі» па арт. 369 прысудзілі 22-гадовага Арцёма Шалегіна. Таксама суд абавязаў Шалегіна выплаціць на карысць пацярпелых 2 тысячы рублёў маральнай шкоды.

Арцёма прызналі вінаватым у тым, што 26 студзеня ён стварыў адкрыты тэлеграм-канал і размясціў там малюнкі семярых супрацоўнікаў Асіповіцкага РАУС са зневажальным каментаром.

Абвінавачваны не прызнаў віну і не пагадзіўся з тым, што назва тэлеграм-канала і пакінуты ў ім каментар зневажальныя.

Справу разгледзела суддзя Салаўёва, пасяджэнне было закрытым.

У Салігорску да двух гадоў «хатняй хіміі» асудзілі пенсіянерку за каментар пра камянецкага даішніка

У Салігорску 11 жніўня да двух гадоў «хатняй хіміі» па арт. 369 КК асудзілі 58-гадовую Наталлю Андропаву. Таксама суддзя Алеся Серадзенка абавязаў яе выплаціць 1500 рублёў маральнай шкоды на карысць пацярпелага. Бок дзяржабвінавачвання падтрымаў пракурор Чарнышэвіч.

Наталлю прызналі вінаватай у тым, што ў тэлеграм-канале яна пракаментавала дзеянні лейтэнанта міліцыі са службы ДАІ з Камянца (Брэсцкая вобласць) Міхалачкіна. Падчас следства Андропава распавяла, што пакінула каментар праз тое, што бацька Міхалачкіна працуе ў школе і выгадна выхаваў сына.

Падчас папярэдняга следства Андропава віну не прызнала.

2,5 года "хатняй хіміі" за каментар пра намначальніка Кобрынскага РАУС

10 жніўня 2021 года судом Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы разгледжана крымінальная справа ў адносінах да 45-гадовай Алы Герасімені па арт. 369 КК. Справу разглядаў суддзя Мікалай Кміта.

Паводле версіі абвінавачвання, 25 жніўня 2020 года "ў адной з сацыяльных сетак пад фотавыявай у форменным абмундзіраванні намесніка начальніка АУС Кобрынскага райвыканкама размясціла каментар, які супярэчыць агульначалавечай маралі, вызначаным правілам зносінаў паміж людзьмі, які з'яўляецца ненарматыўнай формай маўленчага выразу, мае негатыўную ацэнку пацярпелага".

У судовым пасяджэнні абвінавачваная віну прызнала цалкам.

У судовых спрэчках дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў пакараць Герасіменю двума гадамі "хатняй хіміі". Cуд пакараў яе 2,5 гадамі "хатняй хіміі". Таксама з абвінавачванай на карысць пацярпелага спагнаная кампенсацыя маральнай шкоды ў суме 1 000 рублёў. У жанчыны таксама канфіскавалі тэлефон.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства