viasna on patreon

Новыя тэрміны "хіміі" за каментары і калонія для маці ў дэкрэце. Каго і як судзілі па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні

2021 2021-08-07T14:42:27+0300 2021-08-09T12:06:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zaverko_t.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя паседжанні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праявы пратэсту. Па дадзеных праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з’яўляюцца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 368, 369 Крымінальнага кодэкса). Штодзень па ўсёй Беларусі адбываюцца суды па гэтых артыкулах. "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні судзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Пра справы па дыфамацыйных артыкулах, разгледжаных на папярэднім тыдні, можна пачытаць па спасылцы.

Паўтара года калоніі атрымала маці ў дэкрэце за абразу прэзідэнта і міліцыянта

У Лідзе паўтара года калоніі атрымала Таццяна Звярко, якая знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку (яе маленькаму сыну — 1 год і 8 месяцаў). Жанчыну асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 КК РБ (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 368 КК РБ (Абраза прэзідэнта). Таксама яна павінна выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды міліцыянту, прызнанаму па справе пацярпелым. Таццяну ўзялі пад варту адразу ў зале суда.

Вядома, што прадстаўнік улады, якога абразіла Таццяна, — гэта намеснік начальніка лідскага РАУС Дзяніс Жынко. Справу разглядаў суддзя Ігар Кашко.

zaverko_t.jpg
Таццяна Заверка. Фота з сацсетак

"Гэтага д*біла, гэтага Лукашэнку, я не хачу слухаць"

У судзе Маскоўскага раёна Мінска адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Яўгена Шэдзікава, якога абвінавачвалі ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Справу вяла суддзя Лідзія Цяліца.

Сам Шэдзікаў — 70-гадовы пенсіянер, мае 3 групу інваліднасці, двойчы пераносіў інсульт, пасля чаго не мог размаўляць, мае іншыя захворванні. Падчас працэсу Яўген казаў вельмі павольна, часам з цяжкасцю адказваў на пытанні.

Па словах абвінавачанага, Яўген Шэдзікаў 30 студзеня 2021 года знаходзіўся дома, меў намер на абразу Лукашэнкі і хацеў прадставіць яго ў зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці, у стане алкагольнага ап'янення патэлефанаваў у міліцыю па нумары 102. На званок адказала дыспетчарка — супрацоўніца МУС Аўсіенка, абвінавачаны сказаў ёй: "І я вашага <невыразна>, гэтага д*біла, гэтага Лукашэнку, я не хачу слухаць". Сваімі дзеяннямі Шэдзікаў здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжана ч.1 арт. 368 КК.

Шэдзікаў віну не прызнаў, але не адмаўляў, што тэлефанаваў у міліцыю. Ён патлумачыў, што глядзеў тэлевізар, выпіў алкаголь па стане здароўя. Яго абурыла тое, што ўбачыў па тэлебачанні, таму патэлефанаваў у міліцыю, сказаў, колькі яму гадоў, і хацеў выказаць нязгоду з тым, што прэзідэнту непрыстойна і нельга так выказвацца па ТБ. Якія менавіта словы казаў, мужчына не памятае. Адзначыў, што нікога не хацеў абразіць.

Ён сказаў, што не згодны з тым, што ён "палітычны тэрарыст". На пытанне адваката аб мэце званка адказаў, што думаў, што міліцыя запіша ў спісы тых, хто супраць улады, таму што хацеў, каб убачылі, што ёсць нязгодныя.

Сведкамі ў судзе выступілі жонка і дачка абвінавачанага. Сведка — міліцыянт Аўсіенка, якая прымала тэлефонны званок, у суд не з'явілася, у працэсе зачыталі яе пісьмовыя паказанні. Пасля ў судзе вывучылі пісьмовыя матэрыялы справы, у тым ліку заслухалі запіс тэлефоннай размовы Шэдзікава і супрацоўніцы міліцыі.

Абарона Шэдзікава настойвала, што званок у 102 не можа расцэньвацца як публічная абраза, так як звароты ў міліцыю з'яўляюцца службовай таямніцай і не даступныя для шырокага кола людзей. Прасіў выклікаць і дапытаць у судзе супрацоўніцу Аўсіенка. Аднак гэтага так і не было зроблена.

Падчас спрэчак бакоў пракурор казаў, што віна ў здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 368 КК даказаная ў поўным аб'ёме, і прасіў пакараць Шэдзікава абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на два гады, а таксама ўжыць меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму і псіхічнага захворвання амбулаторна. Менавіта такое пакаранне вынесла суддзя Лідзія Цяліца раніцай 5 жніўня.

Магілёўцы атрымалі "хатнюю хімію" за абразу міліцыянтаў

Суды Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Магілёва 3 жніўня вынеслі прысуды двум магілёўцам за абразу супрацоўнікаў міліцыі, піша MayDay.

3 жніўня ў судзе Ленінскага раёна суддзя Аксана Ратнікава прысудзіла Івана Заліўку да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго прызналі вінаватым у тым, што, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, ён пакінуў абразлівы каментар на адрас ўчастковага міліцыянта з Бабруйска ў групе Вольгі Карач у "Аднакласніках" ў ліпені мінулага года.

На працэсе Заліўка цалкам прызнаў сваю віну і паспрабаваў папрасіць прабачэння перад міліцыянтам, аднак той прабачэнні не прыняў і запытаў маральную кампенсацыю ў 1000 рублёў. Магілёвец прынёс грошы проста на судовае пасяджэнне і выплаціў міліцыянту грошы — для гэтага ў працэсе быў абвешчаны перапынак.

У суседнім будынку, у судзе Кастрычніцкага раёна, суддзя Вольга Краўчанка прысудзіла да аднаго года хатняй хіміі іншага магілёўца — Юрыя Зінавенку. Як і ў выпадку з Заліўкам, Зінавенка прызналі вінаватым у абразе супрацоўніка МУС праз каментар у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі". Праўда, на гэты раз міліцыянт быў з Ганцавічаў.

Сваю віну Зінавенка прызнаў. На працэсе ён абараняў сябе сам, без адваката. Адзінае, Зінавенка прасіў паменшыць суму маральнай шкоды, якую з яго патрабаваў пацярпелы (1,5 тысячы рублёў), аднак у гэтай частцы кампенсацыю яму давядзецца выплаціць цалкам. Затое адносна "пашанцавала" з прысудам — адзін год хатняй хіміі замест двух гадоў, якія патрабавала дзяржабвінаваўца.

Віцебск: паўтара года "хіміі" за абразлівы каментар

3 жніўня ў судзе Першамайскага раёна горада Віцебска па арт. 369 КК прызналі вінаватым 41-гадовага Аляксандра Васіна. Суддзя М. Юрчанка прысудзіў яго да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі", паведамляе пракуратура.

Паводле абвінавачання, 15 мая 2020 года Васін у "Аднакласніках" змясціў да публікацыі з фотавыявай супрацоўніка міліцыі ў форменным абмундзіраванні абразлівы каментар.

У судовым пасяджэнні абвінавачаны сваю віну прызнаў у поўным аб'ёме і раскаяўся. Ён растлумачыў, што зрабіў так пасля прачытання негатыўных каментароў да дадзенай публікацыі. Абвінавачаны добраахвотна выплаціў пацярпеламу матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 800 рублёў.

Два гады "хіміі" за каментар, напісаны пад уражаннем ад збіцця знаёмага

sud_niasvizh.jpg
Суд Нясвіжскага раёна

Суд Нясвіжа і Нясвіжскага раёна прызнаў 30-гадовага Андрэя Церахава вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і прысудзіў яго да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Таксама абавязаў яго выплаціць маральную кампенсацыю пацярпеламу ў суме паўтары тысячы рублёў. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў Маркевіч. Пацярпелым па справе прызнаны ўчастковы інспектар ААПП Нясвіжскага РАУС, старшы лейтэнант міліцыі Руслан Карневіч.

Церахава прызналі вінаватым у тым, што 19 студзеня 2021 года ён наўмысна падрыхтаваў і апублікаваў тэкст каментара, які змяшчае выяўленую ў непрыстойнай форме абразу ў адрас Карневіча, якая змяшчае ненарматыўную форму маўленчага выказвання негатыўнай ацэнкі апошняга. На думку абвінавачання, мэтай каментара было прынізіць гонар і годнасць прадстаўніка ўлады. На думку абвінавачвання, гэта таксама нанесла Карневічу маральныя пакуты.

Андрэй Церахаў прызнаў віну цалкам. Распавёў, што яго ўразіла, калі яго знаёмы пасля затрымання выйшаў з Акрэсціна з сінякамі. Аповед знаёмага Церахава ўразіў так, што ён напісаў такі каментар. Абвінавачаны сказаў, што пацярпелы не звязаны з гэтай гісторыяй:

"У маёй галаве была такая прычынна-выніковая сувязь, — распавёў ён. — Затрымалі чалавека, сказалі, што ў яго вісеў сцяг на акне, хоць яго не было. Я паверыў яго аповеду. А ў чат-групе было напісана, што гэты ўчастковы прыцягвае грамадзян да адказнасці, фальсіфікуючы пратаколы, — прыкладна так».

Цяпер абвінавачаны лічыць, што паступіў непрыгожа, таму раскайваецца. Пацярпелы распавёў, што не ажыццяўляў ніякіх дзеянняў па спыненні масавых беспарадкаў, не хадзіў да людзей, не прасіў здымаць сцягі і не праводзіў гутаркі. Таму ён упэўнены, што ў чаце была размешчана недакладная інфармацыя. Карневіч ацаніў суму маральнай шкоды ў тры тысячы беларускіх рублёў.

"Я вельмі перажываў, мяне абмяркоўвалі сябры. Пасля працы прыходзіў і ўжываў лекавыя сродкі заспакойлівага характару", — распавёў ён.

Абвінавачаны спытаў у пацярпелага, адкуль узялася сума шкоды, на што Карневіч адзначыў, што гэта яго асабістае меркаванне. Таксама Церахаў адзначыў: "Пацярпелы кажа, што ён так моцна пакутаваў. Але, прачытаўшы ўмоўна 20 каментароў, ён не пацярпеў, але пацярпеў, прачытаўшы менавіта мой".

Дзяржабвінаваўца запатрабаваў для Церахава два гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ, а таксама задаволіць грамадзянскі пазоў, зыходзячы з прынцыпу гуманнасці. Пацярпелы падтрымаў пазіцыю дзяржабвінавачання.

У спрэчках Андрэй Церахаў, які абараняў сябе сам, сказаў: "У мяне за ўсё жыццё адно адміністрацыйнае правапарушэнне, а вы просіце два гады з накіраваннем. Сур'ёзна? Гэта вось сур'ёзна? Я спатыкнуўся і напісаў каментар  і два гады павінен кароў даіць? Я сур'ёзна не разумею! І тры тысячы — за дзесяць літар! Я проста ў шоку. Так, я сяду і буду чакаць, пакуль не зменіцца ўлада. І што цяпер? Жыццё псаваць з-за гэтага каментара?».

Суддзя прысудзіў мужчыну да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ, а таксама абавязаў выплаціць паўтары тысячы рублёў кампенсацыі.

Галасаваў за Лукашэнку, але атрымаў паўтара года"хіміі"

Суд Жлобіна і Жлобінскага раёна прызнаў 45-гадовага Андрэя Андрэева вінаватым па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго на паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама суд абавязаў яго выплаціць на карысць пацярпелага 700 беларускіх рублёў. Справу разгледзеў суддзя Мікалай Сяргеевіч, бок дзяржабвінавачання падтрымала Марына Панчык.

Андрэева прызналі вінаватым у тым, што ў "Аднакласніках" абразіў старшага лейтэнанта ДАІ Ганцавіцкага РАУС Вольніча: напісаў пад допісам Вольгі Карач слова "Тварь!" у дачыненні да гэтага супрацоўніка.

Пацярпелага дапытвалі па скайпе: ён адкрытым тэкстам сказаў, што яго выклікаў начальнік РАУС і загадаў напісаць заяву.

Андрэеў на пасяджэнні распавёў, што ён галасаваў за Лукашэнку, хоча, каб усё засталося, як ёсць, і нічога не змянялася. Пракурор Панчык папрасіла для Андрэева два гады "хіміі", а таксама спагнаць з яго маральную шкоду ў памеры 1500 беларускіх рублёў. У выніку суддзя Сяргеевіч прызначыў іншае пакаранне: паўтара года "хіміі" і 700 беларускіх рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Два гады "хатняй хіміі" за абразу памочніцы пракурора Касьянчык

kas_janchyk_90.jpeg
Аліна Касьянчык

6 жніўня суддзя Маскоўскага раёна Юрый Машкетаў вынес прысуд 31-гадоваму Аляксандру Шымановічу, інжынеру-тэхнолагу МАЗ. Яго прызналі вінаватым па арт. 369 КК і прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — "хатняй хіміі". Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Багук.

Аляксандра Шымановіча прызналі вінаватым у тым, што 21 лютага 2021 года ён наўмысна абразіў памочніцу пракурора Фрунзенскага раёна Аліну Касьянчык, размясціўшы ў телеграм-канале абразлівы каментар "Сволач крывая". Гэтым ён публічна прынізіў яе гонар і годнасць, а таксама падарваў прэстыж наглядных органаў.

Шымановіч цалкам прызнаў віну. Ён распавёў, што ўбачыў пост у раённым чаце, перайшоў па спасылцы ў канал, бегла прагледзеў пост і, даведаўшыся, што Касьянчык з пракуратуры, напісаў каментар. Супраць яе асабіста ён нічога не меў. Аляксандр таксама распавёў пра свой негатыўны вопыт зносін з органамі: пару гадоў таму ён некалькі разоў звяртаўся ў пракуратуру і міліцыю з нагоды непрыемнага выпадку з яго сям'ёй, але не атрымаў ніякага выніку.

Ён адзначыў, што глыбока раскайваецца, усведамляе і шкадуе, што паступіў па-дурному, і прыносіць свае прабачэнні. Пацярпелая Касьянчык на пасяджэнне не з'явілася з-за занятасці: яна напісала заяву, што не мае матэрыяльных прэтэнзій і ў выпадку ўстанаўлення віны просіць прызначыць пакаранне, не звязанае з ізаляцыяй ад грамадства. Жонка Шымановіча, якая выступіла сведкам, станоўча ахарактарызавала мужа.

Пракурор запатрабаваў для абвінавачанага два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Суддзя падтрымаў пазіцыю дзяржабвінавачання.

Прысуд за смайлік ў выглядзе "какашкі"

У Івацэвічах асудзілі Вольгу К. за каментары ў адным з тэлеграм-чатаў. Ёй ставілася ў віну абраза прадстаўніка ўлады, у дадзеным выпадку, супрацоўніка Івацэвіцкага РАУС, піша "Першы рэгіён". Сярод іншага, жанчыне ставілася публікацыя смайлікаў "какашка", якім яна ахарактарызавала супрацоўніка міліцыі.

Сам суд праходзіў у закрытым рэжыме, на першым пасяджэнні прадстаўнікоў прэсы суддзя Аляксандр Кірылавіч папрасіў пакінуць залу. Хадайніцтва аб закрытым судзе міліцыянт заяўляў: “У мэтах невыдавання звестак, якія змяшчаюцца ў крымінальнай справе, якія зневажаюць маю гонар і годнасць. А таксама дзеля забеспячэння маёй бяспекі як пацярпелага", — заявіў пацярпелы міліцыянт.

Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў вінаватым жанчыну ў гэтым злачынстве. Яе прысудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі". Акрамя таго, яна павінна выплаціць дзве тысячы рублёў кампенсацыі міліцыянту.

Яшчэ адно пакаранне за сарваны дзяржсцяг

2 жніўня суд Смаргонскага раёна вынес прысуд у дачыненні да 17-гадовага Аляксея Краўцова, якога абвінавачвалі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса.

Хлопца абвінавачвалі ў тым, што ён сарваў дзяржаўны сцяг з Дома культуры ў аграгарадку Жодзінскі, зламаў дрэўка.

Краўцоў у судзе патлумачыў, што сарваў сцяг спантанна, на спрэчку з сябрамі без папярэдняй змовы. Калі зрываў сцяг, сламаў дрэўка, але яго кошт у 2 рублі 64 капейкі-кампенсаваў у дасудовым парадку. Сам сцяг быў вернуты цэлым і непашкоджаным Дому культуры.

Суддзя Людміла Міхневіч палічыла віну Аляксея Краўцова даказанай і пакарала яго абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год. Менавіта такі тэрмін запатрабаваў для хлопца дзяржаўны абвінаваўца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства