Два гады калоніі за абразы: абвешчаны прысуд брэсцкаму палітзняволенаму Зарадзею
У кобрынскім судзе 9 жніўня завяршыўся суд над палітвязнем Віталём Зарадзеем, які абвінавачваецца па артыкулах 391 КК (Абраза суддзяў) і 368 КК (Абраза прэзідэнта). Дзяржабвінавачванне прадстаўляў Аляксандр Шыкавецкі, працэс вёў суддзя Вадзім Здановіч, паведамляе "Брэсцкая Вясна".
Сярод "прыніжаных і зняважаных" аказаліся некалькі брэсцкіх суддзяў і Аляксандр Лукашэнка. Сам факт "публічных" (з пункту гледжання абвінавачвання) абразаў адбываўся так: Віталь Зарадзей падаваў у канцылярыі судоў пазоўныя заявы, дзе дапускаў "негатыўную ацэнку" (з пункту гледжання экспертыз) у адносінах да суддзяў і Лукашэнкі А. Р. Гэтых пазоваў было некалькі, Віталь іх адносіў у брэсцкі Дом правасуддзя 28 верасня 2020, 15 і 30 кастрычніка 2020, 7 і 17 снежня 2020, 14 студзеня і 9 сакавіка 2021.
Такім чынам, пацярпелымі па справе сталі суддзі: Аляксей Карагода, Пётр Баброўскі, Таццяна Пракапчук, Анастасія Бразінская, Андрэй Грушко, Алена Кавальчук і Алена Карпава (ніхто з іх на судовым працэсе не прысутнічаў).
Самі абразы на судзе агучаны не былі, гэтую частку пасяджэння зрабілі закрытай.
Зарадзей, змешчаны пад варту з 29 сакавіка, сваю віну не прызнаў.
Пракурор падчас судовых спрэчак чамусьці пазначыў як абцяжарвальную віну акалічнасць тое, што Зарадзей нібыта мае непагашаную судзімасць. Аднак палітвязня судзілі ўпершыню. І, падобна, за ўжо здзейсненае злачынства пракурор Шыкавецкі папрасіў прызнаць... адзін з эпізодаў "абразы", па якім як раз Зарадзея судзілі. Вось як гэта выглядала, працытуем дзяржабвінаваўцу:
«У якасці абцяжарвальнай адказнасць акалічнасці ў дзеяннях абвінавачванага прапаную прызнаць здзяйсненне злачынства асобай, якая раней здзейсніла якое-небудзь злачынства, калі не мінулі тэрміны даўнасці і не знята, не пагашана судзімасць за папярэдняе злачынства. У дадзеным выпадку, пасля першай пададзенай заявы, пададзенай 28 верасня 2020 года, у далейшым з'явіліся шэраг заяваў і скаргаў, кожная з якіх утварае асобны склад злачынства. Таму мяркую, дадзеная абцяжарвальная акалічнасць у дзеяннях абвінавачванага ўгледжваецца».
Пракурор запатрабаваў максімальныя пакаранні як па артыкуле "Абраза прэзідэнта", гэтак і па артыкуле "Абраза суддзі" (два гады пазбаўлення волі і тры гады абмежавання волі адпаведна). Магчыма, менавіта дзеля гэтага пракурор знайшоў у Зарадзея судзімасць, якой не было.
На момант ажыццяўлення дзеяння, адзначала ў спрэчках адвакатка, дзейнічала іншая рэдакцыя Крымінальнага кодэкса, паводле якой два гады пазбаўлення волі было максімальным пакараннем па арт. 368 "Абраза прэзідэнта". Сёння па такім артыкуле пакаранне можа быць ажно да чатырох гадоў пазбаўлення волі, аднак прымаць да ўвагі трэба менавіта тую версію КК, якая мела сілу на той момант.
У выніку суддзя Здановіч прызнаў Зарадзея вінаватым, і прызначыў пакаранне ў выглядзе аднаго года шасці месяцаў пазбаўлення волі па ч.1 арт. 368 КК і два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ па арт. 391 КК . Шляхам частковага складання пакаранняў палітвязень Віталь Зарадей асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму.