Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2023
Высновы:
- Грамадска-палітычнае і эканамічнае становішча ў Беларусі з'яўляецца вынікам глыбокага крызісу правоў чалавека; на працягу месяца ўлады працягвалі пераслед грамадзян паводле палітычных матываў;
- на канец студзеня пазбаўлены волі 1 436 палітвязняў, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 30 чалавек;
- у судзе Ленінскага раёна г. Мінска працягваўся разгляд крымінальнай справы сябраў ПЦ "Вясна": старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, сябра Рады ПЦ "Вясна", юрыста, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча, юрыста, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, якіх утрымліваюць у следчым ізалятары паводле адвольных абвінавачванняў. Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк, асуджаныя да 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна, чакаюць апеляцыйнага перагляду крымінальнай справы; сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да трох гадоў зняволення і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі;
- праваабаронца Наста Лойка знаходзіцца ў СІЗА пад вартай паводле палітычна матываванага абвінавачвання;
- працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у студзені 2023 года "Вясне" стала вядома пра 141 выпадак палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш як 44 адміністрацыйныя арышты і 10 штрафаў; зафіксаваны адзін выпадак прызначэння грамадскіх прац на тэрмін 60 гадзін. Праваабаронцы фіксуюць шматлікія факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання падчас адбывання крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання паводле палітычна матываваных судовых рашэнняў;
- працягваецца пераслед грамадзян пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
На пасяджэнні Камітэта міністраў Рады Еўропы 18 студзеня шэраг еўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у Еўрасаюз, выступілі з заявай наконт сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Свае подпісы пад дакументам паставілі таксама прадстаўнікі шматлікіх іншых краін. У заяве падкрэсліваецца сур'ёзная занепакоенасць цяжкай сітуацыяй, якая мае тэндэнцыю да далейшага пагаршэння, з правамі чалавека ў Беларусі пры рэжыме Лукашэнкі: "Мы заклікаем мінскія ўлады неадкладна вызваліць кожнага з больш як 1 440 палітвязняў. У лік асобаў, незаконна і несправядліва пазбаўленых волі, ўваходзяць лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца ў зняволенні з ліпеня 2021 года, і іншыя лідары "Вясны", судовы працэс над якімі распачаўся 5 студзеня і пагражае абвінавачаным ад 7 да 12 гадоўі пазбаўлення волі", — заяўляюць краіны-падпісанты дакумента. У заяве выказваецца занепакоенасць завочным судом над лідарамі дэмакратычнай апазіцыі Святланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам, якіх абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і змове з мэтай звяржэння ўлады. Гэтыя надуманыя абвінавачванні даказваюць непавагу рэжыму да правоў чалавека і асноўных свабод.
Сапраўды, найбольш жорсткай формай пераследу апанентаў улады і іншадумцаў у Беларусі па-ранейшаму застаецца крымінальны. Па стане на 31 студзеня 2023 года палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнаныя 1 436 чалавек. Акрамя таго, ужо 616 палітвязняў, прызнаных такімі з пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года, вызвалены з прычыны змены меры стрымання або з прычыны адбывання пакарання.
У студзені праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі 30 чалавек. Абвінавачванні ў асноўным датычыліся распальвання варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, удзелу ў мірных сходах, абразы прадстаўнікоў улады, у тым ліку А. Лукашэнкі, сувязяў з суб'ектамі, прызнанымі экстрэмісцкімі фармаваннямі.
У судзе Ленінскага раёна г. Мінска 5 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы сябраў ПЦ "Вясна": старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, сябра Рады ПЦ "Вясна", юрыста, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча, юрыста, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, якіх утрымліваюць у следчым ізалятары. Сярод абвінавачаных па справе таксама праходзіць сябра "Вясны" Дзмітрый Салаўёў, папярэдняе следства ў дачыненні да якога было праведзена ў адпаведнасці са спецыяльнай працэдурай (завочна), справа разглядаецца ў ягоную адсутнасць. Разгляд справы працягваецца дагэтуль і суправаджаецца грубымі парушэннямі правоў абвінавачаных.
Улады прынялі меры па выдаленні з пасяджэння міжнародных назіральнікаў: прадстаўніка Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), прадстаўніка расійскай праваабарончай арганізацыі "Мемарыял"; журналістку Кацярыну Яньшыну, якая супрацоўнічае з ЦАПЧ "Мемарыял", у першы ж дзень затрымалі і арыштавалі на 15 сутак паводле надуманага абвінавачвання — журналістка нібыта "мацюкалася ў РУУС". Пасля адбывання арышту яе дэпартавалі і забаранілі ўезд у Беларусь на дзесяць гадоў.
Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк, асуджаныя да 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна, чакаюць апеляцыйнага перагляду крымінальнай справы; сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтру стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да трох гадоў і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі.
З 24 снежня 2022 года ў СІЗА паводле палітычна матываванага абвінавачвання знаходзіцца праваабаронца Наста Лойка.
Працягваецца пераслед за выказванне антываеннай пазіцыі, іншую пратэсную актыўнасць.
Вадзіму Баранаву, якога абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за тое, што ён зняў відэа расійскай вайсковай тэхнікі падчас нападу Расіі на Украіну з боку Беларусі і хацеў пераслаць запіс пэўным Telegram-каналам, суддзя Гомельскага абласнога суда Руслан Царук прызначыў пазбаўленне волі у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на тры гады. У віну Вадзіму ставілася садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці згодна з ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. У адпаведнасці з версіяй абвінавачвання, Вадзім Баранаў "меў намер на садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і 26 лютага 2022 г. здымаў на відэа перасоўванне ваенізаваных падраздзяленняў нявызначанай дзяржавы дзеля перадачы звестак у Telegram-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, чым аказаў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, тым самым здзейсніў злачынства паводле ч. 1 арт. 361-4, а таксама неаднаразова перадаваў звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі ў красавіку 2022 г., тым самым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 361-4 КК".
У Брэсцкім абласным судзе 13 студзеня да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі палітзняволенага Юрыя Касцюка, якога ўвосень 2022 года таемна вывезлі з Расіі ў Беларусь. Пяць месяцаў яго ўтрымлівалі ў расійскім следчым ізалятары, яшчэ тры месяцы — у беларускіх. Палітвязня асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за тое, што ён дапамагаў іншым палітзняволеным атрымліваць дапамогу ад фондаў падтрымкі.
У калоніях палітвязні зазнаюць далейшыя рэпрэсіі: акрамя ўтрымання ў забароненых міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ўмовах, ім накладаюць дадатковыя пакаранні, узмацняюць жорсткасць рэжыму ўтрымання, падаўжаюць тэрмін пазбаўлення волі. Так, у траўні 2021 давераную асобу Святланы Ціханоўскай Антаніну Канавалаву разам з ейным мужам Сяргеем асудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі паводле справы "Армія з народам". Іх абвінавацілі ў "падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках" і ў "падрыхтоўцы беспарадкаў". У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое маленькіх дзяцей. Вядома, што ў жніўні адміністрацыя ваўкавыскай калоніі змяшчала Сяргея ў ШІЗА, а пасля яго перавялі ў ПКТ. Цяпер палітвязня абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў палітвязня вінаватым і прызначыў яму яшчэ дзевяць месяцаў пазбаўлення волі.
Аналагічнае абвінавачванне выставілі палітзняволенаму Сяргею Ціханоўскаму, аднаму з лідараў пратэстаў у 2020 годзе.
У Мінскім гарадскім судзе 17 студзеня распачаўся завочны суд над Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Вольгай Кавальковай, Марыяй Мароз (кіраўніцай выбарчага штабу С. Ціханоўскай), Сяргеем Дылеўскім. Справу вядзе суддзя Пётр Арлоў. Усе яе фігуранты знаходзяцца за мяжой. Абвінавачаным інкрымінуюць па некалькі складаў злачынстваў (Святлане Ціханоўскай — 10), у ліку якіх падрыхтоўка да захопу і ўтрымання будынкаў і збудаванняў, да ўдзелу ў масавых беспарадках, змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам, здрада дзяржаве і іншыя. Следчы камітэт 20 кастрычніка 2022 года распачаў працэс "спецыяльнай вытворчасці" ў дачыненні да ўсіх фігурантаў справы. 30 лістапада яе ўжо перадалі генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.
У гэтым жа судзе 18 студзеня абвясцілі прысуд па першым завочным судзе ў межах "спецыяльнай вытворчасці" — па справе "Чорнай кнігі Беларусі". Суддзя Наталля Бугук завочна асудзіла Яніну Сазановіч, Дзмітрыя Навошу, Данііла Багдановіча, Валерыю Занямонскую і Вольгу Высоцкую да 12 гадоў калоніі кожнага. Пяць чалавек абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы) і ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных) за адміністраванне Telegram-канала "Чорная кніга Беларусі". КДБ дадаў фігурантаў у "тэрарыстычны спіс". Суд доўжыўся трошкі больш за месяц у закрытым рэжыме. Згодна з версіяй абвінавачвання, абвінавачаныя і іншыя асобы не пазней за жнівень 2020 года "аб'ядналіся ў злачынную групу, у складзе якой стварылі і адміністравалі Telegram-канал "Чорная кніга Беларусі" і іншыя аналагічныя рэсурсы". "Злачынная група незаконна сабрала і размясціла ў адкрытым доступе інфармацыю пра прыватнае жыццё і персанальныя звесткі сотняў грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці. Сярод іх — супрацоўнікі органаў унутраных спраў, следчыя, работнікі пракуратуры, суддзі, журналісты. Пасля публікацый у дачыненні да некаторых з іх былі здзейснены злачынствы, у тым ліку знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, пагрозы гвалтам", — гаварылася ў абвінавачванні. Варта адзначыць, што адным з асноўных крытэраў уключэння "пацярпелых" у базу "ЧКБ" была датычнасць да пераследу грамадзян паводле палітычных матываў.
Праваабаронцы ацэньваюць такія прысуды як вынесеныя ў парушэнне прынцыпаў справядлівага суду і гарантый, замацаваных міжнароднымі дакументамі.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў
Пазбаўленне і абмежаванне волі ўдзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў працягвае заставацца найболей цяжкімі парушэннямі свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў.
Праз больш як два гады суды выносяць прысуды ў дачыненні да пратэстоўцаў 2020 года.
Суд Ленінскага раёна Мінска 27 снежня вынес прысуд паводле крымінальнай справы Дзмітрыя і Наталлі Гаро, якіх абвінавачвалі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Анастасія Ачалава. Сямейную пару затрымалі ў канцы кастрычніка 2022 года і да суда змясцілі ў СІЗА № 1 Мінска. У адпаведнасці з матэрыяламі абвінавачвання, Дзмітрый Гаро і ягоная жонка Наталля ў верасні 2020 года ўзялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску. Яны знаходзіліся разам з іншымі мітынгоўцамі на праспектах Пераможцаў і Незалежнасці, не падпарадкоўваліся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і перакрывалі праезную частку. Тым самым муж з жонкай ажыццяўлялі блакаванне руху транспартных сродкаў, у выніку чаго была парушана праца грамадскага транспарту. Суд прызначыў Дзмітрыю і Наталлі абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 19 студзеня вынесены прысуд палітзняволенай Мэрыем Герасіменцы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла дзяўчыне тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Мэрыем Герасіменку затрымалі 4 жніўня 2022 года пасля канцэрту ў мінскім бары, дзе спявачка выконвала песню "Обійми" гурта "Океан Эльзи" ў падтрымку Украіны. Факт выканання песняў на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў. Пасля затрымання спявачку двойчы асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкулу. Пасля дзяўчыну перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і змясцілі ў СІЗА.
Па-ранейшаму вялікая колькасць прысудаў выносяцца паводле дыфамацыйных артыкулаў — за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады. Абвінавачаных асуджаюць да пазбаўлення ці абмежавання волі, а таксама да велізарных штрафаў.
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 24 лістапада 2022 года вынеслі рашэнне па справе Аляксандра Труша паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Суддзя Таццяна Лаўранюк асудзіла мужчыну на паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Як паведаміла "Берасцейская вясна", 16 жніўня 2022 года Аляксандр Труш у прысутнасці іншых людзей заявіў, што Аляксандр Лукашэнка — здраднік і фашыст. Размова адбылася са знаёмымі каля пад'езда, на дварэ. Да кампаніі падышла жыхарка дома і запатрабавала замоўкнуць. Пасля жанчына патэлефанавала ў міліцыю і данесла на Аляксандра Труша, паведаміўшы, што "ў двары кампанія з васьмі чалавек, лаюць уладу, называюць Лукашэнку здраднікам і фашыстам". Праз 23 хвіліны ў двары з'явіліся міліцыянты, затрымалі Труша і ягоную знаёмую і даставілі іх у аддзяленне. З агучаных матэрыялаў справы вынікала, што Аляксандр Труш назваў Лукашэнку фашыстам, бо ў 2020 годзе сілавікі катавалі мірных пратэстоўцаў. А здраднікам назваў таму, што Лукашэнка падтрымаў Расію ў вайне супраць Украіны, такім чынам здрадзіўшы Украіне.
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна Анатоля Лявоніка асудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне прыняў суддзя Дзмітрый Кедаль. 36-гадовага жыхара Гродна прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368. Яго судзілі за тое, што ён пакінуў у сваім профілі ў "Аднакласніках" публікацыі, якія змяшчаюць "зневажальную інфармацыю" пра Лукашэнку. У адпаведнасці з пазіцыяй абвінавачвання, іх мэтай было публічна прычыніць шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады і распаўсюдзіць "свядома ілжывыя" звесткі, якія нібы зневажаюць Лукашэнку. Падчас судовага пасяджэння абвінавачаны расказаў, што "лайкнуў" допісы ў "Аднакласніках" са свайго мабільнага тэлефона — пасля гэтага яны з'явіліся на ягонай старонцы. Да матэрыялаў справы былі далучаны скрыншоты публікацый. Сярод іх — выява з "непрыстойным жэстам" у бок Лукашэнкі, некалькі выказванняў, што "форма кіравання ў Рэспубліцы Беларусь — нацысцкая дыктатура, заснаваная на крыві". Імаверна, у некаторых допісах Лявонік назваў Лукашэнку "тэрарыстам" і "фашыстам", бо следства праводзіла дзяржаўную экспертызу, каб пацвердзіць абразу і паклёп, і аналізавала менавіта гэтыя словы.
Пад крымінальны пераслед падпадаюць іншыя формы рэалізацыі свабоды выказвання меркаванняў.
Так, у Брэсцкім абласным судзе 19 студзеня суддзя Мікалай Грыгаровіч абвесціў прысуд Дар'і Лосік: два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Дар'ю абвінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса за інтэрв'ю пра мужа тэлеканалу "Белсат" увесну 2022 года. Муж Дар'і — Ігар Лосік — адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі, а чатырохгадовая дачка Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі. Абвінавачванне сцвярджала, што ў інтэрв'ю Дар'я "пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня, а таксама дала асабістую негатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх адносіцца ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што ейны муж не здзяйсняў дзеянняў, якія караюцца крымінальна, і асуджаны незаконна".
Суд Ленінскага раёна Гродна 19 лістапада вынес прысуд Дзмітрыю Анчукову, абвінаваціўшы яго ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядала суддзя Наталля Горбач. У адпаведнасці з матэрыяламі абвінавачвання, Дзмітрый Анчукоў, маючы намер, накіраваны на апаганьванне будынкаў і іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі і малюнкамі, якія дыскрэдытавалі дзяржаўную ўладу, нанёс аэразольным балончыкам чорнага колеру некалькі надпісаў на тарцах дамоў і прыпынках грамадскага транспарту ў розных месцах горада. Шкода камунальным прадпрыемствам склала 253 рублі — менш за 100 еўра. Пакаранне — абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год.
Працягваецца пераслед за выказванні ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, якія, як правіла, з'яўляюцца рэакцыяй на розныя формы рэпрэсій, пры гэтым прадстаўнікі ўлады разглядаюцца як прадстаўнікі розных сацыяльных груп: "супрацоўнікі міліцыі", "супрацоўнікі міліцыі, якія падтрымліваюць цяперашнюю ўладу", і да т.п., а крытыка, абмеркаванне праблемаў і асуджэнне парушэнняў кваліфікуецца як распальванне нянавісці паводле прыкметы прыналежнасці да сацыяльнай групы.
Такім чынам, стала вядома, што ў Мінскім гарадскім судзе разгледзелі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы) і ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) у дачыненні да Віталя Енаровіча. Суддзя Вера Галаўкова прызначыла яму два гады пазбаўлення волі. Мужчыну затрымалі ў сакавіку і ўтрымлівалі на "сутках" у ЦІП на Акрэсціна амаль тры месяцы без зменнага адзення і сродкаў гігіены. Важна адзначыць, што час, праведзены ў перыяд адміністрацыйнага арышту, не будзе залічаны ў тэрмін па крымінальнай справе.
Адміністратыўны пераслед: у студзені 2023 года "Вясне" стала вядома пра не менш як 350 затрыманняў і пра 141 выпадак палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш за 44 адміністрацыйныя арышты і 10 штрафаў; зафіксаваны адзін выпадак прызначэння грамадскіх прац на тэрмін 60 гадзін. Дзве справы спыненыя — праз заканчэнне двухмесячнага тэрміну прыцягнення да адказнасці і за недаказанасцю віны.
Катаванні і забароненае абыходжанне
Жорсткія, бесчалавечныя, зневажальныя ўмовы ўтрымання адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных зрабіліся нормай для ізалятараў органаў унутраных спраў. Вызваленыя вязні рэгулярна прыводзяць праваабаронцам канкрэтныя прыклады такога абыходжання.
Вызваленая пасля адбывання пакарання Ганна Вішняк заявіла пра катаванні падчас затрымання і расследавання справы, а таксама пра жорсткае абыходжанне з палітвязнямі.
Вызвалены палітвязень Віталь Жук расказаў “Вясне” пра ўмовы, у якіх утрымліваюцца палітвязні ў ПК-2, пра ўмовы ў ШІЗА і памяшканні камернага тыпу.
"Вясна" сабрала сведчанні жорсткіх умоваў утрымання палітзняволеных жанчын і ціску на іх з боку адміністрацыі гомельскай калоніі.
Свабода асацыяцыі
Напярэдадні Новага года ўрад Беларусі ўнёс у парламент законапраект аб змене законаў "Аб грамадскіх аб'яднаннях" і "Аб палітычных партыях". Законапраект значна ўскладняе ўмовы існавання палітычных партый (у тым ліку прадугледжваецца іх перарэгістрацыя). Для грамадскіх аб'яднанняў праект уводзіць як некаторыя пазітыўныя тэхнічныя новаўвядзенні, гэтак і некаторыя новыя негатыўныя нормы (але агульная перарэгістрацыя грамадскіх аб'яднанняў не абвяшчаецца).
Адначасова працягваецца пераслед прафсаюзных лідараў і актывістаў: у Мінскім гарадскім судзе 5 студзеня вынеслі прысуд актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітзняволеным Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку. Усіх абвінавацілі ў закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, працэс вяла суддзя Анастасія Папко. Суд прызнаў лідараў незалежных прафсаюзаў вінаватымі і прызначыў пакаранне: Генадзю Фядынічу і Васілю Берасневу — па 9 гадоў, Вячаславу Арэшку — 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ
На канец студзеня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваюцца 32 журналісты і супрацоўнікі СМІ.
9 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся разгляд крымінальнай справы у дачыненні да супрацоўніц ліквідаванага ўладамі найбуйнога беларускага незалежнага парталу TUT.BY. Судовы працэс ад самага пачатку зрабілі закрытым. Справу разглядае суддзя Валянціна Зянькевіч. Пад вартай утрымоўваюцца Марына Золатава і Людміла Чэкіна. Вользе Лойцы, Алене Талкачовай і Кацярыне Ткачэнцы раней змянілі меру стрымання — яны пакінулі Беларусь і іх пераследваюць завочна.
Парушэнне і задушэнне свабоды выказвання меркаванняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам
На канец студзеня ў Пераліку асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, апынулася 2 370 чалавек, за месяц спіс павялічыўся больш як на сто пазіцый.
Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў рашэннямі КДБ і МУС Беларусі павялічыўся да 115 пунктаў — на восем новых "фармаванняў", сярод якіх упершыню — музычны гурт (Tor Band).